Апошняя кніга пана А.
Казка
Альгерд Бахарэвіч
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 500с.
Мінск, Прага 2020
Па іхных тварах я зразумеў, што малы павіян (не называй яго так, не называй, не называй!) расказаў мне праўду. Там, дзе мы ішлі зь ім поруч, пад яркім сьвятлом лямпы, якая была нам і поўняю, і сонцам, там, дзе была толькі цемра наперадзе — і нашыя крокі. Там, дзе я ніколі яшчэ не бываў. А яны — былі.
«Так усё і было, — ціха сказала жонка купца. — Ці амаль так».
«Некалькі дробных дэталяў не супадаюць, казачнік, уздыхнуў купец. — Я гляджу, ты ня можаш без таго, каб штосьці чорна-белае не расфарбаваць у свае дзікія колеры. Але я так і думаў. Я ведаў, калі раіў пану рыцару тваю адыёзную асобу, што ты абавязкова пачнеш пісаць нейкую адсябеціну. А яшчэ я ведаў, што ён абярэ менавіта цябе... Я ж не памыліўся ў ім?»
I купец амаль лісьліва зазірнуў у лычык малому. Але той ніяк не адрэагаваў, працягваючы свае маніпуляцыі з малпай.
«Бачыце, — павярнулася да мяне Маргуся. — Цяпер вы ведаеце калі ня ўсё, дык даволі важную частку ўсёй гісторыі. Але ўявіце, што я адчувала, калі слухала вашыя нездаровыя фантазіі!»
«Прабачце, Маргуся, — сказаў я. — Але чаму б вам не расказаць мне зараз усё да канца?»
«Гэта выключана, — сказаў пан Гланда. — Такі закон. I яго прыдумалі ня мы».
I яны ўсе з павагай паглядзелі на малога.
He пазывай яго так! Нават у думках.
«I ня я, — сказаў малы. — Я толькі выконваю даручаную мне місію. Але хачу нагадаць, што дабрадзейнасьць рыцара — маўчаньне. Таму я і маўчу. А зусім не з пагарды да вас, пане аўтар. Я расказаў роўна столькі, каб вы дадумалі ўсю праўду самі. Каб выканалі ўгоду з купцом, даказалі нам, што
вы той, з кім варта мець справу — і самі адчулі свае выключнасьць і талент. Вы даведзяце ўсё да канца, пане аўтар. Я ведаю гэта. Я веру ў вас».
Я глядзеў на іх без усялякага сораму. Гэта япы мусілі хаваць вочы і чырванець. Гэта яны гулялі са мной ужо... О Міласэрны Божа.ужодваццацьпятыдзень! Ці дваццацьшосты? Я ўжо зьбіўся зь ліку. Я ведаў, пра што будзе мая наступная гісторыя. Я меў што сказаць — і спадзяваўся, што ўзнагародаю мне будуць іхныя ціхія, вінаватыя «так». Але я ня ведаў, чым усё скончыцца. Я, аўтар, ня ведаў, чым усё скончыцца.
«Ведаеце, чым адрозьніваецца аўтар ад вар’ята? — спытаў я. — Аўтар заўжды ведае дарогу назад і мае ключы».
Яны заварушыліся, нібы абдумваючы мае словы. Ніхто пе сказаў мне: «Брава!» Ніхто ня кінуў на мяне пяшчотнага позірку. Я падумаў, што надакучыў ім. Mae гісторыі іх не хвалявалі. Іх хвалявала, ці раскажу я ўсе да канца, ці змагу. Іх хвалявала мая трывучасьць. Яны кармілі мяне пахваламі, як сьвіньню.
«А ведаеце, чым аўтар адрозьніваецца ад чытача? — спытаў я ў поўнай цішыні. — Тым, што толькі аўтар ведае, чым усё скончыцца. Дык хто ў гэтым пакоі аўтар, а хто чытач?»
Я ўстаў і паволі прайпюў міма іх скурчаных у скрушлівых позах фігураў.
«Можа, гэта ўсё ж вы раскажаце мне гісторыю? Вы ж ведаеце канец?»
Я спыніўся каля малога павіяна.
«Давай, раскажы мне казку!»
Ён усьміхнуўся і кінуў мне малпу.
I тады ў замку заскрыгатаў ключ.
Мы павярнуліся. Дзьверы паволі адчыніліся, і ў пакой забег, прыпадаючы на адну лапу, Сцур. Сам Сцур уласнай пэрсонай. А над ім, трымаючы ў руках стрэльбу, стаяла яна. Рутка.
Цяпер я ведаў пра яе ўсё. Ці амаль усё. Яна была пэрсанажам — і мы сустрэліся зь ёй вачыма.
«Казачнік, — сказала яна. — Машыны...»
Сцур жаласьліва заскуголіў і схаваўся за стэляжамі з пральным парашком. Рутка, не выпускаючы з рук стрэльбу, падбегла да адной з машынаў і зазірнула ў яе адчыненае пуза.
