Апошняя кніга пана А.
Казка
Альгерд Бахарэвіч
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 500с.
Мінск, Прага 2020
«Гэта не твая справа, — сказаў сын купца тонкім і пакрыўджаным голасам. — Ідзі і вартуй!»
«Слухаюся», — кінуў Артэміюш і выйшаў з пакоя. Я чуў, як злосна ён тупае нагамі па лесьвіцы.
«А чаму ты трымаеш у руцэ гаршчок?» — спытаў сын купца, падышоўшы бліжэй і сьвецячы мне проста ў твар.
«Разумееш, — сказаў я, паставіўшы кветку на месца. — Да мяне пару начэй запар прыходзіў тыгр. Праўда, мінулай ноччу ён не зьяўляўся... Але калі я пачуў, што нехта ідзе сюды, дык схапіў тое, што было пад рукой. Тыгры — яны такія, ніколі ня ведаеш, чаго ад іх чакаць...»
«Тыгр? — малы закаціў вочы. — У нас дома?»
Я расказаў яму пра начныя танцы ў мяне ў пакоі. Расказаў пра згублены хвост, пра маску... He расказваў толькі пра тое, чым мы займаліся з Маргусяй у памяшканьні з пральнымі машынамі.
«Здаецца, я разумею, што гэта за тыгр, — сур’ёзна сказаў сын купца. — Але я прыйпюў ведаеш для чаго?»
«Ну?»
«Мне вельмі падабаюцца твае казкі, — нахмурыўся хлопчык. — Ці ня мог бы ты напісаць гісторыю пра мяне?»
«Пра цябе? Ох, баюся, гэта будзе складана».
«Чаму? Ты ж прыдумляеш гісторыі пра самых розных людзей і зьвяроў».
«Давай зробім так, — сказаў я. — Я прыдумаю гісторыю пра цябе. Ня сёньня, але неяк прыдумаю. Можа, заўтра. А ты раскажаш мне пра гэты дом. Тое, што ведаеш. Згода?»
«Добра, — сказаў ён, ня зводзячы зь мяне вачэй. — Я раскажу табе, што ведаю. Ня сёньня, але неяк раскажу. Можа, заўтра».
«А цябе голымі рукамі ня возьмеш, — сказаў я. — Дамовіліся. Заўтра ўначы ты пакажаш мне дом і раскажаш, што гэта за тыгр».
«Тыгр... — пазяхнуў сын купца. — Цяпер ён ужо ня тыгр. А сабака... Ты іпто, не разумееш? Дзе твая фантазія? Добра, заўтра я пакажу табе нешта. Толькі нікому не расказвай, добра? Ты ўмееш захоўваць таямніцы?»
ГіСТОРЫЯ ДЗЯСЯТАЯ
ПРЫВАТНЫ СЭКТАР
Рыэлтарка спазьнялася. Седзячы ў машыне, Гай пасьпеў уважліва вывучыць вуліцу: стары, драўляны, касабокі прыватны дом, каля якога ён прыпаркаваўся, некалі сіні, а цяпер шэры плот перад ім, за плотам расла высокая трава, разгалістыя дрэвы навісалі над ходнікам. Стары дом, сад зь дзічкамі... Нечая мара. За садам была жалезная агароджа, за ёю — чыста падмецены двор і дом суседзяў: белы, дагледжаны, грунтоўны. 3 друтога боку вуліцы... He, другі бок яго не цікавіў. Там, дзе вуліца канчалася, стаяла прыземістая калёнка на невялікім цэмэнтным падмурку — проста пад кранам падмурак меў ямку, нібы быў выедзены вадой. Вуліцу нясьпешна перабег кот, вецер прычасаў язьмінавы куст. Праз адчыненае акно ў машыну заляцеў ачмуральны пах шашлыку. Хтосьці роўна бабахаў малатком. Прыватны сэктар. Вечар. Важны вечар. Магчыма, самы важны за апошнія дваццаць гадоў.
3-за павароту вылезла машына, спынілася зусім блізка, фары ў фары. Гай выйшаў, паціснуў маленькую руку. Рыэлтарка была маладая і з усяе моцы старалася выглядаць дасьведчанай ваўчыхай з рынкавых джунгляў. Яна прасунула руку і адчыніла весьніцы. Гай прайшоў за ёй у сад, спыніўся на парозе. Рыэлтарка дастала ключ:
«Я вам казала. Дом стары. Ніхто даўно не жыве. Усё сумленна, я вас папярэдзіла».
Дом адразу ж зарыпеў, адгукаючыся на іхнае ўварваньне ўсімі сваімі ранамі. Пахла цьвільлю ды гнільлю, сырая мэбля, урослая ў падлогу, глядзела на Гая падсьлепавата, як пакрытыя павуціньнем грыбы. Пакой за пакоем, ложак, керагаз, курыныя лапы ўспоратага паралёну, нейкія рогі на сьцяне, катастрафічна, да карычневых падпалін на сьценах закураная некім кухня — яны з рыэлтаркай нібы рэзалі нябожчыка, разам, учатыры рукі. Але гэта быўдом. Сапраўдны мёртвы дом з садам. Стары дом, у якім некалі нехта жыў.
