Апошняя кніга пана А.
Казка
Альгерд Бахарэвіч
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 500с.
Мінск, Прага 2020
«Добра, пане гаспадару», — сказала Маргуся і выйшла ў калідор.
«Я хацела спытаць, ці шукаеш ты новага слугу, — жонка купца закурыла. — Бяз добрага слугі мы ўсе не адчуваем сябе ў поўнай бясьпецы. Варта было ўвесьці камэнданцкую гадзіну, як усе раптам успомнілі пра дэмакратыю. А яна — рызыкоўная цацка ў нашы часы. Да таго ж наша бедная Маргуся зусім забегалася, выконваючы абавязкі за дваіх».
«Я шукаю, дарагая, — сказаў купец. — Шукаю і знайду чалавека на месца няшчаснага Артэміюша. Але знайсьці добрага слугу заўсёды было задачай ня зь лёгкіх. Як там казаў клясык? Старым слугам патрэбны час, каб састарэцца. Мне не патрэбны нейкі там коснаязыкі маладзён, неадукаваны
балбатлівы бэйбус зь біцэпсамі. Выбраць слугу — гэта справа не аднаго дня. Што да Маргусі, дык яна пакуль што дае рады. He хвалюйся. I не глядзі на мяне так, казачнік, я заплачу Маргусі ўдвая за яе работу ў гэтыя неспакойныя дні».
«Пане гаспадару! — у пакой увайшла Маргуся. — Каля брамы стаіць пан Гланда і чакае, калі мы яго ўпусьцім».
«Пазнавата для візытаў, — сказаў незадаволена купец. — Што ж, пусьці яго, спадзяюся, ён прыйшоў па пільнай справе. А што там зь целам на ходніку?»
«Яно ўсё яшчэ ляжыць, заўтра з дазволу пана гаспадара я дам трохі грошай суседзкаму садоўніку, няхай прыбярэ яго», — сказала Маргуся і пайшла адчыняць.
Пан Гланда радасна ўвайшоў у пакой, купец запрасіў яго сесьці за стол. Мы ўсе заўважылі, што рукаў плашча пана Гланды быў разарваны, нібы яго ўкусіў сабака, а на шыі ягонай не было шаліка.
«Прашу прабачэньня за позьні візыт, — сказаў пан Гланда. — Я думаў завітаць да вас раней, пане гаспадару, мне хацелася пасьпець да пачатку новай гісторыі, якую меўся расказаць ваш шаноўны госьць. Але, бачу, я спазьніўся. На мяне напалі, калі я ішоў па цёмнай вуліцы да вашага гасьціннага дома. Давялося дастаць зброю, каб тыя дробныя зладзюгі пусьціліся наўцёкі. Нічога страшнага, такое здаралася ва ўсе часы, не зьвяртайце ўвагі».
«Так, гісторыю мы ўжо пачулі, і яна была вышэйшая за самыя высокія пахвалы, — сказаў купец. — Але хто наважыўся напасьці на вас, пане Гланда?»
«О, яны ня вартыя вашага хваляваньня і інтарэсу, — замахаў рукамі пан Гланда. — Як і ўсё гэтае маленькае здарэньне. Я ўсяго толькі заўважыў, як вы гледзіце на мой разадраны рукаў і вырашыў супакоіць спадарства, усё патлумачыўшы. Гэтыя людзі баяцца хваробы і нападаюць на кожнага, хто, на іхную думку, хавае сымптомы».
«Чаму ж яны вырашылі, што вы хворы? — спытаў я. — Вы былі ў масцы?»
«Што вы, — сказаў пан Гланда, нібы саромеючыся. — Я ня веру ў гэтую лухту».
«Зноў вы пра гэтыя маскі! — раззлаваўся купец. — Даліся яны вам. Гэтым панікёрам толькі і трэба, каб пра іх гаварыў увесь сьвет».
«Раней кожны надзяваў на твар маску настрою, — задумепна прамовіла жонка купца. — Маску шчасьця або нядолі. Маску абыякавасьці. А цяпер адразу выйшаў з дому — і ясна, з кім маеш справу. Паводле наяўнасьці маскі можна зразумець, як чалавек цэніць сваё жыцьцё і жыцьцё іншых. Можна зразумець узровень сацыяльнай адказнасьці зусім незнаёмых табе людзей. Нават не пытаючыся ў іх!»
«I ўсё ж ёсьць нешта ганебнае ў тым, каб так цаніць уласнае жыцьцё, — сказаў купец і памахаў нам пальцам, і мы пачціва прасачылі за ягонымі рухамі. — Маскі носяць толькі нарцысы і бязбожнікі! Якія паказваюць усім, як яны чапляюцца за сваё зямное існаваньне і як мала спадзяюцца на несьмяротнасьць душы».