«Рутка! — засьмяяўся малы павіян. — Доўга ж мы цябе чакалі...»
«Рутка, дачушка!» — прасьлязіўся купец.
«Думаю, пана Сцура трэба пакінуць тут, — сказаў пан Гланда. — Прынамсі, пакуль ён не працьверазее».
«Але я мяркую, што трэба выкрасьліць яго зь ліку тых, хто будзе слухаць наступныя гісторыі, — строга сказала Маргуся, пагардліва назіраючы за сабачымі рухамі Сцура. — Ён не заслужыў. Ён не чытач, мы ўсе пераканаліся ў гэтым мінулым вечарам».
«Мудрыя словы, Маргуся, — сказаў купец. — А зараз давайце зладзім баляваньне. Закоцім гулянку! Спадзяюся, пан Сцур ня зыіішчыў усе запасы віна».
Мы замкнулі за ціхмяным Сцуром дзьверы і накіраваліся наверх.
Купец, жонка, Маргуся, пан Гланда, я, за мной малы павіян, памахваючы ключом...
He называй яго так!
I яна.
Рутка.
ГіСТОРЫЯ ДВАЦЦАЦЬ СЁМАЯ
РАТУЮЧЫ РУТКУ
агуляем?» — сказаў хлопчык Рутцы, калі яны даелі торт.
«Гэта абавязкова?» — скрывіўшыся, спытала Рутка.
«Тады пакажы мне свае гісторыі», — сказаў малы так уладна, што купец падумаў: ну вось, зараз Рутка пачне скандаліць. Але ўсё абыпілося. Малы і Рутка пайшлі ў Рутчын пакой і зачыніліся там.
«Ну і ў што мы будзем гуляць?» — абыякава спытала Рутка, сеўшы на ложак.
«Я ж прасіў цябе паказаць свае гісторыі, — малы прысеў побач і ўладкаваў між ног торбу. — Вось і пакажы».
«Ты сур’ёзна? — Рутка адсунулася ад яго і залезла з нагамі на ложак. — Слухай, колькі табе гадоў? Нешта я не магу скеміць».
«Угадай, — змрочна сказаў малы. — А лепш давай сюды кампутар, я сам прачытаю».
«А ты нахабны, — сказала Рутка. — Нахабны малы чалавечак. 3 чаго ты ўзяў, што я пакажу табе тое, што пішу? Можа, там васямнаццаць плюс?»
Малы засьмяяўся. Рутцы гэта не спадабалася — бо рот малога быў поўны нейкіх жаўтаватых, сьцёртых зубоў. «Не закрывай рот, — папрасіла Рутка. — Гэта што, малочныя? Хутка выпадуць?»
Яна хацела правесьці пальцам па ягоных зубах, але ён раптам самкнуў сківіцы, яна ледзь пасьпела прыбраць руку.
«Ты што, дурны? — спытала яна. — Ледзь палец мне не адхапіў. А што ў цябе ў торбе?»
«Дзьве цікавыя рэчы, — сказаў малы. — Пакажу, калі дасі мне пачытаць сваё. Ты ж пішаш гісторыі? Ці ўсё, што мне расказвалі, няпраўда?»
Гэта ўсё бацька, падумала Рутка. Ня ўмее трымаць язык за зубамі. Яна ўзяла ноўт і адчыніла файл.
«Ну добра, чытай, — сказала яна. — Можаш уголас. Гэта вельмі карысна для аўтара, калі нехта чытае яму ўголас ягоныя тэксты. Адразу бачыш, дзе ты даў маху, дзе можна зрабіць лепей, а дзе ты геній і майстар».
Малы задумаўся. А потым пачаў чытаць. Ён чытаў ціхім, спакойным голасам — і ў Руткі было адчуваньне, што гэты хлопчык перад ёй наўмысна стараецца, каб надаць голасу нейкай дзіцячасьці. Ён чытаў добра. Адразу лавіў патрэбную інтанацыю і правільна расстаўляў паўзы. Малы дачытаў першы тэкст і зачыніў ноўтбук.
А потым адвярнуўся і надоўга замаўчаў.
«Слухай, — сказала Рутка, страчваючы цярпеньне. — Я ня ведаю, навошта ты здаўся майму бацьку... I чаму ён прымушае мяне сядзець тут з табой... Я магла б зараз заняцца чымсьці карысным. Пачытаць якую-небудзь кнігу! Паліць кветкі! Паслухаць Вагнэра. Ці проста палашчыцца. I наогул у мяне сёньня танцы, а заўтра тэатр. Але гэта... Гэта проста няветліва! Гэта сьвінства! Ты прачытаў маю гісторыю і проста маўчыш. He, ну я разумею, ты яшчэ малы...»
