• Газеты, часопісы і г.д.
  • Апошняя кніга пана А. Казка Альгерд Бахарэвіч

    Апошняя кніга пана А.

    Казка
    Альгерд Бахарэвіч

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 500с.
    Мінск, Прага 2020
    113.42 МБ
    «Як жа так выйшла, што гэты чалавек мае на галаве Сьмерць-валасы, а не нармальныя кудзеры або лысіну?» — спытала Людміла.
    «А вось пра гэта я і сама хацела б ведаць...» — задуменна сказала Марыя.
    Людміла замаўчала, бо тое, што яна пачула, уразіла яе сэрца і розум. Яна зноў адчула, як вар’яцтва зьявілася за ейнай сьпінай, рыхтуючыся захінуць яе сваім цёмным крылом. I ўсё ж словы Марыі мелі ў сабе надзею — бо калі ведаеш прычыну няшчасьця, ты робішся мацнейшай і думаеш пра тое, як усё выправіць.
    «Маўчыш, — сказала Марыя. — Ты, пэўна, ня верыш мне. Я разумею».
    «Што ты, — прамовіла Людміла. — Веру. Але адкуль ты даведалася пра Сьмерць-валасы?»
    «Ад Любы, — сказала Марыя. — Люба была найлепшай цырульніцай у горадзе, перамагала ў міжнародных конкурсах, яе запрашалі праводзіць майстар-клясы, ёй ганарылася ўся краіна. Яна мела сваю майстэрню, куды запісваліся за год наперад, яна была багатай і пасьпяховай, пакуль аднойчы да яе не завітаў той чалавек і не папрасіў прывесьці ў парадак ягоную сівую галаву. Яна зрабіла тое, што ён прасіў, і ён ледзьве не на каленях хваліў яе працу. А назаўтра ў сваёй майстэрні, проста перад люстэркам, яна знайшла ружу. He мінула і месяца, як на яе прыйшла скарга ад кліента, што яна не выконвае санітарна-гігіенічных нормаў, кліент напісаў куды трэба, што ў ягоных валасах завяліся вошы. Вошы — у яе, якая была такой чысьцюляй! У яе, якая так дбала пра сваю рэпутацыю! У яе, рукі якой былі здольныя за паўгадзіны ператварыць у прыўкраснага прынца нават самага страхалюднага прапойцу, а звычайных няшчасных кабет у каралеваў прыгажосьці! I пачалося — дзяржава абвінаваціла Любу ў нясплаце падаткаў, у майстэрні здарыўся пажар, які спапяліў увесь дарагі рыштунак, муж Любы кінуў яе і сышоў да старой гардэробшчыцы, а дзеці кінулі вучобу ў прэстыжным унівэрсытэце і пасяліліся ў гамбурскім сквоце. У вялізнай Любінай кватэры зь відам на Сьвіслач
    завяліся клапы, а праз пару дзён пасьля таго яна трапіла ў аварыю і страціла нагу.
    Мы пазнаёміліся зь ёй у шпіталі, і яна расказала мне, што адчувае: унутры яе сядзіць сівы валасок, сівы мужчынскі валасок, дробны мёртвы валасок, які руйнуе яе жыцьцё. Яна прасіла дактароў дастаць яго, але яе палічылі вар’яткай, і яна зь цяжкасьцю, празь вялікі хабар дамаглася, каб яе адпусьцілі на волю. Яна арганізавала таемны клюб цырульніц — шмат хто памятаў яе майстэрства... I на першую сустрэчу прыйшла жанчына, якая была некалі жонкай мужчыны са Сьмерць-валасамі. Яна і расказала ўсім нам, чаму кінула яго...»
    «Чаму ж?» — шэптам запыталася Людміла.
    «Аднойчы жонка чалавека са Сьмерць-валасамі пабачыла яго на вакзале ў той час, калі яе муж мусіў быць на працы. Яна патэлефанавала яму, і той схлусіў, сказаўшы, што сядзіць у сваім выканкаме і заняты важнымі справамі. I тады жонка, падазраючы здраду, пачала сачыць за гэтай пачварай. Высьветлілася, што яе муж меў схованку на старым лецішчы, куды ён раз-пораз езьдзіў электрычкай у працоўны час. Яна прыехала туды ў ягоную адсутнасьць і знайшла дакумэнты! Высьветлілася, што ён быў жанаты ўжо пяць разоў перад тым, як узяў зь ёй шлюб — хоць яна думала, што першая ў яго, і шкадавала няшчаснага самотніка, які знайшоў на схіле жыцьця трошкі жаночай ласкі і клопату. Жонка пайшла да знаёмай у архіў — і што ёй удалося там накапаць? А тое, што ўсе пяць ягоных былых жонак памерлі! I кожная зь іх была...»
