• Газеты, часопісы і г.д.
  • Апошняя кніга пана А. Казка Альгерд Бахарэвіч

    Апошняя кніга пана А.

    Казка
    Альгерд Бахарэвіч

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 500с.
    Мінск, Прага 2020
    113.42 МБ
    I ўсё было так, як я апісваў. Усё, да драбніцы. Я бачыў і адчуваў тое самае, што мой герой.
    «Заставайцеся там, — пачуў я голас Маргусі, якая нахілілася нада мной, я адчуваў дотык яе жывата, калена, цяжар яе грудзей недзе каля сваіх баязьліва ўцягнутых рэбраў. — He высоўвайцеся. Зараз я засуну галаву ў другую машыну. Я мару пра гэта з таго моманту, як пачула гісторыю Ромуся. Ня рухайцеся, я ўжо іду да маёй машыны. Можа, мы сустрэнемся з вамі там, у калідорах і лазенках часу, у тым фантастычным сьвеце, сутыкнемся там ілбамі... А калі напаткаеце там Артэміюша, дык не расстрэльвайце яго, помніце, што я вам расказала».
    I вось ужо не было ніякага дотыку, ніякага голасу. Мы стаялі на каленях, кожны на сваім месцы, засунуўшы галовы ў парожнія і нрапахлыя парашком пральныя машыны, і не было ў маім жыцьці моманту, калі б я рабіў нешта больш недарэчнае, застаўшыся з вабнай жанчынай сам-насам у пустым пакоі.
    Калі я высунуў галаву, у дзьверы грукалі. Маргуся ўсё яшчэ была з галавой у выдуманым мной сьвеце, і я бачыў яе акуратны азадак з вузельчыкам фартушка, бачыў яе вострыя лапаткі пад сьціплым адзеньнем служкі. Што зь ёй зробяць, калі засьпеюць за такім недарэчным заняткам? Я пацягнуў яе назад, у нашую прыўкрасную рэальнасьць.
    «Нас застукалі, — сказала Маргуся. — Ня ведаю, што будзе».
    «Гэта Артэміюш, — шапнуў я. — Давайце я схаваюся за стэляжамі».
    «Ён вас заўважыць, — пахітала яна галавой. — Артэміюш такі, у яго нюх. Вось бы вы ўцяклі ў... У машыну. Можа, паспрабуеце?»
    «Маргуся...» — сказаў я разгублена, ня ведаючы, жартуе яна або не. А за дзьвярыма пачуліся крокі; той, хто грукаў у іх, аддаляўся, уцякаў па калідоры, і я чуў, як скрабуць па падлозе кіпці.
    Яна рашуча падышла і адчыніла.
    На падлозе ляжаў тыгрыны хвост, Маргуся падняла яго і схавала ў фартушок.
    «Такое часам бывае, — сказала яна і прыклала палец да вуснаў, а потым выключыла сьвятло. — He пужайцеся. He, не, ня ўсё адразу, не прасіце мяне, калі ласка. Ідзіце спаць, гэты дом чакае новай гісторыі... Ідзіце».
    I яна адштурхнула мяне, такая ўсхваляваная, уладная, цёплая — і чужая.
    ГіСТОРЫЯ СЁМАЯ
    ДЗЯДУЛЯ
    Пра дзядулю яго бацькі ўспомнілі, калі Мікола сабраўся паступаць на філфак галоўнага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Дзядуля жыў у сталіцы, у самым цэнтры, ва ўласнай кватэры, а Мікола з бацькамі — у малым правінцыйным горадзе, у прыватным доме.
    Тут маці і сказала: дык у нас жа ёсьць дзядуля ў сталіцы.
    А бацька сказаў: слухай-на, а праўда ж, даўно мы яго ня бачылі. А ці жывы ж ён яшчэ-на?
    А маці сказала: можа й жывы.
    А Мікола дык і наогул ніколі зь ім не сустракаўся. Дасталі старыя сямейныя здымкі, пачалі шукаць, як той дзядуля выглядае. Нічога не знайшлі. Здаецца, і прыяжджаў калісьці на паховіны, а можа, на народзіны ці на цётчына вясельле. А які ён з твару, ніхто ня памятае. I ў альбоме нічога. Раней шмат людзей зьбіралася з гэткіх нагодаў, але гэта раней — цяпер дык людзям да сваякоў выбрацца ні часу няма, ні сілаў. Добра, хоць вайбэр ёсьць і скайп. Але ў Дзядулі не было ні таго, ні другога, і ніхто ня памятаў, які ён.
    «Ну як жа гэта так? — сказала маці. — Ну я ж памятаю, што ён прыяжджаў. А ні на адным фота няма. Hi за сталом, ні на могілках, ні там, дзе ўсе пазіруюць».
    «Ня трапіў у кадр, бывае, — сказаў бацька. — Сьціплына. Добры, відаць, чалавек».
