• Газеты, часопісы і г.д.
  • Апошняя кніга пана А. Казка Альгерд Бахарэвіч

    Апошняя кніга пана А.

    Казка
    Альгерд Бахарэвіч

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 500с.
    Мінск, Прага 2020
    113.42 МБ
    «Менавіта прыдумляе, — сказаў той, чыіх вачэй ніхто ніколі ня бачыў. — А не расказвае тое, што было насамрэч. To бок займаецца тым, што не ўласьціва нашай культуры. Тое, чаго мы так і не разьвілі за ўсе стагодзьдзі. Мы пастараемся дасьледаваць таго, каго ты даставіш. I зрабіць высновы. Другая нашая задача — размнажэньне. Ніводная культура ня мусіць згаснуць. Згаснуць можа толькі сьвет, як ты ведаеш».
    «Мы размножым іх, — сказала тая, чыіх рук ніхто ня бачыў. — Гэта праўда. Але ў разумных межах. Ім будзе добра ў нас. Яны будуць мець усе правы. Але яны ня мусяць думаць, што зробяцца тут гаспадарамі».
    «На жаль, — сказала тая, хто заўжды маўчыць, — У нас ёсьць усе падставы баяцца, што тыя, каго мы эвакуюем, вырашаць аднойчы, што наш сьвет належыць ім».
    «Выпраўляйся ў дарогу, Рыцар, — сказалі яны. — Ты маеш год на навучаньне ў школе. Там ты даведаешся пра іх звычаі і вывучыш іх мову. Калі дабярэшся, знайдзі экспэртаў на свой густ і розум. I з дапамогай добрых людзей выберы найлепшага».
    «Я прымаю на сябе місію, — сказаў Рыцар. — I клянуся выканаць яе, нават коштам свайго жыцьця».
    Ён прыбыў, калі над морам паліла сонца. Ён і праўда прыбыў у край вады. Ягоны карабель апусьціўся проста на хвалі — спакойныя і зіхоткія хвалі за некалькі кілямэтраў ад берага. На невялікім чоўне ён дабраўся да рыбацкай вёскі. У вёсцы хавалі нейкага маладога рыбака. Ніхто ня ведаў, ад чаго ён памёр.
    Рыцар пражыў у вёсцы некалькі месяцаў, працуючы ў каапэратыве. А потым сеў на аўтобус і прыехаў у сталіцу.
    Ён прачытаў усё, што змог. Ён ведаў, хто яму патрэбны.
    Рыцар пачаў сачыць за чалавекам, якога ўсе называлі купцом. Купец меў звычкі і рытуалы. А яшчэ купец меў завядзёнку прыходзіць па пятніцах у адну кнігарню і назіраць за пакупнікамі.
    Так яны і пазнаёміліся.
    Калі Рыцар расказаў купцу, для чаго ён тут, той, вядома ж, не паверыў.
    А не паверыўшы, адразу ж загарэўся выдаць кнігу. «Ты яе і напішаш, хлопча, — сказаў купец. — Мы выдадзім тваю гісторыю ў “Бібліятэцы прыгодаў і фантастыкі”!»
    «Баюся, вы не пасьпееце», — сказаў яму Рыцар без усьмешкі.
    «Гэта яшчэ чаму? Хлопча, ты зробішся багатым і знакамітым. Хіба не пра гэта мараць падлеткі накшталт цябе?»
    Вядома ж, купец не паверыў. I Рыцару давялося надзець на яго маску. Ужо пасьля таго, як яе паспрабавала Рутка.
    Бедная дачка купца, якая страціла розум, пабываўшы ў ідэальнай гісторыі.
    Разам яны вырашылі, што знойдуць самага лепшага аўтара. Вартага вялікай Эвакуацыі, вартага самага міласэрнага Рашэньня, якое некалі прымалася ў сьвеце. Астатняе.... Што да астатняга, расказваць яго лішні раз шаноўнаму чытачу ўжо ня мае сэнсу.
    Пэўна ж, працягам гісторыі ў гэты момант мог бы быць апошні вечар у доме купца. Вось людзі на вялікіх машыпах разганяюцца, колькі дазваляе вуліца, і ўразаюцца на поўнай хуткасьці ў высокую браму. Брама лаецца і гудзе, брама сьмяецца і вые ад бясьсільля, брама паддаецца. Паціху, не адразу, але машыны робяць у ёй пралом.
    Тыя, хто жыве ў доме, рыхтуюцца да немінучага. Да паратунку. I тут адбываецца тое, чаго Рыцар ніяк не чакаў.
    «Час спускацца ў карабель, пане казачнік, — кажа Рыцар Аўтару. — Момант прысьпеў. Можаце разьвітацца з усімі, калі вы маеце ў гэтым патрэбу».
