Апошняя кніга пана А.
Казка
Альгерд Бахарэвіч
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 500с.
Мінск, Прага 2020
Я быў агаломшаны, забіты, зьнішчаны, абражаны.
Запытацца ў мяне такое...
ШТО Я ХАЦЕЎ СКАЗАЦЬ ?
Толькі людзі, якія ня маюць аніякай сувязі з культурай і ня злучаныя патаемнымі ніцямі з мастацтвам, могуць прамовіць такое ўголас. Што я хацеў сказаць?
Што ? Я? Хацеў ?
Я павярнуўся да купца, шукаючы ў яго падтрымкі. Ён быў на маім баку, я ведаў гэта. Я паглядзеў на ягоную жонку, што неўразумела вывучала твар пана Гланды, нібы бачыла яго ўпершыню. Я падняў галаву да Маргусі: ці чула яна, прыгажуня і красуня, што наважыўся сказаць гэты паліцыянт? Я нават паглядзеў на сына купца — бо нягледзячы на ўзрост нават малому павіяну было ясна, што за бязглуздае пытаньне мы ўсе толькі што пачулі.
«Шаноўны пане Гланда, — прамовіў я з пагардай і шкадаваньнем. — Галоўная каштоўнасьць гісторыі — яе прыгажосьць. Суплёт добрага сюжэту і тонкага стылю, абранага, каб раскрыць тэму. I аўтары пішуць, чытачы чытаюць, а слухачы слухаюць для таго, каб адчуць халадок у хрыбце — халадок ад прыгажосьці такога суплёту. Што да вашага наіўнага пытаньня, за якое я вас не асуджаю — ня кожны чалавек адчувае мастацтва, і тым больш ня варта чакаць гэтага ад паліцыянтаў — дык вось вам мой адказ. Я нічога не хацеў сказаць маёй гісторыяй. Hi гэтай, ні мноствам іншых. Я хацеў толькі падзяліцца прыгажосьцю. Добрая гісторыя дае ўдзячнаму чытачу ўсё: і шляхетную забаву, і нагоду для думак, і асалоду ад музычнай гармоніі, і смак добрага стылю. Што яшчэ можа зрабіць аўтар? Усё, што ад яго можна патрабаваць — гэта добрыя тэксты».
Пан Гланда зусім не сканфузіўся. Хоць нават сын купца, гэты малы авантурыст, ківаў і муркаў пад нос: «Правільна... Правільна... Я не хачу ніякіх вучоных, я хачу казку...» Пан Гланда проста дастаў насоўку, высмаркаўся і прамовіў, без усялякага сораму за свае словы:
«Дзякую вам, паважаны аўтар, за гэтае вычарпалыіае і красамоўнае тлумачэньне. Я ўсяго толькі паліцыянт і нічога не разумею ў прыгожым пісьменстве. Я проста падумаў, слухаючы вас, што крыху зьбіты з тропу. Да гэтай размовы я быў пэўны, што казкі складае народ. А сучасны жывы аўтар мусіць адгукацца на выклікі часу. Я быў пэўны,
панове, што пачую гісторыю актуальную, жывую, якая б мела ў сабе рэакцыю на падзеі, што абмяркоўвае ўвесь горад. Ды што там горад. Уся Выспа! Я — ох, які ж далёкі я ад мастацтва — быў пэўны, што вы прыдумаеце штосьці пра беспарадкі на галоўнай плошчы, пра скалы, якія падаюць у мора. Штосьці пра хваробу, якая косіць штодня ўсё новыя і новыя шэрагі нашых суграмадзянаў. Пра чуткі і плёткі, якімі поўняцца ўсе танныя цырульні, маленькія сьмярдзючыя кавярні і вакзалы. Штосьці, што дало б нам надзею ці хаця б арыентыр. Ды хаця б проста гаварыла пра нашае сёньня. Аднак я пачуў гісторыю пра рэчы, якіх не магло адбыцца ў прыродзе. Пра рэчы, якія даўно ўжо не займаюць нікога, апрача шчасьліўцаў, што жывуць гэтаксама, як жылі людзі стагодзьдзе таму. Пра фантастычныя рэчы, слухаць пра якія прыемна ў мірны і спакойны час — але ня ў гэтай мітусьні і ня ў гэты момант крызісу. Што ж, пане аўтар. Я прасякнуўся да вас яшчэ болыпай павагай».
Я маўчаў, думаючы над ягонымі словамі. Ен не разумеў мяне — і ўсё ж было ў ягоным маналёгу штосьці важнае. Штосьці, пра што я ахвотна паразважаў бы ў адзіноце, у вольную хвіліну. Калі б ня меў такіх пільных справаў, як штодзённая сплата пазыкі з дапамогаю свайго сьціплага таленту.
