Апошняя кніга пана А.
Казка
Альгерд Бахарэвіч
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 500с.
Мінск, Прага 2020
«На жаль, я вымушаны папрасіць прывесьці яго сюды, — важна прамовіў пан Гланда. — Дзеці — надзвычай назіральныя істоты, часам яны валодаюць важнай інфармацыяй...»
«Маргуся, прывядзі сюды нашага сына, — распарадзілася жонка купца. — Асьцярожна, не разьлі кіпень на калені пану Гланду».
Прыйшоў сын купца, сеў побач з канапай на сваё звычнае месца.
«Шаноўнае спадарства, — сказаў пан Гланда, уважліва агледзеўшы нас усіх. — Я папрашу вас зараз адказаць на некаторыя пытаньні, якія тычацца сьмерці Артэміюша
Заградзкага, які, калі я правільна разумею, працаваў у гэтым доме слугой. Сэкунду... Што ў вас, Ярмоленка?»
На парозе, менавіта там, дзе яшчэ нядаўна любіў стаяць мой крытык, вырасьлі двое паліцыянтаў.
«На целе ніякіх сьлядоў хваробы», — сказаў адзін.
«У двары і доме таксама нічога», — сказаў другі.
«Хваробы? — падціснуў вусны купец. — Артэміюш быў здаровы, наколькі я ведаю. Я бачыў яго сёньня, ён адчыняў мне браму, я прыехаў на таксі з офісу ў шэсьць пятнаццаць. Mary вас запэўніць, мой верны Артэміюш выглядаў як заўжды, ён наогул ніколі не хварэў».
«Пане купец, — махнуў рукой пан Гланда. — He зьвяртайце ўвагі. Такая наша праца. Апошнім часам... Думаю, я не спужаю ваіпага сына, ён ужо дарослы... Апошнім часам у горадзе адбываюцца ня вельмі звычныя рэчы. Людзей, якія яшчэ гадзіну таму мелі квітнеючы выгляд, знаходзяць нежывымі або ў вельмі цяжкім стане проста на вуліцах. Злыя языкі называюць гэта чумкай. Кажуць, што чумы мы не заслужылі, хіба што чумку, як жывёлы...»
«Што за чалавеканенавісьніцтва! — прашаптала жонка купца. — Такое мог сказаць толькі фашыст!»
«Фашысты — таксама людзі, дарагая, — сказаў купец. — У тым і праблема. Мы ўсе — людзі. Гітлер быў чалавекам. I калі б яго засунулі ў газавую камэру, зь ім адбылося б тое самае, што зь ягонымі ахвярамі. Ніякая ідэалёгія, ніякі статус убэрмэнша і ніякі памяншальны суфікс не ўратавалі б ягонае сьмяротнае цела».
«Я цалкам згодны з панам гаспадаром і з вамі, шаноўная пані, — важна прамовіў пан Гланда. — Але паліцыі абсалютна ясна, што для хваляваньня няма ніякіх прычын. Сытуацыя пад кантролем, проста некаторыя журналісты намагаюцца зьляпіць сэнсацыю там, дзе яе няма. He праймайцеся, мы проста былі абавязаныя праверыць цела на прадмет некаторых прыкметаў, згодна з інструкцыяй, выпушчанай у панядзелак міністрам унутраных справаў. Але давайце, панове,
нарэшце пагаворым па сутнасьці. Хто знаходзіўся ў доме гэтым вечарам?»
«Я, мая жонка, мой сын, — пачаў пералічваць купец. — Служка Маргуся і наш госьць, аўтар цудоўных гісторый, якога вы бачыце там, на крэсьле. Ён часова жыве ў нас, працуючы над новай кнігай. Артэміюш, як я ўжо сказаў, быў недзе ў двары. Ён адчыніў мне, калі я вярнуўся. I зачыніў браму, ён заўсёды так робіць, у мяне піколі не было прычын папракнуць яго за нядбайнасьць».
«Чым вы займаліся гадзіну таму?»
«Усе сядзелі тут і слухалі новую гісторыю ад пана аўтара».
Пан Гланда паглядзеў на мяне. Я кіўнуў. Ён перавёў хітры позірк на астатніх, і яны таксама заківалі.
«Усё было так, як апісвае мой муж, — сказала жонка купца. — Чаму вы так гледзіце на нас, пане Гланда?»
«О, выбачайце, пані, — зноў махнуў рукой пан Гланда. — Гэта прафэсійнае. Мая жонка таксама дакарае мяне за тое, што я за вячэрай гляджу на яе, нібы яна скрала брыльянты і задушыла сваю цётку. Значыць, вы чыталі сваю новую гісторыю, пане аўтар?»
«Так», — сказаў я.
