• Газеты, часопісы і г.д.
  • Апошняя кніга пана А. Казка Альгерд Бахарэвіч

    Апошняя кніга пана А.

    Казка
    Альгерд Бахарэвіч

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 500с.
    Мінск, Прага 2020
    113.42 МБ
    ня супраць перакінуцца параю слоўцаў з такімі самымі аматарамі добрай кніжкі.
    У тую пятніцу ён завітаў у кнігарню на адной з цэнтральных вуліц. На шчасьце, прадавец быў новы, малады, зусім яму не знаёмы. Гэты наўрад ці мог пазнаць купца ў твар. Бо апошнім часам купцом зацікавіліся журналісты і ягоныя фота пачалі мільгаць то сям, то там, і старэйшыя прадаўцы ў іншых крамах усё часьцей пазнавалі яго. He, гэты прадавец нават галавы не падняў — сядзеў сабе на Ra­ce і чытаў кніжку.
    Купец заняў зручнае месца за высокім стэляжом, зьняў з паліцы тоўсты том і зрабіў выгляд, што вывучае зьмест. А сам пачаў назіраць.
    Народу ў кнігарні было няшмат. Купец стаяў у аддзеле мастацкай прозы — апрача яго тут быў толькі адзін пакупнік. Хлопчык гадоў дванаццаці, а мо й дзесяці (хто гэтых малых разьбярэ?) ужо даўно тырчаў тут, здымаючы з паліцаў кніжку за кніжкай і вяртаючы іх на месца. Малы выглядаў забаўна: ён раскрываў кніжкі з такім скептычным выглядам знаўцы, нібы быў прынамсі літаратурным крытыкам, ды ня проста крытыкам, а самым лепшым і строгім, самім Я. Гурманам, ня менш. Хлопчык чытаў, ціха пагмыкваючы, а потым закрываў кнігу, закаціўшы вочы, і быццам нешта запамінаў. Купец толькі пасьмейваўся, стоячы за сваім стэляжом. Але калі хлопчык расчаравана паставіў на паліцу апошні раман самага вядомага аўтара, якога сам купец выдаў у раскошным афармленьні ўсяго месяц таму, купцу зрабілася ўжо не да сьмеху.
    «Шукаеш добрую кнігу?» — спытаў ён, ласкава пазіраючы на хлопчыка.
    Малы зусім не зьдзівіўся.
    «Так, — сказаў ён. — Шукаю».
    «У падарунак старэйшаму брату? — спытаў купец. — Або маме, у якой заўтра народзіны?»
    «Не, — сказаў хлопчык. — Для сябе».
    «Для сябе... — паўтарыў купец раздражнёна, але працягваў ласкава глядзець на гэты пакрыты рабаціньнем твар. — I ў чым жа праблема? Ня можаш выбраць?»
    «Магу, — сказаў хлопчык і ўважліва паглядзеў купцу ў вочы. — Але каб выбраць кнігу, патрэбны час. Кнігі проста так не хапаюць. Інакш можна купіць нейкае абы-што».
    «Вось яно як, — сказаў купец. — А ты разумны хлопец. А можна ў цябе запытацца: чым жа табе не дагадзіла тая кніга, якую ты толькі што з такой пагардай паставіў на месца? Прабач, вядома ж, што я пытаюся».
    «Няма за што прабачацца, пане, — ахвотна прамовіў малы і шырока ўсьміхнуўся. — Проста я думаю, што гэта аўтабіяграфічны твор. А я шукаю штосьці выдуманае, ад пачатку і да канца. А яшчэ я думаю, што гэта даволі слабая кніга».
    Купца агаломшыла такое нахабства. Ён нават выйшаў з свайго сховішча і падышоўда хлопчыка бліжэй.
    «Што да выдумкі, пане чытач, — сказаў купец, — дык, можа, вам больш спадабаўся б суседні аддзел. Там стаіць літаратура для паноў і паненак вашай узроставай катэгорыі. Бачыце надпіс: “Кнігі для школьнага і старэйшага школьнага ўзросту”. У гэтым аддзеле вы знойдзеце і казкі, і забаўныя гісторыі, і трылеры, і розныя прыгоды ды страшылкі. А яшчэ там цудоўны нон-фікшн для школьнікаў: па гісторыі, хіміі, біялёгіі, матэматыцы, фізыцы. Вось, глядзіце, кніга для дванаццацігадовых пра тое, як працуе аўтамабіль. А вось падручнік для юных матросаў. Абедзьве кнігі выйшлі ў цудоўным выдавецтве, якое ўжо даўно называюць самым лепшым на Высьпе».
    «Вельмі цікава, — сказаў гэты жахлівы хлопчык. — Але я люблю тоўстыя раманы і зборнікі апавяданьняў. Такія, ведаеце, дзе пра дзіцячыя траўмы, пра гвалт і страх, пра мову і пра камэдыі паўсядзённасьці. Пра Эрас і Танатас».
