Апошняя кніга пана А.
Казка
Альгерд Бахарэвіч
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 500с.
Мінск, Прага 2020
Ніхто з жыхароў, нават самых старых, нічога ня бачыў і ня чуў пра нейкія сьляды вайны — ні на балоце, ні ў вако-
ліцах. I весьці гасьцей на тыя балоты ніхто жаданьня ня выявіў. А нашто? Няма там нічога, адна твань. Па вайне — ага, былі там і каскі, і патроны, і трупы знаходзілі. Але вычысьцілі ўсё даўно, бо мірнае неба над галавой ня любіць, калі пад нагамі сьмерць валяецца. А дарогі на балоты няма. Чаго па іх швэндацца, па балотах? Ягада там не расьце ўжо гадоў трыццаць. Адна бабка сказала, каб каманда ішла ў школу — там нібыта быў музэй. Вось у ім усё і стаіць, усё, што па лесе жалезнага-ваеннага назьбіралі. А болып няма нічога. Так што, рабяты, дарэмна вы з самай сталіцы да нас ехалі. Хопіць ужо пра вайну тую думаць. Заняліся б якой сур’ёзнай справай.
«Вы не разумееце, — расхваляваўся раптам Папоў. — Вайна — такая штука, што яе сьляды будуць знаходзіць у зямлі стагодзьдзямі. Вайна пакідае па сабе мільёны, мільярды дробных рэчаў. I ўсё гэта тоіцца недзе ў зямлі! Апускаецца з кожным годам усё глыбей!»
Ленка і Сыракваш з усяе моцы рабілі знакі Папову, каб ён супакоіўся. Ня ў іхных правілах гэта было — спрачацца зь мясцовымі. Іхнымі прынцыпамі былі ветлівасьць, спакой і давер.
«Ну і хай апускаецца, — сказаў нейкі мужык. — Чаго мінулае варушыць? Было і было. Гары яно гарам! Мы з тымі акупантамі цяпер не ваюем. Дасьць Бог, і ня будзем, пакуль жывыя. I дзеці нашы ня будуць. I ўнукі. I вабшчэ, рабяты, а ў вас дазвол ё? Можа, вы чорныя капальнікі, а ніякая не каманда “П”! Я пра такіх чытаў... Ходзяць па лясах і балотах, помнікі гісторыі крадуць, а потым прадаюць калікцанерам за баксы!»
Пачуўшы гэтыя словы, амаль усе вяскоўцы разьбегліся. Каманда ўжо была сабралася і праўда завітаць у школу, каб хоць на музэй паглядзець (там магла знайсьціся карысная інфармацыя на будучыню) — калі іх паклікаў з суседняга двара нейкі дзед.
«Дык вам, рабяты, не да нас трэба, — сказаў ён, бліскаючы залатымі зубамі. — Вам за гару трэба, у Немач. Тыя балота любяць...»
I ён паказаў на ўзгорак, на якім, нібы ў вершы клясыка, цямнеў зубчаты край бору.
«А што за Немач такая?» — спытала Ленка.
«Дык дзярэўня, — сказаў, сплюнуўшы, дзед. — Дзярэўня не дзярэўня, а людзей там трохі жыве. Бальныя яны нейкія, патаму і называюцца Немач. Вы ў іх спытайце, во яны ўжо вам можа што і раскажуць. А ў нас усё ў парадку, слава Богу і гасударству».
Дарогі ў Немач не існавала. Машына Папова забуксавала на ўзгорку, давялося вылазіць і штурхаць. Толькі ўвечары яны апынуліся «за гарой» — але там быў толькі лес. I калі б Ленка не заўважыла дым — павярнулі б яны назад. Бо ніякай вёскі Немач на мапе не існавала.
Аб’яжджаючы бор проста праз поле, яны нарэшце пабачылі шырокую сьцяжыну, якая вяла ў самы гушчар. Машына з палёгкай выбралася на больш-менш роўную паверхню і паскакала ўлес.