«Цікава было б паслухаць, — сказаў пан Гланда. — Мяне заўжды хвалявала таямніца нараджэньня кнігі. Я й ня ведаў, што аўтары прыходзяць да выдаўцоў, жывуць у іх і чытаюць вечарамі ўголас тое, што напісалі. Мне здавалася, усё значна больш празаічна. Аўтар дасылае рукапіс — і выдавец глядзіць, цікава яму выдаць такую кніжку або не. Але я прафан у вашай справе, прабачце. А зараз задам вельмі важнае пытаньне. He апошняе, але вельмі важнае. Ці не заўважыў нехта з вас, спадарства, чагосьці падазронага або... ммм... не зусім звычайнага ў гэты вечар?»
«Не, — сказаў купец. — Хіба што Артэміюш заўсёды стаіць у дзьвярах, калі пан аўтар расказвае свае гісторыі, і слухае, а сёньня яго не было».
«Яго не было з самага пачатку — або ён пастаяў і сышоў?» — спытаў пан Гланда, падаўшыся наперад.
Усе задумаліся.
«Я не зьвярнуў на гэта ўвагі, — скрушна прамовіў купец. — Скажу шчыра: не зьвярнуў... Я паглядзеў на дзьверы толькі тады, калі пан аўтар дачытаў гісторыю...»
«Я таксама ня памятаю гэтага, — сказала жонка купца і закурыла. — Калі я слухаю, я настолькі сканцэнтраваная, што...»
«А вы? — павярнуўся пан Гланда да Маргусі. — Ці глядзелі вы на дзьверы?»
«Я была пэўная, што ён там, — усхліпнула Маргуся. — Я і цяпер бачу там, у дзьвярах, яго постаць, яго рукі, складзеныя на грудзях...»
«Зразумела, — пан Гланда павярнуўся да мяне. — Што скажаце, пане аўтар?»
«Калі я чытаю, я гляджу толькі на экран, — сказаў я. — Таму... He, я не магу сказаць. Ня ведаю».
«Ён стаяў там, — раптам прамовіў сын купца. — I выйшаў, калі ў гісторыі зайшла гаворка пра забойства...»
«Забойства?» — зацікаўлена спытаў пан Гланда і разьвязаў шалік.
«Гісторыя была пра забойства, — сказаў купец. — Вядома ж, выдуманае. Гэта проста вельмі цікавая гісторыя, вось і ўсё. Дэтэктыў, фантастыка....»
«I каго ж у ёй забіваюць?» — хітра ўсьміхнуўся пан Гланда.
Мы маўчалі.
«Лідэра!» — сказаў сын купца і засьмяяўся. Маці прыклала палец да вуснаў, і ён змоўк.
«Я паказала яму, каб ён перастаў сьмяяцца, — сказала жонка купца. — Бо сьмяяцца ў доме, дзе толькі што памёр чалавек, недарэчна і непаважліва. I калі вы, пане Гланда, падумалі, што я баюся...»
«Дзеяньне адбываецца ў выдуманай краіне, — сказаў купец пану Гланду. — Зусім ня ў нас. Выдуманы Лідэр выдуманай Нацыі. Гэта, з вашага дазволу, фантастыка».
«Добра-добра, — замахаў пан Гланда рукамі. — Я люблю фантастыку. Значыць, калі верыць вашаму сыну, Артэміюш выйшаў з дому незадоўга да канца гісторыі. Гэта ўжо нешта. А зараз другое важнае пытаньне. Якія стасункі былі ў вас, шаноўнае спадарства, з памерлым слугой? Папрашу адказаць кожнага».
«Вы пытаецеся так, нібы Артэміюш забіты, — сярдзіта прамовіў купец. — А я думаю, што ў яго спынілася сэрца. Хіба на целе ёсьць сьляды гвалтоўнай сьмерці?»
«Дазвольце, пане Гланда, — умяшаўся адзін з паліцыянтаў. — Я скажу ім».
«Так, Ярмоленка, — пагадзіўся пан Гланда. — Скажы ім пра свае высновы».
«Я правёў экспэртызу, — сказаў паліцыянт. — Сьмерць наступіла ад падзеньня з выіпыні».
«Бедны Артэміюш упаў з даху? — жахнуўся купец. — Нічога не разумею».
«Магчыма, і з даху, — сказаў пан Гланда. — Але пашкоджаньні паказваюць, што зь вельмі вялікай вышыні. Колькі паверхаў у вашым доме? Два?»
«Так», — сказаў купец.
«Не, гэта занадта малая вышыня», — сказаў Ярмоленка.
«Цудоўна, — рашуча прамовіў пан Гланда, хоць у сытуацыі не было анічога цудоўнага. — Паўтару сваё пытаньне. У якіх стасунках вы ўсе былі з памерлым слугой?»