Рыэлтарка расказвала пра плюсы. Зямля! Пяць сотак зямлі. Дом можна зьнесьці і пабудаваць новы. Падмурак, дарэчы, цэлы. А яшчэ падвал. Сутарэньні! Можна пракапаць да вуліцы і зрабіць гараж. Дах працякае. Затое які сад. Чалавек з рукамі тут бы хутка навёў парадак.
Гай задаў пару пытаньняў, на адказы яму было напляваць. А потым, тым самым тонам, абыякава сказаў:
«А суседзі? Алкашы?»
«Не, — мітусьліва кінулася да яго рыэлтарка. — Наколькі я ведаю, справа ніхто не жыве, а зьлева, праз агароджу, там... Там вы самі бачылі, добры дом, дагледжаны. Там нармальная, шчасьлівая, інтэлігентная сям’я зь дзіцём. Вы зь імі паладзіце».
Ён пахадзіў, парыпеў, памацаў, удаючы незадаволенасьць, граючы на твары сумневамі, пагрукаў сям-там.
«Ну не, — сказаў Гай. — Гэта ня дом. Гэта труп».
Яна ўздыхнула, быццам толькі і чакала.
«Я ж вас папярэджвала. За такі кошт... Што ж, вам вырашаць».
«Не», — паўтарыў ён.
«Я разумею, — сказала рыэлтарка. — Я званіла гаспадыні, намякала, што варта скінуць тысячу, а мо і болей. Але яна ні ўякую. Яна ў Піцеры жыве. Званіць дорага...»
«Не, — сказаў ён. — Такія грошы? За што? Гэтая хаціна разваліцца адразу ж, калі я захачу ўкруціць лямпачку».
Яны выйшлі з дома, рыэлтарка павесіла замок, зачыніла весьніцы.
«Пачакайце, — сказаў Гай перад самым разьвітаньнем. — Ведаеце... Я падумаў... Чорт з вамі ўсімі. Я куплю яго. Зямля...»
«Зямля! — радасна сказала рыэлтарка. — Я ж і кажу. Зямля!»
Праз пару дзён, выканаўшы ўсе фармальнасьці, ён прыехаў сюды зноў. Прыехаў як гаспадар свайго дома з садам. Весьніцы трэснулі ў яго ў руках. Гай прысунуў іх як мог. Адамкнуў дзьверы. Стаў каля акна і паглядзеў у двор. На высокую траву, на дрэвы, на агароджу, за якой бялеў дом шчасьлівай, інтэлігентнай сям’і. Гай забраўся на гарышча, уладкаваўся каля шчыліны, адтуль быў добра відаць суседзкі падворак. Вось той, у майцы, пахілы, дабрадушны — значыць, муж? Ara. А гэты ў пясочніцы — сын. Гадоў пяць. А яе нідзе не відаць. Занятая хатнімі справамі. Гаспадынька. Жонка. Маці. Новае жыцьцё. Ну-ну.
Гай патраціў увесь дзень, спрабуючы абжыцца ў сваім доме. Мабыць, суседзі чулі, што ў доме нехта зьявіўся. Але Гай не зьбіраўся хавацца. Увечары ён выйшаў у сад, пакасіў траву, паставіў каля агароджы раскладное крэсла, раскурыў люльку — і сеў там, раскінуўшы ногі і насьмешліва ўзіраючыся ў прасьветы між прутамі чужога жыцьця. На тым баку хлопчык зноў гуляў у пясочніцы. Ён заўважыў Гая, адвярнуўся, але цікаўнасьць перамагла. Хлопчык падбег да прутоў.
«А ты хто?» — спытаў ён.
«Я ваш новы сусед», — адказаў Гай, уважліва акінуўшы яго позіркам, шукаючы ў ім знаёмыя, родныя рысы.
«А чаму?»
«Таму што, — сказаў Гай. — А дзе твая мама?»
«Мама дома. А тата на рабоце. Ён хутка прыйдзе».
Маці, відаць, пачула, што яе сын з кімсьці размаўляе. Выйшла ў двор паглядзець.
«Ну вось, — сказаў ёй Гай. — Вось. Даўно ня бачыліся».
«Ты... — сказала яна з жахам. — Ты што тут робіш?»
«Жыву, — сказаў Гай з асалодай. — Гэта мой дом. Мой сад. Толькі жонка чамусьці стаіць за агароджай. Можа, вернешся?»
Яна моўчкі сышла ў дом, забраўшы малога. Гай чуў, як яна на яго крычала. Ну, пакрычы, пакрычы, думаў ён, прымінаючы попел у люльцы. Самае страшнае ўжо скончылася. Ты ведаеш, што я тут. I ты ведаеш, што я не адчаплюся. He адчаплюся, пакуль ты ня вернешся. А інакш табе давядзецца бачыць мяне кожны дзень. Кожны дзень.
