Апошняя кніга пана А.
Казка
Альгерд Бахарэвіч
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 500с.
Мінск, Прага 2020
Нічога ня будзе. I ўсё ж: сорам, сорам, салодкі сорам і страх.
Ён пачуваўся так дзіўна, ён быў нібы барабаншчык унутры барабана. Проста перад ім на круглай сьцяне цямнеў чорны знак, нейкая трайная свастыка, і ў ёй таксама мроілася штосьці ад касьмічных падарожжаў і зорных войнаў. Ён імгненна намаляваўу сваім уяўленьні прасторную залю з пакатымі сьценамі — вось дзе ён цяпер знаходзіўся, у залі пасяджэньняў загадкавай, злавеснай рады, яму нават падалося, што ён чуе галасы тых, хто сядзіць справа і зьлева, нейкіх генэралаў у сталёвай форме. А сам ён дзе — няўжо ў самым цэнтры? Ён, мозг, што кіруе гэтым дзіўным сталёвым сьветам, мозг у мэталёвай кулі, мозг бязь цела...
«Ромусь!» — пачуў ён і рвануўся назад, у звыклы сьвет, у свой дом, туды, дзе ўсё было так прадказальна і так добра
ўпарадкавана. Жахлівы сорам працінаў яго; выцягваючы галаву з барабана, ён пасьпешліва прыдумляў апраўданьні. Яны засьпелі яго, засьпелі за такім ганебным заняткам! Яны вярнуліся, а ён не пачуў! Як такое магло здарыцца? Зараз ён будзе стаяць перад імі, чырвоны і такі малы, а яны будуць узвышацца, навісаць, насупяцца, накінуцца... «Ромусь! Ты навошта засунуў галаву ў пральную машыну?» — чуў ён прыглушаны матчын голас, з заплюшчанымі ад сораму вачыма вызваляючыся са сталёвага чэрава; «Ты што, хворы?» — строга прамовіць бацька, і Ромусь ужо ведаў, што скажа: што ён шукаў у барабане машыны адну рэч, якую забыўся ў кішэні брудных штаноў, — вось ён і падумаў, што, можа, яна там, у машыне, вось і ўсё... I калі ён выцягваў галаву, яму на імгненьне падалося, што там, усярэдзіне, на яго асуджальна і зьдзіўлена паглядзелі адразу ж дзясяткі пар вачэй.
Ён выцягнуў галаву і адплюшчыў вочы. У кватэры нікога не было. Ён проста спужаўся. Спужаўся сам сябе. Пашанцавала... Палёгка, палёгка... Можна было вярнуцца ўтой мэталёвы, дзіўны сьвет, вярнуцца ў барабан — але Ромусь падумаў, што ніколі больш гэтага ня зробіць.
Бацькі вярнуліся толькі празь дзьве гадзіны і пабачылі тое, што чакалі: хлопчыка, які чытае на кухні тоўстую кнігу — і вечар быў спакойны і звычайны, мама ўключыла машыну, каб памыць цэлую кучу рэчаў, бо наперадзе ўсіх чакаў доўгі працоўны тыдзень. Машына ўтульна бурчэла, бацькі глядзелі сэрыял, Ромусь чытаў кніжку — і ніхто ня ведаў, што пакуль бацькоў не было дома, ён... Ён зрабіў гэта. Засунуў у Яе галаву і доўга трымаў там, у барабане. Ніхто не здагадваўся, што ён там пабачыў. Ніхто.
(Калі вы дарослы чалавек — паспрабуйце проста зараз засунуць галавуў сваю пральную машыну. I, можа стацца, аы зразумееце Ромуся — зразумееце і пабачыце тое, што пабачыў ён. Але калі вам яшчэ няма шаснаццаці, лепш не рабіце гэтага небясьпечнага экспэрымэнту. Бо яшчэ невя-
дома, чым ён скончыцца... Я ж ня ведаю, якаяў вас пральная машына... Якой мадэлі...)
Тыдзень мінуў, і вось у нядзелю Ромусь зноў застаўся дома ў адзіноце. Бацькі мусілі вярнуцца толькі ўвечары. Ён паглядзеў футбол у інтэрнэце, пачытаў кнігу — ня менш тоўстую за ўсе папярэднія, гістарычнуто кнігу з ілюстрацыямі, выкананымі так таленавіта, што яны падаваліся жывымі. Ён зрабіў хатняе заданьне на панядзелак і на аўторак, ён вычысьціў клетку сваёй хатняй птушкі і згуляў сам з сабою ў дартс, ён паваляўся на канапе, задраўшы ногі так высока, як толькі мог, і пастараўся адчуць як мага мацней, што ўяго выходны і ён адпачывае... Ён наеўся халвы з гарбатай, яму можна было зьесьці ўсю, бо ўчора ён ня ўзяў сваю долю з пакета. Ён быў адзін, і яму гэта падабалася. Праходзячы міма ваннага пакоя, ён нават не паглядзеў у Яе бок. А калі трэба было памыць пасьля халвы рукі, ён зрабіў гэта на кухні. «Ромусь!» — чуўён голасу сваёй галаве. He, ён ніколі болыл ня зробіць таго, што зрабіў у мінулую нядзелю.
