Апошняя кніга пана А.
Казка
Альгерд Бахарэвіч
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 500с.
Мінск, Прага 2020
«Ці не запрасіць нам суседа? Ён добры мужык», — сказаў яе сужэнец.
«Навошта? — ускінула яна на яго бровы. — Хоць... Рабі як хочаш».
«Давай пазнаёмімся зь ім бліжэй».
Яе «муж» прыйшоў да Гая і паклікаў у госьці. I хвілін празь пяць Гай зьявіўся перад імі з цэлым вядром ігрушаў. «Чым бог паслаў». Ён спакойна сядзеў зь імі, еў і піў віно, чокаючыся і пакурваючы. Усвміхаючыся, слухаў нудныя, сямейныя жарты. А яшчэ ён бачыў яе вочы — у вачах гарэў знаёмы яму жорсткі агонь. Сыходзь, Гаю, казалі яе вочы. Зьнікні. Інакш будзе кепска.
Яна ня верыла яму, думаў Гай уначы, варочаючыся на сырым ложку. Яна раззлавалася. Яна паказала яму, што будзе супраціўляцца. Ён падняўся і спусьціўся ў падвал. Прасторны, прахалодны і глыбокі. Яе трэба будзе патрымаць тут тыдзень ці два. Прыходзіць сюды і гаварыць зь ёй. Толькі восв як яе выкрасьці? Як пераканаць зайсьці да яго ў госьці — ды так, каб ніхто не пабачыў?
Ён зачыніць яе тут і будзе гаварыць да яе. Кожны дзень і кожную ноч гаварыць да яе. А яшчэ ён пакажа ёй Памву.
Памва.
Ён пакажа яго, і яна пераканаецца, што ён ня хлусіць. Што ён перамог. Толькі вось як? Як завабіць яе сюды? Вакол людзі, людзі, людзі — і яны будуць яе шукаць. Людзі
пабачаць, як яна ідзе да яго ў дом. Людзі пабачаць тое, што іх зусім ня тычыцца. Людзі заўсёды бачаць тое, што іх зусім ня тычыцца, і ніколі ня бачаць галоўнага. Каханьня.
Дом рыпеў пад ветрам. Твар Гая быў чырвоны, нібы ў апёках. Зусім блізка ад яго, мэтраў за трыццаць, ня больш, стаяла чужое жытло, за сьценамі якога спала яна. Працягні руку і вазьмі. Вярні тое, што табе належыць. Трыццаць мэтраў зямлі.
Назаўтра ён зноў спусьціўся ў падвал. Ён уяўляў сябе археолягам. Ён заўсёды марыў зрабіцца археолягам. Ён узяў інструмэнты і нерашуча грукнуў па цаглянай сьцяне падвала. Грукат азваўся ў ім нейкім салодкім болем. Ён быў на сваім месцы.
Усё магло здарыцца інакш.
Усё жыцьцё магло пайсьці інакш.
У гісторыкіямутрэба было ісьці. Аямухацелася самому: у гісторыю. Каб спадары гісторыкі пра яго, а ня ён сярод іх. Каб імя ў вяках і на вуснах.
Чаму, чаму гісторык у ім не азваўся, калі прыйшоў час, чаму прамаўчаў баязьліва, калі званы пакліканьня гулі ў яго пад самым вухам? Чаму ён заняўся чортавай магіяй, калі мог пайсьці ў навуку?
Просты тэст, беспамылковы. Вось чалавек, а вось дом на дванаццаць паверхаў. Пра што чалавек думае, калі глядзіць на той дом? Хтосьці пра тое, як тут кватэру купіць, а хтосьці — як прадаць. Хтосьці пра формы, куты, канструктывізм, пра баўгаўс і пра будтрэст, пра стыль і сталь. Хтосьці пра шлякабэтон і цэглу, хтосьці пра хрушчоўкі і брэжнеўкі. Хтосьці пра жыльцоў, хтосьці з жалем — пра горад, зьнявечаны гэткімі вось спарудамі. А ён вось — адразу ўяўляе, што было на гэтым месцы да таго, як тут дом стаяў. Чуе пошум памерлага лесу, чуе галасы памерлых людзей, чуе гукі памерлай мовы, бачыць раскладзеныя перад ім мапы сьмерці, польскія, нямецкія, савецкія, царскія. Бачыць сьмерць і не баіцца. Што тут стаяла, што там бегла,
якая дарога, куды вяла, як звалася — каго насіла зямля, ня ведаючы нічога ні пра хрушчоўкі, ні пра брэжнеўкі, ні пра гісторыю, ні пра гісторыкаў. I як жа страшна і як цікава — уяўляць такое, шукаць і знаходзіць, чуць і бачыць тое, што засланіў сабой дом у дванаццаць паверхаў, бачыць скрозь сьцены, скрозь час і шум.
