• Газеты, часопісы і г.д.
  • Апошняя кніга пана А. Казка Альгерд Бахарэвіч

    Апошняя кніга пана А.

    Казка
    Альгерд Бахарэвіч

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 500с.
    Мінск, Прага 2020
    113.42 МБ
    Баран, плачучы, ускараскаўся на парэнчы, ён стараўся не глядзець уніз, ён сутаргава схапіўся за бэльку для бялізны і, скуголячы і дрыжучы, з пашыранымі ад жаху вачыма замёр над безданьню.
    Генэрал Ва Юй падняў руку. Жаўнеры прыцэліліся. Па штанах Барана пацёк струменьчык мачы. Генэрал Ва Юй зьняў гэта на камэру і разаслаў з дапамогай чату ўсім знаёмым Барана гэткае відэа, на якім ліліся сьлёзы, і мача лілася па хатніх спартовых штанах Барана, і ліў дождж зь нізкага неба, пад якім генэрал Ва Юй пачаў сваё выгнаньне. Відэа суправаджалася кароткім іэкстам, у якім Баран прасіў прабачэньня ва ўсіх, каго ён пакрыўдзіў, і называў сябе дэбілам і баязьліўцам, вартым байкоту і пагарды.
    I толькі калі стала ясна, што ўсе, каму прызначалася відэа, паглядзелі яго і прачыталі тэкст, генэрал Ва Юй пакінуў гэты смуродны пакой разам са сваім атрадам. Адзін за адным яны зьніклі ў лазенцы, дзе стаяла пральная машына сям’і Бараноў, і вось ужо кватэра была пустая і ціхая, нібы сюды не завітвалі ніякія няпрошаныя іосьці, і толькі на бальконе плакаў Баран у мокрых штанах, а ў кінутых на падлогу навушніках білася ў сутаргах бясконцая вясёлая музыка.
    За тыя дні генэрал Ва Юй і ягоныя жаўнеры пабывалі яшчэ ў шмат якіх кватэрах. I кожнага разу генэрал Ва Юй, вылазячы з чарговага барабана, спадзяваўся, што ўсё скончыцца і ён апынецца перад знаёмым яму, гэткім род-
    ным люстэркам, і адчуе падэшвамі родны, заўсёды сыраваты дыванок, ды толькі не наканавана яму было вярнуцца. Кожнага разу ён з салдатамі апынаўся ў новым, незнаёмым жытле, і кожнага разу гэта было жытло ня надта сымпатычнага яму чалавека. Генэрал Ва Юй трапіў да настаўніка, які ненавідзеў Ромуся, ненавідзеў бяз дай прычыны, проста так — і настаўнік прызнаў сваю памылку. Наступны быў хлопец, які скраў у Ромуся ровар — і ровар быў вернуты, ды толькі куды генэрал Ва Юй мог яго паставіць. Генэрал Ва Юй наведаў таксама дзень нараджэньня сваёй аднаклясьніцы, на які Ромуся ніколі б не запрасілі — і піў і еў там, і танцаваў зь віноўніцай урачыстасьці пад пахмурнымі і зайздроснымі позіркамі гасьцей, і як бы ні хацелася яму танцаваць зь ёй бясконца, давялося зноў лезьці ў чарговую пашчу пральнай машыны, каб вылезьці на сьвет божы чорт ведае дзе.
    Неўзабаве генэрал Ва Юй пачаў наведваць зусім незнаёмых яму людзей, бо тыя, да каго ён меў крыўду, скончыліся, і цяпер яму трэба было разьбірацца, да каго ён трапіў і што прадпрыняць, каб справядлівасьць аднавілася і ў гэтым доме... Дзень мінаў за днём, раз-пораз ягоны атрад трапляў у сутычкі, даволі жорсткія, бо некаторыя з уладальнікаў пральных машын таксама мелі зброю і не зьбіраліся цярпець нязваных гасьцей і акупантаў. Пару жаўнераў палеглі сьмерцю адважных, ратуючы генэрала, яшчэ двое дэзэртыравалі, зьбегшы ў гэты дзіўны сьвет пад нізкім небам, зь якога ўсё ішоў і ішоў дождж. Нарэшце генэрал Ва Юй застаўся толькі з адным жаўнерам, самым верным — але нездарма генэралу прыпісвалі некалі ўсе гэтыя крылатыя словы: «Найлепшае войска складаецца заўжды з аднаго салдата». Але прыйшоў момант, калі і гэты верны жаўнер, званы Лі Хі, быў засечаны на сьмерць нейкімі дзікунамі. I генэрал Ва Юй застаўся адзін.
