Апошняя кніга пана А.
Казка
Альгерд Бахарэвіч
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 500с.
Мінск, Прага 2020
«Можна ў кіно, — сказаў Шашок абыякава, бо ведаў, што ні ў якае кіно яны ня пойдуць. — Ці ў аквапарк».
«Не, — сказаў тата. — Дорага. Ведаеш што? Мы паедзем на рынак. На самы вялікі рынак. Там самыя крутыя будматэрыялы. У мяне куча справаў. Але табе спадабаецца. Гэта агромністы рынак, там ня можа не падабацца. Да Taro ж там можна добра зэканоміць».
Шашок ведаў, што спрачацца ня мае сэнсу. Яны доўга ехалі на аўтобусе, потым пераселі на тралейбус — і прыехалі на рынак. Тата адразу ж акрыяў, плечы ягоныя распрасталіся, шчокі запунсавелі, нібы на рынку стаяў мароз, і нават адвіслае пуза нібы зрабілася крыху меншым, схаваўшыся ў складках даўно ня мытай курткі. Ён не выпускаў руку Шашка да таго моманту, пакуль яны не прыйшлі ў лябірынт аднолькавых маленькіх павільёнаў, дзе ў сотнях дзьвярэй стаялі аднолькавыя мужчыны і жанчыны ў аднолькавых куртках, падобных да татавай, і хітра ўзіраліся ў твары пакупнікоў. Рынак і праўда быў агромністы: пакуль яны дайшлі да таго лябірынту, Шашок захацеў есьці. Аднекуль патыхала тлустым смажаным мясам, і ў Шашка рот напоўніўся сьлінай, якую ён глытаў і глытаў, і гэта было добра, таму што можна было нічога не казаць.
«Ну вось мы і на месцы! — узбуджана сказаў тата, спыніўшыся на адным з сотні аднолькавых скрыжаваньняў. — Тут ёсьць усё: фарба, грунтоўка, шпаклёўка, клей, шпалеры, плітка, цэмэнт, шуфлі і шпатэлі, лямінат і карбанат, карбід і каркасы, гіпс, кардон і нават гіпсакардон! Паглядзі, які цуд!»
«Можа, купім шаўрму?» — нясьмела прапанаваў Шашок.
«Ты што! — сказаў тата. — Мы ж эканомім. Ты што, дома не паеў, перад тым, як ісьці? Гэта вельмі неэканомна. Хаця
я, канечне, пазнаю тваю маці. Уручыць мне галоднае дзіця і ўвесь дзень займацца толькі сабой — гэта ўяе стылі...»
Шашок стаяў, ня ведаючы, што сказаць. Міма прабягалі людзі, кожны нешта цягнуў: то вядро, то мех, то нейкую штыкеціну.
«Ведаеш, што, — прамовіў нецярпліва тата. — Мы зробім так. Вось табе рубель. Ідзі пагуляй па рынку. Можа, купіш сабе піражок з бульбай. Я ведаю, што яны каштуюць значна менш, так што ў цябе яшчэ застануцца капейкі, але на тваім месцы я б адклаў іх да наступнага разу. Што маўчыш?»
«Нічога», — сказаў Шашок.
«Ну добра, — сказаў тата. — Можаш купіць сабе што захочаш. Я дазваляю. Урэшце, ты ўжо дарослы чалавек і сам можаш распараджацца бюджэтам. Вось, трымай рубель і ідзі пагуляй. А я пакуль пахаджу па гэтых цудоўных павільёнах, дзе столькі цікавага. Шкада, што я не пасьпеў прывучыць цябе да нармальных мужчынскіх заняткаў. Цяпер ты жывеш з маці — і, вядома ж, ты будзеш рабіцца ўсё болыіі лянівым. Што зробіш. Ідзі, прайдзіся, сустрэнемся на гэтым самым месцы праз гадзіну. Згода?»
He чакаючы адказу Шашка, тата кінуўся ў бакавы праход і зьнік у лябірынце.
Шашок пастаяў крыху, сьціскаючы ў руцэ выдадзены яму рубель. Як толькі ён застаўся адзін, яго адразу пачалі штурхаць людзі, якія сноўдалі па скрыжаваньні паміж павільёнаў, не разьбіраючы дарогі, бо вочы іхныя глядзелі толькі на выкладзены ў вокнах і на мэталічных прыступках тавар. Шашок адступіў убок, каб яго перасталі штурхаць. А потым паволі пайшоў па вузкім праходзе між шэрых крамаў. Ён не адразу зразумеў, што міжволі рухаецца ў бок закусачнай, дзе прадавалі шаўрму. I нечакана апынуўся проста перад ёй, у чарзе. На акне было прыклеенае скотчам ярка-аранжавае мэню. Самая танная шаўрма каштавала пяць рублёў. Шашок меў адзін. Калі б у яго былі
яшчэ чатыры эканомныя таты, ён бы абавязкова купіўсабе шаўрму ў хрусткім хлебе. I зьеў бы яе адразу ж, на месцы. I ні з кім не падзяліўся б. Хаця... Шашок паглядзеў на кудлатага рынкавага сабаку, які прысеў ля ягоных ног. Сабака глядзеў на Шашка, Шашок на сабаку. 3 рота ў сабакі зьвісала сьліна. «На, трымай», — сказаў у думках Шашок і кінуў новаму знаёмцу ўяўны апошні кавалак мяса. Ён падзяліўся б. Але дзяліцца не было чым.
