• Газеты, часопісы і г.д.
  • Апошняя кніга пана А. Казка Альгерд Бахарэвіч

    Апошняя кніга пана А.

    Казка
    Альгерд Бахарэвіч

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 500с.
    Мінск, Прага 2020
    113.42 МБ
    Зпампаваць
    0.48 МБ
    МУРАКАМСКІЯ ПРОМНІ
    Толькі калі Слаўка выйшаў ад майстра, ён зразумеў, ШТО яго чакае дома сёньня ўвечары.
    Але было ўжо позна. Слаўка спыніўся перад люстраной вітрынай і пачаў прагна разглядваць сваё адлюстраваньне.
    У ягоным вуху, там, дзе яшчэ нядаўна была звычайная непрыкметная ружовая мочка, тырчала агромністая мэталёвая завушніца. Дый не завушніца нават — такое цяперака завецца словам «тунэль». Мочка нібы напухла да неверагодных памераў — ад сёньня яна была ягоным трэцім вокам, ягоным другім тварам, ягонай адзінай гордасьцю. Цяпер ён быў не такі, як усе.
    Слаўка быў страшна горды. Ён нёс тунэль у вуху, як сьцяг. Яму падавалася, што ўсе абарочваюцца на яго — і нават саступаюць яму дарогу. Завушніца, круглая, цяжкая, вялікая, з узорам у выглядзе зьмяі, прыемна адцягвала вуха. Ён падумаў, што трэба пракалоць яшчэ брыво і нос. I язык — але язык пачакае. Слаўка вырашыў, што будзе ўсё рабіць паступова. На дзень нараджэньня ён праколе брыво. На Новы год — нос. Аязык атрымае сваю аздобу, калі зь ім расплацяцца за ўсе ўрокі. Слаўка вучыўся ва ўнівэрсытэце і падпрацоўваў рэпэтытарам па ангельскай мове. Тройчы на тыдзень ён езьдзіў да адной сям’і на ўскраіну гораду і паўтары гадзіны займаўся з хлопчыкам Васем, які
    ніяк ня мог запомніць нават самыя простыя правілы. Але ягоныя бацькі ня страчвалі надзеі.
    Бацькі... Бацькі Васі, простыя душэўныя людзі, таксама маглі і не ўхваліць завушніцу. Але ім, ім да мяне што? — супакойваў сябе Слаўка, едучы дахаты. Ён іхнага Васю вучыць? Вучыць. Ён рэпэтытар, а ня Васькаў брат. Хай толькі паспрабуюць нешта сказаць, ён ім так і заявіць: я вам рэпэтытар, сыну свайму ўказвайце, як яму хадзіць. А я — дарослы чалавек. Сам з вушамі.
    Але заняткі з Васем былі толькі праз тыдзень. А сёньня Слаўку чакалі ягоныя ўласныя бацькі. Бацькі, якія яшчэ нічога ня ведалі. Ну і што, падумаў ён. Пакрычаць і звыкнуцца. Трэба ж калі-небудзь пачынаць жыцьцё дарослага чалавека.
    Дарослы чалавек прыехаў у свой раён і падняўся ў кватэру. Маці заўважыла не адразу. Аяк заўважыла, вохкнула.
    «Як прадказальна, — сказаў Слаўка. — Ну што ты вохкаеш?»
    «Ты што нарабіў! — усклікнула маці. — Ты як цяпер людзям пакажашся на вочы? Ты пра мяне падумаў? Вось бацька прыйдзе...»
    Бацька прыйшоў вясёлы. Аяк пабачыў, нічога не сказаў. Толькі весялосьць некуды зьнікла і глыбокая зморшчына пралягла на лбе. А вусны бацькавы сьцяліся ў адну суворую і строгую палоску і зьбялелі.
    «Значыць, вось яно як, — сказаў бацька, калі ён ужо чысьціў зубы. — Вось так яно выходзіць. Значыць, туды — і ніякіх, так?»
    «Туды, — пацьвердзіў Слаўка. — I ніякіх. Я ўжо дарослы чалавек».
    «Значыць, ты з гэтых, — сказаў бацька. — Вось яно як. Ня думаўя, сын. Што з гэтых і не такіх. Тут, у нас, і вось яно як выйшла. А што? Ну канечне. Туды — і нам што? А што мы для цябе... А ты вось як. Туды засунуў. 3 гэтых, сын, ты сам знаеш... Нічога і ніякага. Ну, што? Можа, давай і ўсё?»
    «Не, — цьвёрда сказаў Слаўка і выплюнуў пасту. — Мне можна. Я хачу».
    3 таго вечара атмасфэра ў кватэры зрабілася цяжкай, быццам нехта памёр за сьцяной, а забіраць труп адтуль не сьпяшаліся. Нейкае чаканьне вісела ў паветры, нейкая крыўда... Затое на факультэце Слаўку запаважалі. Выкладчыцы, вядома, касавурыліся, але што яны маглі зрабіць? I вось надышоў дзень урокаў. Слаўка прыехаў на край гораду, прайшоў праз будоўлю, знайшоў знаёмы дом, падняўся.
