• Газеты, часопісы і г.д.
  • Апошняя кніга пана А. Казка Альгерд Бахарэвіч

    Апошняя кніга пана А.

    Казка
    Альгерд Бахарэвіч

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 500с.
    Мінск, Прага 2020
    113.42 МБ
    Я ўважліва ўгледзеўся ў Артэміюша, які чамусьці кожны раз заставаўся ў дзьвярах, нібы яму было забаронена пераступаць парог шырокай гасьцёўні. Цяпер ён стаяў у глыбокім задуменьні, абапёршыся вялікімі рукамі аб сьцены, і выглядаў бадай што прыгожым, падобным да мармуровага атлянта, які трымае на сабе цэлы сьвет, сьвет гэтага дзіўнага і па-свойму ўтульнага дому. Ягоная чорная барада была акуратна падстрыжанай, вусны сьцяліся, быццам ён адчуваў нейкі затоены боль; зялёная паўвайсковая куртка была распшіленая, а высокія боты на шнуроўцы заляпаныя на мысках вясёлай вясновай гразёю.
    Я перавёў вочы на Маргусю, якая разьліла віно купцу і ягонай жонцы і насыпала ў місу арэхі, на яе блакітны фартушок і на вусны, якія, як мне здавалася, ня ведалі іншых словаў, апрача ўдзячных і ласкавых, і не маглі па прыродзе сваёй складвацца ў іншую ўсьмешку, як толькі прыязную і чулую. Дзяўчына нахілілася да стала — і я падзівіўся, як слухаецца Маргусіна цела сваю гаспадыню: як адгукаюцца яе скулы на рухі запясьцяў, як роўныя плечы плаўна ўздымаюцца, клічучы за сабой грудзі, а ногі ў хатніх туфліках падміргваюць мне костачкамі, што хаваліся ў празрыстых, сьветла-блакітных шкарпэтках. Але гэтым Маргусіна цудоўнасьць зусім не завяршалася. Я яшчэ ня бачыў, каб дзяўчына з такім маладым і сьвежым целам мела гэткія разумныя вочы — я гатовы быў паклясьціся, што працаваць служкай у гэтым доме не было вяршыняй яе мараў. За яе вачамі і яе лёгкім і выразным целам відавочна стаяла нейкая гісторыя. Як і за цяжкім, заўсёды падазроным позіркам Артэміюша.
    Жонка купца выпіла віна і зноў захуталася ў свой туман. Гэта была хударлявая, танкарукая, заўжды стомленая жанчына, кожны рух якой, нават найдрабнейшы, нібыта меў нейкае таемнае, дадатковае значэньне. Нават калі яна грызла арэх сваімі вострымі, нейкімі нечалавечымі ў сваёй вытанчанай адточанасьці зубамі, яна быццам бы гаварыла ўсім,
    што гэта ня проста арэх i ня проста лёгкая закуска да сухога віна, і яна — ня проста жанчына, якая штодня чакае свайго пасьпяховага мужа. I туман, які яна прыгожа выдыхала купцу ў твар... Можна было падумаць, што яна даруе яго мужу, надзявае яму на галаву, урачыста і загадкава карануючы яго сваім подыхам. Ці праўда ў яе была свая загадка? Або жонка купца проста гуляла з уласным вобразам, як гэта часта робяць кабеты, што дажылі да ўзросту шчасьця, але так і не прыдумалі, чым ім заняцца, каб быць шчасьлівымі? Зрэшты, у яе быў сын — якога яна любіла. Аднак ці хапае людзям дзяцей, каб быць шчасьлівымі? Ці патрэбна нешта яшчэ?
    Я паглядзеў на падлогу, дзе сын купца, адкінуўшы ўбок малпу, будаваў цяпер маўзалей з падушак. Я ўжо не злаваўся на яго і нават дакараў сябе за тое, што ўчора называў у думках малым павіянам.
    «Што ж, — сказаў купец. — Артэміюш, ты ў нас, як высьветлілася, вялікі крытык, мне цікава будзе пачуць цьвярозы пункт гледжаньня. Можаш разграміць ушчэнт пачутую намі казку, але май на ўвазе, што яна зрабіла на нас вялікае ўражаньне. Таму выбірай словы і не старайся ачарніць аўтара. Кажы па справе, ацэньвай выключна мастацкі бок. Калі, вядома, ты ня хочаш далучыцца да нас і пахваліць нашага госьця. Маргуся, дарэчы, налі казачніку віна. Але толькі адзін келіх, яму ня варта злоўжываць».
    «3 прыемнасьцю, пане гаспадару, — адгукнуўся Артэміюш. — Перш за ўсё хачу зьвярнуць увагу на тое, што аўтар ня выканаў важную ўмову. Ён яе проста нахабна праігнараваў».
    «Якую ж?» — зьдзівіўся купец і нахмурыўся.
