Апошняя кніга пана А.
Казка
Альгерд Бахарэвіч
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 500с.
Мінск, Прага 2020
Здарылася тое, чаго я так баяўся. Тое, што мне падказалі інтуіцыя і мой прафэсійны досьвед. Я схапіў кубак з гарбатай і выпіў яе, каб схаваць свой сорам.
«Вось і я думаю-гадаю, як сказаць табе тое самае, — з палёгкай падхапіў жончыны словы купец. — Твая гісторыя гіра цырульніцу займальная, павучальная і страшная, няма словаў. У ёй атмасфэра, палёт фантазіі, вобразы, інтрыга! Але яна слабейшая за казку пра маўзалей, як ні круці. Чорт, нават неяк няёмка табе гэта казаць, казачнік. Ты стараўся, мы гэта адчулі. Ты напісаў добрую казку. Аднак выбачай, яна проста добрая. А гісторыя пра маўзалей была цу-доўна-я!»
Жонка купца кіўнула.
«Дзякуй, дарагі, ты выказаў менавіта тое, што я мела на ўвазе».
Я апусьціў галаву. Пякучая крыўда выядала мне вочы. Калі я дачытаў казку, дык быў пэўны, што яны вохнуць ад захапленьня. А цяпер я і сам пераконвгўся паціху, што недапрацаваў. А самае кепскае было тое, што я зусім не адчуваў у сабе сілаў напісаць штосьці лепшае.
«Скажы ты, Артэміюш, — павярнуўся купец да слугі. — Лупі як можаш, я дазваляю. Здаецца, нехта ў гэтым пакоі расслабіўся, трэба прывесьці яго ў прытомнасьць і прымусіць працаваць на поўную сілу».
«Добра, пане гаспадару, — з ахвотаю адгукнуўся Артэміюш. — Так, гэта была неблагая гісторыя, але ня больш. Нічога выбітнага. Але перш чым крытыкаваць яе з мастацкага боку, дазвольце зьвярнуць вашую ўвагу на адно пытаньне. Ці няма ў гісторыі, якую мы пачулі, непрыхаванага фэмінізму?»
«Фэмінізму? — ускінуўся купец. — У маім доме? Што ты такое чаўпеш, Артэміюш? Дзе там фэмінізм? Хіба ў казцы было штосьці пра цыцкі з напісанымі на іх палітычнымі лёзунгамі, пра няголеныя ногі, пра валасатыя падпахі і нянавісьць да слаўнага мужчынскага племені? Нешта я такога не прыгадаю».
«Гераіні аповеду ня любяць нас, мужчын, — з горыччу прамовіў Артэміюш. — Што яны робяць? Разводзяцца, гэта раз. Нібы ў шлюбным саюзе з добрым мужчынам не заключаецца сапраўднае жаночае шчасьце. Цярпяць праз мужчын страшныя нягоды, выключна праз мужчын, а не праз сваю ітрыродную дурасьць, гэта два. Жорстка помсьцяць нам, мужчынам, аб’яднаўшыся ў нейкі, прабачце, бабскі клюб, а хутчэй, у клубок разьюшаных зьмеяў. Гэта тры. Хіба ў гісторыі быў хоць нейкі мужчынскі пэрсанаж, якога мы б маглі назваць станоўчым?»
Купец задумаўся.
«Толькі баба магла напісаць такую гісторыю, — працягваў Артэміюш, пазіраючы на мяне з пагардай. — Але нават баба ня стане чытаць яе. Бо добрай бабе значна больш цікава
даведацца пра мужчынскія подзьвігі, чым пра ўбогія высілкі нейкіх там дурніц, якія ўявілі сабе ні з пушчы ні з поля, што могуць зьмяніць сьвет!»
«Сапраўды, — пагадзіўся купец. — У тваіх словах я чую пэўную рацыю. Нікому не дазволена ставіць пад сумнеў Справядлівы Лад, які ў вялікай справядлівасьці сваёй дае роўныя правы мужчынам і жанчынам, але падзяляе іхныя абавязкі і адказнасьць, як падзяліла іх сама прырода. Але давайце запытаемся аўтара. Скажы, казачнік, ці ёсьць у тваёй гісторыі фэмінізм? Ці пісаў ты сваю гісторыю з мэтай зьняславіць магутны мужчынскі род, да якога ты таксама, хачу табе нагадаць, згодна з воляю прыроды даўно належыш?»