    Там, пад зямлёю, у сутарэньнях дома, у пакоі з старымі прынтэрамі і сканэрамі, у адной са сьценаў ёсьць панэль з кнопкамі. Варта націснуць іх у пэўным парадку — і ўся гэтая, як казалі ў старыя часы, оргтэхніка, засьвеціцца і пачне рыхтаваць узьлёт. Да зоркі Вэнэры, што ўжо ўзышла над морам і сушай.
    Карабель так доўга спаў пад зямлёю. Купец успамінае, як заплаціў вялікія грошы, каб адтранспартаваць яго ў горад і незаўважна ўмантаваць у падмурак. Дом-касмапорт — вось дзе яны жылі. А цяпер іх не пускаюць на борт. He пускаюць на борт?!
    «Што? — крычыць купец. — Што значыць “пане казачнік”? А мы? Мы ўсе?»
    «А вы застаяцеся тут, — спакойна кажа Рыцар. — Вы дарослыя людзі і самі несяце за сябе адказнасьць. Хіба ня так? Здаецца, вы заўжды ганарыліся сваёй даросласьцю і разважлівасьцю».
    Твар купца зьмяняецца. Здаецца, ён сам ня ведае, што запярэчыць. Некалькі імгненьняў ён думае, то хмурнеючы, то ўсьміхаючыся сам сабе, і твар ягоны то цямнее, то сьвятлее, быццам за акном мяняецца надвор’е, хоць там з самага ранку цёмна і непагодна.
    «Мы дамовіліся, што ты забярэш з сабой усіх нас! Мяне, маю жонку! I Рутку! Маргусю і пана Гланду, будзь ён пракляты з усімі ягонымі ашчаднасьцямі!»
    «На жаль, гэта немагчыма, — кажа Рыцар, — Я не казаў вам, але... У маім падземным караблі месца толькі для аднаго пасажыра».
    Жонка купца бялее. Маргуся плача. Пан Гланда бярэ бутэльку шампанскага і замахваецца на Рыцара, але, сустрэўшыся зь ім вачыма, апускае бутэльку на стол — і яна разьбіваецца. Рутка шчасьліва сьмяецца.
    «Але гэта... — шыпіць купец. — Гэта падман! Гэта нізкі і брыдкі падман!»
    «Як жа мы? — паўтарае жонка купца. — Як жа мы?»
    «Нават калі б я меў найвялікіпае жаданьне ўзяць вас з сабою, — спакойна і крыху маркотна кажа Рыцар, — я ня змог бы гэтага зрабіць. Паўтараю, панове. У караблі месца толькі для аднаго пасажыра. I мы ўсе, параіўшыся, выбралі на гэтае месца пана казачніка».
    «Ты падмануў нас!» — крычыць пан Гланда.
    «Там, дзе было прынятае Рашэньне, вас бы не зразумелі, — не павышаючы голасу, кажа Рыцар. — Там папросту не існуе такога панятку. Мы ніколі ня хлусім, мы прымаем рашэньні — а прыняўшы, ужо ня збочваем».
    Купец укленчвае перад Рыцарам. Ён махае рукой жонцы і Маргусі, каб яны зрабілі тое самае, але тыя не кранаюцца зь месца.
    «Але ты ня там! — крычыць купец. — Ты тут! Тут, у нас! Ты, сьвіньня! Малая брыдкая іншаплянэтная сьвіньня!»
    «Што ж, — кажа Рыцар. — За час сваёй місіі я пабываў дзіцём, павіянам і сьвіньнёю. Няблага для першага разу. У нас мала часу, панове. Расстацца вам час. Разьвітвайцеся, пане Аўтар».
    «Ведаеце, — раптам кажа казачнік. — Я перадумаў».
    Усе з надзеяй паварочваюцца да яго.
    «Дзякую за давер, панове, — кажа Аўтар. — Вы прызналі мяне найлепшым, аплацілі мне білет, і гэта мяне, чорт, неверагодна радуе. Але я саступаю сваё месца іншаму аўтару. Рутцы».
    «Каму?» — крычаць яны.
    «Рутцы, — кажа з усьмешкай Аўтар . — Яна самая таленавітая з нас».
    «Не, — кажа купец. — Я не аддам яе. Яна мая адзіная дачка! Яна сэнс майго жыцьця! Гэта падман! Гэта брыдка, пане Рыцар! Я дапамагаў вам, мы ўсе... Мы зрабілі ўсё... А вы!»
    «Мяркую, што тычыцца падману, — спакойна адказвае Рыцар, — дык у гэтым доме ёсьць людзі, якія без усялякіх згрызотаў сумленьня карысталіся ім кожны дзень. I чамусь не лічылі яго нізкім і брыдкім сродкам залагоджваць справы. Разьвітвайцеся, пане Аўтар. Або проста хадземце ўніз, у нас няма часу, старт празь пятнаццаць хвілін».