Вось гэта было ягонае. А потым зьявілася яна. I ён сказаў ёй: мы з табой няпростыя людзі. Мы зробім з табой Памву і заваюем сьвет. Я хацеў зрабіцца гісторыкам і знайшоў аднойчы Кнігу... Дзіўную Кнігу, у якой ёсьць адзін дужа цікавы тэкст... I калі расшыфраваць яго, калі выканаць усе інструкцыі... Яны сядзелі над Кнігай дзень і ноч. Кахаліся і зноў сядзелі над кнігай. Гэта быў шчасьлівы час. Вельмі шчасьлівы і вельмі цяжкі час.
Гай ударыў па цэгле і заплакаў.
Назаўтра ён марна прыглядаўся да жыцьця ў суседнім двары, марна прыслухоўваўся да гукаў у чужым доме. Сям’я трымалася моцна, там, на другім баку, панавалі шчасьце й лад. Гай ведаў, што яна ня здасца так проста. Але ў яго была зброя. У яго было выйсьце. У яго быў Памва.
Мінуў яшчэ адзін дзень. Зранку Гай сеў у машыну і паехаў у лес. Знайшоў знаёмую лагчыну, праверыў, ці няма паблізу лішніх вачэй. Дастаў лапату і адкапаў невялікую труну. Паставіў яе ў багажнік, засыпаў яміну зямлёй, закідаў гальлём і шышкамі. Вярнуўся ў горад, у свой прыватны сэктар, на знаёмую вуліцу, у свой стары дом. Занёс труну ў падвал, закурыў люльку і адчыніў. Адгарнуў поліэтылен.
Памва складаўся з дваццаці адной часткі. Дваццаць адзін шар розных памераў: ад самага малога, як мячык для настольнага тэнісу, да самага вялікага, памерам зь мяч для баскетболу. Гай дастаў шары, адзін за адным, расклаў іх на падлозе ў патрэбным парадку і задумаўся.
Рукі Памвы былі не прыстасаваныя да такой работы. Затое зубы... Гай з намаганьнем раскрыў адзін з шароў і правёў пальцам па гэтых вострых зубах.
Наша возьме, сказаў Гай.
Ён ведаў, у які час яна застаецца дома адна. «Муж» на працы, дзіця ў садку. А яна — хатняя гаспадыня. Ха-ха, яна — хатняя гаспадыня. Нармальнае жыцьцё. Гай уявіў сабе нармальнае жыцьцё. У нармальным жыцьці ўсё вымяралася і ўсё падлягала фізычным законам. Ён вымераў усе адлегласьці, вызначыў напрамкі. Трыццаць мэтраў на поўнач. Там трэба спыніцца і выкапаць два мэтры ўгару. А пасьля — паўза... I толькі ўначы трэба будзе выйсьці адтуль і замаскаваць яму. Яма мелася быць за прыбіральняй, ніхто б і не заўважыў. Плян быў просты. Памва будзе капаць, Гай — ісьці за ім і кантраляваць працу. Уначы яны дойдуць да патрэбнага месца і вылезуць на паверхню каля прыбіральні на суседнім двары. Гай замаскіруе праход і пералезе праз агароджу да сябе. А потым ён завітае да яе ў госьці сярод белага дня. Ён зойдзе да яе з вуліцы, не хаваючыся. Празь весьнічкі. А Памва гэтым часам пройдзе да яе падземным ходам. Яны сустрэнуцца на кухні ўсе трое. Нікога ня будзе ў тым шчасьлівым доме, апрача іх траіх. Ён, яна і Памва. Памва забярэ яе і зацягне праз падземны ход у ягоны падвал. А ён... Ён спакойна выйдзе на вуліцу і вернецца дамоў на вачах ва ўсіх. Застанецца толькі закапаць падземны ход.
Яна зьнікне са сьвету нармальных людзей.
Яе так званы «муж» і яе сын вернуцца дамоў і больш ніколі яе не пабачаць.
Яна вернецца да таго, хто кахае яе больш за жыцьцё.
Ён пакажа ёй Памву, і яна прызнае, што ён геній.
Ён разьбярэ Памву на часткі і адвязе ў новае месца, ён ужо прыгледзеў якое.
А потым ён прадасьць дом, і яны зьедуць.
I ўсё будзе так, як раней.
Раніцай ён падняўся і выкурыў люльку, выпіў моцнай кавы. А потым спусьціўся ў падвал разам з Кнігай.
Ён прамовіў заклён — і шары на падлозе пачалі зрастацца. Дваццаць адзін шар на падлозе сьцягнуўся ў канст-
рукцыю, якая раптам бразнула і паволі паднялася ва ўвесь рост. Гай падышоў і працёр шары, адзін за адным. Паправіў дэталі. Знайшоў вока — і яно ўспыхнула шахтарскім ліхтаром. Гай сказаў некалькі словаў — і зубы ўнутры іншага шара агалілі свае вострыя канцы.
