• Газеты, часопісы і г.д.
  • Апошняя кніга пана А. Казка Альгерд Бахарэвіч

    Апошняя кніга пана А.

    Казка
    Альгерд Бахарэвіч

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 500с.
    Мінск, Прага 2020
    113.42 МБ
    I тады зь меха побач з Банаквам пачуўся голас.
    «Выпусьці мяне... Ратуй...»
    Банаква з жахам паглядзеў на мех, на пустую пляцоўку, якую асьвятляла бруднае сонца з вузкага акенца. Ён і праўда вырашыў, што ў яго пачаліся галюцынацыі. Гэта было лягічна. Спачатку туман перад вачыма, а цяпер вось яны — галасы. Сэрца Банаквы зноў закалацілася як шалёнае.
    «Выпусьці мяне... Дай хоць пагаварыць з табой».
    Банаква ліхаманкава шукаў тлумачэньне. Напэўна, голас чуўся з кватэры, каля дзьвярэй якой ён прысеў. Ён пры-
    слухаўся — і зразумеў, што за дзьвярыма ціха. Голас і праўда ішоў зь меха, з таго самага шчыльна набітага чымсьці меха, які Банаква мусіў зацягнуць на пяты паверх.
    «Хутчэй, — сказаў мех жаласьлівым, але і на дзіва ўладным жаночым голасам. — Калі ты і праўда паміраеш, дык пасьпяшайся. Ты мая адзіная надзея, Банаква...»
    I тады Банаква дрыготкімі рукамі разьвязаў мех і зазірнуў усярэдзіну. У меху былі паперы: тэчкі і нататнікі, сшыткі і падшыўкі... Шмат, шмат паперы. Там не магло быць нікога, хто меў бы голас. А голас загучаў яшчэ болын жаласьліва і яшчэ больш уладна:
    «Шукай! He марнуй часу!»
    I Банаква схапіў тыя паперы з самага верху, стаў перабіраць іх — і знайшоў. Калі ён узяў у рукі адну з тэчак, зь яе выпаў стары пашпарт, і голас зь меха сказаў:
    «Я тут! Раскрый!»
    Банаква раскрыў пашпарт, пагартаў і ўрэшце разгарнуў яго на старонцы з фатаздымкам. На фатаздымку быў твар маладой жанчыны з доўгімі валасамі — і гэты твар крывіла жахлівая ўсьмешка. Вусны рухаліся, а вочы на фатаздымку гарэлі трывогай, і чырвань выступіла на шчоках — Банаква адчуваў, які гэты твар жывы, да яго даляталі пах і цеплыня чужога дыханьня.
    «Вось і я, — сказаў твар на фатаздымку. — Мне патрэбная твая дапамога. Уратуй мяне і схавай, бо інакш ніхто не даведаецца праўды!»
    Банаква ня ведаў, што яму рабіць. Але, слухаючыся хутчэй гэтага голасу, чым здрадлівага розуму, што адмаўляўся нешта раіць, ён закрыў пашпарт, падняўся, адчыніў пакрытыя аблупленай блакітнай фарбай дзьверцы электрашчыта і сунуў пашпарт туды, дзе сплятаўся з павуціньнем каляровы дрот над лічыльнікамі і тумблерамі. А потым зачыніў дзьверцы і зноў упаў на прыступкі. Ён пачуў крокі Кабанава і заплюшчыў вочы.
    «Ты жывы, Банаква? — Кабанаў нахіліўся над ім і даў ямупапіць. —У цябе мех разьвязаўся. Трэбасабраць! Гэтая злая, сказала, каб мы валілі, яна іншых грузчыкаў выкліча. Але я дамовіўся, Банаква, я сам усё зацягну, а грошы падзелім... Ты жывы, а?»
    Банаква кіўнуў. Кабанаў завязаў мех і ўзваліў на плячо.
    «Ідзі ўніз і пасядзі на лаўцы. Я мігам. Хвілін пятнаццаць, і паедзем. Адляжышся, і ўсё пройдзе. Эх, Банаква...»
    Кабанаў патупаў наверх. А Банаква думаў, што яму рабіць. I пакуль ён думаў, Кабанаў вярнуўся і схапіў Банакву, паклаў на плечы і аднёс у двор. Пасадзіў на лаўку, перадумаў: сонца пячэ! — завёў у фургон, закінуў у кабіну:
    «Сядзі тут! Я мігам!»
    Банаква сядзеў у кабіне фургона, што стаяў пад старым клёнам, і пераконваў сябе, што яму проста падалося. Голас, пашпарт, твар на фатаздымку, подых... Просьба аб дапамозе. Што за лухта? Дзьверы фургона бразнулі з іржавым, разьвітальным гукам. Кабанаў вярнуўся і ўзгрувасьціўся на расхістанае сядзеньне.
    «Трымай!»