А потым ён зірнуў на гадзіньнік.
У яго было яшчэ цэлых сто восемдзесят хвілін. Ён успомніў той фантастычны сьвет, памяшканьне з мэталічнымі сьценамі, падобнае да залі нейкіх важных паседжаньняў. Ён адчуваў нейкае дзіўнае хваляваньне. Быццам яго Там чакалі. Быццам там ён быў патрэбны. А тут — не.
Дома быў толькі ён, і бліжэйшым часам ніхто ня меўся прыйсьці.
Ён сеў у сваім пакоі і раскрыў кнігу. А потым ня вытрымаў і павольна рушыў да Яе. Укленчыў на вечна сырым дыванку і асьцярожна засунуў у Яе галаву.
I зноў яму падалося, што ад яго засталася толькі гэтая галава. Выгнутыя сьцены барабана цьмяна паблісквалі. Таемны знак перад ягонымі вачыма пераліваўся водбліскамі мэталёвай лускі. Ад сьценаў ішоў глухаваты гук — нібы гэта была прасторная заля і яна напаўнялася людзьмі. Ромусь моцна схапіўся рукамі за дзьвеэцы, каб не забыцца,
дзе ён. Ён стаяў на каленях, засунуўшы ў Яе галаву. Дурны страх, што дзьверцы за ім зачыняцца, зноў апанаваў яго.
I тут пачуўся гук невядомага гімну. Заля запоўнілася мужчынамі і жанчынамі ў шэрай форме. I толькі месца пад таемным знакам, у самым цэнтры, заставалася пустое. Усе гэтыя вайскоўцы размаўлялі між сабой, як гэта бывае ў тэатры перад тым, як выключаць сьвятло. I, як у тэатры, сьвятло раптам згасла — і заля сьціхла.
«Прашу вас, генэрал Ва Юй», — сказаў гучны голас.
I тады сотні вачэй адразу паглядзелі ў бок Ромуся.
Ён зьбянтэжыўся і вырашыў зараз жа вылезьці з машыны. Было ясна, што ён падглядвае, а займацца такімі рэчамі ён не любіў. Раптам зараз гэты невядомы генэрал Ва Юй, ідучы на сцэну, заўважыць яго? I тады будзе вох як сорамна. Зноў сорамна. Ты адзіны брат мой, Сорам...
«Генэрал Ва Юй, Рада чакае, — прамовіў голас. — Мы ведаем Вашыя ўмовы і гатовыя абмеркаваць іх. Але папярэджваем, што Ваш снабізм нам ужо надакучыў. У нас з Вамі адна справа, генэрал Ва Юй! He забывайцеся пра гэта!»
«Ідзіце, — шапнуў нехта ў цемнаце на вуха Ромусю. — Яны ўжо гатовыя, яны згодныя на ўсё».
«На што? — прашаптаў Ромусь. — Хто? Я?»
Людзі ў форме глядзелі на яго з павагай і цярпліва чакалі. Ён вырашыў, што ня варта іх крыўдзіць, і няпэўным крокам пайшоў туды, дзе пад таемным знакам, падобным да трайное свастыкі, было месца за невялікай трыбунай. Месца, прызначанае для кагосьці, за каго прынялі Ромуся. Ён стаў там і прымружыўся, бо мэталёвае сьвятло біла яму проста ў вочы.
«Генэрал Ва Юй! — загрымеў голас аднекуль зьверху. — Вы арыштаваныя за непадпарадкаваньне Радзе. Вы ў пастцы! Супраціў ня мае сэнсу!»
«Здрада! — крыкнулі галасы зьлева. — Змова!»
«Суд! — закрычалі справа. — Судзіць яго!»
Ромусь нічога не разумеў. Ён кінуўся туды, да ратавальнага круглага акенца, за якім яшчэ ўгадваліся дэталі ваннага пакоя. Але на паўдарозе яго схапілі нечыя грубыя рукі і вярнулі на трыбуну. Ён стаяў там у яркім сьвятле пражэктара і разгублена слухаў, як людзі ў шэрай форме лямантуюць, абзываючы адны адных здраднікамі і змоўцамі. Некаторыя зь іх прапаноўвалі разьвянчаць, разжалаваць і ліквідаваць мяцежніка Ва Юя, а іншыя — узнагародзіць яго за адвагу. I тут нехта саштурхнуў яго з трыбуны ўніз, да непрыкметных дзьвярэй, якія знаходзіліся проста пад трыбунай. За дзьвярмі было цёмна — і Ромусь адчуў, як нябачныя рукі таропка пераапранаюць яго.