«Гм... Пра якую хваробу вы кажаце, дарагі пане Гланда? — незадаволена ўсьміхнуўся купец. — Я быў сёньня ў горадзе. Усё выглядае як заўсёды. Для панікі няма ніякіх прычын. Ці ж мне вам гэта тлумачыць, вам, вартаўніку парадку і вернаму слугу Справядлівага Ладу?»
«Але гэтыя людзі ў масках...» — зьбянтэжана прамовіла Маргуся.
«Ну так, я не сьляпы, некаторыя былі ў масках... — засьмяяўся купец. — Трэба сказаць, іх зьяўленьне дадало гораду разнастайнасьці. Чалавечыя твары часам усе такія падобныя, што ажно нудзіць. А цяпер у горадзе нібыта зьявіліся іншаплянэтнікі, новая раса. Людзі без ратоў! Людзі ў намордніках! Насавокія маўчуны!»
Ягонае падбародзьдзе затрэслася ад натужнага сьмеху. Але ніхто не падтрымаў купца. Толькі пан Гланда крыва ўсьміхнуўся і сказаў:
«Што вы, пане купец. Я зусім не на баку панікёраў. Вядома, усё гэта хутка скончыцца. Але дазвольце мне вярнуцца да пытаньня, якое, уласна, і прывяло мяне ў ваш дом».
Купец насьцярожана паглядзеў на яго і кіўнуў.
«Мае людзі паглядзелі запісы камэр відэаназіраньня, — працягваў пан Гланда. — Два дні таму ў вас быў яшчэ адзін чалавек. За дзень да здарэньня. Слуга ўпусьціў яго ў дом каля восьмай вечара. I ён пакінуў дом толькі назаўтра. Гэта быў чалавек не са сталіцы».
«Ах, — сказала жонка купца. — Гэта быў наш пляменьнік Эжэн з паўднёвага ўзьбярэжжа. Ён прыехаў у сталіцу, растраціўся (вы ж ведаеце гэтую моладзь!) — і папрасіў у мужа грошай. Вядома, ён пераначаваў у нас...»
«Усё так і было, — кіўнуў радасна купец. — Мы й забылі. Відаць, нашая падсьвядомасьць ня надта ўзрадавалася яго візыту, калі ў выніку адбылося гэткае... Як бы гэта сказаць... Выцясьненьне...»
«Выцясьненьне, — гэтак жа радасна падхапіў пан Гланда. — Ваш пляменьнік Эжэн прыехаў адтуль, дзе, па чутках, гуляе чумка. Прабачце мне гэты вулічны жаргон, пане выдавец. Але з кім павядзешся... Магчыма, ён мог заразіць Артэміюша. Праўда...»
Пан Гланда зноў высмаркаўся.
«Праўда, на целе слугі не было ніякіх сьлядоў хваробы. Я ня буду пералічваць сымптомы і прыкметы, пра ўсё гэта можна прачытаць у сеціве... Слуга мае пашкоджаньні, якія здараюцца пры падзеньні зь вялікай вышыні. У яго абсалютна цэлы твар — але ўнутраныя органы... О, я ня буду пужаць падрабязнасьцямі паненку, пані і дзіця. Але! Ці значыць усё гэта, што слуга быў скінуты ці ўпаў сам з вышыні — і толькі потым быў прывезены ў дом і пакладзены ў траву? He. Камэры відэаназіраньня нічога такога не зафіксавалі.
Панове, магчыма, вы забыліся ня толькі пра візыт пляменьніка. Магчыма, вы ўспомніце яшчэ нейкія факты, якія папярэднічалі таму жахліваму вечару?»
«Не, — паволі прамовіў купец. — He, нічога такога...»
«Магчыма, нехта ў доме ўсё ж меў матывы для таго, каб расправіцца са слугою? — настойваў пан Гланда. — Moxa, няшчасны Артэміюш назаляў некаму? Можа, абразіў кагосьці — або паміж ім і некім у доме быў канфлікт? Любая дробязь можа дапамагчы сьледзтву».
«Не, — сказала жонка купца. — Нічога такога не было. Мы ўсе любілі яго, а ён любіў нас. Ён быў заўсёднікам нашых літаратурных вечароў. I наколькі мы ведаем, ён рэдка выходзіў з тэрыторыі дома. Ён быў эрэміт... Затворнік. I вельмі пільна сачыў за тым, каб у дом не завітвалі чужыя».
«Я веру вам, шаноўная пані, — кіўнуў пан Гланда. — Добра. Дзякую ўсім! Дзякую пану аўтару за цудоўную аповесьць і за ўрок мастацтва. Магчыма, заўтра я зазірну яшчэ раз. Маргуся, не пускайце мяне, пакуль я не пакажу вам сваё паліцэйскае пасьведчаньне. Дабранач, панове!»