    «О, наш студэнт прыехаў, — упусьціла яго Васькава маці. — Здароў, Слава. Праходзь, наш аглаед чакае... Вася, настаўнік прыйшоў! Давай, Слава, паганяй яго сёньня, як казу паганяй, a то зусім наш Васька ад рук адбіўся!»
    Ён прайшоў у пакой і зачыніў дзьверы. Сеў побач з Васькам, які востра пах потам і бруднымі шкарпэткамі.
    «Обана, — сказаў Васька, з захапленьнем разглядваючы вуха свайго зьбянтэжанага настаўніка. — Ну ты монстр, Слэйв!»
    «Я ж прасіў, — скрывіўся Слаўка. — He называй мяне Слэйв! Ты ж ня ведаеш, што гэта значыць!»
    «А балюча было?» — спытаў Васька і схапіўся за завушніцу.
    «Не, — сказаў Слаўка, вырваўшы вуха зь ягоных брудных пальцаў. — Хутка. Раз і ўсё».
    «А чаго такую вялізную?»
    «Захацелася», — сказаў Слаўка.
    У кватэры запахла баршчом. Слаўка чуў з кухні нечы незнаёмы голас. Гугнявы і незадаволены. «У вас што, госьці?» — спытаў ён Ваську.
    «Да нас цётка прыехала, — сказаў Васька. — 3 райцэнтру, бацькава старэйшая сястра. Сьмярдзючая і злая, як чорт».
    «Ясна».
    Калі яны ўжо канчалі заняткі, у пакой зазірнуў Васькаў бацька. Зайшоў грошы аддаць за мінулы месяц. Такая ў іх была дамоўленасьць. Слаўка ўвесь сьцяўся. Ён неяк сьпінай
    зразумеў, што Васькаў бацька заўважыў ягоную завушніцу. Слаўка забраў грошы і наўмысна гучна запытаўся ў Ваські па-ангельску, як звалі спадарожніка Рабінзона Круза.
    Васька неўразумела глядзеў на ягоную завушніцу і не зьбіраўся нічога адказваць. Слаўка чуў, як Васькаў бацька запаволіў хаду. Дзьверы за сьпінай маўчалі. Значыць, бацька яшчэ тут.
    «А вось навошта, Слава?» — усё ж спытаў Васькаў бацька, стоячы ў дзьвярах. Ня вытрымаў.
    «Што навошта?» — спытаў Слаўка і абярнуўся.
    «Ну гэта, — Васькаў бацька дакрануўся да вуха. — Мы Ваську студэнта заказвалі, так. А вось гэта...»
    I Васькаў бацька зноў дакрануўся да вуха.
    «А вось гэта мы не заказвалі».
    «Захацелася, — сказаў Слаўка. — Прыгожа ж».
    «Ну-ну», — з сумневам сказаў Васькаў бацька і выйшаў.
    «Гэта мая справа», — ціха сказаў Слаўка яму ўсьлед.
    Заняткі скончыліся. Ён ужо прысеў у калідоры, завязваючы матузкі, падняўся — і пабачыў перад сабой тую самую цётку. Цётка стаяла, упёршы рукі ў бакі, і з агідай разглядвала ягонае вуха. Ад цёткі пахла такой саладжавай парфумай, і гэты густы водар так выразна зьмешваўся з пахам баршчу, што Слаўку ледзь не званітавала.
    «Добры вечар, — сказаў Слаўка. — Ну, я пайду».
    «Што ж ты, хлопча, нарабіў, — сказала цётка. — Сам на сябе гора наклікаў».
    «Якое яшчэ гора?» — паспрабаваў усьміхнуцца Слаўка і ўзяўся ўжо быў за ручку дзьвярэй, каб крыкнуць у глыбіню кватэры, што сыходзіць, і скаціцца нарэшце ўніз, на вольную вуліцу, у сьвет нармалёвых людзей. Але цётка спыніла яго ўладным рухам рукі.
    «Ты што, дурны? — яна ўпілася ў яго маленькімі злоснымі вачыма. — Ня ведаеш пра муракамскія промні? Зараз жа здымі і выкінь, а лепш закапай тую штуку, каб ніхто іншы на сябе бяду не навёў!»
    «Ой ну што вы такое кажаце, — Слаўка адчыніў дзьверы. — Усяго вам найлепшага!»
    «Не, — сказала цётка. — Чакай. Як ты і праўда ня ведаеш, дык я табе раскажу. Гэта ўсе ведаюць, хто навукай цікавіцца. Я ў інтэрнэце чытала. Вучоныя даказалі, што ўся нашая атмасфэра напоўненая муракамскімі промнямі. Іх ніхто ня бачыць, а яны прасякаюць усё паветра. Гэта промні, якія блукаюць па сьвеце і шукаюць такія вось штукі, адну зь якіх ты па дурасьці сваёй на сябе начапіў. Як толькі адзін прамень знаходзіць гэткую штуковіну, адразу зьлятаюцца іншыя. Тысячы промняў, хлопча. I ў вуху ад тых промняў заводзяцца такія малюпасенькія чарвячкі. Яны размнажаюцца й жаруць чалавека жыўцом, а ён да пары і ня ведае. Гэта, хлопча, навуковы факт. I я табе скажу, што першы муракамскі прамень цябе ўжо знайшоў. Таму выкінь гэтую брыдоту пакуль ня позна. Выкінь! У рэчку выкінь ці ва ўнітаз! Зараз жа!»