«Паверце, гэта проста цёмныя людзі, якія напрыдумлялі сабе рознай лухты, — павярнуўся да мяне пан Гланда. — Як толькі ў горадзе здараецца штосьці, што выходзіць за межы аднаго двара, такія грамадзяне кідаюцца ў паніку і шукаюць вінаватых, замест таго, каб маліцца Міласэрнаму Богу і Справядліваму Ладу, дзякуючы якім мы жывем у згодзе і працуем дзеля далейшага росквіту і прагрэсу».
«I ўсё ж, пане Гланда? — спытаў я. — Чаму яны вырашылі напасьці менавіта на вас? На паліцыянта? Я не прыгадаю, каб гэта раней лічылася звычайнай справай для зладзюгаў нашага гораду».
«Сапраўды, пане Гланда, — падтрымаў мяне купец. — Вы працуеце ў паліцыі, таму мусіце мець вэрсію, чаму напалі менавіта на вас».
«Калі панства дазволіць, я выкажу здагадку, — прамовіла раптам Маргуся. — Рэч у тым, што...»
«Маргуся! — крыкнуў купец. — Што вы сабе дазваляеце! Займіцеся сваёй справай і ня ўмешвайцеся ў мужчынскую размову».
«Маргуся, відаць, пачула ад суседзкіх слугаў, іпто адбываецца апошнімі днямі ў вашым раёне, — сказаў пан Гланда. — Добра, я раскажу вам коратка, у чым прычына нападу. Просты народ лічыць, што ваш слуга Артэміюш памёр ад гэтай новай невядомай хваробы, у існаваньні якой нас спрабуюць пераканаць хцівыя і цынічныя журналісты. I цяпер кожны, хто ходзіць да вас, успрымаецца пераносчыкам інфэкцыі. Я ўжо спрабаваў патлумачыць людзям, што ўсё зусім ня так, як яны сабе прыдумалі. Вядома, я ня мог сказаць ім, што Артэміюш загінуў ад падзеньня з вышыні. Я проста заявіў ім афіцыйна, што гібель слугі не зьвязаная з чуткамі, якімі поўняцца іхныя дурныя галовы. Зразумела, яны не паверылі мне, яны перакананыя, што ваш добры гасьцінны дом нясе гораду заразу. Прабачце за гэтыя непрыемныя навіны, панове».
«Дзякуй, пане Гланда, — задуменна сказаў купец. — Добра, што вы завіталі і праясьнілі для нас сытуацыю. Чорт ведае што робіцца ў галовах гэтых плебеяў».
«Шчыра кажучы, — сказаў пан Гланда, — я завітаў ня толькі каб расказаць вам пра дурныя чуткі і паслухаць новую гісторыю вашага шаноўнага госьця. Я прыйшоў расказаць вам, што мы ў паліцыі праверылі кампутар няшчаснага Артэміюша. Нашыя спэцыялісты падабралі пароль ад аднаго сакрэтнага файла, у якім Артэміюш коратка апісвае апошнія тыдні свайго жыцьця».
«Міласэрны Божа! — сказала жонка купца. — Няшчасны Артэміюш... Спадзяюся, ягоныя апошнія дні ў нашым доме былі шчасьлівыя...»
«Без сумневу гэта так, — хутка сказаў пан Гланда. — Ён быў шчасьлівы служыць вам. Але мы са зьдзіўленьнем даведаліся, што між Артэміюшам і вашым госьцем існаваў канфлікт. Артэміюш крытыкаваў гісторыі шаноўнага аўтара,
пагражаў яму і зьбіраўся зрабіць усё магчымае, каб ваш шаноўны госьць пакінуў гэты дом. Артэміюш быў надзвычай невысокага меркаваньня пра тое, што піша ваш дарагі госьць. У ягоных запісах адчуваецца крыўда, а яшчэ — шаленства, нянавісьць, злосьць... Цяпер мы ведаем, што справа даходзіла нават да бойкі».
«Гэтага ня можа быць, — усклікнуў купец. — Артэміюш быў добры чалавек і верны слуга, а да таго ж разумнік, якіх мала!»
«У гэтым мы таксама ня маем сумневу, — сказаў пан Гланда. — Але выходзіць, што пан аўтар, калі я спытаў пра ягоныя стасункі з Артэміюшам, сказаў няпраўду. Бо адказ быў такі, што яны з Артэміюшам былі ледзьве не сябрамі. Навошта вы ўтойваеце ад нас праўду, пане аўтар? Мяркуйце самі, што атрымліваецца: вы былі адзіным чалавекам у доме, які меў матыў адпомсьціць Артэміюшу. Так-так! Вы адзіны чалавек тут, які мог жадаць яму зла і меў на гэта ўсе прычыны».
