Апошняя кніга пана А.
Казка
Альгерд Бахарэвіч
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 500с.
Мінск, Прага 2020
«Вы і праўда хочаце? — спытаўЖоўтая Малпа. — Няўжо вас не спыняе тое, што я расказаў? Вы, шчасьлівыя людзі, дзе ваш страх?»
«Слова!»
«Добра, я напішу яго вам, і вы пабачыце, што адбудзецца. Проста прамоўце яго — і гарантую, што ніхто з вас ня сыдзе расчараваным. Але потым я забяру ў вас скрынку, бо яна належыць мне. Расчапіце кайданкі, каб я мог пісаць. Усё роўна я не змагу яго вымавіць так, як трэба».
Барыс павагаўся, але іншыя пачалі яго прысьпешваць. Ён аддаў Соні ключ, і яна вызваліла Жоўтай Малпе рукі. А потым дала яму паперку і аловак.
«Пішы!»
Жоўтая Малпа маркотна паглядзеў на яе, потым на Барыса, на Паўла, на Зою... Нібы разьвітваўся зь імі. А потым крывымі літарамі вывеў на паперцы кароткае слова і аддаў Соні.
Гэтае слова нічога ім не казала. Яно было на мове краіны, адкуль некалі прыйшоўЖоўтая Малпа. Хоць і было напісана кірыліцай. Ніхто, апрача Жоўтай Малпы, ня ведаў, што яно значыць. Яны пачалі паўтараць гэтае слова, яно сьмяшыла іх, Соня і Зоя гістэрычна сьмяяліся, вымаўляючы яго на ўсе лады, а Барыс і Павал з сур’ёзнымі тварамі спрабавалі пераймаць усходні акцэнт, і гэтыя спробы весялілі іх яшчэ больш. Мінула хвіліна, і ў пакоі пакрысе запанавала маўчаньне. Бо ў ім больш не было ні Зоі, ні Паўла, ні Соні, ні Барыса. Толькі Жоўтая Малпа сядзеў, зьвесіўшы сівыя вусы, і думаў пра нешта, ды так напружана, што на стале зьвінелі пустыя келіхі. Па вуліцы праехала машына, разрываючы сырэнай начную цішыню. Жоўтая Малпа схамянуўся і разьвязаў рамяні на нагах. Ён пайшоў у камору, дзе ляжаў розны рыштунак, і вярнуўся ў пакой з малатком. А потым схапіў нож і схаваў яго разам з малатком пад сваю доўгую брудную куртку.
III. A П O B E Д ЖОЎТАЕ МАЛПЫ
Жоўтая Малпа схіліўся над адчыненай скрынкай і націснуў на шкельца. Марш зайграў, фігуркі заварушыліся і пайшлі па коле. Яны заміралі на імгненьне перад уваходам у маўзалей, а потым заміралі яшчэ раз, ужо каля самай дамавіны — і ішлі далей, каб праз пару хвілін вярнуцца. Цяпер іх было крыху болей, чым раней, ужо ня тузін ці каля таго, а штук шаснаццаць ці нават сямнаццаць. Таму адлегласьць паміж імі стала меншай. Было такое адчуваньне, што яны рухаюць рукамі, каб не натыкацца на тых, каму яны цяпер дыхалі ў сьпіны. Нібы сьляпыя, яны пасоўваліся ў рытме павольнага карагоду — і чалавечку пад шкельцам гэта відавочна падабалася. Можа быць, ён нават сьмяяўся, але гэта быў маленькі чалавечак і маленькая скрынка, таму сьмеху чутно не было.
Жоўтая Малпа яшчэ раз праверыў пад курткай, ці на месцы малаток і нож, нахіліўся над скрынкай і нешта прашаптаў — і ўсьмешка ягоная была салодкая, як сьнежны цукар і залатое малако.
Я замаўчаў і паволі зачыніў кампутар. Ачмурэньне, якое апанавала мяне падчас чытаньня, ніяк не праходзіла — быццам я ўсё яшчэ быў там, у тэксьце, разам са сваімі героямі. Даўно я не адчуваў яго — так даўно, што ўжо й забыўся, як яно зацягвае ў сваё павуціньне і прымушае зьдзіўляцца любой праяве рэальнага сьвету. Я не пазнаваў пакой, у якім сядзеў, не пазнаваў людзей і не разумеў, што я тут раблю. Я бачыў перад сабой чорную скрынку і россып фігурак у ёй, і фігуркі рухаліся пад гукі маршу — я бачыў іх, я чуў гукі музыкі ў сваёй хворай галаве...