    «Што за трызьненьне, — сказаў Слаўка. Ён раптам адчуў, як у яго невыносна засьвярбела ў вуху. — Якія вучоныя? He зьбіраюся я нічога выкідваць. Якія яшчэ промні?»
    «Муракамскія, — сказала цётка. — А вучоныя — яны і ў Афрыцы вучоныя».
    «Ага, — сказаў Слаўка, чухаючы вуха. — Зымбабвійскія вучоныя славяцца на ўвесь сьвет. Вы Ваську лепш навучыце пад пазногцямі мыць. Усё, я пайшоў! Да пабачэньня!»
    Уначы ён нечакана прачнуўся. Адно вуха, звычайнае, простае, прыціскалася да падушкі. А другое, з завушніцаю, гарэла. Было такое адчуваньне, што гэтае вуха цяжка, як жаба, ляжала цяпер на ягонай шчацэ — і ён дакрануўся да вуха рукой. Аднак адчуваньне ня зьнікла. Слаўка міжволі ўявіў сабе, як у вуху працуюць, варушачыся маленькімі цельцамі, тысячы чарвячкоў. Ён быццам бы пачуў гук іхных нябачных, нястомных сківіц. Нячутнае чвяканьне напоўніла цёмны пакой. Па столі насіліся сюды-туды палоскі сьвятла. «Муракамскія промні», — падумаў Слаўка і ўспо-
    мніў, як пахла тая гідотная цётка. Так саладжава пахне сьметнік улетку, калі зазіраеш у яго, каб выкінуць адкіды арганікі. Ён адчыніў акно і падставіў вуха начной прахалодзе, каб астудзіць яго і прагнаць дурныя думкі.
    У аконнай шыбіне ён раптам паглядзеў на сябе так, нібы бачыў упершыню. Голы, зь вялікім вухам, якое паблісквала, нібы дыямэнт, ён стаяў пасярод вялікага сьвету. Нешта адбывалася ў сьвеце ў гэты момант, нешта, не падлеглае аналізу і разуменьню.
    Назаўтра ў яго ўвесь дзень балела галава ад недасыпу. А можа, і не ад недасыпу, думаў ён з трывогай. Можа, і ад чагосьці іншага. Ад чаго? — пытаўся ажылы ў ім унутраны голас. А хто ведае.
    3 таго дня ён пачаў ледзьве не штохвіліны мацаць сваё вуха — і з кожным разам яму ўсё выразьней уяўляліся маленькія чарвячкі, якія выядаюць тое вуха знутры. А яшчэ яму пачало здавацца, што вуха з завушніцай робіцца нейкае ўсё больш і больш мяккае. Аднойчы ён раскалупаў вуха так, што пабачыў на пальцах кроў. Кроў была чырвоная, звычайная. Такая самая, як у звычайных людзей, такіх, як усе.
    Слаўка ўспамінаў, як купіў завушніцу-тунэль у вялікім гандлёвым цэнтры. «Ухвалена дэрматолягамі», — было напісана на ўпакоўцы. Надзейны матэрыял. А раптам схлусілі? Ці мала што пішуць тыя вытворцы, каб збыць няварты таварчык. Надта ўжо танная была штуковіна. Раптам яна нясе ў сабе якую-небудзь радыяцыю? Невядома, дзе яе вырабілі. I невядома, з чаго. А майстар? — успомніў Слаўка. Надта ўжо самаўпэўнены мужык рабіў яму тунэль у вуху. Так ужо расхвальваў сваё ўменьне. А пра санітарныя нормы і не згадаў. Санітарныя нормы, сказаў сабе Слаўка. Ад гэтых непрыемных словаў вуха засьвярбела яшчэ MapHeft. А галава ўсё балела. Яна балела цяпер кожны дзень.
    Слаўка пашукаў у сеціве — але не знайшоў нічога пра муракамскія промні. Яму было жахліва сорамна за свае
    пошукі — і ўсё ж ён гадзіну сядзеў перад кампутарам, перабіраючы на трох мовах усё, што мела дачыненьне да шкоды мэталічных завушніц здароўю, а ў дадатак усё напісанае псэўданавукоўцамі, экстрасэнсамі і варажбіткамі. А потым знайшоў у сацсетках акаўнт майстра, які пракалоў яму вуха і ўставіў туды тую прыгажэзную цяжкую завушніцу. У думках Слаўка называў сябе кончаным параноікам — але вуха гарэла, цяжкая галава ныла, і вобраз чарвячкоў, якія нячутна і несупынна грызуць ягоны бедны мозг, усплываў перад Слаўкавымі чырвонымі ад бессані вачамі. Ён пацягнуў за завушніцу — і на нейкае імгненьне яму падалося, што зараз вуха застанецца ў ягонай руцэ, разам са сваёй аздобай.