Шашок вырашыў пайсьці чым далей ад таго месца, каб пах перастаў яго дражніць. Павільёны былі такія аднолькавыя, што ён імгненна заблукаў. I прадавалася ў іх усё абсалютна аднолькавае — і Шашок не разумеў, чаму б не сабраць усё гэта ў адным вялікім павільёне і не прадаваць усім ахвотным. Рынакяму не падабаўся. Але ён ня ведаў, чым заняцца, таму проста ішоў наперад і глядзеў на рэчы, якія так узбуджалі яго тату. Дзіва, але неўзабаве ён павярнуў кудысьці не туды і трапіў на іншую частку рынку, дзе прадавалі ўсё на сьвеце, а ня толькі будматэрыялы. Шашок спыніўся перад нейкай крамай і пачаўразглядваць навагоднія гірлянды. Гірлянды былі самыя розныя, яны ўспыхвалі, гасьлі, пераліваліся, перацякалі адна ў адну, мігцелі і пра нешта сыгналізавалі. Шашок набраўся сьмеласьці і ўвайшоў.
«Куды? — грозна накінуўся на яго прадавец. — 3 сабакамі нельга!»
Шашок азірнуўся і ледзь не спатыкнуўся. Так, галодны сабака ўвесь гэты час бег за ім.
«Ідзі пагуляй, — сказаў Шашок, выходзячы з крамы. — Купі сабе піражок з бульбай! 3 надыходзячым Новым годам, ясна?»
Сабака паглядзеў на яго, цярпліва чакаючы, калі Шашок пойдзе далей. Шашок вырашыў, што пара ўжо вяртацца на тое месца, дзе яны разьвіталіся з татам. Ён нырнуў у нейкі праход, яму здавалася, што ён ідзе правільна. Вузкі праход, ажыўлены і мітусьлівы, як вуліца, вывеў яго ў тупік. У тупіку стаяў неахайна апрануты чалавек у нейкім ці то ана-
раку, ці то ў андараку і нешта мармытаў сабе пад нос, нібы напяваў нудную песьню.
Чалавек заўважыў Шашка і падышоў да яго:
«Купіш?»
«Што?» — спытаў Шашок.
«А што ты шукаеш?» — прашыпеў чалавек.
«Нічога», — сказаў Шашок.
«Тады ідзі адсюль, — нягучна гыркнуў на яго прадавец. — Тут табе рынак, сюды бяз грошай не прыходзяць».
«У мяне ёсьць грошы, — сказаў Шашок і паціснуў плячыма. — Але што можна купіць на адзін рубель?»
«Адзін рубель? — засьмяяўся чалавек. — Гэта агромністыя грошы, ты проста багач!»
«Проста мы з татам эканомім, — сказаў Шашок. — Капейка рубель беражэ. Вось і зьберагла».
Чалавек зноў засьмяяўся, але потым раптам зрабіўся сур’ёзны.
«А твой тата мае рацыю, — сказаў ён. — Рубель — таксама грошы. У мяне ёсьць нешта на адзін рубель. Так што ты мой кліент!»
I з гэтымі словамі прадавец расхінуўсваю куртку. Пад курткай у яго была камізэлька з мноствам празрыстых кішэняў, а ў кішэнях ляжалі каляровыя пакецікі і ўпакоўкі з пэтардамі, бэнгальскімі агнямі, фаервэркамі, бомбачкамі і канфэці.
«Выбірай, — сказаў прадавец. — Усё найлепшай якасьці, усё імпарт. Накупіш — і на Новы год зладзіш у сваім двары сапраўдную другую сусьветную вайну!»
«А колькі вось гэта?»
«Тры рублі!» — сказаў прадавец.
«А гэта?»
«Пяць».
«А вось гэтая бомба?»
«Сем. Вось тут, ніжэй, — і прадавец паказаў туды, дзе імаверна знаходзіўся ягоны пуп, — усё па два. Давай, выбірай хутчэй».
«Але ў мяне толькі адзін рубель», — сказаў Шашок.
«Дык дакінь яшчэ адзін», — параіў прадавец.
«Не магу, — сказаў Шашок. — Дзе я яго вазьму?»