    Ён сунуў Банакву ў кішэнь грошы, і яны паехалі.
    «Я вось думаў... — сказаў раптам Кабанаў, калі высаджваў Банакву каля ягонага дома. — Увесь час думаў, пакуль фургон разгружаў. Я б на чарнагорскую выведку працаваў. Разумееш?»
    «Чаму?» — аднымі вуснамі спытаў Банаква.
    «Бо Монтэ-Нэгра, — сказаў Кабанаў. — Монтэ-Нэгра, Банаква. Чуеш, як гучыць? Як Монтэ-Крыста. Параўнай, Банаква. Агент польскай выведкі: сьмешна ў роце. Ці: “брытанскі агент”. Джэймс Бонд, блін. А агент Монтэ-Нэгра — гучыць!»
    «А Радзіма як жа?» — млява спытаў Банаква.
    «Дык я ж не кажу, што так адразу і прадам. Я падумаю яшчэ. Ты ж спытаў, каму я прадаў бы за сто тысяч. Прадаў БЫ! Мы ж гіпатэтычна, Банаква. Ці ты сур’ёзна?»
    «Ды не, — сказаў Банаква. — Жартам».
    «Жартам... Я табе званіць больш ня буду, калі што. Ты не крыўдуй. He тваё гэта. Ты і сам разумееш».
    «Разумею», — сказаў Банаква.
    Яны разьвіталіся, абыякава падумаўшы пра тое, што ніколі больш не пабачацца. А ўвечары Банаква выпіў віна і паехаў тралейбусам у цэнтр гораду. Ён не без праблем знайшоў той самы дом, пастаяў пад старым клёнам, выкурыў пару цыгарэт і пачакаў, пакуль нейкія дзеці не падыдуць да пад’езда і не адчыняць яго, а сам у апошнюю сэкунду прасьлізнуў за імі. Застыў каля паштовых скрыняў, пачакаў, пакуль усе разыдуцца па кватэрах — і падняўся на трэці паверх. Адчыніў дзьверцы электрашчыта і намацаў пашпарт. Паклаў яго ў кішэнь і кінуўся на двор.
    Яму хацелася раскрыць пашпарт яшчэ ў тралейбусе, але ён стрымаўся. Даехаў да дому, папіў вады і лёг на канапу. А потым набраў паветра ў грудзі і асьцярожна разгарнуў сінюю кніжачку.
    Фатаздымак быў на месцы. Як і знаёмы яму твар. Але гэтым разам твар быў нежывы. Звычайны жаночы твар на фатаграфіі, зьмешчанай на апошняй старонцы пашпарта. Твар глядзеў на Банакву і ўсьміхаўся непрысутна і крыху напружана, як гэта робяць усе твары на фатаздымках. Так, быццам бачыў Банакву ўпершыню.
    «Здароў...» — ціха сказаў Банаква.
    Твар маўчаў.
    «Я дапамог табе, — з дакорам прамовіў Банаква. — Я зрабіў тое, што ты прасіла. Цяпер гавары».
    Але твар не варухнуўся. Ніхто ня дыхаў Банакву ў нос, ніхто не крывіў устрывожана вуснаў, ніхто не прымружваў вачэй — замест надзеі на Банакву глядзела расчараваньне. Гэта быў здымак — і ня болып. Проста афіцыйнае фота на мёртвай паперы.
    «Гавары!» — крыкнуў Банаква, і тут у дзьверы ягонай маленькай кватэры пагрукалі. У гэтым доме, дзе жыў Банаква,
    ніхто ня меў званкоў — жыхары проста лупілі ў дзьверы, калі хацелі завітаць па нейкай справе да суседзяў. I паштовых скрынак тут таксама не было. Паштары пакідалі лісты, жыроўкі і позвы ў суд проста на батарэі ўнізе. Вось у такім доме жыў Банаква — і мусіў цешыцца, што мае ў ім маленькую кватэру.
    Банаква пайшоў адчыняць, але ў вузкім калідоры не было нікога. Банаква раскрыў пашпарт на старонцы з фота і паставіў яго на стол. Ён глядзеў у пашпарт неадрыўна, нібы хацеў прымусіць фатаздымак загаварыць. Але фота маўчала.
    Уначы Банаква раптам прачнуўся. Яму падалося, што на яго нехта глядзіць. На сэкунду ён нават быў перакананы, што фота ажыло. Але раскрыты пашпарт пазіраў на яго абыякава, як кожны афіцыйны партрэт. Маладая жанчына на здымку глядзела на Банакву так, як глядзела б на любога чыноўніка. He, яна зусім не нагадвала гаспадыню той кватэры, якая замовіла двух грузчыкаў, каб яны зацягнулі рэчы ў яе новую кватэру. На фота была зусім іншая жанчына — маладзейшая, прыгажэйшая і з зусім іншым тварам. Пашпарт не належаў гаспадыні, якая заплаціла двум грузчыкам. Пашпарт належаў той, што была зьняволеная ў гэтай папяровай турме. Банаква выйшаў на балькон і закурыў. 3 акна супрацьлеглага дома на яго глядзеўу бінокль незнаёмы мужчына. Банаква з выклікам пачаў узірацца ў тое акно — і на імгненьне пабачыў, што ў таго нахабнага мужыка доўгія, пышныя вусы, а на галаве — блазенская фуражка, ды яшчэ і аксэльбанты на плячах. А потым сьвятло згасла. Мужык заўважыў Банакву.