    «Цырульніцай... — выдыхнула перапуджаная Людміла. — Ня можа быць!»
    «I тут жонка ўспомніла, як муж яе пераконваў пайсьці на цырульніцкія курсы, як угаворваў стрыгчы яго дома, хоць яна ня ўмела — і як ён прымушаў яе нюхаць сваю галаву пасьля ванны, кажучы, што так рабіла ягоная мама! Вось што яна расказала ў той вечар нашаму таемнаму
    клюбу — і мы пахвалілі яе за рашучасьць, зь якой яна зь ім разьвялася, і жахнуліся таму, што чалавек са Сьмерць-валасамі ходзіць па горадзе, ды яшчэ і займае такую пасаду! Бо муж той беднай жанчыны ператварыў яе жыцьцё ў пекла: забраў дзяцей, дом, зьняславіў перад сябрамі ды яшчэ, уяўляеш, падкупіў журналістаў, якія правялі сваё так званае расьсьледаваньне і выставілі яе наркаманкай на старонках цэнтральнай газэты! Нібыта яна сама вырашыла пакаяцца перад грамадзтвам і зьвярнулася ў рэдакцыю! А яшчэ ён апублікаваў яе інтымныя фота, якія забраў з сабой! Калі яна прыйшла да нас, якраз скончыўся суд, які яна, вядома ж, прайграла...»
    «Добра, што яна хоць засталася жывая і на свабодзе, — сказала Людміла. — Але што ж нам рабіць? I як ён адрасьціў сабе такія сьмертаносныя валасы?»
    «Калі б мы былі на волі, я б ведала, што рабіць, — адказала Марыя. — I абавязкова вырвала б у яго таямніцу».
    Мінула сьпякотная вясна, за ёй прыйшло дажджлівае лета, за летам сухая восень, якая прывяла ў горад дэпрэсію і холад, надышла хваравітая зіма і павесіла над горадам сваю бальнічную коўдру — і ўсё паўтарылася. Вясна загаманіла па-птушынаму, мэтро — па-ангельску, а Справядлівы Лад, якому не стамляліся дзякаваць ні турэмнікі, ні іхныя вязьні, ні цырульнікі, ні пісьменьнікі, ні спартоўцы, ні сьвятары, чарговы раз пацьвердзіў, што не дарэмна яму ўзносяць хвалу старыя і маладыя, нямоглыя і магутныя. У краіне была абвешчаная амністыя для некаторых катэгорый чалавечых істотаў. А ў горадзе неўзабаве адчынілася новая цырульня. Тры жанчыны-майстрыхі, абыходлівыя і ўмелыя, шчыравалі там з ранку да ночы, за памяркоўную плату робячы з падобных да прусакоў мужчын сапраўдных прынцаў, а з жабрацкага выгляду жанчын — каралеваў, канцлерак і прэм’ерак. I кожны, хто выходзіў з гэтай новай цырульні, адразу ж забываўся на твары майстрых, бо так ужо заведзена ў чалавечым сьвеце,
    што ёсьць людзі, якіх запамінаюць, а ёсьць тыя, якія робяць іх запамінальнымі.
    I вось аднойчы ў цырульню ўвайшоў сівы, добра апрануты чалавек і заняў сваё месца ў чарзе. Адміністратарка прапанавала яму гарбаты, ён не адмовіўся, падзякаваўшы ёй з такой галянтнасьцю і нагаварыўшы столькі камплімэнтаў, што тая ўся расьцьвіла і нават даслала эсэмэску цырульніцам пра тое, які цудоўны, прадстаўнічы і навучаны добрым манерам мужчына неўзабаве сядзе ў крэсла адной зь іх. Толькі вось бяда: калі гэты дзіва-кліент сеў у крэсла і падрыхтаваўся, што зараз яго абвяжуць чыстай прасьціною, адна з майстрых выпадкова трапіла яму ў вока адэкалёнам з пульвэрызатара. Мужчына схапіўся за вочы, ён цёр іх і цёр, чуючы з усіх бакоў жаночыя выбачэньні, і паўтараў, як сапраўдны джэнтэльмэн, што нічога, нічога, бывае, ён зусім не сярдуе...