    «Пра Эрас? — спытаў купец. — I пра Танатас? Зразумела. Ну вядома, Эрас і Танатас у вашым узросьце цікавілі
    мяне значна больш за аўтамабілі і караблі. Але вы не адказалі мне на другое пытаньне. Чым вам не спадабаўся той тоўсты раман? Чаму вы лічыце, што ён слабы?»
    «Бо адразу відаць: аўтар ня ўмее прыдумляць гісторыі, — спакойна адказаў хлопец. — Ён расьцягвае на дзевяцьсот старонак тое, што можна было б бліскуча расказаць на васьмі-дзевяці. Але ён ня змог бы. Нават калі б захацеў. Ён ня ведае, што такое спружына тэксту, ён ня любіць таямніцы, ён разжоўвае для нас усё ўжо на першых старонках, а потым на васьмістах васьмідзесяці робіць выгляд, што мы нічога не зразумелі. Гэта праблема, пане. Усе кінуліся пісаць раманы, а кароткая гісторыя як жанр памірае. Хто цяпер піша апавяданьні?»
    «Хлопча, — недаверліва спытаў купец. — Колькі табе гадоў? Я ж бачу, што табе яшчэ няма чатырнаццаці».
    «Угадалі, — сказаў хлопец. — Няма».
    «Хітрун, — усьміхнуўся купец. — Паслухай, хітрун... Мне здаецца, ты мог бы пісаць кніжныя агляды. Мне якраз патрэбны чалавек, які б займаўся такой працай. I пры гэтым — вядома ж, тонка і ненавязьліва — хваліў бы адны кніжачкі, а другія крышку... Як бы гэта сказаць...»
    «Крытыкаваў, — падказаў яму малы. — Я разумею, пане купец».
    «Ты мяне ведаеш?»
    «Бачыў вашае інтэрвію ў “Нашай Высьпе”, — сказаў малы. — Але гэта ня так важна. Добра, я гатовы».
    «Ясная рэч, ты будзеш атрымліваць за гэта ганарар, — важна прамовіў купец. — Табе хопіць і на марозіва, і на парк забаваў, і на дзяўчат. Калі ты цікавішся такімі кнігамі, значыць, і дзяўчатамі цікавішся таксама».
    «Гэта ня вашая справа, пане, — холадна прамовіў хлопец. — Добра, я паспрабую».
    «Вось мая візытоўка, — купец выцягнуў з кішэні гаманец, вылавіў у ім паперку і аддаў малому. — Дасылай тэксты на гэтую адрэсу. А ганарар... Як бы ты хацеў яго атрымліваць?»
    «Давайце будзем сустракацца па пятніцах у гэтай кнігарні, — сказаў хлопец. — I вы будзеце плаціць мне. А цяпер адкажыце на маё пытаньне».
    «Што ж, — сказаў купец. — Слухаю».
    «Якія з гэтых аўтараў... — малы правёў пальцам па вокладках. — Якія зь іх маглі б, на вашую думку, напісаць добрае апавяданьне? А лепш — шмат добрых апавяданьняў. Пяць, восем, дзесяць...»
    «Ого, — сказаў купец і засьмяяўся. — Ты што, хочаш зрабіцца выдаўцом і перавабіць да сябе маіх найлепшых аўтараў? Ня раю. Праца ў мяне цяжкая, здароўя не дадае. А быць маім канкурэнтам таксама шкодна для самаадчуваньня. Ну што ж, што ж... Гэты неблагі. I гэтая. I вось гэты, хоць ён і самазакаханы целяпень. I вось гэтая, напэўна. Усе яны самазакаханыя пеўні і курачкі. Але з пробліскамі, так, з пробліскамі...»
    Хлопец моўчкі ўзяў у ахапак чатыры кніжкі і панёс на касу.
    «Заплаціце? — спытаў ён у купца і зірнуў на яго дзіцячымі анёльскімі вачыма. — Я ж мушу гэта ўсё прачытаць».
    Купец расплаціўся. Яны выйшлі і паціснулі адзін аднаму рукі. Рука купца была добрая і ўладная, а рука хлопчыка — мокрая ад поту.
    «Што за дзень, — падумаў купец, залазячы ў трамвай. — Трэба наняць сабе кіроўцу. I паказаць гэтаму генію тое, што піша Рутка. Цікава, што ён скажа».
