• Газеты, часопісы і г.д.
  • Апошняя кніга пана А. Казка Альгерд Бахарэвіч

    Апошняя кніга пана А.

    Казка
    Альгерд Бахарэвіч

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 500с.
    Мінск, Прага 2020
    113.42 МБ
    У лябараторыі любяць такія простыя факты. Раман Бурак мае хворы страўнік і хваробу кішэчніка, трохі мізагініі (6,5 паводле 10-бальнай шкалы), нездаровае лібіда, пару фобіяў, даволі высокі (7,5) узровень алькагалізму. Сэксуальныя рэцэптары Рамана Бурака атрымліваюць у падарунак улюбёныя раздражняльнікі. Сьвядомасьць Рамана Бурака напаўняецца, як балёнік паветрам, страхам перад суседзямі і парачкай комплексаў.
    Усё гэта, напісанае неўтаймоўнай Інгай, цудоўна спалучаецца з працай псыхолягаў, якія сядзяць на паверх ніжэй за нас — іхная задача сфармаваць псыхічную сыстэму
    Рамана Бурака на аснове нашых празаічных экзэрсісаў. Зрэшты, часам мы можам пісаць і вершамі. Раман Бурак ня надта любіць паэзію, але без паэзіі не апішаш чалавечую асобу. Начальству ўсё роўна, якім будзе Раман Бурак. Ягоны подзьвіг зьдзівіць усіх. Сьвятлана Бурак (удзявоцтве Славіна) і Аляксандар Бурак былі б шакаваныя ўчынкам іх сына. Але яны даўно ў магіле. Магілай займалася іншая лябараторыя, пра іх я нічога ня ведаў. У нас не было доступу да такой інфармацыі.
    «Ня бойцеся хаосу, — сказалі нам кіраўнікі праекту. — Без хаосу няма чалавека. Няхай ваш апекаванец будзе супярэчлівы, складаны, непрадказальны, невытлумачальны. Тым больш жыцьця ў ім будзе. Тым болыная верагоднасьць, што ніхто не даведаецца праўды, калі ўсё скончыцца».
    I мы зь Інгай ня стрымлівалі сябе. Раман Бурак ускладняўся з кожнай хвілінай. Раман Бурак удасканальваўся і пачынаў парушаць простыя схемы. Раман Бурак абрастаў хваробамі, шнарамі, радзімымі плямамі, таямніцамі, успамінамі, тактыльнымі галюцынацыямі, снамі, забароненымі жаданьнямі, рэцэптарамі, болямі і насалодамі...
    Чалавек, які ў нас выходзіў, быў уразьлівай натурай.
    Інга зрабіла ўсё, каб перавесьці гэтую ўразьлівасьць у плашчыню зла і самаразбурэньня. Яна нібы помсьціла мне за тое, што пагадзілася на самым пачатку, каб наш аб’ект быў мужчынам. Яе Раман Бурак піў, меў брудныя фантазіі, не любіў жанчын і ўсяляк сьцьвярджаў сябе ў ролі агрэсіўнага самца. Яе Раман Бурак марыў каго-небудзь забіць.
    Мой Раман Бурак быў тонкім, добрым у сваёй сутнасьці чалавекам, няўклюдным і легкаверным, наіўным і летуценным. Ягонае асабістае жыцьцё ня склалася. Ягоная маладосьць праляцела, як сон. Мой Раман Бурак быў нечым падобны да мяне.
    Раман Бурак Інгі быў падобны да... Ну, магчыма, ён быў падобны да яе былога каханка ці мужа. Я ня ведаю, мы ніколі зь ёй пра гэта не гаварылі.
    Праект быў скончаны са спазьненьнем на месяц. Неблагі вынік, сказалі кіраўнікі, мы разьлічвалі, што давядзецца даць вам яшчэ год.
    Недзе далёка ад нас, у адной зь лябараторыяў падземнага заводу, на вялікім стале ляжаў чалавек Раман Бурак. Ён ужо існаваў. Бо вакол існаваў сьвет, які быў сьветам Рамана Бурака.
    Мы ня ведалі, калі канкрэтна ў лябараторыі быў дадзены першы імпульс. Але мы ведалі, што гэта адбылося. Раман Бурак падняўся са стала і падышоў да акна.
    Ён ведаў, што ён не на радзіме. Але яму хацелася вярнуцца туды. Яму было блага. Раман Бурак падышоў да лядоўні і дастаў адтуль бутэльку піва. За ягонай сьпінай зьявіўся чалавек у белым халаце.
    «Я ў шпіталі?» — спытаў чалавек Раман Бурак.
    «Так, — сказаў яму чалавек у белым халаце. — Вы турыст. Вы прыехалі ў нашую краіну па турыстычнай візе. Вы трапілі ў аварыю, але ўсё абышлося. Невялікі правал у памяці, вось і ўсё. Страхавая кампанія ўсё аплаціла. Вы памятаеце, зь якой краіны прыехалі?»