Немач складалася з шасьці крэпкіх хатаў, за кожнай зь якіх цягнуўся вузкі ўчастак ворнай зямлі, а перад хатамі цьвілі яблыні. Людзей відаць не было. Каманда спынілася пасярод адзінай у вёсцы вуліцы, Папоў, Ленка і Сыракваш выйшлі, азіраючыся, і вырашылі, што тут і праўда можна будзе знайсьці нешта цікавае. Ня часта каманда трапляла ў паселішчы, якіх няма на мапе. I тут з хатаў пачалі выходзіць жыхары. Адначасова, нібы толькі й чакалі іхнага прыезду.
Каманда зьдзіўлена глядзела, як яе абступалі мясцовыя, і пачувалася ніякавата.
Для зьдзіўленьня і нейкага ціхага страху і праўда былі прычыны.
Замест тых «балотных» людзей, пра якіх расказаў дзед у Шумавічах, яны пабачылі з тузін маладых, трыццаціга-
довых мужчын і жанчын, і кожны чалавек тут быў высокага росту, бялявы і блакітнавокі, і адзеньне на кожным было добра адпрасаванае і вымытае, і ў тварах, якія глядзелі на прыхадняў без прыязнасьці, прысутнічала штосьці нянаскае і нават хваравітае. А яшчэ яны ўсе былі падобныя між сабой, як браты й сёстры. Такое, вядома, здаралася і ў іншых вёсках, якія наведвала каманда, але тут блізкае сваяцтва было навідавоку.
Сыракваш павітаўся і коратка патлумачыў, зь якой мэтай каманда прыехала ў Немач. Жыхары вёскі моўчкі слухалі, і вецер варушыў іхныя бялявыя валасы, а блакітныя вочы глядзелі так, быццам ня бачылі перад сабой ніякіх гасьцей, а бачылі толькі лес, неба і зямлю.
Урэшце наперад выйшаў адзін мужчына і сказаў, што каманда марна адольвала ўзгорак і прабіралася з такімі цяжкасьцямі празь лес. Ніякіх сьлядоў вайны тут няма і быць ня можа. Вось там, за гарой, сказаў гэты немацкі, там ёсьць і музэй, і помнік, усё для такіх, як вы. А тут у іх дзярэўня як дзярэўня, побач лес, а на балотах яны ягады зьбіраюць кожнае лета, зьбіраюць і прадаюць, балоты ў Немачы кожны ведае, няма там нічога, усё даўно ўздоўж і ўпоперак ходжана-пераходжана.
Між тым пачало цямнець, і Сыракваш папрасіўся пераначаваць у добрых немацкіх людзей. Тыя параіліся і неахвотна пагадзіліся пусьціць гасьцей у крайнюю хату. Папоў загнаў машыну на падворак, яны павячэралі ў кампаніі маўклівых гаспадара з гаспадыняю, а потым ім паказалі месца для начлегу. Ленку паклалі ў хаце, а Папова з Сыраквашам на сена.
«Слухай, Сыракваш, — сказаў шэптам Папоў. — Праўду дзед у Шумавічах казаў, дзіўныя яны тут усе... Такое адчуваньне, што нешта хаваюць. Зараз засьнем, а яны нас зь сякерамі прыйдуць і пасякуць усю каманду. А галовы на частакол... Ты бачыў, якія ў іх вочы? 3 такімі вачыма ў Перуна і Вялеса верыць, а не ў Ісуса Хрыста...»
«Спакойна, Папоў, — адгукнуўся Сыракваш, прыўзьняўшыся налокці. —Жывымі нас ня возьмуць... Дыжартуюя. Ніхто нас забіваць не наважыцца. Але яны і праўда дзіўныя ў гэтай Немачы. А самае дзіўнае ведаеш што? Ты дзяцей тут бачыў?»