    Праз тыдзень купец зноў стаяў у той самай кнігарні. За гэты тыдзень у ягоным выдавецтве было выпушчана пяць новых кніг, а на сайце НВ зьявіліся дзьве рэцэнзіі, падпісаныя проста: «Малы». Купец быў задаволены. Гэтым разам кнігарня была поўная народу. Хлопчык спазьніўся, але купец ня стаў дакараць яго. Ён дастаў грошы і, азіраючыся, сунуў малому ў потную далоньку,
    «Не, — сказаў гэты невыносны малец. — Грошы мне не патрэбныя. Давайце вы заплаціце мне іншым чынам».
    «Якім жа?» — спытаў купец крыху баязьліва.
    «Я хачу... — і тут хлопец зрабіў паўзу, як добры актор. — Я хачу... Хачу прыйсьці да вас у госьці».
    «Можа, усё ж грошы? — з надзеяй сказаў купец, адчуваючы, што папаўся. — Паглядзі, тут цэлых дваццаць даляраў!»
    Але ў вачах хлопца, у ягонай незалежнай паставе, у голасе і асабліва ў сьцятых вуснах было нешта такое, чаму купец ня мог супрацьстаяць. Што са мной? — спытаў ён сам у сябе, едучы ў трамваі дахаты. Чаго я зь ім зьвязаўся? Пачне яшчэ шантажаваць. Толькі гэтага не хапала.
    У прызначаны дзень у кватэру пазванілі. Хлопчык прыйшоў, цягнучы на плячы торбу. «Што ў цябе там?» — спытала жонка купца, дапамагаючы яму распрануцца. «Кнігі», — сказаў малы і пацалаваў ёй руку. Жонка купца падміргнула мужу і пайшла на кухню, дзе дасьпявала ў духоўцы вячэра.
    «3 маёй жонкай ты ўжо знаёмы, — сказаў купец, наліваючы віно сабе і жонцы, а дзецям прапанаваўшы ліманад. — А гэта мая дачка Рутка. Яна, дарэчы, таксама піша гісторыі. Рутка, ты пакажаш нашаму крытыку свае chart stories?»
    «Ня чорт сторыз, а шорт сторыз, тата, — сказала Рутка. — Калі ты хочаш быць крутым выдаўцом, вучы ангельскую. А наш госьцік не занадта малы, каб чытаць такое? A то потым будзе сікацца па начах. Тата, налі і мне віна! Ну крышачку, тата!»
    Малы ўсьміхнуўся. Яго забаўляла Рутка. Жонка купца прыставала да яго з пытаньнямі — усімі тымі пытаньнямі, якія задаюць чужым дзецям нармальныя дарослыя, але ён адказаў на ўсе ў сваім іранічным стылі. Купец слухаў і не разумеў, што выклікае ў ім гэты дзіўны малы: злосьць і агіду — ці ўсё ж павагу і пакору?
    «Пагуляем?» — сказаў хлопчык Рутцы, калі яны даелі торт.
    «Гэта абавязкова?» — скрывіўшыся, спытала Рутка.
    «Тады пакажы мне свае гісторыі», — сказаў малы так уладна, што купец падумаў: ну вось, зараз Рутка пачне скандаліць. Але ўсё абышлося. Малы і Рутка пайшлі ў Рутчын пакой і зачыніліся там.
    «Як ты думаеш, — спытала жонка купца. — Ён нармальны?»
    «А хто з нас нармальны?» — няўважна адказаў купец, які думаў зусім пра іншае.
    Мінула з паўгадзіны, купец сядзеў у сваім кабінэце і лічыў. Ён лічыў і зьбіваўся, і зноў пачынаў лічыць. Ён любіў лічыць сам. Ён ня верыў у тое, што іншыя людзі могуць палічыць ягоныя грошы лепш за яго самога.
    I тут на парозе зьявілася Рутка.
    «Тата... — сказала яна. — Тата...»
    За Руткай у кабінэт увайшоў і малы. У руках ён трымаў дзіўную маску — усьмешлівую маску без вачэй.
    «Што гэта за гульня? — уздыхнуў купец. — Рутка! Што ты круціш вачыма, як ненармальная... Як табе Рутчыны гісторыі, мой юны крытык? Ты азнаёміўся зь імі?»
    «Так, — сказаў малы. — Яны неблагія. Але пагуляйце з намі і вы! Надзеньце гэтую маску, пане гаспадару!»
    «А што за яна? Якія правілы?» — спытаў купец.
    «Ну калі ласка! — нецярпліва, зусім па-дзіцячаму папрасіў малы. — Бачыце, і Рутка просіць».
    «Тата... — задыхалася Рутка. — Та...»
    «Ну добра, — сказаў купец. — Толькі на хвілінку. Мне яшчэ працаваць».
    He перастаючы лічыць, ён нацягнуў маску.
    «Уключаю», — пачуў ён голас малога.
    I жыцьцё іх сям’і зьмянілася так, як не прыдумаў бы ніводзін зь ягоных аўтараў.
    Нават той, што напісаў самы тоўсты раман.