«Я хацеў толькі напісаць займальную гісторыю, якая задаволіць вашую прагу чыстае красы, — сказаў я парывіста. — Вашую і ўсёй вашай шляхетнай сям’і, якая так велікадушна прыняла мяне ў сваё ўлоньне. Хацеў пазабаўляць вас страшнай казкай, якая прымусіць ваш адрэналін крышку пагуляць у крыві, бо гэткі стан карысны для чытачоў і слухачоў, заціснутых у клетку штодзённасьці. Ці не яго мы так цэнім, калі садзімся адпачыць з добрай кнігай? Што да такіх жывых і жвавых жаночых пэрсанажаў, дык я ўвёў іх выключна з мэтай уразнастаіць мае аповеды і аддаць належнае пані і паненцы, што слухаюць мае сьціплыя казачкі. Я лічу, яны заслугоўваюць удзячнасьці за іхную мілату і добрае стаўленыіе да нас, мужчын».
«Прыгожа сьпяваеш, — засьмяяўся купец. — Навучыўся ж, сабака, ліць борную кіслату ў вушы і выстаўляць свае хібы дасягненьнямі. Добра, я прымаю твае тлумачэньні. Яшчэ штосьці, Артэміюш?»
«Я сказаў бы пра недасканаласьць і другаснасьць, — працадзіў Артэміюш. — Але, гляджу, гэты прахвост будзе пярэчыць і разьлівацца салаўём, абы толькі ня слухаць крытыку».
«Твая праўда, — усьміхнуўся купец. — Што ж, небарака. Хоць твая казка і не была шэдэўрам, але я не магу сказаць,
што яна нас расчаравала. Слухаць яе было цікава, а канцоўка прымусіла маё сэрца крэкнуць. Ты даў рады, хай і не пераплюнуў гэтым разам самога сябе. Праўда, Маргуся? Ты, як гляджу, адзіная, хто гатовы слухаць усё без разбору, абы гісторыі нашага госьця казыталі тваю маладую наіўную душу?»
Маргуся выцерла рукі аб фартушок.
«Значыць, той маньяк... Той мужчына са Сьмерць-валасамі гатаваў адмысловы шампунь? — спытала яна ў Mane. — Шампунь сьмерці і няшчасьця? I памыўшы ім галаву, выпраўляўся ў танныя цырульні?»
«Так», — сказаў я са скрухаю.
«I ён сам гатаваў яго? Зь нейкіх... Сьмерць-зёлак?»
«Так», — пацьвердзіў я.
«Магчыма, там, на лецішчы, дзе ён хаваў дакумэнты, засталася цэлая бочка таго шампуню, — хутка прамовіла Маргуся. — Такое ж можа стацца, праўда? I нехта знойдзе яе, і ўсё пачнецца наноў...»
«Няма там ніякай бочкі», — сказаў я.
«Адкуль вы ведаеце? Чаму вы пра гэта нічога не сказалі? — ускінула на мяне вочы Маргуся. — Можна ж было дадаць, уставіць недзе, што цырульніцы зьезьдзілі на тое лецішча, знайшлі бочку і вылілі яе ў памыйную яму. Або не знайшлі ніякай бочкі. Я вельмі перажываю. Бо ня можа быць, каб у маньяка была толькі адна бутэлечка. Можа, ён меў яшчэ і рэцэпт прыгатаваньня таго жахлівага шампуню. I хтосьці знайшоў яго, і цяпер...»
«Усё, усё, мы зразумелі, — махнуў рукой купец. — Ідзі, займіся справай. Ты ж памятаеш пра свае вечаровыя абавязкі? Скажы ж ты, сынку, ці спадабалася табе гісторыя?»
Але малы павіян ужо спаў, як сурок, прытуліўшыся да каленяў маці. Жонка купца паказала нам, каб мы гаварылі цішэй.
«Бачыш, госьцю мой мілы, — нягучна сказаў купец. — Ідзі ж і добра падумай над тым, што пачуў ад нас сёньня,
і няхай сон майго сыночка будзе табе дакорам. Спадзяюся, ты ўжо разважаеш над пачаткам новай, пятай гісторыі. Артэміюш! Прынясі мне тую дубальтоўку, якую прыслалі мае партнэры. Хачу паглядзець на яе. Дабранач, дарагая! Добрых сноў, сыночак!»
Ен пацалаваў жонку і соннага сына, а я выправіўся наверх, прысаромлены і поўны жаданьня заслужыць заўтра пахвалу. Крыўда душыла мяне: яны нават не прапанавалі мне крышачку віна перад сном, а Маргуся, тая самая Маргуся, на якую я спадзяваўся, у дзявочую шчырую дабрыню якой так верыў, замест таго, каб узнагародзіць мяне цёплым словам, пачала задаваць нейкія недарэчныя пытаньні. Праўду кажуць, нельга верыць жанчынам. Але справіўшы малую патрэбу на ноч і пачысьціўшы зубы, я супакоіўся. Ніхто не сказаў мне, што я праваліў іспыт. I як жа тонка я ашукаў іх, расказаўшы ім і праўда такую гісторыю, якая мусіла падражніць іхныя застаялыя густы. О, мая бунтоўная натура, здаецца, ты ня вытрымала гэтым разам. Цяжка быць госьцем мімаволі, супраць уласнага жаданьня.