    Наколькі вядома, ён і цяпер яшчэ марыць пра вяртаньне ў родны дом, блукаючы цёмнымі пераходамі і пакрытымі
    мэталічнай луской лесьвіцамі, з надзеяй адчыняючы круглыя акенцы, што аддзяляюць гэты ўпарадкаваны і знаёмы нам да драбніцаў сьвет ад таго, які здольныя пабачыць зусім ня ўсе, сьвет, у які зьмяшчаецца толькі нашая галава — адзіны і, здаецца, апошні прытулак вольных і сьмелых пад гэтым небам. Бо ніхто ня можа ведаць, што робіцца ў галаве яго суседа — нават ведаючы ўсё, мы ня можам ведаць усёй праўды.
    А пральная машына ў пакоі, дзе ляжыць вечна сыраваты дыванок, усё гудзе і робіць сваю работу. Гэта вельмі добра змайстраваная машына. I няхай яна паблякла знутры і пачарнела звонку, няхай гарантыя на яе даўно скончылася, яна ўсё яшчэ мые рэчы жанчыны і мужчыны, у якіх аднойчы зьнік сын. Проста зьнік, пакуль маці і бацька былі недзе па справах. Яны ня бачылі яго ўжо дваццаць гадоў, хоць ім хапіла і месяца пасьля ягонага зьнікненьня, каб назаўсёды састарэць. Часам яны купляюць цыбулю, моркву і капусту ў аднаго гэткага самага старога на міні-рынку недалёка ад дому. Таго старога ўсе ведаюць: прадаўшы свой тавар, ён бярэ бутэльку рысавай гарэлкі і, седзячы на пустых драўляных скрынях, пачынае расказваць пра сваю бравую маладосьць, як гэта робяць усе старыя. «Калі я служыў пад камандай адважнага генэрала Ва Юя...» — пачынае ён, але ніхто яго ня чуе. Ракочуць рухавікі, глуха просяць чагосьці людзі, шамацяць купюрамі банкаматы, гудуць пральныя машыны, равуць мікрафоны, расьце трава, блішчыць мэталічная луска, а зь неба ліецца вада і ператвараецца ўдробны лёд.
    Скончыўшы чытаць, я ў разгубленасьці абвёў вачыма сваю новую сям’ю, бо сам ня ведаў, што значыла гэтая дзіўная гісторыя, якая ў мяне напісалася. Твары маіх слухачоў былі
    сур’ёзныя і задуменныя, нібы я прымусіў іх апынуцца там, дзе яны зусім не плянавалі. Ці пазабавіў я іх? Або пазбавіў забавы ў гэты вечар? Цень расплаты навіс нада мною — бо я сам разумеў, што прачытаны аповед — не зусім тое, чаго ад мяне чакалі. Сын купца глядзеў на мяне, не міргаючы, і я дзівіўся: няўжо яму было цікава слухаць такую складаную казку...
    «Прыгожая гісторыя, — сказаў нарэшце купец. — У ёй зашмат літаратуры, але за ідэю табе варта паставіць самую высокую адзнаку. Зрэшты, і выкананьне зусім неблагое. Ёсьць у тваім аповедзе і філязофія, і вусьціш, і адвечная праблема стасункаў між бацькамі і дзецьмі... Я даўно чакаю, калі ты напішаш казку для дзяцей. I вось я пачуў яе. Але, здаецца, дзеці тут — мы самі...»
    «Цяпер я буду баяцца, каб наш сын сам ня вырашыў паспрабаваць тое, ад чаго ты перасьцерагаў у сваёй казцы, падала голас жонка купца. — Бо тое, што ты апісваеш, і сапраўды можа зрабіцца неадольнай спакусай. Для тых, хто няшчасны і жыве ў сьвеце хваравітых фантазій. Але мне спадабалася твая гісторыя. Яна прымусіла мяне паглядзець на гэты сьвет іншымі вачыма. Цяпер я сяджу тут — і баюся кожнай рэчы. Бо хто ведае, можа, яны і праўда маюць двайное дно: гэтая пасудамыйня, гэты кампутар, гэты тостэр... I фэн, якім я кожную раніцу сушу свае раскошныя валасы. А гэтая электронная цыгарэта ў маёй руцэ? Мне здаецца, яна таксама расказвае нейкую гісторыю. Хоць што я кажу... Напэўна, ты змог бы прыдумаць казку пра любую рэч у гэтым доме».
    «Не захвальвай яго, дарагая, — перапыніў яе купец. Хіба ты ня бачыш, што залішняя пахвала кепска ўплывае на яго, ён нарцыс, і калі ён чуе, які ён прыўкрасны, дык перастае працаваць на поўную сілу. Гісторыя і праўда цудоўная... Што ты чырванееш, Маргуся? Ён напужаў цябе? I цяпер ты больш ні на крок не падыдзеш да пральнай машыны? Ну кажы ўжо, дзяўчо, пакінем Артэміюшавы стрэлы на закуску!»