«У якіх? У выдатных! — усклікнуў купец. — Мы ўсе любілі яго! Я цаніў яго розум, яго вернасьць, яго сілу і адданасьць!»
«Ён быў культурны чалавек і добры слуга», — сказала жонка купца.
«Ён быў чалавек вельмі добрай душы», — сказала Маргуся.
«Ён гуляў са мной і нават дазваляў націскаць кнопкі і трымаць зброю!» — заявіў сын купца.
Яны павярнуліся да мяне. Пан Гланда ўперыўся ў мяне сваімі хітрымі вочкамі.
«Ён быў цудоўны чалавек, — прамовіў я, вытрымаўшы ягоны позірк. — Тонка адчуваў слова і ніколі не адмаўляў мне ў добрай парадзе. Яшчэ пару дзён, і мы зь ім зрабіліся б сябрамі».
ГіСТОРЫЯ ЧАТЫРНАЦЦАТАЯ
КАМАНДА «П»
Яны называлі сябе: каманда. Каманда «П». «Чаму “П”?» — пыталіся журналісты. «Памяць», — казалі яны. Каманда «Памяць». Добрая назва, ідэалягічна правільная і наогул. Праўда, насамрэч «П» значыла зусім іншае. Толькі яны трое ведалі што.
А працавалі яны так. Ехалі ў раён, дзе даўным-даўно адбываліся самыя жорсткія баі, і распытвалі мясцовых дзядоў ды бабак, тых, хто зусім малым засьпеў ваеннае ліхалецьце. Часьцей за ўсё ніхто ўжо нічога ня памятаў, колькі гадоў мінула. Часам ім проста казалі: вы б яшчэ праз сто гадоў прыйшлі, рабяты, усё, што тут валялася, яшчэ пры Саветах прыбралі. Але зрэдку ім шанцавала. Знаходзіліся старыя, што прыгадвалі: ага, ага, там у лесе нешта такое ёсьць. Гільзы, каскі, гусеніцы — не ад трактара... I яны накіроўваліся ў лес — і знаходзілі такое, пра што не прачытаеш ні ў воднай кніжцы. I тады ў іх было сьвята. Ціхае сьвята апантаных людзей, на якое ніколі не запрашаюць чужых.
У Папова была машына. У Ленкі — нямецкая мова і дыплём знаўцы ваеннай гісторыі. У Сыракваша — інструмэнты і грошы. Каманда «П». Але не Папоў быў у іх галоўны. У іх не было галоўных, усе былі роўныя і ўсе апантаныя вайной і сьледапыцтвам.
Тым разам яны трое выправіліся ў вёску, што ляжала край вялікай пушчы і шмат гадоў таму ўвайшла ў гісторыю як месца даволі жорсткага і працяглага бою за адзін стратэгічна важны мост. Пра гэтую вёску яны даўно ведалі, але месяц таму адзін чалавек расказаў Сыраквашу, што вандраваў па мясцовых балотах і бачыў у дрыгве штосьці, што нагадала яму раптам хвост самалёта. Сам той чалавек у дрыгву не палез, але зрабіў фота і даслаў Сыраквашу. Каманда сабралася ў штабе, які месьціўся ў Ленчынай кватэры, і доўга разглядвала здымак. Здымак быў кепскай якасьці: можа, корч балотны тырчаў з вады, а можа, проста дошка, занесеная ў лес летнімі бурамі. А можа, і хвост.
Гэтага «а можа» камандзе «П» цалкам хапіла. Існавала правіла, згодна зь якім нават найменшая верагоднасьць знайсьці артэфакт лічылася дастатковай падставай для экспэдыцыі. Праз тыдзень яны селі ў машыну Папова, загрузілі рыштунак і выправіліся ў дарогу.
Вёска, куды яны ехалі, называлася Шумавічы. Да яе з шашы вяла добрая асфальтаваная дарога, каманда пазірала на дагледжаныя, падобныя да амэрыканскіх новыя дамкі, абшаляваныя прыгожымі дошчачкамі, на вялікія кароўнікі і на нядаўна адрамантаваны клюб... На серабрысты помнік загінулым салдатам каля пафарбаванай у белы колер школы... На невялікі вычышчаны парк каля сельсавету... На антэны па-над хатамі. Было зразумела, што тут наўрад ці маглі пакінуць проста так хоць нейкі сьлед мінулай вайны. Занадта глыбока пусьціла тут свае карані цывілізацыя. Яны даехалі да самага крайняга дома, за якім быў узгорак, а на ўзгорку цямнеў лес. Зайшлі на двор, павіталіся, загаварылі асьцярожна пра свае справы. Гаспадары паклікалі суседзяў. Паступова да іх далучылася яшчэ пара вяскоўцаў — паставіўшы ровары каля плота, тыя слухалі і з сумневам хіталі галовамі.