    Калі ж адэкалён перастаў пячы яму вочы, ён зірнуў у люстэрка і пабачыў, што цырульня пустая, а за ягонай сьпінай стаяць тры майстрыхі, і ў кожнай зь іх на твары была маска. У адной — маска ваўчыхі, у другой — маска лісы, а ў трэцяй — маска сьмерці. I адна майстрыха спрытна зрабіла сівому кавалеру ўкол у шыю, ад якога ён ня мог паварушыць ні рукамі, ні нагамі, ні языком. А другая дастала вострае лязо і згаліла ўсе валасы на ягонай галаве, да апошняга валаска, ссыпаўшы іх у плястыкавую белую місачку. Яна згаліла іх, зьдзіраючы скуру, і неўзабаве лысіна кавалера ператварылася ў размаляваны крывавымі пісягамі пэргамэнт. Трэцяя з майстрых адкрыла кліенту бязвольны рот і ўсыпала туды сівыя валаскі, а потым заліла кубачак вады з празрыстай бочачкі, якая заўжды стаяла каля акна, каб цырульніцы маглі спатоліць смагу.
    Кавалер ачуняў толькі на друті дзень. Хістаючыся і нічога ня памятаючы, ён рушыў у ванны пакой, каб умыць твар і прыпомніць, што ж адбылося ўчора і чаму ў яго так расколваецца галава. Ён уключыў ваду і адчуў, што нешта ня так.
    Усё выглядала як звычайна, але ён адчуў няясную трывогу. Няўжо ў кватэры нехта пабываў? Кавалер памацаў сябе за бародаўку на носе, каб супакоіцца. Галаву пякло, нібы ён стаяў пад сонцам без капелюша. Ён узяў з палічкі бутэлечку з шампунем — маленькую бутэлечку без этыкеткі, у якую была налітая густая серабрыстая вадкасьць. Гэтая бутэлечка, зьмесьціва якой ён рабіў сам, заўжды паляпшала яму настрой, бо памыўшы галаву, ён штораз ведаў: дзень будзе цудоўны. Ах, жанчыны... Гэтыя чараўніцы, гэтыя мілыя мятлікі, век якіх такі кароткі, а словы — суцэльны падман... Ах, дзяўчаты, ах, прелестніцы, паскудніцы, сучкі...
    Але бутэлечка чамусьці была пустая.
    I тады ён паглядзеў на сябе ў люстэрка.
    Задаволены сабой, я ўзьняў вочы і ўсьміхнуўся, цешачыся эфэктам.
    Ды толькі асаблівага эфэкту, як высьветлілася, не было. Жонка купца нахілілася да сына, каб забраць у яго сваю электронную цыгарэту, якую ён марна намагаўся ўключыць, трымаючы ў вуснах, нібы мудрагелістую сьвістульку. Купец пачухаў галаву, Маргуся даслала мне пяшчотны позірк, і толькі твар Артэміюша заставаўся непранікальны.
    «Добрая гісторыя, — сказаў купец, абвёўшы вачыма прысутных. — Вельмі добрая. Колькі ў сьвеце гэткіх непрыкметных, няшчасных жанчын, што робяцца ахвярамі абставінаў і чужое злое волі. I як важна чалавеку не заставацца самому, бо адзінота засушвае нас і даводзіць да вар’яцтва, зыіявервае і можа нават прымусіць парушыць закон. Зла ў сьвеце хапае і бяз нас. Як шмат блукае па гарадах і вёсках вычварэнцаў, што знаходзяць сваё шчасьце ў зьнішчэньні і зьдзеку зь невінаватых людзей. Хвала нашаму Справядліваму Ладу, які пе цярпіць гэтых пачвараў і вычышчае іх
    з шэрагаў прыстойных людзей адразу ж, варта толькі злачынцам выявіць сваю жудасную сутнасьць».
    «Хвала», — сказаў я, а за мной і ўсе астатнія.
    «Вусьцішная гісторыя, — прамовіла жонка купца. — Ты добра прыдумаў пра Сьмерць-волас, адна думка пра яго прымушае мяне скалануцца. Я не выношу, калі ў ежу трапляе такое гідоцьце. На шчасьце, Маргуся ўжо даўно ўважліва сочыць за парадкам у каструлях і талерках. Памятаю, калі яна толькі пачала працаваць у нас, здараліся непрыемныя выпадкі, але бізун і ласкавае слова хутка навучылі яе правілам, якіх мусіць прытрымлівацца добрая служка. I гэтая сцэна, калі цырульніцы ў масках помсьцяць маньяку за ўсё зло, якое ён ім прычыніў... А Людміла? Яна выйшла зусім жывой. Цяпер я зусім новымі вачыма буду глядзець на сваю цырульніцу. I ўжо дакладна перастану пакідаць ёй на чай...»
    I жонка купца ўсьміхнулася крайком вуснаў.
    «Але ж, дарагі казачнік, — працягвала яна, пільна разглядваючы мой павесялелы, самазадаволены твар, — рэч у тым, што гісторыя пра маўзалей спадабалася мне значна, значна болып...»