I толькі я лёг, падрыхтаваўшыся ўзьнесьці хвалу Справядліваму Ладу, нашай шчасьлівай Высьпе і Людзям Будучыні, то бок вам, мілыя чытачы маёй сьціплай пісаніны, як у пакой мой зноў ускочыў, мякка тупнуўшы лапамі, той самы тыгр. Ён танчыў зь яшчэ большым імпэтам, чым учора, і зноў умольна глядзеў на мяне, нібы чакаў дазволу кінуцца на маю худую шыю і ўпіцца ў яе зубамі. Гэтым разам я пастараўся ўважліва разгледзець ягоны маскарадны касьцюм і канчаткова пераканаўся, што гэта жанчына, якая чамусьці вырашыла наведваць мяне ў такі позьні час і гуляць у такую несамавітую гульню. А потым я пабачыў у кіпцюрах тыгра нажніцы. Тыгрыная лапа з нажніцамі працягнулася да мяне, я пачуў ляскат жалеза і адчуў рэзкі і сумны пах штучнага футра, якое дасталі на Новы год для дзіцячага ранішніку.
«Не, — сказаў я мякка. — Я не хачу. Пакінь гэтыя гульні, калі ласка».
Але тыгр, не спыняючы сваіх імпэтных рухаў, заматляў галавой і апусьціў лапу на маю падушку. I я адчуў, як нажніцы адрэзалі некалькі сівых пасмаў маіх валасоў. Тыгр схапіў іх, задаволена рыкнуў і выбег з пакоя, крутануўшы на разьвітаньне круглым азадкам.
ГіСТОРЫЯ ПЯТАЯ
ГЕНЭРАЛ ВА ЮЙ IЯГОНАЕ ВОЙСКА
Аднойчы ў дзяцінстве, калі нікога не было дома, ён усё ж такі зрабіў гэта.
Увайшоў, імкнучыся не глядзець у люстэрка, укленчыў на шэрым, заўсёды сыраватым дыванку — і асьцярожна прасунуў у Яе галаву.
Ён з самага пачатку меў адчуваньне, што робіць нешта непрыстойнае, настолькі непрыстойнае, што ў гэтым нікому нельга прызнавацца, а пагатоў нельга, каб яго засьпелі за такім заняткам. Ён ведаў, што ніхто ня прыйдзе, ня можа прыйсьці, і ўсё ж рызыкаваў. Дома не было нікога, нікога — але калі б у гэты момант пазванілі ў дзьверы (о, ён любіў ціхі гук іхнага званка, што нібыта напаўняў кватэру бурбалкамі, мяккі, зусім нязлы званок, не такі, як у суседзяў, не такі, як ва ўсіх ягоных сяброў, там званілі рэзка, душадзёрна, нібы радзіва ўключалі)... калі б зайграў сваю тралялёначку тэлефон... калі б у адчыненае акно на кухні заляцела птушка (а такое здаралася!)... — ён нічога б не пачуў. Там, унутры, была зусім іншая акустыка, там быў зусім іншы сьвет. Ён чуў толькі ўласны подых, і нечы яшчэ, нібы нехта дыхаў яму ў адказ.
Яго звалі Ромусь. I яму было чамусьці вельмі сорамна.
Сьвет, у якім апынуўся Ромусь, засунуўшы ў Яе галаву, быў падобны да фантастычнага фільму. Ён нібы залез у пакрыты знутры мэталічнай луской шар, выгнутыя сьцены матава блішчалі, і яму падавалася, што роўны бляск аднолькавых лушчынак зацягвае яго ўсё глыбей. Раптам ён адчуў, што ад яго засталася толькі гэтая галава, толькі яна мела цяпер значэньне, ён нават уханіўся мацней пальцамі за дзьверцы, быццам баяўся, што яны зараз за ім зачыняцца. Ён напружыў шыю, каб як мага хутчэй успомніць, што апрача галавы ён мае яшчэ і цела, цела, што чакае яго ў тым, стакроць вымераным сьвеце, што ён мае каленкі, якія прыліплі да дыванка, што ёсьць бацькі, якія неўзабаве мусяць вярнуцца, ёсьць рэчы, сотні рэчаў, зь якімі ён звыкся. Ды толькі нешта яно ніяк не ўспаміналася.
Вось тады б яму было спыніцца. Вось тады апамятацца, вось тады б высунуцца і зачыніць Яе, і нічога б ня здарылася. Але ён быў пэўны, што яшчэ трошкі — можна, што ніхто не даведаецца, што нічога такога за гэта ня будзе, бо што, уласна кажучы, ён такога рабіў, нічога не ламаў, не псаваў, проста прасунуў галаву, ну дык і што яму за гэта будзе.