    Раман Бурак назваў краіну.
    «Правільна, — сказаўдоктар. —Як вас завуць?»
    «Раман Бурак», — сказаў Раман Бурак.
    «Як завуць вашых бацькоў?»
    «Сьвятлана Бурак і Аляксандар Бурак».
    «Можаце назваць дзявочае прозьвішча вашай маці?»
    «Славіна. Сьвятлана Славіна».
    «Выдатна, — сказаў доктар. — Вось бачыце, вы ўсё памятаеце, апрача аварыі. Але ўспомніцца і гэта. Як вы сябе адчуваеце?»
    «Нармальна, — сказаў Раман Бурак. — Выдатна. Добрае піва. У вас што, у шпіталях даюць піва?»
    Гэта я прыдумаў яму такі голас. Хрыпаты, няўпэўнены, з прысьвістам. Голас чалавека, у якога хранічны бранхіт.
    «Вы ў свабоднай краіне, — усьміхнуўся доктар. — Мы вас выпісваем. Можаце вярнуцца на радзіму. I будзьце асьцярожныя, пераходзячы вуліцу».
    «Пешаходы ў маім горадзе, — сказаў Раман Бурак, — самыя дысцыплінаваныя ў Эўропе».
    «I ўсё ж, — зноў усьміхнуўся доктар. — Беражыце сябе».
    Тое, што Раману Бураку было блага, зьяўлялася часткай пляну. Раман Бурак мусіў ведаць, што ён выйшаў са шпіталя — і таму ягоны стан быў нармальны для нядаўняга пацыента. Усё будзе добра, сказаў Раман Бурак сам сабе, едучы ў аэрапорт. Ён часта гаварыў сам з сабой. Цяжка напісаць чалавека з чыстага аркуша, калі ён ня будзе размаўляць сам з сабой.
    У прызначаны дзень мы сабраліся ў кабінэце кіраўнікоў праекту. На стале стаяла шампанскае. На шырокім экране ішлі навіны. Навіны з нашай няшчаснай Радзімы. Мы былі далёка ад яе, мы былі эмігранты, але за намі была сіла. Сіла свабоды.
    Кіраўнік праекту адкаркаваў шампанскае, але ня стаў даставаць корак. Ён так і стаяў, заціснуўшы яго ў руцэ. Ён прыберагаў урачысты стрэл да той запаветнай сэкунды, калі...
    «Тэракт на галоўнай плошчы! Пяць хвілін таму ў цэнтры сталіцы падчас вайсковага параду невядомы пачаў страляніну па ўрадавых трыбунах...»
    Мы ўпіліся вачыма ў манітор, дзе мільгалі кадры добра знаёмай нам плошчы. Па ўсім было відаць, што парад працягваўся — ня так проста было спыніць гэтую адладжаную махіну. Але на трыбунах панавала паніка. Некалькі імгненьняў былі чуваць толькі крыкі і музыка.
    «Тэрарыст стрэліў у Лідэра Нацыі, — закрычаў раптам рэпарцёр з экрана. — Па нашых зьвестках, стрэл быў зроблены проста ў галаву, Лідэр Нацыі сканчаўся на месцы. Паліцыя затрымала забойцу... Пры затрыманьні тэрарыст не аказаў супраціву...»
    Шампанскае стрэліла. Кіраўнік праекту разьліў яго па келіхах, мне дасталася адна пена, але я прамаўчаў.
    Мы былі эмігранты, але за намі была сіла. Сіла і прага свабоды. Сіла — і найноўшыя навуковыя дасягненьні. Сіла — і слова. Мы даўно ня верылі ў той народ, які гатовы быў цярпець дыктатуру. Мы зьехалі і вырашылі, што зьменім уладу так, як і належыць людзям новага стагодзьдзя.
    «Падыдзіце да мяне, — сказаў кіраўнік праекту. — Давайце вып’ем за Алеся і Інгу. За бацькоў таго, хто вызваліў Бацькаўшчыну з-пад улады жорсткага дыктатара. Яны — бацька і маці нашага героя! Яны стваралі яго асобу, работнікі лябараторыі ўдыхалі жыцьцё ў кавалак бяздушнай матэрыі, сотні людзей працавалі над гэтым праектам, сотні патрыётаў рабілі дзень і ноч адну справу, якая скончылася нашай перамогай. Спадарства! Тырана болыв няма! За Алеся і Інгу, якія прыдумалі чалавека, што ўратаваў наш край! Уратаваў без аніводнай ахвяры для нашага народу! Ура!»
    Мы выпілі. Нехта зрабіў гук мацнейшым. Мы чакалі новай інфармацыі. I яна прыйшла.
    «Паліцыі стала вядома імя забойцы, — балбатаў рэпарцёр. — Тэрарыст назваў яго сам. Заставайцеся з намі, наступнае ўключэньне празь пяць хвілін...»