    «Наколькі я зразумеў, — урачыста прамовіў Артэміюш і зларадна зірнуў на мяне, — вы, пане гаспадару, дамовіліся з аўтарам, што кожная гісторыя будзе пачынацца са словаў “Міласэрны Бог”. Прынамсі, дзьве папярэднія гісторыі пачыналіся менавіта так. А трэцяя — не. Таму прапаную лічыць сёньняшнюю казку несапраўднай».
    «Ня можа быць! — усклікнуў купец. — Ты маеш рацыю, між намі была такая ўмова. Як жа пачыналася сёньняшняя гісторыя?»
    «Са словаў Жоўтай Малпы, — сказала, наморшчыўшы лоб, Маргуся. — Але гэта быў працяг! Ён ня мусіў пачынацца з Бога!»
    «Памаўчы, Маргуся, — заклапочана прамовіў купец. — Мы залічылі сёньняшнюю гісторыю як трэцюю, якую ты расказаў казачнік. Таму яна таксама мусіла пачынацца са словаў “Міласэрны Бог”. Гэта і праўда выдае на хітрыкі, шаноўны вінавайца. Ты павінен быў пачаць працяг з тых словаў, пра якія мы дамовіліся! Што ж мы будзем рабіць?»
    «Давайце даруем аўтару, — прамовіла жонка купца такім тонам, быццам я пакрыўдзіў Справядлівы Лад або нашую Выспу і яны адпускаюць мне сьмяротны грэх. — На першы раз. Быць літасьцівымі ў нашых інтарэсах. Мне, напрыклад, вельмі хочацца паслухаць новыя гісторыі. А калі мы выганім яго, забава скончыцца».
    «Даруем? — сказаў купец. — Добра, даруем. Але далей будзь пільны і не забывай пра дамову, дарагі мой. Што яшчэ, Артэміюш? Маеш яшчэ крытычныя стрэлы? Або гэта была адзіная — і мы запішам, што ты трапіў у яблычак, а саму стралу пакуль што схаваем у калчан?»
    «Пане гаспадару, — гняўліва сказаў Артэміюіп. — Я не хачу вас засмучаць, але мне здаецца, што казка, якую мы пачулі, не прызначаная для вушэй вашага дарагога сына. Бо там ёсьць тое, чаго нельга слухаць да пэўнага ўзросту. Забойствы, сэкс, палітыка, сьмерць...»
    «Сьмерць!» — крыкнуў сын купца і паклаў малпу ў пабудаваны ім з падушак маўзалей.
    «Не прыкідайся такім пабожным, Артэміюш, — махнуў рукой купец. — Што за казка, у якой няма кропелькі каханьня, каліўца вусьцішы і крышачкі гвалту? Дый за каго ты мяне прымаеш? Калі б я пачуў хоць нешта, што можа нашкодзіць майму бясцэннаму сыночку, хіба я дазволіў бы
    камусьці раніць ягоную нявінную душу? Я ўважліва слухаў гісторыю Жоўтай Малпы, але не пачуў у ёй нічога такога, што пакрыўдзіла б маё чулае вуха і добрае бацькоўскае сэрца».
    «Ну, там было сёе-тое, — падала голас жонка купца. — Гэтае мілаваньне з тыгрыцай... Расстрэл магаў... Забойства каханай. Палітычныя алюзіі, якія пры жаданьні можна прыкласьці да нашай сучаснасьці, але можна і не чапаць. Карацей кажучы, нейкія намёкі, якія відавочна прызначаныя для дарослых. Былі яны і ў папярэдніх гісторыях. Іншая рэч, што малыя дзеці проста не зьвяртаюць на такое ўвагі. Япы прапускаюць міма вушэй тое, што ім незразумела. Дзеці стараюцца лавіць сюжэт, яны суперажываюць героям, а на розныя дробязі, якія выклікаюць у нас двухсэнсоўныя ўсьмешкі, папросту не зважаюць».
    У думках я ўзьнёс хвалу гэтай жанчыне, якая так лёгка адбіла атаку злога Артэміюша — той падступны напад, які мусіў адбіць я сам, ды ня ведаў як. Я ніяк ня мог зразумець, як яна да мяне ставіцца. У сымпатыі Маргусі і нянавісьці Артэміюша я ня меў ніякіх сумневаў, а вось яна... Яна то станавілася на мой бок, то старалася паказаць сваю бесстароннасьць, то лёгка калола мяне нязначным папрокам. Між тым яе голас быў важны — улічваючы, колькі судзьдзяў перада мной сядзела.
    «Як вам будзе заўгодна, — пакланіўся Артэміюш. — Я зусім ня крытык. Я толькі выконваю просьбу пана гаспадара, які запрасіў мяне выказацца адносна пачутай намі гісторыі».