«Ты што, і праўда маеш толькі рубель? — спытаў прадавец недаверліва. — Ты сур’ёзна? Бацька выдаў табе ўсяго АДЗІН РУБЕЛЬ?»
«Ага», — сказаў Шашок.
«Вось падла, — сказаў прадавец. — To бок жмінда. Жмінда няруская твой бацька, ты ўжо мне прабач. Ну... Вось там, у бакавой кішэні, ёсьць агеньчыкі за рубель. Падробка, браце. Танная падробка. Я табе шчыра скажу: нават ня ведаю, ці запаляцца яны. Табе вырашаць. Хочаш — бяры».
«Вазьму, — сказаў Шашок. — Вось».
I ён аддаў прадаўцу рубель, а сам зрабіўся ўладальнікам агеньчыкаў. Натоўп падхапіў яго і панёс кудысьці, а Шашок усё думаў, што гэта на яго найшло. Аддаць рубель за падробку... Які ж ён дурань. Стоячы каля нейкай крамы, ён пачаў разглядваць упакоўку. На ёй быў выцьвілы надпіс нейкімі дзіўнымі знакамі, а на адваротным баку, як належыць, было і па-расейску. «Волцебные опонькм», — так там было напісана, з памылкаю, як гэта часта бывае на кітайскіх пакетах. Шашок нявесела ўсьміхнуўся і схаваў пакецік у кішэнь.
Ён блукаў доўга, сабака бег за ім, але знайсьці тое скрыжаваньне, дзе яны дамовіліся сустрэцца з татам, усё ніяк не ўдавалася. I тут здарылася дзіва з тых, якія часта адбываюцца на Каляды: Шашок выйшаў на нейкую вулачку і наляцеў проста на тату.
«Ты дзе ходзіш? — сказаў тата. — I што гэта за разносчык інфэкцый?»
I ён таўхануў сабаку мыском бота. Шашок доўга глядзеў, як сабака ўцякае, лавіруючы між чалавечых ног. А тата расказваў і паказваў, што ён здабыў на рынку. Плястыкавыя вёдры, пакеты, клей, шпалеры...
«Ну а ты? — нібы прачнуўшыся, узяў яго за руку тата. — Купіў што?»
«Піражок, — сказаў Шашок. — 3 бульбай».
«Малайчына, — пахваліў тата. — Спадзяюся, рубля хапіла».
«Роўна рубель і аддаў», — уздыхнуў Шашок.
«Вось жа людзі, — сказаў тата злосна. — Піражок за рубель. Эх... He зэканоміўты сёньня. Увесь у маці... Трымай вядро, панясеш. Давай-давай, дапамажы бацьку. У прыбіральню ня хочаш?»
«Хачу», — сказаў Шашок і спыніўся, бо проста перад імі была белая будка з чырванашчокай жанчынай у акенцы і літарамі М і Ж.
«Ты што, — пацягнуў яго далей тата. — Яна ж платная».
Яны схаваліся за бэтоннай агароджай. Стоячы побач з татам і абліваючы яе гарачым струменем, Шашок бачыў, як на тым баку проста з грузавіка прадавалі апэльсіны. Такія яркія, што яны ажно рэзалі вока.
Назаўтра ў школе на перапынку ў клясе хлопцы падаставалі пэтарды і фаервэркі, у каго што было. Хваліліся, мяняліся, абмяркоўвалі. Чыталі ўголас надпісы. Нехта шматзначна, рытмічна, прагна шаргатаў пушачкай запалак. Шух-шух-шух-шух... Толькі двое хлопцаў ня ўдзельнічалі ў гэтай важнай выставе ўзбраеньняў. Шашок — бо яму было сорамна паказваць свой варты жалю набытак, і Ян Кніжка, які сядзеў у навушніках на задняй парце і слухаў нейкую аўдыёкнігу, дэманструючы поўную пагардуда плебейскіх забаваў большасьці.
Кніжка быў сынам аднаго багатага і паважанага выдаўца, ён жыў з мамай, татам і сястрой у вялікім прыватным доме — і ў школу Кніжку прывозіў кіроўца, дужы і прыгожы, як старажытны воін. I апранаўся Кніжка так модна, што яму зайздросьцілі нават старшаклясьнікі. А вучыўся Ян Кніжка лепш за ўсіх — а асабліва добра даваліся яму мовы, гісторыя і літаратура. Таму ніхто не сябраваў зь Янам Кніжкам — а яму, здаецца, было напляваць, ёсьць уяго сябры або не.
А вось Шашку было на такое зусім не напляваць. I ён рабіў выгляд, што паўтарае хатняе заданьне, а сам прыслухоўваўся да размоваў. Але размовы былі ўсё пра тое самае: пэтарды, бомбы, салюты... Шашок падумаў, што яму хочацца папрасіць у Яна Кніжкі адно вуха ад навушнікаў і паслухаць, што ж там такое цікавае яму расказваюць. Але Шашок не наважыўся.