    «Я толькі хацела спытаць... — сказала Маргуся, кінуўшы на мяне хуткі позірк. — Адкуль у вас такая любоў да ўсходняй тэматыкі? Гэта была пятая казка, а мы ўжо чулі і пра кітайскага (а мо тайваньскага?) генэрала, і пра краіну АсадзіНакол і таварыша Кындыргіля... I лекарка Эстэр... Я думаю, яна сапраўды мае яўрэйскае паходжаньне, але і тая казка пахла часам нейкім Блізкім Усходам... А наогул, мне вельмі, вельмі спадабалася, і я чакаю не дачакаюся заўтрашняга вечара!»
    Я паціснуў плячыма. Ці могя патлумачыць усходнія матывы нечым іншым, апрача ірысак і арабэсак арыенталізму, па якім выхаваныя людзі майго пакаленьня, чытачы сапсаваных адаптаваных казак? Я ня ведаў, што ёй сказаць, а яна, бедная, пачала падказваць:
    «У вас і ў самога ўсходняя зьнешнасьць. Ну, скажам так, пешта такое я бачу ў вашых раскосых вачах, барадзе і бровах... А яшчэ ў вас татарскі авал твару».
    «Татарскі?» — спытаў я.
    «Татарскі авал твару! — засьмяяўся купец, павярнуўшыся да мяне. — Вы чулі? О, Маргуся, дзе ты была раней, калі... Зрэшты, гэта ня важна. Татарскі авал твару! Я гляджу, наш казачнік абудзіў у табе творчую натуру. Татарскі авал... Скажы яшчэ, што ў Артэміюша грэцкі профіль. Або ў мяне — рымскі нос... Татарскі авал! Сэміцкі квадрат! Славянскі куб! О, Маргуся, можа, ты лічыш сябе чыстакроўнай славянкай? У гэтай краіне больш няма чысьціні крыві, тут усё перамяшалася, як у добра звараным супе. Мы — нацыя дварнякоў. Добра, пакінем фрэналёгію і расавую кулінарыю. Артэміюш, скажы ты. Залічым гэтую гісторыю?»
    «Дзякую, пане гаспадару», — сказаў Артэміюш і, нібы засмуціўшыся ад таго, што ён мусіў абвясьціць, працягваў:
    «Пачнем з таго, што аўтар зноў парушыў дамову і праігнараваў правілы».
    «Як? — ускочыў на месцы купец. — Ен не згадаў Міласэрнага Бога? Як ты мог? А ну прачытай мне першы сказ!»
    «Аднойчы ў дзяцінстве, калі нікога не было дома, ён усё ж такі зрабіў гэта», — знайшоў я ў ноўтбуку пачатак гісторыі і ўздыхнуў.
    «Дзе Бог? Дзе Міласэрны Бог, я ў цябе пытаюся?»
    «Няма, — сказаў я спакойна. — I ня будзе».
    «Гэта яшчэ чаму?»
    «Бо я лічу, што маю права сам выбіраць пачатак, — сказаў я, бо яшчэ з раніцы быў гатовы да атакі Артэміюіпа. — А да таго ж гэта абмяжоўвае свабоду маёй творчасьці. Часам словы “Міласэрны Бог” гучаць проста недарэчна, а паколькі першы сказ надзвычай важны для ўспрыманьня тэксту, дык я лічу, што ня мушу ўжываць гэтыя словы там, дзе яны толькі псуюць твор».
    «Што? Псуюць? Як Міласэрны Бог можа псаваць нешта? Ты, дурында, думай, што кажаш! Я даў табе ўказ пачынаць кожную гісторыю са згадваньня нашага Міласэрнага Бога. I ты ведаеш, што мусіш. Такія правілы! Іх вызначаю я! Зараз жа ўпішы Бога на месца! Як там было? “Міласэрны Бог зрабіў так, што аднойчы ў дзяцінстве Ромусь...” Якая язва не дазволіла табе напісаць так? Якая пыха прымусіла парушыць дамоўленасьць? Ці ты забыўся, што расказваеш свае гісторыі ня проста як запрошаны артыста — а адпрацоўваеш пазыку! Вялікую пазыку! I наперадзе яшчэ дваццаць пяць гісторый! Ня пяць, а дваццаць пяць!»
    Купец так разьюшыўся, што ўскочыў і забегаў перада мной.
    «Можаце выгнаць мяне, — сказаў я. — Можаце пакараць мяне з дапамогай вашых шляхетных сяброў або нашай цудоўнай дзяржавы, якая заўсёды бароніць справядлівасьць і шануе людзей, што абралі сваім заняткам сумленную камэрцыю. Але я вырашыў, што мае гісторыі будуць пачынацца так, як захачу я. А мне ня надта хочацца пачынаць іх словамі “Міласэрны Бог”».