    Мы хорам замыкалі нешта радасна-незадаволенае. Інга зірнула на мяне. Вядома, нам хацелася пачуць імя, якое прыдумаў наш маленькі аддзел. Напэўна, Інга ўспамінала той дзень, калі я даслаў ёй гэтыя тры словы: Раман Аляксандравіч Бурак. Але яна пагадзілася тады. I цяпер я цаніў яе згоду.
    Пяць хвілін цягнуліся доўга.
    «Нагадаю, што сёньня падчас вайсковага параду ў цэнтры сталіцы быў забіты наш вялікі Лідэр Нацыі, — зноў, захлынаючыся ад важнасьці паведамленьня, закрычаў у аб’ектыў рэпарцёр. — Стрэл быў зроблены з адлегласьці дваццаць мэтраў з аўтаматычнай вінтоўкі замежнай
    вытворчасьці. Паліцыі стала вядомае імя забойцы. Гэта жанчына па імені Паліна Чэпік, якая пражывала ў пад’езьдзе аднаго з дамоў на праспэкце Велічы. Мы сабралі зьвесткі пра яе. Паліна Чэпік пражыла ў доме на праспэкце Велічы ўсё жыцьцё, працуючы прыбіральшчыцай. Паводле інфармацыі праваахоўных органаў, яна ніколі не была заўважаная ў сувязях з замежнымі выведкамі або эмігранцкімі тэрарыстычнымі арганізацыямі...»
    Мы так і не даведаліся, куды падзеўся Раман Аляксандравіч Бурак. Мы пішам кнігі, якія ніхто не купляе, і зарабляем на жыцьцё чым давядзецца. Часам мы зь Інгай сустракаемся ў кавярні каля Старога моста і моўчкі сядзім, назіраючы за турыстамі, якія наваднілі перад Калядамі гэты прыгожы, але зусім чужы нам горад. Мы ўглядаемся ў твары, думаючы пра тое, што ён можа аднойчы вярнуцца. Вярнуцца, каб паглядзець у вочы нам, сваім выпадковым бацьку і маці — і, магчыма, нават падзякаваць. Падзякаваць хрыпатым голасам чалавека з хранічным бранхітам, які летась, прыхварэўшы, даў яму я.
    Я заплюшчыў вочы і ўздыхнуў. Я стаміўся. Я ведаў, што гісторыя ўдалася на славу, ведаў, што зараз пачую словы, якія, без сумневу, заслужыў, і ўсё ж дзіўная спустошанасьць авалодала мной. Нібы я сам зрабіўся пустатою, на месца якой зараз мог сесьці хто заўгодна — і я быў бы ўдзячны гэтаму Нехта.
    «Каб цябе чэрці! — прамовіў купец. — Каб цябе! Спыніся, казачнік! Сёньня ты перасягнуў самога сябе!»
    Пустата. Пустата надыходзіць, калі нехта перасягае раптам самога сябе. Таму і гучыць усярэдзіне голас, які папярэджвае цябе: не аддавай сябе напоўніцу таму, што ствараеш, пакінь хоць каліўца ад сябе слабога, сябе недасканалага,
    сябе дурнога і няздарнага — каб хоць нечым прыкрыць пустату, якая прыйдзе потым. Пустату трыюмфу.
    Я адпіў гарбаты і пагладзіў па галаве малога, які поўзаў вакол майго крэсла.
    Павіянчык, падумаў я. Павіянчык, які ня чухае сябе паміж ног толькі таму, што можа атрымаць поўху ад маці. Пачысьці цябе ад культуркі — і што застанецца.
    «Дарагая! — прачула сказаў купец, хапаючы жончыну руку. — Я ўжо ня ведаю, дзе край ягонага майстэрства...»
    «Ты кажаш праўду, мой уладару, — прамовіла жонка купца. — Гэта была ня казка. Гэта быў аповед, дзе сплялося ўсё: гісторыя нашага краю, фантастыка, боль, інтрыга і надзея, моц слова і роспач рабоў божых, што вераць у лепшае і застылі на парозе новае эры... Ня ведаючы, што рабіць. Новая Эра ідзе да нас, прыўкрасная і цудоўная, але мінулае нікуды не схаваеш... I ўсё ж я маю да цябе просьбу, наш мілы казачнік».
    «Якую ж? — спытаў я зморана. — Усё, што скажаце, літасьцівая пані».
    «Не дазваляй сабе рызыкоўных пасажаў пра рэчы, якія ня варта чуць малому, — узьняла тонкі палец жонка купца і паглядзела на яго, любуючыся пярсьцёнкамі. — Інга з твайго аповеду піша, што Раман Бурак глядзіць непрыстойнае відэа... He забывай, госьцю, што сярод нас ёсьць той, чые вушы яшчэ не гатовыя да ўспрыманьня такіх дарослых зьяваў».