«I таму я скінуў Артэміюша з даху, адначасова седзячы ў гэтым пакоі і спакойна чытаючы гаспадарам новую прыдуманую мной гісторыю, — спакойна сказаў я. — Так, пане Гланда? Цікава, якім жа чынам я мог учыніць такое неверагоднае злачынства?»
«Я не кажу, што вы злачынца, — пачухаў шыю пан Гланда. — Я зусім не хацеў навесьці на вас нейкія падазрэньні раней, чым у мяне зьявяцца доказы, пане казачнік. Больш за тое, я шчыра жадаю, каб ніякіх падазрэньняў адносна вас у паліцыі так і не зьявілася. Але вы ўвялі сьледзтва ў зман. Навошта?»
«Я проста не хацеў засмучаць добрых гаспадароў, — адказаў я. — He хацеў, каб яны чулі з маіх вуснаў кепскія словы пра вернага слугу. Гэта праўда, паміж намі здаралася рознае. Але я ніколі нават не задумваўся пра помсту, мне і ў галаву пе прыйшло б зрабіць штосьці благое ў доме, які так гасьцінна прытуліў мяне ў гэтыя неспакойныя часы».
«Часы і праўда неспакойныя... — сказаў пан Гланда. У мяне да вас просьба, пане аўтар. He пакідайце пакуль межы гэтага дому, пакуль усё ня высьветліцца».
«Я і не зьбіраўся рабіць гэта, — сказаў я. — Прынамсі, у наступныя два тыдні».
«Вось і добра, — уздыхнуў пан Гланда. — Карантын — разумнае рашэньне. Пане купец, я маю просьбу і да вас. Ці ня мог бы я скарыстацца вашай гасьціннасьцю і пераначаваць у вашым цудоўным доме?»
«Што ж, — сказаў купец. — Час позьні, мне не хацелася б, каб на вас напалі злыя людзі, якія не чытаюць маіх кніг. Да таго ж прысутнасыдь у доме паліцыянта дае нам адчуваньне бясыіекі, хаця б на гэтую ноч. Заставайцеся, пане Гланда. Маргуся пасьцеле вам у пакоі, дзе спаў Эжэн. Але перад тым, пане Гланда, я папрашу вас схадзіць з Маргусяю разам у будку вартаўніка і праверыць браму і камэры відэаназіраньня».
«Вядома, пане купец».
Пажадаўшы ўсім добрай ночы, купец з жонкай пайшлі да сябе. Пан Гланда і Маргуся выйшлі ў двор. У пакоі засталіся толькі я і сыгі купца, які забраўся на канапу і не міргаючы глядзеў на мяне. Ён чакаў Маргусю, каб тая адвяла яго ў пакой і паклала спаць. А я чамусьці ўспомніў песеньку пра сурка і ціха замурчаў яе пад нос.
«Слухай, — сказаў раптам сын купца. — А чаму ты ні разу не зайшоў у мой пакой?»
«А што, я мусіў?»
Avecque si, avecque la, avecque la marmotte.
«Ну ты ж аблазіў увесь дом, — сын купца паглядзеў, ці няма каго ў калідоры, і вярнуўся на месца. — Ты ўсё вынюхваеш. А да мяне так і не зайшоў».
«А што ў цябе можа быць цікавага? — сказаў я, раздражнёна думаючы пра пана Гланду. — Што я, ня бачыў хла-
печых цацак? Ці ты хочаш, каб я пагуляў з тваёй чыгункай? He, мы з тваім бацькам дамовіліся, што я буду прыдумляць гісторыі, а пра тое, што мне будзе трэба няньчыць малога сапліўца, гаворкі не было».
«Сам ты саплівец, — сказаў малы павіян. — Калі ты ня зойдзеш да мяне пагуляць, я раскажу бацьку, што ты лазіў па доме ўначы. I што глядзеў на Маргусю, калі яна спала».
«Ну што ты за малпа... — сказаў я злосна. — Ну добра, я зайду да цябе заўтра, калі ўсе заснуць. Сёньня нельга, пан Гланда ня проста так папрасіўся пераначаваць, ён будзе хадзіць па калідорах і шукаць сьляды майго злачынства. А я буду спаць...»
«А па-мойму, пан Гланда застаўся не для гэтага, — ляніва запярэчыў мне малы павіян. — Па-мойму, ён проста баіцца».
ГіСТОРЫЯ ШАСНАЦЦАТАЯ