    3 таго часу ў жыцьці Банаквы нешта зьмянілася. Банаква паўсюль цягаў за сабой пашпарт незнаёмай жанчыны, а дома ставіў яго перад сабой на стол, у раскрытым выглядзе, каб не прапусьціць момант, калі яна загаворыць. А яшчэ Банаква заўважыў, што за ім сочаць. Дзіўныя людзі пачалі трапляцца яму на вуліцы і ў тралейбусах: мужчыны
    з цыгарамі і люлькамі, у старамодных капелюшах і сурдутах, з вусікамі над верхняй губой... Жанчыны ў архаічных сукенках, якія сьціскалі ім грудзі і распускаліся ўнізе, нібы парашуты... Брудныя хлопцы ў вялізных кепках выскоквалі з-пад ног Банаквы, калі ён апынаўся ў цёмных завулках — і бялявыя, анёльскага выгляду дзяўчаткі напявалі на цьмяна знаёмай мове ў яго за плячыма, калі ён прабіваў талёнчык. Ніхто зь іх не гаварыў зь ім, але ўсе пазіралі на яго ўпотай, і калі Банаква спрабаваў глядзець ім проста ў твар і паказваць ім, што бачыць іх, бачыць усе іх дробныя, няўмелыя трукі, яны адварочваліся і рабілі выгляд, што занятыя сваімі справамі: мужчыны раскрывалі газэты, жанчыны даставалі шытво, а дзеці пачыналі жаваць нешта цягучае, бруднаватае і на выгляд такое салодкае, што Банаква адчуваў прыступ млосьці.
    Фота ў пашпарце маўчала.
    I тады Банаква вырашыў дзейнічаць. Ён зноў прыехаў да старога дома, пастаяў пад клёнам, які ўжо скідваў лісьцё, і, скарыстаўшыся момантам, зайшоў у пад’езд. Падняўся на апошні паверх і пазваніў. Гаспадыня адчыніла яму дзьверы, нібы даўно чакала.
    «Я той грузчык, які працаваў у вас летам, — сказаў Банаква. — Вы мяне памятаеце?»
    «Памятаю, — кіўнула гаспадыня і ўсьміхнулася. — Грузчык, які памёр проста на пляцоўцы».
    «Не памёр, — сумеўся Банаква. — Мне проста зрабілася блага, разумееце? У мяне выпадкова засталася адна рэч... Ваша рэч».
    I ён паказаў гаспадыні пашпарт. Пашпарт, раскрыты на старонцы з фота.
    «Мая? — спытала гаспадыня. — Чаму вы думаеце, што гэта мой пашпарт? Я свайго ніколі не губляла. Гэта чужы дакумэнт, вы ж бачыце. Хіба я падобная да гэтай жанчыны на здымку?»
    «Разумееце, — сказаў Банаква. — Гэты пашпарт мае нейкую таямніцу. Я ўзяў яго ў адным зь мяхоў, якія мы мусілі занесьці ў вашую кватэру».
    «Вы яго скралі?» — спытала гаспадыня з той самай усьмешкай.
    Банаква адвярнуўся, ён ня ведаў, што яму рабіць.
    «Заходзьце, — запрасіла яго гаспадыня. —Я зраблю кавы».
    Ён увайшоў і сеў на кухні. Ён пазнаваў рэчы, якія напаўнялі кватэру сваім маўклівым, але выразным гулам. Ён трымаў пашпарт у руцэ і маліў яго, каб фота ў ім загаварыла. Гаспадыня паставіла перад ім каву.
    «Пашпарт ня мой, я першы раз яго бачу», — сказала яна, пагардліва пазіраючы на кніжачку ў руках Банаквы.
    «Але ён быў сярод вашых папераў!»
    «У мяне шмат папераў ад былога мужа... — уздыхнула гаспадыня. — Я дагэтуль не разабрала іх і, шчыра кажучы, у мяне няма такога жаданьня. Вы сказалі пра нейкую таямніцу? Што здарылася?»
    «Жанчына на гэтым здымку прасіла дапамогі, — сказаў Банаква. — Яна маліла мяне вызваліць яе. Я схаваў пашпарт сярод дратоў у электрашчыце, а потым забраў, я чакаў, што яна мне ўсё патлумачыць».