Ён ведаў, што яна ведае, пра што ён думае. Яна ведала, што ён ведае, пра што думае яна. Яны ведалі, пра што ім нельга думаць. Ён ведаў, што не адступіць. I яна гэта ведала. Так бывае. Так будзе, колькі існуе сьвет, думаў ён.
Назаўтра ён пазнаёміўся зь яе мужам. «Мужам», — думаў Гай, уяўляючы гэтае двукосьсе. Чалавек у двукосьсі стаяў перад ім і расказваў розную лухту. Прыбраць двукосьсе — і чалавека не застанецца. Гай адчуваў, што падабаецца гэтаму мужчыну. Ён слухаў ягоныя наіўныя развагі, усьміхаўся, курыў люльку і казаў сам сабе: колькі ўва мне нянавісьці да гэтага зусім чужога мне чалавека. Халоднай нянавісьці, рашучай нянавісьці, нянавісьці, якая можа забіць, варта толькі прыбраць засьцерагальнік. Яе «муж» быў яму чужы — і ўсё ж яны былі зь ім браты. Гэта яна зрабіла іх братамі. Сваім целам, сваім голасам. Ён размаўляў з братам — а брат нічога не разумеў. Ты сам вінаваты, думаў Гай. Вінаваты ў тым, што жывеш зь ёй там, па той бок агароджы. Калі ты адпусьціш яе, я дарую. Але ты не адпусьціш. Яна ўсё вырашыць сама.
Мінуў дзень — і яму зноў удалося пагаварыць зь ёй. He, ён не хаваўся, нашто яму было хавацца, гэта быў ягоны
дом і ягоная жанчына. Ён сядзеў перад агароджай, і яна мусіла падысьці.
«Божа, Гай, — сказала яна. — Колькі гадоў прайшло. У мяне зусім новае жыцьцё. Навошта ты прыйшоў? Навошта гэта ўсё? Ты хочаш разбурыць тое, што я так доўга стварала. Сыходзь, зьяжджай, прадай гэты дом і зьнікні».
«Божа? — усьміхнуўся ён. — Я памятаю цябе зусім іншай. У тыя часы ад цябе немагчыма было пачуць слова “Божа”. Ты пытаешся, навошта я прыйшоў. Хіба ня ясна? Забраць цябе. Вярнуць. Хачу, каб усё зноў было так, як было. Ты забыла, чым мы займаліся з табой тады, дваццаць гадоў таму? Як ты магла забыць?»
«Гай! — сказала яна. — Я не вярнуся. Сыходзь, зьнікні. Так будзе лепш для нас абаіх».
«Лухта, — сказаў ён. — Успомні, як цудоўна мы жылі. Якія вялікія справы займалі нас! Думаеш, усё было марна? Хочаш, я нагадаю табе, чым мы займаліся, днямі і начамі? Хочаш?»
«Не, — сказала яна. — Я ўсё гэта забыла і не зьбіраюся ўспамінаць. Гэта было жахліва, Гай. Занадта жахліва. А да таго ж бессэнсоўна».
«Слухай мяне ўважліва, — сказаў Гай. — У нас было каханьне. У нас і цяпер каханьне. I ты вернешся. А што да марнасьці... He. Гэта ты здалася. Здалася і ўцякла ад мяне тады, на вакзале ў Празе. А я працягваў нашую справу і шукаў цябе. I ведаеш што? У мяне атрымалася. Усё атрымалася. Я зьдзейсьніў тое, пра што мы марылі, я зрабіўяго. I знайшоў цябе. Я перамог, разумееш?»
«Гэтага ня можа быць, — сказала яна. — Я ня веру табе. Сыходзь. Зьнікні. Ня муч мяне, Гаю».
I яна схавалася ў доме. Увечары Гай чуў, як яна сварыцца з мужам, як крычыць на сына, як плача ў кухні. Ён чуў, як раптам трэснула парцалянавае шчасьце ў суседнім доме, і задаволена думаў, што вяртаньне пачалося. Ён пераможа. Ня можа не перамагчы.
Але ён недаацаніў яе.
Наступнымі днямі ён ня чуў ні сварак, ні плачу. Наадварот: яна зладзіла сямейную вячэру проста ў двары, перад самай агароджай, яны ўселіся за сталом, і яна ўсяляк паказвала яму, якая шчасьлівая са сваім так званым «мужам» і дзіцём, якога ня мусіла быць — і ўсё ж яно было. Яны трое ажно прамяніліся ад шчасьця — і яна пераможна пазірала на вокны Гая. Так, ён стаяў там, за рванай фіранкай, і глядзеў на іх. Ён бачыў сямейную ідылію — і ўсё ж ведаў, што гэта спэктакль. Спэктакль для яго аднаго.