Апошняя кніга пана А.
Казка
Альгерд Бахарэвіч
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 500с.
Мінск, Прага 2020
«Але крокі на калідоры такія цяжкія», — сказаў я ёй у вуха, асьцярожна абняўшы, каб не пакрыўдзіць.
«Напішы гісторыю пра мяне», — шапнула яна.
«Добра», — сказаў я.
Яна зноў засьмяялася, устала і высьлізнула за дзьверы.
Дачакаўшыся, пакуль яе крокі сьціхнуць, я штуршком нагі выгнаў малога з-пад коўдры і выпхнуў яго ў калідор.
ГіСТОРЫЯ ПЯТНАЦЦАТАЯ
РЫТУАЛ САБІНЫ
Калі Сабіне споўнілася сорак, яна адмовілася адразу ад трох звычак, а замест іх прыдумала сабе рытуал. Так часта бывае з тымі, каму аднойчы раптам споўнілася сорак. Учора ў цябе дома жылі тры звычкі, мілыя, у меру шкодныя і такія хатнія, што выгнаць іх гадамі не падымалася рука. Але вось ты прачынаешся пасьля дня нараджэньня, глядзіш на іх і разумееш: нечага не хапае.
Нейкага выкліку.
Калі Сабіне споўнілася сорак, яна кінула курыць і пачала бегаць. Кожную раніцу яна ўставала а сёмай, нацягвала спартовы касьцюм і ішла ў парк недалёка ад дому. Парк перасякала нешырокая, але не такая ўжо й вузкая гарадзкая рака. Сабіна бегала па паркавых сьцежках, вітаючыся з кожным дрэвам, а потым, калі чарговая сьцежка выводзіла яе нарэшце да каменнага парапэта, спынялася і, цяжка дыхаючы, глядзела на гадзіньнік. Калі шум у вушах сьціхаў, яна нахілялася над цёмнай вадой, даставала з кішэні хлеб і карміла крыклівых качак.
Калі Сабіне споўнілася сорак, яна выдаліла з тэлефона ўсё, на што гадамі марнавала свой час, і пачала бегаць. Кожную раніцу яна карміла качак, стоячы над нерухомай вадой, па якой час ад часу праплывала нейкае сьмецьце.
і старалася думаць пра добрае і важнае. Напрыклад, пра ваду, пра яе плынь, пра яе сэнс і яе філязофію.
Калі Сабіне споўнілася сорак, яна перастала есьці па начах. Раней яна ўставала а трэцяй і рабіла сабе бутэрброды з тлустым мясам. А цяпер, прачнуўшыся, яна прымушала сябе зноў заснуць. А потым уставала а сёмай, бегала па ціхім ранішнім парку, а набегаўшыся да лёгкай зьнямогі, доўга стаяла каля каменнага парапэта і карміла качак. Яна пераконвала сябе, што качкі палюбілі яе і пазнаюць яшчэ здалёк, калі яна, зрабіўшы апошняе кола, падбягае да рачнога берага.
Калі Сабіне споўнілася сорак, яна зрабілася ўважлівай і спакойнай, а яшчэ схуднела за месяц на дзесяць кіло. Ды толькі ніхто гэтага не заўважыў. Сабіна жыла адна.
У тую восеньскую раніцу яна, як заўсёды, выскачыла на вуліцу і нясьпешна пабегла ў парк. Людзі рашуча і смурна ішлі ёй насустрач, людзей было шмат, людзі ішлі на работу, але Сабіна ня бачыла іхных твараў. Яна была фрылансэрка, яна магла сама распараджацца часам. Яна паволі бегла між бястварых таропкіх людзей, і хоць гэта яны сьпяшаліся, а яна ўсяго толькі пачынала свой дзень з прабежкі, неяк выходзіла, што яна рухаецца хутчэй за іх. Гэта было цікава — і Сабіна думала пра гэта да самага парку.
«Здароўкі, клён, здароўкі, дубок, здароўкі, бярозанька», — паўтарала яна парывістым шэптам, бегаючы па знаёмых, пустых паркавых сьцежках. А потым дабегла нарэшце да ракі і спынілася. Паглядзела на гадзіньнік: мінула дваццаць хвілін. Качкі былі далёка, яны сабраліся пад мостам і нешта ўзрушана абмяркоўвалі. Сабіна ўладкавалася ля парапэта і дастала хлеб.
I тады яна пабачыла, як па вадзе плыве штосьці не зусім звычайнае.