Пяць пар вачэй уважліва глядзелі на мяне — і вось яны заміргалі, нехта выдыхнуў, нехта кашлянуў, і я ўспомніў, што насамрэч адбываецца. Мне раптам чамусьці зноў заха-
целася есьці, хоць перад чытаньнем я меў гонар павячэраць разам са сваімі слухачамі. Незвычайная гордасьць расьпірала мне грудзі, я ведаў, што мне няма чаго баяцца.
«Слова! — закрычаў сын купца. — Слова! Скажы нам слова, Жоўтая Малпа!»
I ён так апантана затрос сваёй любімай цацкай, нібы хацеў вытрасьці зь яе душу. Так звычайна рабілі крытыкі, разьбіраючы маю новую кнігу. Але малы ўсьміхнуўся — і ўсе таксама з палёгкай заўсьміхаліся, дый я таксама дазволіў сабе паблажліва ўхмыльнуцца.
«Халера на цябе, казачнік! — усклікнуў купец, распростваючы здранцьвелую сьпіну. — Вось гэта гісторыя! Клянуся ўсімі сваімі дыплёмамі, ты прымусіў нас пахвалявацца! Што да мяне, дык ты проста-такі дастаў да самага дна маёй душы, хлопча!»
«Годны працяг, — жонка купца паціснула на кнопку і з палёгкай схавалася ў воблаку свайго духмянага туману. — Як шкада, што гісторыя скончылася. Я хацела б слухаць яе да раніцы. Усё роўна я ўжо не засну... Маё сэрца б’ецца, як яно білася ў маладосьці, мне страшна і соладка адначасова».
«Я згодны з табой, дарагая, — сказаў купец. — Гісторыя выйшла доўгай і ўсё ж такой кароткай. Кароткай на гора нам, слухачам. А ты не марнаваў часу, як я пагляджу, пане казачніку. Гэта добра! Я паціху пачынаю ў цябе верыць. I ўсё ж: каб мяне чорт! Як ты змог напісаць такое? Гэтая казка і праўда — там, у тваім ноўтбуку? Можа, ты выдумляў яе проста на хаду?»
«Можаце праверыць», — сказаў я з падкрэсьленай годнасьцю і крыху пакрыўджана. Зноў адчыніў кампутар — свой стары ноўтбук, падобны да інваліда, што вярнуўся з вайны, бо быў ён у двух месцах перавязаны скотчам, а дрот ягоны абмотвала на стыку з зараднай прыладай сіняя ізастужка.
Адчыніў — і ўрачыста прадэманстраваў ім тэкст.
«Неверагодна, — сказаў купец. — Цуд! Вялікая гісторыя любові і вернасьці, помсты і славы. А яшчэ — маленькая
гісторыя пра вялікую Псторыю. Небанальны сюжэт, інтрыга, цуды і горкая праўда жыцьця. А да ўсяго яшчэ стыль. I, нягледзячы ні на што — казка. Што ж, як на мяпе, ты вытрымаў іспыт».
Я сьціпла апусьціў вочы і адразу ж падняў, прагнучы новых порцый прызнаньня.
«Ведаеш, дарагі, — прамовіла жонка, сьвідруючы мяне позіркам. — Я думаю, гэта была цудоўная ідэя: пасяліць у нас гэтага чалавека. Жыцьцё ў нашым доме ідзе яму на карысьць, ён пасьвяжэў тварам, голас ягоны набыў выразнасьць, а талент — запатрабаванасьць. Цяпер ён выглядае як сапраўдны мужчына. Спадзяюся, ён удзячны табе за тваю дабрыню, а нашаму сыну — за ягоны розум».
«Так, — прамовіў я. — Дзякую маім добрым гаспадарам і іх адзінаму нашчадку».
«Мне нават робіцца шкада, што перад табой. яшчэ так шмат новых іспытаў, — кіўнуўшы, сказаў купец. — Як жа ты іх вытрымаеш? Але пагадзіся, што я абыходжуся з табой зусім няблага. Ты маеш стол і дом і можаш займацца ўлюбёнай справай. Апошняе многага варта, а? Калі шчыра, я даўно сачыў за табой, але ніколі яшчэ твая творчасьць не падавалася мне такой сэнсоўнай і моцнай, як цяпер. Мы выслухалі тры казкі і чакаем наступную. Ці не забываеш ты дасылаць кожную на маю пошту? Калі ўсё і далей пойдзе так, як ідзе цяпер, я выдам кнігу тваіх гісторый яшчэ да Калядаў. I прадам яе да Масьленіцы».