I пан Гланда сышоў. Разышліся па пакоях і мы. Мне не хацелася прызнавацца ў гэтым самому сабе, але я адчуваў палёгку. Ніхто ня мог выйсьці зь цёмнае нішы і прапанаваць мне пераламаць мае бедныя ногі і рукі за маю творчасьць. Ніхто не пагражаў мне, не падпільноўваў мяне і не замінаў працаваць над новай гісторыяй. I ўсё ж словы пана Гланды сьведчылі, што я мог апынуцца пад падазрэньнем.
Бо мае стасункі з Артэміюшам былі далёкія ад ідэальных. Так, я схлусіў паліцыі, схлусіў лёгка і натхнёна, бо гэта ўваходзіла ў мае прафэсійныя абавязкі. Але пан Гланда быў з тых людзей, якія любяць дакопвацца да праўды. Нават да той, якая ня мае ніякага значэньня.
Узьнёсшы Хвалу нашаму Справядліваму Ладу, які даўно ўжо не ўціскае невінаватых і дае кожнаму магчымасьць расказаць тую гісторыю, на якую ён здольны, падзякаваўшы нашай Высьпе, дзе ўсё яшчэ панавалі спакой і парадак,
нягледзячы на ўсю паніку і ўсе дурныя чуткі, адзначыўшы добрым словам вас, Людзі Будучыні, якія, без сумневу, суперажываюць цяпер майму аповеду, я заплюшчыў вочы і тут жа заснуў. Я быў змораны так, нібыта працаваў на адной з тых фабрык, якія прыдумаў я сам, адной з тых фабрык па вытворчасьці герояў, якімі я насяліў свае дзіўныя казкі.
Мяне разбудзіў знаёмы голас.
«Ты што, сьпіш? — зьдзекліва сказаў малы павіян, забіраючыся да мяне на ложак. — Як ты можаш спаць? Слуга мёртвы, паліцыя ходзіць да нас кожны дзень, а ты яшчэ ня быў у маім пакоі! Ты што, ня хочаш паглядзець на мае цацкі?»
«Я хачу, — млява прашаптаў я. — Але я так стаміўся, што не магу нават прыдумаць зачын новай гісторыі...»
«Лухта! — сказаў малы. — Чухня! Адзявайся і хадзем!» «Тсс, — прасыкаў я. — Нехта ідзе! Хавайся, дурню!» Малы імгненна залез пад маю коўдру. Я адчуваў, як ён казыча мне пяткі. Вось паскуднік.
Крокі набліжаліся. Я ведаў, хто гэта ўганараваў мяне начным візытам. Вядома, Рутка. У якім касьцюме яна зьявіцца гэтым разам? У форме обэр-лёйтнанта люфтвафэ?
У пакой увайшла яна.
He, гэта была ня Рутка.
Гэта была жонка купца.
Хударлявая жанчына аднаго са мной узросту, зь целам доўгім, нібы ў яшчаркі або ў цмока. 3 тонкімі прыгожымі нагамі і таліяй, якой пазайздросьціла б любая маладзіца. He, яна не была падобная да маёй Маргусі. Але гэтая жанчына выклікала ўва мне ўкол жаданьня — востры і балючы, як яе цела.
Яна была ў адным халаце. Начным халаце — чорным, як мае думкі.
«Ты ня сьпіш... — прашаптала яна, кладучыся на край ложка. — Мой казачнік, ты зусім заблытаў мяне. Твае гісторыі клічуць мяне кожную ноч — і я іду, не разумеючы
куды. I вось сёньня ногі прывялі мяне ў гэты пакой. Я сама ня ведаю, чаго хачу...»
«Шаноўная пані, — прашаптаў я, а яна, пачуўшы гэта, прылегла побач і паклала галаву мне на плячо. — Шаноўная пані... Я, вядома ж, люблю вас... Але мне здаецца...»
«Мой бясстрашны і няшчасны аўтар, — прашаптала яна, упіўшыся доўгімі пазногцямі ў мае грудзі. — Я ведаю, ты чакаў мяне. Ты глядзіш на мяне кожны вечар так, нібы...»
«Заўтра, — прашаптаў я ў адказ. — Заўтра ўначы я буду чакаць вас. А зараз ідзіце, я чую, як Маргуся ходзіць па калідоры. Яна зойдзе, каб праверыць, ці зачыніў я акно».
«Маргуся... — яна ціха засьмяялася. — Мы паклічам Маргусю дапамагчы нам разабрацца ў нашых пачуцьцях...»
«А ваш муж? Калі ён прачнецца?»
«Ён не прачнецца», — сказала яна так, нібы атруціла купца перад тым, як ісьці да мяне.