«Адзінае, чаму мы вучымся, калі робімся дарослымі — гэта апраўдваць саміх сябе, — сказаў раптам малы. — Гэта ж ты напісала?»
«Ну я, — сказала Рутка, адчуваючы, што чырванее. Ёй было прыемна, што ён адзначыў і запомніў гэтае месца. Так сказаў адзін зь яе пэрсанажаў, дарослы чалавек, і яна
не была пэўная, ці праўда так мог бы сказаць мужчына ў сталым веку. — А што?»
«Гэта добрыя словы, — маркотна сказаў малы. — Я іх запомню. I раскажу іншым. Але ня бойся, я абавязкова зазначу пры гэтым, што іх напісала ты. Значыць, табе так хочацца, каб я ацаніў тваю гісторыю?»
«Ды мне ўсё роўна, што ты пра яе думаеш! — Рутка раптам раззлавалася. — Гэта што, я цябе прымусіла сядзець у маім пакоі? Гэта ты напрасіўся! Вось і забаўляй мяне. Ці хаця б кажы штосьці. Ты адкуль узяўся?»
«А адкуль бяруцца дзеці? — паціснуў плячыма малы. — Ты што, ня ведаеш? Скажы, Рутка. А ты прыдумляеш свае гісторыі — ці апісваеш тое, што насамрэч адбылося?»
«Ня ведаю, — яна раптам зноў супакоілася. — Я праўда... Ня ведаю».
«Гэта можна праверыць, — усьміхнуўся малы. — Вельмі лёгка. Зараз я табе пакажу. Заадно і даведаешся, як табе прыходзяць твае тэксты...»
Ён расшпіліў торбу і дастаў два вельмі сьмешныя, як падумала Рутка, прадметы. Маску без вачэй зь нейкімі прыклеенымі да яе правадочкамі. I яшчэ нейкую невялікую, з кулак велічынёй, прыладу, падобную да кубіка з закратаванымі сьценкамі.
«Што гэта?»
«Вось гэтая штука, — патлумачыў малы, беручы ў рукі кубік, — вызначае, сама ты прыдумляеш ці пішаш праўду».
«Ой не магу, — сказала Рутка. — А ты і праўда малы. А я падумала ўжо...»
Яна павалілася на ложак і паглядзела спадылба на малога.
«А ты любіш літаратуру».
«У мяне няма выбару», — сказаў малы, круцячы ў руках сваю цацку, нібы гэта быў кубік Рубіка.
«Я проста хацела сказаць, што ня бачыла больш такіх малых хлопчыкаў, якія б так сур’ёзна гаварылі пра такія
складаныя рэчы, — патлумачыла Рутка. — Ты не такі, як усе. Цяпер я разумею, чаму бацька цябе прывёў. Ён заўсёды захапляўся рознымі вар’ятамі. Дык, кажаш, прылада... Якая вызначае, сама я выдумляю ці бяру гісторыі з жыцьця...»
«Ага».
«I што яна кажа, гэтая твая прылада?»
«Нічога, — сказаў малы. — Ты ж ня пішаш зараз. Ты сядзіш і сьмяешся. Я табе падабаюся. Ты мной зацікавілася...»
«Ох-ох-ох, — засьмяялася Рутка. — Якія мы самаўпэўненыя. Як усе мужчыны!»
«Але мы можам даведацца праўду, — сказаў малы. — Як бачыш, прылада ня надта вялікая. Яе можна схаваць куды заўгодна. Можна пакласьці пад падушку. Можна ў шуфляду. Можна пакласьці ў гаршчок з кветкай і засыпаць зямлёй. Можна нават насіць яе ў кішэні. Я магу пакінуць яе тут. Але рэч у тым, Рутка, што ў дадзены момант мяне цікавіць другое прыстасаваньне. Mary я папрасіць цябе надзець вось гэта?»
I ён даў ёй маску.
«I што будзе? — спытала Рутка. — Маска скажа, няздара я або зь мяне яшчэ можа нешта атрымацца?»
«А ты надзень», — сказаў малы.
«Ну добра», — сказала Рутка і нацягнула маску на галаву.
...Яна стаяла пад купалам сьвятла, адчуваючы, як голыя ступакі спрабуюць прыліпнуць да абсалютна гладкай падлогі. Рутка паглядзела ўніз — не, гэта была не падлога. He падлога, не асфальт, не зямля. Больш за ўсё паверхня, на якой яна намагалася ўтрымаць раўнавагу, нагадвала плітку ў ванным пакоі. Або ў басэйне... Яна была ў гэты момант зусім голая — але ёй не было сорамна, ні каліва не было сорамна. Нават калі яна пабачыла, як недалёка, задуменна гледзячы на яе, пагойдваецца на тонкіх нагах яе новы знаёмы, гэты хлопчык-вар’ят, якога прывёў бацька, яна не адчула нічога, апрача зьдзіўленьня.