Апошняя кніга пана А.
Казка
Альгерд Бахарэвіч
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 500с.
Мінск, Прага 2020
I вось неўзабаве Андрэй атрымаў прыватнае паведамленьне ад зусім незнаёмага чалавека, што зваўся Руслан, і інтуіцыя падказала Андрэю, што ён знайшоў тое, што шукаў.
Той Руслан не дзяліўся імёнамі і месцамі працы знаёмых дактароў, ён не пераконваў, што мэдыцына не стаіць на месцы і вылечыць зубы сёньня — гэта як выпіць шклянку вады. He — ён наўпрост напісаў Андрэю, што ведае цудоўнага зубнога, менавіта такога, якога Андрэй шукае, і нават лепшага, але хоча за такую каштоўную інфармацыю грошай. У іншым выпадку Андрэй паслаў бы вымагальніка куды далей, але тут ён чамусьці адразу паверыў у шчырасьць Руслана, і невядома было, інтуіцыя загадала яму дамовіцца аб узнагародзе і прызначыць месца спат-
каньня — або роспач прымусіла ўхапіцца за абяцаньне незнаёмца, які насамрэч мог аказацца кім заўгодна.
Пэўна ж, Руслан здагадваўся, што Андрэй гатовы аддаць за каардынаты чараўніка-лекара калі не паўцарства, дык прыстойную суму ў валюце, і нават калі б Андрэю прапанавалі адсячы паўпальца на назе ў абмен на шчасьлівае пазбаўленьне ад зубных клопатаў — ён не раздумваючы пагадзіўся б. Грошы ў Андрэя вадзіліся, не было толькі шчасьця: чамусьці так павялося ў сьвеце, што ня могуць жыць у згодзе золата і сэрца. «Чаму я мушу яму верыць?» — пытаўся сам у сябе Андрэй, стоячы дома перад люстэркам, а рукі яго ўжо адлічвалі купюры, вынятыя з тайніка, і ў люстэрку ён бачыў сваю каханую, што ўсьміхалася яму, быццам люстэрка тое вяло жывую трансьляцыю зь іхнай шчасьлівай супольнай будучыні.
Яны сустрэліся з Русланам у тлумнай кавярні на вуліцы Кастрычніцкай, і Андрэй, нібы пад гіпнозам, аддаў Руслану грошы. Той пералічыў і паглядзеў на Андрэя ўважліва і спачувальна:
«Што ж, слухай і запамінай, браце, і глядзі не пераблытай нічога, бо тое, што я кажу табе, ёсьць скарбам, што шукаў ты доўга, а знайсьці й ня марыў, і нават знайшоўшы, лёгка можаш страціць...»
Андрэй слухаў яго, а сам ня мог адарваць позірку ад ягоных зубоў — роўных, вільготных і белых, і яны паблісквалі ў сьвятле лямпы так, што Андрэю хацелася правесьці па іх пальцам, нібы па жмені сабраных на далонь марскіх каменьчыкаў.
«У старой паліклініцы на ўскраіне гораду побач зь лесам працуе лекарка Эстэр, — ціха сказаў Руслан. — Ты мусіш запісацца да яе на прыём, але толькі абавязкова на самы вечар, так, каб быць апошнім яе пацыентам. У дзень, калі паедзеш да яе, купі каробку чакалядных цукерак і падаруй ёй, калі яна запросіць цябе ў свой кабінэт. I калі ты ляжаш у яе крэсла і яна надзене пальчаткі і ўклю-
чыць лямпу, не паказвай свайго страху, як ні захочацца табе расчуліць яе сваім голасам і выглядам. Тая Эстэр пачне гаварыць з табой, і яшчэ перад тым, як пачаць працу, яна мімаходзь прамовіць слова “путы”. I як толькі яна яго прамовіць — пакажы ёй, што ты пачуў яе, ухапіся за гэтае слова і не адпускай яго, і прадэманструй, як яно ўсхвалявала цябе, у прыемным сэнсе, вядома ж. А потым ужо не кажы нічога і рабі ўсё, што скажа табе лекарка. А цяпер ідзі — і няхай дапаможа табе Міласэрны Бог, у каго б ты ні верыў, няшчасны, стоячы пад скавышамі твайго мізэрнага жыцьця».
Прамовіўшы гэтыя дзіўныя словы, Руслан выйшаў з кавярні, і доўга яшчэ агаломшаны Андрэй сядзеў за столікам, гледзячы ў пустую філіжанку. I тут, нібы знак, прыйшло паведамленьне ад каханай:
«Дзе ты прапаў, Угрум-бурчун?» Сумны эмоджы пасьля гэтых словаў скрывіўся так, нібы ўяго балелі зубы — і Андрэй адчуў у сабе нечаканы прыліў сілаў, расплаціўся і выйшаў у зімовы вечар.