«У вас засталіся толькі восем верных жаўнераў, — пачуў ён каля вуха. — Бяжыце, і хай удача будзе з вамі, генэрал Ва Юй! Наўрад ці мы яшчэ некалі пабачымся... Але я ніколі не забуду таго, што вы для мяне зрабілі».
А потым стала зусім ціха. Камора апусьцела. Ромусь пастаяў трохі ў цемры і ўрэшце пачаў шукаць дзьверы. Ды ўсё, што ён знайшоў, было ўсяго нейкай круглай дзірой, і яму нічога не заставалася, як пралезьці ў яе галавой наперад і выцягнуць за сабой ногі. Вылазячы, ён наткнуўся лбом на нешта цьвёрдае, войкнуў і выпрастаўся.
Ён стаяў на каленях у ванным пакоі. Але гэта быў зусім ня той ванны пакой, які яны мелі з бацькамі ў іхнай утульнай кватэры. Гэта быў абсалютна іншы, чужы ванны пакой, у якім ён нічога не пазнаваў. Хэць тут таксама былі ванна зь фіранкаю, рукамыйнік, люстэрка, дыванок — усё гэта было чужое і пахла чужымі людзьмі.
Ромусь выпрастаўся і паглядзеў на сябе ў люстэрка.
У люстэрку ён пабачыў стомлены, спрэс пакрыты шнарамі твар чалавека ў шэрай вайсковай форме без фуражкі. Белыя рэдкія валасы тырчалі ва ўсе бакі, сівая шчэць бегла па вострых скулах — і хоць гэта быў нібыта твар Ромуся, ён таксама меў у сабе нешта чужое і незнаёмае.
Ромусь вызірнуў у вітальню. Уздоўж сьцяны стаялі восем жаўнераў у шэрай уніформе, у кожнага была зброя — і кожны меў нейкую рану. Пабачыўшы генэрала Ва Юя, яны выцягнуліся ў струнку, хоць было відаць, як цяжка ім гэта даецца.
«Вітаем Вас, генэрал Ва Юй!» — хрыпата выкрыкнулі яны.
Генэрал Ва Юй кіўнуў, а яны пільна глядзелі на яго, і ў кожным воку кожнага жаўнера гарэлі вялікая вернасьць і страшная адданасьць.
Генэрал прайшоў па чужой кватэры: адзін пакой, другі... Відаць, гаспадары зьехалі кудысьці, каб прабавіць выходны дзень на прыродзе або за шопінгам. I толькі ў трэцім пакоі сядзеў чалавек, які быў генэралу знаёмы. Баран зь іхнае клясы, той самы Баран, які штодня мучыў Ромуся, душыў яго на перапынках, загнаўшы, нібы траваедную жывёлу, у адзін зь бясконцых школьных тупікоў, той самы Баран, які стараўся накарміць Ромуся мокрай анучынай, той самы Баран, які пэцкаў ягоныя рэчы і адбіраў грошы...
Баран сядзеў у навушніках ля кампутара і гучна штосьці напяваў.
Жаўнеры наставілі на яго вінтоўкі. А генэрал Ва Юй спыніўся за паўкрока перад Бараном і скрыжаваў на грудзях рукі. Ён чакаў, што Баран паверне галаву — ды той быў захоплены сваёй музыкай.
«Баран», — ціха сказаў генэрал Ва Юй. Але Баран нічога не пачуў, ён прытупваў у такт музыцы і па-зьвярынаму падвываў. I тады адзін з жаўнераў тыцнуў яго ў выстрыжаную патыліцу руляй вінтоўкі. Баран павярнуўся і абамлеў.
«Ромусь?»
«Баран», — сказаў генэрал Ва Юй ужо гучней і пагардліва ўсьміхнуўся. А жаўнеры нецярпліва і стомлена паглядвалі на свайго генэрала.
«Камандуйце, чжан-юнь», — прахрыпеў адзін зь іх і ляснуў затворам.
«Да сьценкі яго», — кінуў генэрал Ва Юй. Жаўнеры прымусілі Барана падняцца і паставілі яго да сьценкі, абклеенай постэрамі з выявамі паўголых прыгажунь і накачаных хлопцаў.
«Не!» — сказаў Ромусь у адчаі, бо ня ведаў, што яму рабіць, і генэрал Ва Юй таксама замёр, задуменна пачухаўшы шнар на шчацэ.
«На балькон яго, — сказаў генэрал, і жаўнеры вывелі палоннага на балькон, незашклёны балькон на дзявятым паверсе, адкрыты ўсім вятрам. — Залазь на парэнчы!»