    Ідэя пасяліць Міколу ў дзядулі на час паступленьня і вучобы ўсім спадабалася, апрача самога Міколы. Ён ужо марыў пра тое, як вольна яму будзе ў студэнцкім інтэрнаце: жывеш па-даросламу, сам сабе гаспадар, толькі раз на месяц да бацькоў езьдзіш, наведаць ды наесьціся ад пуза ды пра запас. А тут — нейкі дзядуля, пра якога ніхто нічога ня ведае і невядома нават, як ён выглядае: слухайся яго, даглядай старога, гасьцей у пакой не прывесьці, ня пі, не куры, позна не вяртайся, грошы эканом... Ніхто ня ведаў, што там за дзядуля — нават маміна сястра, якая была ў курсе ўсіх справаў іхнага вялікага, раскіданага па розных гарадах і краінах роду.
    Нічога асабліва дзіўнага ў гэтым не было. Бо, па праўдзе кажучы, ніякім дзядулем ён асабіста Міколу не даводзіўся, а быў стрыечным братам мужа нейкай далёкай бабулі, ці што. Аднак усім падабалася думаць, што ў Міколы ў сталіцы ёсьць дзядуля, падабалася яго так называць і думаць, што Мікола ў сталіцы будзе пад наглядам старога і заслужанага, а да таго ж роднага чалавека. «Ты яго так і заві: Дзядуля, — навучала Міколу мама. — Старым такое даспадобы».
    «Добра, — казаў Мікола. — Але чаму вы вырашылі, што ён заслужаны?»
    «У яго кватэра ў самым цэнтры! — адказвала маці. — Тры пакоі. Думаеш, простым людзям такое давалі?»
    «А адкуль вы ведаеце, што ўяго кватэра ў самым цэнтры і тры пакоі?» — не здаваўся Мікола.
    Гэтага ніхто патлумачыць ня мог. Але аднекуль яны ведалі, недзе нешта такое чулі, штосьці такое запала ім у памяць — і яны верылі ў Дзядулю і кватэру непахісна, як у існаваньне бога і Амэрыкі, хоць ніколі ня бачылі ні першага, ні другую.
    Бацька ўзяўся за справу. Знайшоў тэлефон дачкі той далёкай бабулі, тая дала яшчэ нейкі нумар, а там ужо бацьку далі тэлефон самога Сталічнага Дзядулі. Бацька дазваніўся
    не адразу — але, пагаварыўшы пару хвілін, пасьвятлеў з твару: Дзядуля пагадзіўся ўзяць Міколуда сябе і чакаўяго ў сталіцы акурат перад іспытамі.
    «Які ён?» — спытала маці.
    «Суворы, — засьмяяўся бацька. — Але розум ясны, дарма што стары чалавек. Паставіўся з адказнасьцю. Колькі ж гэта яму ўжо?..»
    Маці палічыла і сказала, што недзе пад восемдзесят. Бацька прыкінуў і сказаў, што болей. Мікола паспрабаваў уявіць сабе, у якія гады Дзядуля быў такім маладым, як ён сам. Выходзіла, што дзесьці ў вайну. А можа, і не. Але ўсё роўна ў вайну. Уся гісторыя — вайна.
    У прызначаны дзень Мікола сеў на цягнік, што спыняўся ў іхным гарадку ўсяго на хвіліну — і празь дзьве гадзіны выйшаў на заліты сонцам пэрон сталічнага вакзалу. Ён і paHeft бываўу сталіцы, але тады нават не падазраваў, што мае тут цэлага Дзядулю. Добра, што патрэбная яму вуліца знаходзілася ў цэнтры — Мікола пайшоў па праспэкце, потым дастаў тэлефон, рушыў, слухаючыся навігатара, па доўгіх, цяністых вуліцах. Знайшоўдом, пазваніўунізе. Яму адчынілі, ён падняўся — і вось ён ужо сядзеў на кухні, без апэтыту еў макарону з сасіскамі і разглядваў свайго Дзядулю.
    Дзядуля, відаць, быў у маладосьці бравым хлопцам — і дагэтуль меў паставу вайсковую, роўную, нібы ў яго ўнутры жалезны стрыжань сядзеў і не даваў сагнуцца. Белыя валасы былі зачасаныя набок хай сабе і рэдкім, але чубам, твар быў у старэчых плямах, але паголены, а блакітныя вочы глядзелі строга і патрабавальна, быццам хацелі сказаць, што не баіцца Дзядуля ні сьмерці, ні грамадзкіх закалотаў, ні галечы, ні розных там выклікаў нашай эпохі. Апрануты ён быў у белую, старую, але чыстую кашулю і гэткі самы стары, але зусім не пакамечаны пінжак. А на штрыфлі пінжака гарэў ордэн. Мікола хацеў распытаць, за што — але падумаў, што няёмка пачынаць з роспытаў. Дзядуля глядзеў на Міколу падазрона і строга, але праявіў і клопат: выдзеліў
    Міколу цэлы пакой з акном, што выходзіла на вуліцу і іншы дом, у пакоі былі стол і шафа, а на паліцы стаялі старыя савецкія кнігі — і Мікола чамусьці сказаў Дзядулю ў парыве ўдзячнасьці і павагі, што абавязкова ўсе іх прачытае.