    «Што ж, — звычна прамовіў купец, падымаючыся з канапы і цалуючы жонку. — Я папрацую яшчэ трохі ў кабінэце. Ідзі, казачнік, і пачынай думаць пра новую гісторыю. I глядзі, каб яна не была горшай за папярэднюю. Хоць хто цябе ведае... Часам мне здаецца, што ты ўжо маеш іх усе ў галаве — і табе застаецца толькі запісаць іх. Чорт вас разьбярэ, літаратараў. I адкуль яно да вас прыходзіць, зь якіх таемных камораў вы ўсё гэта цягаеце нам на пацеху? Ідзі,
    і не забывай, што сёньня — гэта сёньня, а заўтра будзе новы дзень, і зь цябе будуць патрабаваць, не зважаючы на ўчорашнія заслугі».
    Я пасьпешліва дапіў віно, шчодра налітае мне добрай Маргусяй, узяў ноўтбук і падняўся. Дзякаваць Богу і Справядліваму Ладу, што панаваў у гэтым доме, мне ня трэба было падымацца наверх разам з Артэміюшам. Параза мусіла разьюшыць яго яшчэ мацней. Дзе ён жыў? Пэўна, пад зямлёю быў пакой для вартаўніка, а мо для садоўніка, а мо й для кіроўцы. I дзе жыла Маргуся? Мне даўно' хацелася дасьледаваць гэты дзіўны дом, але я баяўся, што калі пачну хадзіць па ім, дзе захачу, гэта будзе зразумета як марнае бадзяньне ці, што яшчэ горш, вынюхваньне. Таму я ўмыўся перад сном і выправіўся ў свой пакой, дзе паваліўся ў ложак і, заплюшчыўшы вочы, памаліўся Справядліваму Ладу, што болып не забівае нас за ціхае слова, і нашай шчасьлівай Высьпе, дзе кожны вольны займацца той справай, якая яму даспадобы, і вам, Людзі Будучыні, якія будуць меркаваць пра нас па пісаных тэкстах — хто ведае, можа, і па маіх.
    Скончыўшы малітву, я ўжо быў гатовы падумаць крыху пра новую казку і прыдумаць для яе хаця б зачын — каб заўтра раскруціць яго ў прыгожую гісторыю. Але зачын не прыдумляўся; сон таксама ня йшоў Я ляжаў пад мяккай коўдрай у цемры і тужліва думаў пра тое, што пражыў яшчэ адзін дзень свайго ўбогага жыцьця — як шмат іх засталося? Кожны дзень, колькі сябе памятаю, я мусіў змагацца за выжываньне, кожны дзень я мусіў круціцца, адбіваючыся ад усё новых і новых праблем, якія, быццам мухі, што адчулі пах мяса, віліся вакол мяне і не давалі ні расслабіцца, ні адпачыць, ні пажыць хоць трошачкі для сябе. Гэткае існаваньне я абраў сабе калісьці — жыцьцё бязь сьвятаў і выходных дзён, поўнае трывог і самазгрызотаў, складзенае з пастаянных думак, як падмануць сябе і скочыць вышэй за галаву, як пусьціць пыл у вочы наіўным дурням і як пазычыць грошай на мяса, віно і хлеб. Я сам зацягнуў сябе ў вір вечнае
    барацьбы — даўно, несьвядома, бо ніхто ня можа ведаць, чым адгукнецца яму зроблены аднойчы выбар. Капітоўнасьць выбару ў ім самім, у тым, што яго мусім зрабіць мы, а ня хтосьці за нас...
    I тады я пачуў, як дзьверы адчыніліся і ў мой убогі пакой нехта прасьлізнуў.
    Я пстрыкнуў уключальнікам насьценнай лямпы і ціха ўскрыкнуў.
    Перада мной стаяў тыгр.
    Ягонае доўгае цела выгіналася ў паўцемры, а лапы з растапыранымі кіпцюрамі хапалі паветра так, быццам ён лавіў кагосьці нябачнага. Пыса бязгучна ўсьміхалася, а хвост біў па падлозе; жывот тыгра прыгожа разьдзімаўся, тыгр шумна дыхаў і скакаў па пакоі, час ад часу робячы выгляд, што зараз кінецца проста на мяне. Я ўціснуўся ў падушку, і як зачараваны, назіраў за ягоным танцам. Чорны і рудыя палосы мільгалі перад маімі падсьлепаватымі вачыма, я адчуваў, што тыгр толькі й чакае, каб я зрабіў штосьці — і мне падалося, ён чакаў ад мяне знаку, знаку нарэшце скочыць і скончыць гульню. Але я быў госьць у гэтым доме, бедны бяспраўны госьць і агідны вінавайца, і любая неасьцярожнасьць магла мне нашкодзіць. Таму я ляжаў нерухома — і тыгр, паставіўшы лапу на край ложка, разьвярнуўся і выскачыў зь дзьвярэй, не забыўшы іх за сабой зачыніць.