    «Я нікуды не паеду, — кажа Аўтар. — I мой сурок са мной. Я вырашыў гэта раз і назаўжды. Канец сьвету, кажаце? Ведаеце, панове, я пісьменьнік. У тым, што адбываецца, для мяне няма нічога новага. Усё гэта ўжо было, было... Чума. Халера. Гішпанка. СНІД. Каранавірус. Пра іх навалы напісана ў старых кнігах. Хоць мне ўсяго сорак пяць, усё гэта я ўжо перажываў разам з чалавецтвам, дзякуючы напісанаму старымі майстрамі. Нічога новага пад нашаю поўняй, панове. Таму: бярыце лепш Рутку. Яна мае сапраўдны дар, кажу вам! Рутка вам яшчэ там усім пакажа, што такое зямная літаратура!»
    «Я не аддам ім Рутку, — змрочна заяўляе купец, хапаючы вінтоўку. — He аддам, чуеце? Яна застанецца тут, нават калі мы ўсе памрэм».
    «Тады няхай ляціць Маргуся, — кажа Аўтар. — Яна заслугоўвае, яна вельмі таленавітая дзяўчына, у яе ёсьць стыль, а яшчэ ёсьць фартушок!».
    «Што значыць Маргуся? — раве пан Гланда, па ягоным твары цякуць сьлёзы. — Якая Маргуся? Хрануся вам! Я! Я заплаціў! Я аддаў усё, што меў! Я і палячу! Я ўжо іду з вамі, пане Рыцар, я ня буду разьвітвацца з гэтымі ідыётамі! Я гатовы!»
    «Не, — спыняе яго Рыцар. — Вы ня Аўтар, пане Гланда, вы паліцыянт. А я маю місію ўратаваць Аўтара. Калі пан Аўтар адмаўляецца ляцець са мной, што ж: я забяру Маргусю. Прашу вас, Маргуся, карабель гатовы да ўзьлёту».
    «Я нікуды не паеду, — сказала Маргуся з вачыма, поўнымі сьлёз. — Тут Родас, тут і падскокну разам з усімі. Я застануся са сваім народам. О Міласэрны Божа!»
    Купец і ягоная жонка глядзяць адно на аднаго так закахана, што Аўтар пя можа стрымаць плачу.
    «Мы таксама застанемся тут», — кажа жонка купца.
    «Вядома, мы застанемся, — кажа купец. — О Міласэрны Божа! Што з намі будзе?..»
    Рутка ідзе да іх і абдымае. Яна паварочвае твар да Рыцара.
    «Вінавайцы», — кажа яна і сьмяецца.
    Людзі ўжо ў двары. Яны спыняюцца перад ганкам, яны баяцца, што з дома зараз пачуюцца стрэлы. Яны думаюць, што гаспадары не здадуцца жыўцом. Людзі хаваюцца за дрэвамі, поўныя рашучасьці давесьці справу да канца. Такой чалавечай рашучасьці Рыцар яшчэ не сустракаў, такой рашучасьці і такога зацятага жаданьня судзіць сабе падобных.
    «Паслухайце, — кажа Аўтар. — Здаецца, мы забыліся. У доме ёсьць яшчэ нехта. Пан Сцур казаў нам, што таксама некалі складаў гісторыі і нават публікаваўся. Пане Рыцар, вазьміце пана Сцура. Лепш яго, чым нікога. Пан Сцур будзе шчасьлівы пакінуць нашае таварыства і гэты асуджаны
    на гібель пракляты Богам край. А вашыя начальнікі будуць мець выдатны матэрыял для дасьледаваньня і размнажэньня. Пан Сцур — проста скарб для вашых вучоных! А мы... Мы застаемся тут».
    «Вы ўпэўненыя, панове?» — уздыхае Рыцар.
    «Так! — крычаць яны ўсе наперабой. — Мы застаемся! За-ста-ем-ся!»
    «Што ж, — кажа Рыцар. — Здаецца, у мяне няма выбару. Усяго найлепшага. Бывайце. Хутка ўсё скончыцца. Яшчэ месяц, два... Магчыма, нехта з вас нават застанецца ў жывых. I пастарайцеся адбегчы ад дома як мага далей. I адвесьці народ... Інакш будуць ахвяры. Карабель пакіне на месцы дома вогненную яміну... У вас дзесяць хвілін, панове».
    «Копіес і bomba, a kto czytal ten tr^ba, — кажа Аўтар. — Бывайце, пане Рыцар. Трымайся там, малы павіяне».
    Рыцар усьміхаецца. Ён ківае і спускаецца ўніз. Яны чуюць ягоныя лёгкія хлапечыя крокі на сходах.
    Вось яна і канчаецца, мая трыццаць першая гісторыя, мая апошняя кніга.
    Яны па чарзе выходзяць на ганак. Купец з жонкай, радасная Рутка, Маргуся ў мокрым фартушку, паніклы пан Гланда.
    А за імі, ступаючы цяжкай хадою госьця і паўтараючы пра сябе «Раз-два, раз-два», каб не было так вусьцішна, нясьпешна іду я.