Купец нядаўна вярнуўся з офісу і ня ведаў, якім трывожным выдаўся мой дзень і як цяжка мне далося натхненыіе. Рэч у тым, што з самага ранку, калі я, пасьнедаўшы, сеў працаваць, Артэміюш пачаў замінаць мне. He, ён ня лез у пакой, я наогул ня бачыў яго — але гэты злы чалавек наўмысна ствараў настойлівы і бязглузды шум, каб ня даць мне засяродзіцца. Артэміюш стаяў пад маім акном і сьвістаў ды напяваў, ён выгнаў на двор, куды выходзілі вокны, машыну — бліскучы, элегантны сьветла-карычневы «Packard-726» з шляхетна-
белымі коламі, нечым падобны да джэнтэльмэна ў ліха насунутым на лоб капелюшы. Ён узяўся за яе рамонт, то заводзячы, то выключаючы рухавік і грукаючы нейкім жалезьзем, час ад часу ён прыходзіў пад мае дзьверы, каб стаяць там, у калідоры, па паўгадзіны і весьці тэлефонныя размовы, якія я чуў ад першага да апошняга слова, ён уключыў у суседнім пакоі нейкі бясконцы рэп, ад басавых пульсаў якога трэсьліся сьцены: «Чума! Чума!» — надрываўся голас нейкага папулярнага мурына, і я ніяк ня мог засяродзіцца, бо ў галаве маёй зьявіўся Альбэр Камю зь пісталетам і я ўспомніў, як чытаў «Чужаніцу», даўным-даўно, у мінулым жыцьці, жыцьці без пазыкаў, жыцьці непразрыстым, някідкім, і ўсё ж — вольным...
А потым паганец-слуга заняўся пілаваньнем старога дрэва, што расло каля брамы — і гук пілы рэзаў мае мазгі напалам, іііяк не даючы засяродзіцца.
Адначасова з гэтым з глыбіні дома пачуліся раптам прыглушаныя і тым ня менш добра чутныя клявішныя пералівы піяпіна. Нечыя няўмелыя пальцы ніяк не маглі адолець першыя акорды бэтговэнаўскага «Сурка», а потым тонкі хлапечы голас фалыпыва завёў з пачварным акцэнтам:
Ich komme schon durch manches Land avecque la marmotte, und immer was zu essen fand avecque la marmotte...
Hy вядома ж, сказаў я сабе, у шаленстве хапаючыся за скроні. Вядома ж, малы павіянчык займаецца музыкай. Якая ж заможная сям’я можа адмовіць сабе ў задавальненьні пасадзіць малога абармота-лямармота бяз слыху і голасу за піяніна? Мучся, павіяне, мучся! Але ня муч мяне... Гэта ж дзеля мяне ты шчыруеш, прызнайся? Векам бы табе зараз па пальцах, хлопча. 3 размаху — быў сурок і няма.
Avecque si, avecque la, avecque la marmotte.
Avecque si, avecque la, avecque la marmotte.
I ўсё ж я ня здаўся — мая прафэсійная звычка напоўніцу аддавацца натхнёнаму ачмурэньню ў любых умовах перамагла тлумныя высілкі Артэміюша, і, пачаўшы пісаць аповед Жоўтай Малпы, я ўжо не зважаў ні на енк, ні на шум. Былі толькі тэкст — і я. Хвала вольнаму слову і нашай Высьпе, дзе ўсё яшчэ можна схавацца хоць бы ў каморы ўласнае душы!
I вось яны пачулі тое, што я напісаў. Пачулі і ацанілі.
«Памятаеш, дарагі, як мы з табой калісьці былі ў Маскве? — спытала жонка купца, адклала цыгарэту і паказала Маргусі, каб тая адкаркавала віно. — Маўзалей быў зачынены, і ты так і не пабачыў цела. Як ты злаваўся тады! Як бушаваў. Я нават думала, што Ленін ня вытрымае і вызірне зь дзьвярэй, каб ты заціх!»
«Замест цела Леніна я атрымаў тваё, — усьміхнуўся купец. — У той самы вечар, у гасьцініцы. Мяккае сьвятло вечаровай Масквы кідала водбліск на твае грудзі і жывот, нібы ты сапраўды ляжала пад шклом. Прыгажуня ў сонным лесе. Рамантычны быў час».
«I дзе цяпер тая Масква...» — прашаптала жонка купца і ўкусіла сябе за костачку на ўказальным пальцы.
Яны быццам бы забыліся, што я сяджу разам зь імі ў гэтым пакоі. He саромеючыся ні мяне, ні слугаў, гэтыя двое пачалі ўспамінаць сваё знаёмства, а я глядзеў на іх і лавіў сябе на думцы, што, магчыма, яны ўсе тут і праўда на гэты момант — мая сям’я. Апрача іх у мяне нікога не было па сьвеце. Раптам я пабачыў іх нібы ўпершыню — я нарэшце змог засяродзіцца на іхных тварах і вывучыць, як яны насамрэч выглядаюць. Зрабіць усё тое, што раней мне не дазвалялі страх і хваляваньне.