Ён зрабіў усё так, як сказаў яму таямнічы Руслан. Запісаўся на самы-самусенькі вечар і ў прызначаны час быў на патрэбным паверсе пабудаванай яшчэ за хрушчоўскімі часамі паліклінікі на самай ускраіне гораду. Вялікі лес падступаў да самых яе сьценаў. Калі ён выйшаў зь ліфта, рэзкі лекарскі пах косьці, сьпірту і жалезьзя ўдарыў яму ў нос, і вочы яго нібы асьлеплі. Калідор быў пусты, на абшарпаных сьценах віселі выцьвілыя савецкія плякаты з вусьцішнымі малюнкамі; ён знайшоў патрэбны кабінэт і нерашуча пагрукаў.
Лекарка Эстэр была чарнявай жанчынай гадоў трыццаці пяці. Андрэй увайшоў, павітаўся, распрануўся і працягнуў ёй цукеркі, якія яна не хацела браць, але потым усё ж неахвотна прыняла і схавала ў шуфляду. Мыючы рукі, яна запрасіла яго легчы на раскладзенае крэсла, ён апусьціўся на яго з заплюшчанымі вачыма — і сутаргава
ўхапіўся за падлакотнікі. Яна ўключыла лямпу — ён адплюшчыў вочы.
«Вам блага? Вы бледны, як сьмерць», — сказала яна спакойна.
На яе загад ён раскрыў рот. «Шырэй, — сказала яна. — Шырэй».
I тады ён, адчуваючы боль у сківіцы, раскрыў рот так шырока, як толькі мог, і ўвесь ягоны сорам цяпер пазіраў на яе, і ўсё ягонае жыцьцё было перад ёй як на далоні.
«Што вы так трасяцеся? Вы баіцеся мяне? Я такая страшная?»
«Не, вы вельмі прыгожая», — сказаў Андрэй, чырванеючы.
«Тады, можа, вы баіцеся маёй лекарскай машыны?»
«Усё нармальна», — сказаў ён хрыпата.
«Вы ўпэўнены?»
«Так».
«Гэта добра, — сказала яна, беручы ў рукі мэталічную прыладу і падносячы да ягонага рота. — Адкрыйце і не закрывайце».
Ад яе рук, ад яе халата, а асабліва ад яе грудзей, якія былі цяпер так блізка, пахла вельмі незвычайнай парфумай. Нібы гэтая жанчына выкупалася толькі што ў цудоўным сьвежазмолатым цынамоне, пякучым перцы і какаве, у ваньне з каляндры, кардамону, размарыну і арэхавага масла. Гэта быў такі прыемны водар, што ў Андрэя закружылася галава. Нібы праз сон, ён чуў, як лекарка кажа яму:
«Што ж, работы тут столькі, што нам з вамі да лета хопіць. Але вы чалавек дарослы, сьмелы, адразу відаць, сапраўдны мужчына. Вы заўжды так пацееце? He кажыце нічога, гэта я так, выпадкова спытала. Ведаеце, калі пацыент такі спакойны, дык і працаваць прасьцей. A то некаторыя прыходзяць такія перапуджаныя, што хоць вяроўкамі іх прывязвай. Часам думаеш: і праўда, навязала б ім путы
на рукі-ногі, дык і мне працаваць лягчэй было б, і ім спакайней. Так, што ў нас тут? Карціна алеем... He закрывайце рот, калі ласка».
У роце ў Андрэя перасохла.
«Путы? — сказаў ён і аблізаў вусны. — А вы калі-небудзь зьвязвалі сваіх пацыентаў вяроўкамі?»
«За каго вы мяне прымаеце?»
«Ведаеце, — ён прыўзьняўся на крэсьле. — У путах няма нічога такога, нічога заганнага... Я, напрыклад, пачуваўся б зусім няблага, калі б апынуўся зараз у путах, тут, перад вамі. Выключна каб палегчыць вам працу. I наогул, мушу вам прызнацца... Але прабачце, я, мабыць, сказаў нешта лішняе».
Яна замаўчала, узяла мэталічную палачку, і раптам пачварны боль уціснуў яго ў крэсла, а потым прымусіў падскочыць. Бо яна — так, яна! яна! яна! — дакранулася да самага сэрца болю, да самага напятага нэрва, яна трапіла кончыкам сваёй палачкі ў самы ягоны храм, туды, дзе боль зьвіў сабе гняздо і зладзіў свой алтар, туды, дзе было яго карнявішча, яго мозг і ягоны трон.