«Добры дзень, Памва», — сказаў Гай.
Памва пакутліва стараўся ўтрымаць сваё хісткае, складзенае з шароў цела.
«Мы будзем капаць, Памва, — сказаў Гай. — Вось тут. Трыццаць мэтраў на поўнач. Капаць зямлю».
Памва падышоў да цаглянай сьцяны і ўдарыў па ёй складзенай з шароў рукою. Са столі пасыпаліся тынк і зямля.
«Ламаць цэглу, Памва, — сказаў Гай. — Ламаць і капаць. Там!»
Памва ўдарыў галавой у сьцяну і ашчэрыў зубы.
Яны пасоўваліся павольна, але Гай ведаў, што ўсё ідзе паводле пляну. Памва ўгрызаўся ў зямлю і выплёўваў пад шары ног камяні, а рукамі ўтрамбоўваў сьцены. Гай ішоў воддаль, асьвятляючы шлях ліхтаром, і моршчыўся. Зямля сыпалася яму на галаву, а дробны жвір трапляў у вочы і рот. Ліхтар сьвяціў ярка, але Гай з трывогаю зразумеў, што ён страчвае арыентацыю. Там, наверсе, усё падавалася простым: напрамак быў ясны, але тут, пад зямлёю, ён ужо ня быў пэўны, ці ў той бок яны рухаюцца. Ён чуў чвяканьне Памвы і ляскат ягоных зубоў. Мэтраў празь дзесяць яны ўперліся ў сьцяну.
«Ламай, Памва, — сказаў Гай. — Мы мусім ісьці далей. Стоп! Пачакай...»
У сьцяне былі дзьверы. Жалезныя дзьверы, да паловы засыпаныя зямлёй. Гай налёг на іх усім целам, ён чакаў, што за дзьвярыма будзе зямля і камяні, але дзьверы раптам паддаліся — і ён паваліўся ў даволі шырокі праход, дзе мог спакойна зьмясьціцца, расставіўшы рукі. Відаць, яны наткнуліся на пахаваныя пад тоўшчай глебы сутарэньні. Хто ведае, што тут было калісьці. У гісторыкі яму трэба
было ісьці, у гісторыкі... У археолягі. Як добра было б заняцца раскопкамі ў целе старога гораду, даведацца ягоную засыпаную зямлёй сапраўдную гісторыю. Гай падняўся, забраў ліхтар і агледзеўся.
Праход вёў далей, у цемру. Ці той гэта быў напрамак? Ці вылезуць яны з Памвам на паверхню ў тым месцы, якое ён прыгледзеў? Гай праверыў: яны пасунуліся пад зямлёй на дваццаць мэтраў.
Правільным рашэньнем было б вярнуцца ў свой падвал, туды, адкуль яны пачалі. Гай стаяў і думаў, што яму рабіць. Памва замёр у прахоне, шары ягонага цела былі ўсе ў зямлі — і таму ён выглядаў яшчэ больш жудасна. Але Гай ведаў, што мае над Памвам неабмежаваную ўладу. Толькі воля Гая давала жыцьцё гэтым дзіўным шарам, толькі яна злучала іх у жывое цэлае.
Вярнуцца і праверыць, ці ў правільны бок яны рухаюцца.
Гай ужо падняў руку, каб ухапіцца за камень і пайсьці назад, да Памвы. Як той зьнянацку ажыў і падняў рукі.
«Памва!» — крыкнуў Гай. Але Памва не паслухаўся. Зубы ляскалі, галава кружылася, адзінае вока патухла. Памва ўдарыў галавой у зямлю наверсе, ён ударыў рукамі ў сьцены, сьцены і столь абсыпаліся з глухім гулам, да ног Гая пакаціліся дробныя камяні — усяго сэкунда, і Памву ўжо не было відаць. Гай быў замураваны ў цёмным праходзе. Ён кінуўся наперад, у цемру — і наткнуўся на глухі падземны мур. Ён быў у пастцы. У пастцы пад зямлёй.
У гісторыкі трэба было ісьці, у гісторыкі, мільгала ў галаве Гая, калі ён бязладна скакаў уздоўж самкнутых вакол яго земляных сьценаў. Сьвятло ліхтара выхоплівала зь цемры толькі прымітыўныя ўзоры сьляпой зямлі і мёртвыя карані дрэваў. Гай спатыкнуўся аб камень і ўпаў ніцма. Нейкі час ён ляжаў так, потым падняўся і сеў, тупа гледзячы перад сабой. Ён ня ведаў, колькі часу прабавіў у такой позе. Потым на яго найшло шаленства, ён пачаў