Гэты прадмет вытыркаўся з вады, нібы паплавок. Але паплавок рухаўся. Рухаўся, узьняўшыся над цёмнай вадой на дзясятак сантымэтраў. Па рацэ, стоячы тарчма, плыла нейкая палачка і паволі круцілася, то ўправа, то ўлева.
Сабіна не зьвярнула б на палачку ніякае ўвагі, калі б не прывучыла сябе ўважліва ўзірацца ў цёмную, буравата-сінюю ваду. Яна прасачыла позіркам за тым загадкавым паплаўком. Паплавок спыніўся акурат насупраць яе, пасярэдзіне нешырокай, узятай у гранітныя абдымкі гораду ракі.
У тым месцы, дзе палачка замерла, забурліла вада. Атрымаўся зусім невялікі вірок, які можна было пабачыць толькі стоячы каля парапэта і ўважліва ўглядаючыся ў цёмную раку.
Разьмінаючы ў пальцах хлеб, Сабіна пабачыла, як на паверхню вады ў тым месцы, дзе толькі што бурліла вада, усплыла маленькая, памерам з заплечнік, падводная лодка.
Палачка над вадой была яе пэрыскопам.
Сабіна ня рухалася. Яна глядзела, як наверсе лодкі адчыніўся маленькі люк. На круглую маленькую палубу выйшлі, адзін за адным, маленькі капітан і двое матросаў. Капітан падняўда вачэй маленькі цацачны бінокль. Барадатыя матросы стаялі за ягонай сьпінай, як два гномы. Капітан павярнуўся і накіраваў бінокль на Сабіну.
Нейкі час яны так і стаялі: Сабіна глядзела на падводную лодку, маленькую чорную падводную лодку, якая раптам усплыла пасярод гарадзкой ракі. А капітан маленькай падводнай лодкі глядзеўна Сабінуўмаленькі чорны бінокль.
Сабіна пацягнулася па тэлефон, каб зьняць гэты цуд.
Але пакуль яна даставала яго з вузкай кішэні спартовага касьцюма, пакуль адчапляла яго ад нейкай ніткі... Капітан выкрыкнуў адрывістую каманду і спусьціўся ў люк, матросы кінуліся за ім, лодка задраілася, вада забурліла... I вось ужо не было на паверхні вады ніякага пэрыскопа, не было ні лодкі, не было ніякага сьледу на вадзе, апрача белай пены на тым месцы, дзе ўсплывала маленькая субмарына.
Сабіна кінула хлеб у ваду. Качкі зьляцеліся і пачалі сваю бітву, бітву за хлеб. Гэтым разам Сабіна ня думала ні пра плынь вады, ні пра яе сэнс. Яна ўяўляла сабе дно нешыро-
кай і ня надта глыбокай гарадзкой ракі, якую людзі ператварылі ў рабыню, у дэкарацыю, у сьметнік. Там, недзе каля самага дна, затаілася цяпер маленькая чорная падводная лодка памерам з заплечнік. Унутры яе сядзелі капітан і матросы. Маленькія ліхтары па баках лодкі асьвятлялі цемру вадзяных лябірынтаў. У маленькіх ілюмінатарах цьмяна праступалі абрысы патанулых праржавелых ровараў, кучы разьбітых бутэлек, раскрытыя, нібы старыя прагнілыя кнігі, чамаданы, падобныя да водарасьцяў пакеты, шкілеты жывёлаў і нават людзей...
Сабіна доўга стаяла каля парапэта, уяўляючы сабе гэтую карціну. Лодка болыл не ўсплывала.
3 таго часу Сабіна пачала бегаць толькі ўздоўж берага, па асфальтавай дарожцы каля парапэта. Яна бегала і глядзела на цёмную ваду — але пэрыскоп больш не паказваўся. Напэўна, маленькая субмарына была ўжо далёка адсюль. Можа, яна плыла па той шырокай рацэ, прытокам якой была гарадзкая рэчка. А можа, субмарына ўзяла курс на вялікае вадасховішча за горадам. Тое вадасховішча было для маленькай субмарыны як сапраўднае мора.
А можа, субмарына дагэтуль плавала па гарадзкой papa, зусім блізка ад Сабіны, там, дзе яна карміла чаек. Проста капітан не даваў каманды ўсплываць. He лічыў гэта мэтазгодным. He хацеў паказвацца на вочы Сабіне. Гэта было правільным рашэньнем, падумала яна. Бо падводная лодка была такая маленькая, а горад гэткі вялікі. У горадзе жылі вялікія людзі, якія маглі нашкодзіць маленькай субмарыне. Вялікія людзі заўсёды хочуць нашкодзіць маленькім. Дый сама Сабіна была агромністай, калі параўноўваць яе з падводнай лодкай і яе камандай. Агромністай і тоўстай, нягледзячы на тое, што яна скінула ўжо пятнаццаць кіло і падавалася ўсім, хто яе бачыў, даволі хударлявай.
Сабіна думала пра лодку ўвесь час. 3 аднаго боку, яна шкадавала, што ёй не ўдалося зрабіць здымак. А з другога боку, яна адчувала, што менавіта адсутнасьць фота абудзіла
ў ёй фантазію. Вялікую фантазію, а зусім не маленькую, як гэта заведзена сярод вялікіх людзей.
Сабіна думала пра падводную лодку. А потым села за стол пасьля чарговай прабежкі і напісала кніжку. Маленькую кніжку пра маленькую падводную лодку, якая раптам усплыла аднойчы ў бруднай гарадзкой рацэ.
Гэта была маленькая кніжка пра прыгоды маленькага капітана і двух маленькіх матросаў, якія плавалі пад цёмнай вадой гарадзкой ракі.
3 гэтай кніжкай яна выправілася да самага буйнога ў горадзе выдаўца. «Я напісала кніжку пра маленькую падводную лодку», — сказала яму Сабіна.
«Вы так добра выглядаеце, — сказаў выдавец. — Калі б я ня быў джэнтэльмэнам, я запытаўся б, колькі вам гадоў. Вы такая ладная і хударлявая, у вас цудоўныя вочы і такі сьвежы колер твару. Напэўна, вы шмат часу бавіце на сьвежым паветры».
«Я напісала кніжку пра маленькую падводную лодку», — сказала выдаўцу Сабіна.
«Напэўна, вы бегаеце раніцай, — сказаў выдавец. — Я думаю, што вы жывяце недзе ў цэнтры гораду. Мы маглі б бегаць разам».
«Я напісала кніжку пра маленькую падводную лодку», — сказала Сабіна.
«Калі мне споўнілася сорак, — сказаў выдавец, — я кінуў тры старыя звычкі і прыдумаў сабе рытуал. Я перастаў курыць, глядзець порна і піць танны алькаголь. Я заснаваў уласнае выдавецтва і пачаў зарабляць грошы. Цяпер у мяне ёсьць двухпавярховы ўласны дом на ўскраіне гораду, машына і слугі, і я бегаю кожную раніцу па лесе, зусім адзін».
«Я напісала кніжку пра маленькую падводную лодку», — сказала Сабіна.
«Напішыце вось тут, на вашым рукапісе, нумар свайго тэлефона, — сказаў купец. — Mae рэдактары з вамі зьвяжуцца».
Кніжка выйшла наступнай вясной і мела такі посьпех, што выдавецтва адразу ж выдала другі наклад, у цьвёрдай і ў мяккай вокладцы, а затым і трэці. Сабіна атрымала вялікі ганарар і пачала думаць над новай кніжкай. Яна бегала па парку і глядзела на цёмную ваду, а калі яна нарэшце спынялася, каб пакарміць качак, ёй званіў выдавец і запрашаў павячэраць — кожнага разу ў новай рэстарацыі. Сабіна ўжо й сама ня верыла, што аднойчы пасьля прабежкі яна сапраўды назірала, як пасярэдзіне бруднай гарадзкой рэчкі на паверхню ўсплыла маленькая чорная падводная лодка памерам з заплечнік. Яна ўжо ня верыла ў існаваньне капітана і матросаў. Яна верыла толькі ў тое, што пасьля сарака жыцьцё толькі пачынаецца. Яна кінула свой абрыдлы і неспакойны фрыланс і думала толькі пра тое, як напісаць новы бэстсэлер.
I вось пасьля чарговай прабежкі ў яе куртцы зноў зазваніўтэлефон. Яна падняла, чакаючы пачуць прыемны голас выдаўца. Але гэта быў не выдавец.
«Г-гэта в-вы напісалі к-кніжку “Прыгоды маленькай субмарыны”?» — прамовіў рэзкі чужы голас, нават не павітаўшыся.
«Так, я, — сказала Сабіна. — А хто гаворыць?»
Яна ўжо ведала, што гэта такое, калі аўтару на мабільны звоняць невядомыя чытачы і просяць аўтограф, грошы або кнігу задарма.
«Гаворыць к-капітан п-падводнай лодкі Х-290, — пракаркаў голас. — Усё, што в-вы напісалі ў сваёй к-кніжцы — няпраўда. Мы п-патрабуем абвяржэньня. Т-трэба т-тэрмінова расказаць гэтаму гораду, як усё было насамрэч і хто м-мы т-такія!»