«Што з вамі? — сказала яна строга. — Я яшчэ нічога не зрабіла».
«Усё, — сказаў ён і падняўся, трымаючыся за шчаку. — Я пайду. Я не магу! Я баюся вас так, як нікога ў гэтым сьвеце, і рукі вашыя нясуць толькі боль і пакуту!»
«Але вы ня можаце сысьці, — сказала яна маркотна. — У вас у роце сапраўднае пекла».
«Лепш хаваць пекла ў роце, чым трапіць пеклу ў рукі!»
Ён павярнуўся і схапіў куртку.
«Вярніцеся», — пачуў ён голас за сьпінай, і голас быў уладны і салодкі, і ў ім былі шэпт карыцы, і вастрыня каляндры, і ўкус перцу, і пяшчота какавы, і лісьлівасьць арэхавага масла. Ён павярнуўся і пабачыў у яе руках доўгія вяроўкі, дастаткова тоўстыя, каб зьвязаць мужчыну, і дастаткова мяккія, каб спавіць імі жанчыну. Шурпатыя
прыгожыя вяроўкі-путы з узорам, які Андрэй ніколі ня бачыў, рухавыя і нібы нашмараваныя нечым, яны пераліваліся ў яе руках усімі адценьнямі карычневага, шэрага і ружовага і былі зусім як жывыя.
«Дайце мне слова, што нікому ня скажаце пра тое, што я зраблю», — сказала Эстэр крыху сарамліва, і Андрэй пакляўся, што будзе маўчаць.
I вось ён ужо зноў ляжаў у крэсьле і адчуваў, як путывяроўкі спрытна прапаўзаюць у яго пад пахамі, абвіваюць запясьці, варушацца ля пахвіны, змыкаюцца на нагах, сьціскаюць грудзі і абдымаюць яго так пяшчотна і моцна, што ён з радасьцю аддаецца іх сіле — дзе трэба, шаўковай і мяккай, а насамрэч неадольнай, і адзеньне ягонае ляжала на падлозе, а Эстэр спавівала яго ўсё мацней, і чорныя яе валасы казыталі яму твар. Раптам сьвятло згасла — і толькі ліхтар за акном працягваў сьвяціць, нібы поўня, што выплыла зь вялікага лесу. Апошняе, што ён чуў — гэта голас Эстэр, які казаў яму, што ў паліклініцы часта выключаецца электрычнасьць, і гук ключа, што паварочваўся ў замку. I адразу пасьля гэтага ён праваліўся ў сон, ды такі салодкі і прыемны, якіх ня сьнілася яму ажно зь дзяцінства. I былі ў тым сьне цынамонавыя вежы і кававыя дрэвы, дамы з чарнасьліву і рэкі з какавы, і цёплыя дажджы з малака, і мядовы пясок, і дамы з сушаных бананаў, і тварожныя ўзгоркі... I голая Эстэр танцавала перад ім, віючыся, нібы зьмяя, і ў руцэ ейнай была не мэталічная палачка, але тонкая пуга зь пер’ем на канцы...
Калі ён прачнуўся, у кабінэце нікога не было, сонца ўставала па-над лесам, а путы-вяроўкі на ім былі паслабленыя, каб ён мог спакойна ад іх вызваліцца. Ён ускочыў і хутка апрануўся, паглядзеў на сябе ў люстэрка і ўсьміхнуўся цудоўнаму сну, які памятаў да драбніц. I тады пабачыў, што ў роце ягоным цяпер пабліскваюць два шэрагі новых, белых і роўных зубоў, такіх прыгожых і здаровых, што ён не адразу пазнаў сябе ў адлюстраваньні. Дзьверы былі
адчыненыя — ён выскачыў у калідор і непрыкметна выйшаў з паліклінікі праз чорны ход. Увесь дзень ён любаваўся сваімі зубамі, ловячы іх адлюстраваньне паўсюль, дзе толькі можна: у вітрынах і шклянках, у прыбіральнях і вокнах грамадзкага транспарту, а потым ён напісаў сваёй каханай, яны сустрэліся — і вось ён ужо лавіў зьдзіўленьне ў яе вачах, і бачыў у іх свае новыя чароўныя зубы, і сам ня верыў свайму шчасьцю, і кусаў яе вусны, і кусаў мяса, і піў самыя гарачыя і халодныя напоі, якія яна яму так шчодра налівала, і не адчуваў больш ні болю, ні сораму. Жыцьцё падалося яму раем, і ён часта ўсьміхаўся проста так, без прычыны, і кожная ўсьмешка была прыемнай яму, нібы віно.
«Чаму ты сьмяешся, Угрум-бурчун?» — пыталася каханая.