    «Не дуры мне галаву, — сказаў Дзядуля. — Табе вучыцца трэба і чытаць тое, што для вучобы важна. А гэта... Гэта табе яшчэ рана, галубок».
    Потым яны пайшлі ў горад, і Дзядуля паказваў Міколу сталіцу — а ведаў ён яе так, як уласную трохпакаёўку. Дзядуля расказваў яму пра гісторыі асобных дамоў і цэлых вуліц, пра рэчкі і масты, пра крамы і храмы — і ўспамінаў, як усё гэта выглядала ў пару ягонай маладосьці. Мікола дзівіўся, як шмат стары памятае такога, пра што і ў кніжках не прачытаеш. Яны вярнуліся, Мікола паўтарыў сёе-тое з вучобы, уладкаваўшыся за сталом у сваім новым пакоі, а потым яны селі на кухні піць гарбату.
    «Правілы такія, — раптам сказаў Дзядуля. — Правілаў тры, але яны жалезныя, Коля. Першае: грошай не прасі, круціся сам, працуй, вагоны разгружай, кроў здавай, але ў мяне каб ня кленчыў, ня дам ні капейкі. Бо калі дам — вырасьце зь цябе абы-што, хрэн сабачы. Правіла другое: не вадзіць сюды сябрукоў і дзевак. Бо гэта табе не гасьцініца, а мая крэпасьць, куды я цябе пусьціў, бо спадзяюся, што зь цябе яшчэ можа вырасьці нешта талковае. Правіла трэцяе. У мой пакой не заходзіць, там у мяне ўсё ў ідэальным парадку, на ўсялякі пажарны. Трэба што — пагрукай, а сам ня лезь ні пад якім каленкорам. Усё зразумеў, галубок?»
    «Так», — сказаў Мікола.
    «Будзеш піць-курыць, выганю. А цяпер раскажы, што ты вучыць зьбіраешся, калі паступіш?»
    «Мову і літаратуру», — сказаў Мікола.
    Дзядуля раптам засьмяяўся, ускочыў, пайшоў да кухоннай шафы, дастаў бутэльку і наліў сабе паўшклянкі гарэлкі. Выпіўяе ўсю, выцер вусны.
    «Мову? Родную?»
    «Так, Дзядуля».
    «А літаратуру? Родную?»
    «Так».
    «Родную мову і літаратуру... Гэта ж трэба. А скажы штосьці па-роднаму, па-літаратурнаму».
    Мікола не разумеў, чаго ад яго хоча Дзядуля. Але вырашыў, што можна і сказаць — бо не запярэчыш жа чалавеку, які табой так апякуецца. Дзядуля, пачуўшы, зноў засьмяяўся.
    «А кім жа ты будзеш, калі вывучышся?»
    У гэтым Мікола прызнавацца не хацеў, таму проста сказаў, што настаўнікам. Бо гэта было праўдай, але, ясная рэч, ня ўсёй і не да канца.
    «Ведалі мы такіх, — сказаў Дзядуля. — Хочаш кульнуць чарку? Тыя, што родную мову любяць, і родную літаратуру, ад чаркі рэдка калі адмаўляюцца. Шануюць зялёнага зьмія. Што, ня так? Пі! Я дазваляю!»
    Мікола выпіў, але нічога не адчуў. Падумаеш, пяцьдзясят грамаў. Дома ён сабе і болей дазваляў на дыскатэках, хоць зазвычай аддаваў перавагу піву.
    «Мабыць, і сам пішаш на роднай, га? — ухмыльнуўся Дзядуля. — Сам хочаш родную праславіць? Пішаш жа, бачу па вачах. Папісваеш... А ну прачытай».
    I як Мікола ні пераконваў Дзядулю, што нічога ён такога ня піша, той сеў перад ім і не адпусьціў, пакуль Мікола не пачытаўяму свае вершы проста з кіндла. Стары слухаў, заплюшчыўшы вочы, і гмыкаў.
    «Ну ўсё, ідзі ўжо, кладзіся...»
    Назаўтра Мікола ўвесь дзень вучыўся ў сваім пакоі, зубрыў ды паўтараў, а ўвечары пайшоў праветрыць галаву. У пад’езьдзе сустрэў суседку, жанчына запыталася, хто ён такі і што тут робіць, а пачуўшы, што ён пасяліўся ў Дзядулі, заквахтала: