• Газеты, часопісы і г.д.
  • Апошняя кніга пана А. Казка Альгерд Бахарэвіч

    Апошняя кніга пана А.

    Казка
    Альгерд Бахарэвіч

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 500с.
    Мінск, Прага 2020
    113.42 МБ
    «Крафтавая, — прамовіў Юз і адкаркаваў. — Ну што? Жывем! За нас, хлопцы!»
    Яны выпілі яе хутка і пад вясёлую гамонку, а потым заваліліся спаць, і Мікола заснуў проста на Дзядулевым ложку, Юз на падлозе, а Віталь зь Лёнчыкам усю ноч храплі на Міколавым месцы. Зранку паехалі на лекцыі — але Мікола махнуў ім у калідоры: маўляў, не пайду, галава баліць. Выйшаў на ганак, прыхіліўся да мокрага, халоднага парапэта, закурыў. Галава і праўда балела — нібы яны кожны ўчора па бутэльцы выжлукцілі. Дзень быў халодны, шэры, непрыветны — і Мікола з жахам думаў, што цяпер будзе. Ён парушыў усе правілы, ды яшчэ залез у Дзядулевы рэчы, аддаў сябрам Дзядулеву гарэлку — ён усё сапсаваў і ня ведаў, як выправіць. I тут на вуліцу выйшла Яна. Алеська!
    Прабегла міма, а потым вярнулася.
    «Што замаркоціўся?» — спытала Алеся.
    «Нічога», — сказаў Мікола.
    «Нічога! — перадражніла яна яго. — Я ж бачу, што праблемы. У мяне такі настрой зранку, што я ўсё вырашаю і ўсё даводжу да ладу. Так што пасьпяшайся, Міколка, a то хутка настрой зьменіцца і я займуся разбурэньнем і гвалтам».
    Ого, яна ведае, як мяне завуць! — падумаў Мікола, чырванеючы. I ўсё ёй расказаў. Усё дачыста. I варта яму было пашкадаваць пра сваю шчырасьць, як Алеська сказала:
    «I гэта ты называеш праблемамі? Паехалі!»
    Мікола ня верыў сваім вачам, але ўсё адбывалася наяве: яны праехалі разам адну станцыю на мэтро, прайшлі знаёмымі вуліцамі, падняліся ў кватэру — і Алеська і праўда ўсё вырашыла. Праветрыла, схадзіла ў краму і купіла бутэльку гарэлкі, якую асьцярожна пераліла ў пустую, пазваніла камусьці, і ёй прывезьлі патрэбны корак, якім яны заткнулі бутэльку і паставілі яе на месца. Пад кіраўніцтвам Алеські Мікола вымыў усё і вычысьціў, нават адбіткі пальцаў выцер, расставіў усё як мае быць і нарэшце агледзеўся. Кватэра выглядала рыхтык такой, якой яе пакінуў Дзядуля. Быццам ніхто не парушаў ніякіх правілаў.
    «Ну ты даеш!» — сказаў Мікола з шчырым захапленьнем.
    «У мяне багаты досьвед і рукі адкуль трэба растуць, — усьміхнулася Алеська. — А яшчэ шмат знаёмых. Вось і ўсё. Але ты можаш мяне пахваліць, я дазваляю. Люблю, калі мяне ацэньваюць па заслугах. А твой дзед... Ён хто? He падабаецца мне ягоны пакой. Нечым ад яго такім патыхае... He маім. Чужым. Сьмерцю...»
    «Ён не расказваў», — сказаў Мікола.
    «А ты запытайся», — хітра прымружылася Алеська.
    «Неяк няёмка, — сказаў Мікола. — Я чакаю, што ён сам раскажа... Слухай, мне трэба да яго, ён там, відаць, ачуняў, чакае...»
    «Пасьпееш, — сказала Алеська. — Сядзь каля мяне. Ты што, і праўда думаеш уцячы? Ад мяне? Што ты ўсё руку хаваеш, як не сваю? Вазьмі і пакладзі, вось сюды... Думаеш, я ня бачыла, як ты на мяне глядзіш на лекцыях? Нібы зжэрці хочаш...»
    Мікола падпарадкаваўся. Яны рухаліся так, нібы танцавалі па гэтай кватэры, а потым Мікола бачыў сябе ў старым люстэрку: яны былі з Алеськай на Дзядулевым ложку, яны двое, адны ў цэлым сьвеце, і яны рабілі тое, чаго Мікола ніколі яшчэ не рабіў, і слухалі разам тое, чаго ня чуў ніхто, апрача іх. I іх бачыла толькі старое люстэрка, а больш ніхто, зусім ніхто ў цэлым сьвеце.
    I гэта быўтолькі пачатак шчасьлівыхдзён. Бо калі Алеська апранулася і зьбіралася сыходзіць, ажыў стары тэлефонны апарат на Дзядулевым стале. Мікола падняў слухаўку, разглядваючы ў люстэрку сваё голае цела. I незнаёмы голас сказаў яму, што Дзядулі болын няма.
    Няма.
    Мікола нікому не сказаў пра тое, што адбылося. Хацеў, але не сказаў, не да таго было, занадта шчасьлівыя дні абрынуліся раптам на яго, як фаервэрк, і занадта мала часу ён меў цяпер, каб хадзіць на нейкія лекцыі і сустракацца са сваёй кампаніяй і са знакамітым Паэтам. Стары апарат
    у цёмнай вітальні званіўяшчэ некалькі разоў, але Мікола ня браў трубку, а потым проста адключыў яго, бо гэты аблуплены дыскавы тэлефон замінаў сваім дурным голасам ягонаму шчасьцю. Алеська пасялілася ўяго, Дзядулева кватэра напоўнілася маладымі галасамі — бо да Алеські прыходзілі госьці, сучасныя і гучныя, маднявыя і хітрыя, крутыя і іранічныя, і ўсе яны з зайздрасьцю глядзелі на Алесьчынага новага хлопца, уладальніка трохпакаёўкі ў цэнтры сталіцы і аўтара забаўных вершыкаў на роднай мове. Праўда, вершы Мікола пісаць перастаў, але ўсе ведалі, што ён займаецца літаратурай, і верылі Алесьцы на слова, што вершы файныя, хоць яна ніколі іх не чытала. Але Мікола не крыўдаваў, не да крыўдаў яму было цяпер, калі жыцьцё павярнулася да яго сонечным бокам. У сталіцу прыйшла вясна, і Мікола не хацеў думаць, што будзе заўтра.
    «А твой Дзядуля таксама быў літаратар, — сказала неяк Алеська, паказваючы на старыя папкі ў шуфлядах Дзядулевага стала. — Вось, глядзі, колькі рукапісаў. Я думаю, ён пісаў дэтэктывы. Бач ты... “Справа №29101937”. Сьмешныя гэтыя старыя... Думаюць, што некаму цікавыя іхныя ўспаміны...»
    «Мы спалім гэта ўсё, — сказаў Мікола, абдымаючы яе. — I зробім тут майстэрню для цябе. Ты ж мастачка».
    Ён ведаў, што да летняй сэсіі яго не дапусьцяць. Ведаў, што сяброўству зь Юзам, Віталем і Лёнчыкам прыйшоў канец. Але хто яны былі такія? Проста няўдаліцы, гэткія самыя правінцыялы, як ён. Але ён ужо не пачуваўся правінцыялам.
    «Тут нейкія дакумэнты, — сказала Алеська на пачатку траўня, калі вырашыла неяк разгрэбці кучы папераў, якія ляжалі ў стале. — Зараз праверым, колькі гадоў было тваймудзеду...»
    Яна села вывучаць пасьведчаньні.
    «Сто дзевяноста тры... — палічыла яна. — Твайму дзеду было сто дзевяноста тры. Хаця не. Гэта яму выдалі мэдаль
    у сто дзевяноста тры. За шматгадовую і пасьпяховую службу на варце чагосьці там...»
    «Хахаха, — сказаў Мікола. — Проста памылка. Лішняя лічба».
    «Не, чакай, — сказала Алеська. — Якая лішняя лічба. Тры? Тады выходзіць, яму далі яго ў 19 гадоў. Ня складваецца. А калі лішняя лічба 1, тады ў 93. Таксама нешта ня тое».
    «Пляваць, — сказаў Мікола. — Спалім гэта ўсё! Хадзі сюды».
    Ён бы і спаліў усе гэтыя непатрэбныя паперкі, але неяк ленаваўся. Дый як ты іх спаліш, дзе? He ў двары ж. I не на кухні. Можна было проста выкінуць макулятуру ў адмысловыя кантэйнэры, аднак нешта замінала Міколу — нейкі голас шаптаў яму, што тады ад Дзядулі застанецца сьлед, нехта можа пабачыць Дзядулевы дакумэнты і папкі і зацікавіцца, каму яны належалі. Так і ляжала тая макулятура ў Дзядулевым пакоі, а Алеська і праўда паціху ператварала яго ў майстэрню.
    Вясна разгаралася, вясна пахла так нясьцерпна, вясна сьпявала і грымела трамваямі і навальніцамі. Яны з Алеськай клаліся позна, пасьля таго, як ад іх сыходзіў апошні госьць. Іхнай спальняй быў пакой Міколы. Засынаючы, яны ўсьміхаліся — шчасьлівыя дні тоўпіліся ў кватэры і шапталі ім, што так будзе заўсёды. Але аднойчы Алеська раптам прачнулася сярод ночы:
    «Чуеш? Там нехта ходзіць...»
    «Дзе?»
    «У маёй майстэрні...»
    «Няма там нікога».
    «Ідзі і паглядзі. Ты ж мужык?»
    Мікола неахвотна падняўся, пайшоў праверыў. Вядома ж, у кватэры нікога не было, апрача іх. Ён выключыў сьвятло і лёг спаць. Але наступнай ноччу Алеська зноў ускочыла:
    «Там нехта ёсьць!»
    Давялося Міколу зноў яе супакойваць. Ісьці, уключаць паўсюль сьвятло, торгаць ручку на дзьвярах. Ён лёг і заснуў, а Алеська ня спала да раніцы. Праўда, наступны тыдзень ніякія кашмары яе не трывожылі. Аднак ужо ў панядзелак Мікола прачнуўся ад таго, што яна шалёна пхае яго ў бок.
    «Што, зноў? Алеська... Сьпі. Нікога там няма».
    «Нехта пазваніў у дзьверы!» — прашаптала яна.
    Мікола зірнуў на стары гадзіньнік, што вісеў на сьцяне. Было тры гадзіны раніцы, сонца яшчэ ня ўстала над сталіцай, толькі ліхтары і машыны на двары ня спалі ў гэтую ноч, напаўняючы пакой трывожнымі водбліскамі.
    У дзьверы і праўда званілі. Мікола пайшоў праверыць, каго прынесла ў такую рань. Ідучы ў вітальню, ён намагаўся адагнаць ад сябе навязьлівую думку, што гэта нейкія Дзядулевы сваякі прыйшлі заявіць свае правы на кватэру. Гэтага не магло быць. Кватэра была ягонай. Ягонай — і дзівоснай Алеські, якую яму падаравала такая непрадказальная, п’яная і шчодрая маладосьць.
    «Хто там?» — спытаў Мікола як мага болын грозна.
    «Суседка! Можна ад вас у хуткую пазваніць, у мужа cappa прыхапіла!» — пачуў ён жаласьлівы голас.
    Ён адчыніў. У кватэру, адштурхнуўшы яго, увайшлі трое мужчын у скураных плашчах. Двое кінуліся ў пакоі, а адзін, каржакаваты і лысы, утаропіўся на Міколу. Мікола адкрыў рот, каб выказаць пратэст, але каржакаваты яго апярэдзіў. Ён назваў імя Міколы, ягонае імя па бацьку і прозьвішча, а затым важка дадаў:
    «Вы арыштаваныя, зараз мы правядзем вобшук. Панятыя, займіце свае месцы».
    За мужчынамі ў плашчах у кватэру прасьлізнула тая самая суседка, за ёй яе муж.
    «Дагуляліся? — прашыпела суседка. — А то спаць не даюць, ператварылі кватэру ў прытон...»
    «Я студэнт унівэрсытэту! — сказаў Мікола каржакаватаму, не зьвяртаючы на брыдкую суседку ніякай увагі. — Вы ня маеце права, я не зрабіў нічога супрацьзаконнага».
    «Студэнт? — павярнуўся да яго насьмешліва адзін з плашчоў. — Хлусьня. Загад на выключэньне ўчора падпісаны рэктарам».
    «Там разьбяруцца, — глуха кінуў каржакаваты. — Пачынайце».
    Вобшук быў нядоўгі. Седзячы на кухні, Мікола і Алеська ў роспачы слухалі, як гэтыя жахлівыя госьці ў плашчах корпаюцца ў іхных рэчах. А потым каржакаваты сказаў тое, чаго яны баяліся, тое, што ведалі зь фільмаў і кніг:
    «Вы двое праедзеце з намі».
    Міколу і Алесьцы далі накінуць джынсы і швэдры і вывелі на двор. Там іх чакаў дзіўны фургон, які крануўся зь месца адразу ж, як за арыштаванымі бразнулі жалезныя дзьверы. Фургон ехаў доўга, праз шчыліны пачало прабівацца ружовае сьвятло, калі фургон нарэшце спыніўся. Мікола і Алеська саскочылі на мокрую ад расы траву. Навокал быў лес, а перад імі ляжала, вывернуўшы жоўтыя вантробы, неглыбокая яміна. Мужчыны ў плашчах акружылі арыштаваных.
    «Я не хачу!» — крыкнула Алеська.
    «Вы ня маеце права!» — сказаў Мікола жаласьліва.
    «Разбудзі мяне, ты, чуеш?» — заплакала Алеська, і Мікола заляпіў ёй аплявуху, каб вярнуць у прытомнасьць. Ён ніколі раней такога не рабіў. Далонь зьвінела, над лесам уставала сонца, ад ямы сумна пахла сьвежай зямлёй.
    А зь лесу выйшаў Дзядуля, ладны і бадзёры, у гімнасьцёрцы, галіфэ, ботах, у фуражцы, з папкай пад пахаю.
    «Яму васямнаццаць, — сказаў Дзядуля надтрэснутым голасам, гледзячы скрозь Міколу кудысьці ў пустату, далёка-далёка. — I ёй васямнаццаць. Як дзяліць будзем, таварышы?»