Апошняя кніга пана А.
Казка
Альгерд Бахарэвіч
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 500с.
Мінск, Прага 2020
«Не называй мяне так, — адказваў ён, сьмеючыся. —Xi63 я той самы Ўгрум-бурчун, якога ты ведала раней?»
«Але я пакахала цябе такім».
«Прыдумай мне новае імя!» — прасіў ён, сьмеючыся яшчэ гучней, і мінакі абарочваліся на яго, нібы на вар’ята. Але нічога не прыходзіла ў галаву каханай, кожная мянушка гучала недарэчна, быццам яна клікала кагосьці чужога. Таму яна працягвала называць яго так, як і раней, і часам ён злаваўся на яе, ды толькі імкнуўся не паказваць сваёй злосьці. Ён вадзіў каханую ў найлепшыя рэстарацыі і купляў ёй самыя дарагія апранахі, хоць яна яго зусім не прасіла, але ён рабіў гэта, бо ягоныя зубы былі зубамі пасьпяховага і шчасьлівага чалавека, яны патрабавалі ад яго быць такім самым — роўным, бліскучым, здаровым і бездакорным. Але чалавек ня зуб — і зрэдчас Андрэй адчуваў у роце цяжар, а на душы стому, бо тое, што ён мог дазволіць сабе з кепскімі зубамі, было зусім недарэчна з новымі. Зубы патрабавалі ад яго купляць сабе модную адзежу з найноўшых калекцый, выглядаць модна і маладжава, усьміхацца і быць заўжды ў гуморы — карацей, жыць так, каб пырскі задаволенасьці і ўпэўненасьці ў сабе траплялі на ўсё.
да чаго ён набліжаецца, і ніколі не азмрочваць жыцьцё блізкіх і родных ні папрокамі, ні дэпрэсіўным выглядам, ні дурнымі ўчынкамі.
Шчасьцю Андрэя замінала яшчэ адна акалічнасьць. Увосень яны з каханай вырашылі ажаніцца і выправіцца ў мядовы месяц у Эгіпецкія пяскі, але калі Андрэй палічыў свае грошы, высьветлілася, што іх хапае хіба што на самае сьціплае жыцьцё. Разглядваючы свае новыя зубы і посьцячы ў інстаграм усё новыя і новыя фота сваіх сьляпучых усьмешак, ён раздумваў пра тое, дзе яму здабыць сродкі для ўвасабленьня ўсіх мараў. Ён быў пэўны, што каханая кіне яго, калі ён скажа ёй праўду. Але ніякай магчымасьці паправіць сваё становішча ён ня меў — і вось прыйшоў верасень, а што рабіць, ён усё яшчэ ня ведаў. Седзячы ў кавярні каля акна, за якім не канчаўся нудны і шэры дождж, Андрэй чакаў сустрэчы з каханай, а сам раздумваў пра тое, ці не пазваніць яму старым сябрам, якія займаліся нечым супрацьзаконным. У адчаі ён гартаў стужку фэйсбуку — і натрапіў на гісторыю чалавека, які вельмі баяўся зубных лекараў і таму застаўся зусім без зубоў. He чакаючы ўжо ні добрай парады, ні паратунку, той чалавек задаваўся рытарычным пытаньнем: за што, за якія грахі даў нам зубы Міласэрны Бог, і калі навука дойдзе да такой ступені разьвіцьця, што стаматалёгія зьнікне, бо хваробы, якімі яна займаецца, сыдуць у нябыт? Нібы маланка, працяла Андрэя геніяльная ідэя: як дапамагчы гэтаму небараку і заадно вырашыць свае праблемы. Ён адразу ж напісаў няшчаснаму, што падзеліцца зь ім цудоўным сакрэтам, як зьмяніць сваё жыцьцё і перамагчы страх, але, вядома, за ўзнагароду — не такую ўжо вялікую, калі ўлічыць вартасьць прапановы.
I вось назаўтра ён ужо сядзеў насупраць змрочнага маладога мужчыны ў паліце, які недаверліва, але з балючай надзеяй узіраўся ў Андрэеў твар — а асабліва ў ягоныя бездакорныя, белыя, роўныя зубы. Чалавек у паліце вагаўся — але роспач, надзея і вера перамаглі, і ў Андрэевых
руках быў пакет з грашыма, якіх цалкам хапала і на вясельле, і на Эгіпет, і на падарунак каханай. «Слухай жа ўважліва, небарака», — сказаў Андрэй і напаўголасу працягваў:
«У старой паліклініцы на ўскраіне гораду, каля вялікага лесу...»
Чалавек запісаў усё, паціснуў Андрэю руку і выбег з кавярні. А неўзабаве Андрэй цалаваў каханую ў белай сукенцы, і госьці крычалі ім «Горка!», але Андрэю было соладка, так соладка, як ніколі ў жыцьці, калі, вядома, не лічыць дзяцінства, у якім слодыч даецца чалавеку задарма, каб перабіць смак той горычы, што суправаджае нас ад самага нараджэньня.
«Я кахаю цябе, Угрум-бурчун», — шаптала ягоная жонка яму на вуха, і ён усьміхаўся ўсімі сваімі зубамі, і цешча казала гасьцям у іншым канцы рэстараннай залі: «Харошыя гены пальцам не раздушыш!»
I вось ужо Андрэй ляжаў з каханай на пляжы, і ў галовах у іх было сіняе мора, а ў нагах — гарачыя пяскі, і навокал гучала іншаземная гаворка, і сонца песьціла іхныя целы з самага ранку. А калі надышоў час абеду, яны з каханай пайшлі ў гатэль і, зьняможаныя, упалі на беласьнежную пасьцелю шырокага ложка. Шчасьце перапаўняла іх — і вось ужо раты іхныя зьліліся ў доўгім пацалунку. Раптам каханая жонка адхіснулася ад яго са сьмехам і заціснула вусны рукой.
«Ну і жарты ў цябе, Угрум-бурчун!»
«Якія яшчэ жарты?»
«Ты навошта паклаў у рот чакалядку?»
Ён таксама раптам адчуў у роце чакалядны смак. А жонка асьцярожна выплюнула на далонь тое, што было ў яе ў роце — і паказала яму. На той далоні было шмат цікавага: лініі жыцьця і сьмерці, фартуны і каханьня — як часта яны сядзелі побач у сваёй менскай кватэры, разглядваючы іх і жартуючы над сакрэтамі хірамантыі... Там была гарачая скура і мілыя чырвоныя складачкі, але цяпер там
ляжала нешта яшчэ, тое, што напаўняла ўсю далонь. Маленькія кавалачкі напалову рассмактанай чакаляды ў карунках сьліны... Андрэй не разумеў, адкуль яна ўзялася, ён хацеў супакоіць жонку — аднак яна раптам ускочыла і паказала пальцам на ягоны шырока раскрыты рот. Ён кінуўся да люстэрка — і не пабачыў сваіх фантастычных зубоў! На іх месцы былі зубы з малочнае чакаляды, і яны раставалі, зьмешваючыся са сьлінай, няўхільна раставалі, пакідаючы на языку салодкі смак какавы і цукру, вяршкоў і арэхаў, і ўсяго таго, што майстры чакалядных справаў у любой краіне так віртуозна зьмешваюць дзеля асалоды какетл івых паненак і ласых да прысмакаў паноў, усяго таго, што так дапамагае мазгам зьнясіленых ад вучобы студыёзусаў і так дражніць малых дзяцей, якія яшчэ ня ведаюць, што смак жыцьця — горкі і даўкі.
Вярнуўшыся ў свой халодны горад, Андрэй адразу ж паехаў у старую паліклініку, ды толькі ні будынку, ні лесу ўжо не было. На месцы паліклінікі стаяў агромністы гіпэрмаркет, і яркія літары на ўсіх чатырох сьценах абяцалі задавальненьне, радасьць і волю жаданьняў кожнаму, хто зойдзе ў яго шкляныя дзьверы.
Дачытаўшы казку да канца, я не адразу падняў галаву, бо быў амаль пэўны: ні купцу, ні сям’і ягонай, ні ўсім ягоным слугам яна не прыйшлася даспадобы.
«Гм», — пачуў я голас купца і здрыгануўся. А потым усё ж гірымусіў сябе паглядзець на сваіх слухачоў.
Мы сядзелі ў вялікай гасьцёўні прыватнага катэджу: сам купец паўляжаў на канапе, абдымаючы адной рукою жонку, якая трымала ў тонкіх пальцах электронную цыгарэту і час ад часу выпускала з рота ўгару воблака густога духмянага туману. Іхны сын, ужо знаёмы мне хлопчык, сядзеў на пад-
лозе, гуляючы зь нейкім забаўным прадметам, які нагадаў мне чалавечы чэрап, хоць потым я зразумеў, што гэта ўсяго толькі цацачная малпа з агромністай галавою. Ад падлогі ішло прыемнае цяпло, бо яна была з падагрэвам, але мае ногі ўсё роўна мерзьлі так, што я не адчуваў кончыкаў пальцаў. Калі я прыйшоў сюды, яны канчалі вячэру — чытаючы, мне даводзілася ўвесь час глытаць сьліну, што зусім сапсавала маю дыкцыю. Я ведаў, што мой выступ быў няўдалы і я ня змог іх уразіць.
У пройме дзьвярэй стаяў іхны маўклівы слуга — ці то садоўнік, ці то кіроўца, а мо вартаўнік; магчыма, ён выконваў усе гэтыя абавязкі адразу. Маладая служка ў фартушку прыбрала са стала і ўключыла пасудамыйную машыну — якая цяпер ціха буркатала, быццам выказваючы мне, што яна думае пра маю гісторыю.
«Гм, — зноў гмыкнуў купец і пагладзіў жонку па руцэ. — Вось што бывае, калі з пагардай ставіцца да падоранага Ta66 прыродай і паддавацца дэманам, якіх сам сабе прыдумаў. I вось чым абарочваецца пошук лёгкіх шляхоў там, дзе трэба сьціснуць зубы і пераадолець сябе».
I ён абвёў вачыма сына, служку, вартаўніка, а мо садоўніка, а потым уважліва зірнуў на жонку, твар якой на міг захінула хваля яе салодкай пары. А потым ён зірнуў на мяне.
«Ты казаў мне, што ніколі не пісаў казак, — працягваў купец, усьміхаючыся. — Хацеў падмануць? Ты напісаў казку ўсяго за адзін дзень і давёў мне, што я не дарма верыў некалі ў тваё майстэрства. Ты маеш навык, тут сумневу няма. Але нічога асаблівага мы не пачулі. Ці ж гэта твой сапраўдны ўзровень? Можа, ты схалтурыў?»
Ён уздыхнуў.
«Скажы сам, ці была твая казка напраўду цікавай? Ці трымала яна нашую ўвагу да самага канца? Ці прымушала біцца нашыя сэрцы часьцей у той момант, калі сэрцы гэтага прасілі? Ці растуляла яна ва ўсьмешцы нашыя вусны? Ці навучыла яна нас нечаму, што прыдасца ў жыцый
і працы? Ці змагу я прадаць яе? Вось на якія пытаныіі я хацеў бы атрымаць адказ».
Я зноў апусьціў галаву, бо для мяне было відавочна, што прадаць маю казку немагчыма нават дзіцяці. Нават малпа з агромністай галавой каштавала больш і мела б большы попыт. Цяпер яна глядзела з падлогі на мяне сваімі страшнымі вачыма і нібы сьмяялася з маёй убогай гісторыі. Яшчэ ніколі я не пачуваўся такім зьнявераным.
«Добра, скажы ты», — пачуў я ўладны голас купца і зразумеў, што зараз вырашыцца мой лёс. Але я памыляўся.
«Згода, — сказала ягоная жонка. — Я скажу. Я купіла б такую кніжку. Бо гэткія гісторыі хвалююць мяне. Хвалююць і адначасова супакойваюць. Сама ня ведаю, чаму. Мне было сьмешна і страшна, калі я слухала. Я люблю, калі сьмех і страх ходзяць побач, як два гожыя хлопцы, закаханыя адзін у аднаго. А яшчэ мне вельмі спадабалася гэтая лекарка... Як яе звалі?»
«Эстэр, — прамовіў я ціха, не падымаючы галаву. — Эстэр».
«Так, Эстэр. Гэтая чароўная і падступная жыдовачка прымушае маё сэрца біцца часьцей, яна прымушае мае вусны растуліцца, яна...»
«До, до! Мы зразумелі!» — злосна спыніў яе купец. Жонка купца паціснула плячыма і зноў захуталася ў сваю пару.
«Скажы ты, Артэміюш», — зьвярнуўся купец да садоўніка, а мо да кіроўцы, а мо вартаўніка; да таго мужчыны, які стаяў у пройме дзьвярэй, не спускаючы зь мяне цяжкага позірку.
«Калі хочаце ведаць, пане, — сказаў той, — дык я хлусіць ня буду. Гэта лухта, а не гісторыя. Самае простае, што можна зрабіць — гэта напісаць пра слабака. А яшчэ прасьцей — пра слабака ў самім сабе. Ён жа проста апісаў сябе, гэты ваш геній. Паглядзіце на ягоныя зубы! Ён лічыць, што літаратура — гэта проста апісаньне ўласных фобій. Гэтыя жаласьлівыя енкі ня купіць ніхто, апрача такіх самых пыхлівых
слабакоў. Людзям цяпер патрэбныя гісторыі пра моцных і сьмелых. Гісторыі перамогі і посьпеху. Гісторыі, якія натхняюць нас жыць і змагацца!»