«Не».
«Ім усім гадоў па трыццаць, а дзяцей ні ў кога няма».
Ноччу іх пабудзіў голас Ленкі. Тая ціха клікала іх з двара. Папоў і Сыракваш падняліся. Побач зь Ленкай стаяў адзін зь немацкіх і спалохана азіраўся наўкола.
«Гэта Казя, — сказала шэптам Ленка. — Ён пакажа нам месца, дзе можа быць самалёт. А за гэта ён просіць...»
«Хай скажа, колькі, — сказаў Сыракваш. — Плацім гатоўкай».
«Ён іншага хоча, — сказала Ленка. — Каб мы забралі яго з сабой і абаранілі ад немацкіх».
«Ого! Таямніца... — вочы Папова загарэліся. — Як, каманда? Мы згодныя?»
Яны кожны па чарзе дакрануліся да скроняў. Гэта быў таемны знак каманды, знак згоды. Яны кінуліся да машыны, усадзілі Казю на пярэдняе сядзеньне побач з Паповым. Матор зароў, і машына рванула па знаёмых каляінах на ўзгорак. Яны бачылі, як у цёмных вокнах хатаў Немачы запальваліся па адной злавесныя сьвечкі.
Раніцай, пакінуўшы машыну ў Шумавічах, яны прабіраліся па лесе ўсьлед за Казем. Той арыентаваўся добра — але ў каманды не было навыкаў лазіць па балотах, таму, калі пад нагамі пачала правальвацца зямля, Ленка і Папоў пару разоў ледзь не патанулі, захрасшы ў вязкай вадзе па пояс. Казя і Сыракваш выцягвалі іх з дапамогай тоўстай палкі, якую меў пры сабе іх немацкі праваднік. Палка была адмыслова абгабляваная так, каб за яе можна было ўхапіцца і зачапіцца. Праз гадзіну, ушчэнт змораныя, яны стаялі перад замерлым балотам і ўзіраліся ў туман.
Пасярэдзіне з вады тырчаў корч. А можа, дошка, прынесеная сюды летняй бурай. А можа...
Казя, пераскокваючы з купіны на купіну, павёў іх наперад. I вось ужо Ленка, патанаючы па костачкі ў вадзе, стаяла перад самым карчом. Яна нахілілася і пагрукала па ім маленькім паходным малатком.
Гэта было жалеза. Іржавае жалеза. Яны расхісталі жалезны корч — і зразумелі, што місія была не дарэмнай.
Перад імі быў хвост самалёта.
Сам самалёт цалкам хаваўся ў балотнай вадзе. Выцягнуць яго адтуль было праблемай, якой яны не далі б рады без спэцыяльнай тэхнікі. Але нават такая праблема была вырашальная. Болын заўсё іххвалявала іншае. У балотнай вадзе мог захавацца труп лётчыка.
Самалёт быў варожы.
Цэлы варожы самалёт ляжаў, схаваны падступнымі балотнымі водамі. Ляжаў ужо шмат гадоў, зьбіты некалі над гэтым лесам. Ляжаў і натхняў каманду на тое, што яны любілі больш за ўсё на сьвеце. На тое, каб уявіць сабе, як усё адбывалася.
Якімі былі апошнія хвіліны жыцьця лётчыка. Што ён бачыў і адчуваў, калі зразумеў, што самалёт падае ў лясныя нетры. Шум застаялай вады і прагны ўсплёск балота, якое праглынула параненую куляй паветраную машыну. Марныя намаганьні выбрацца з кабіны... Жах і роспач чалавека, праглынутага вайною жыўцом — нібы дрыгвою, якая не разьбірае, злачынца перад ёй ці проста салдат, які выконваў загад, каб застацца жывым.
«Магчыма, ён пасьпеў катапультавацца, — сказала Ленка. — У такім разе ён...»
«Або ён патануў у гэтай дрыгве, — сказаў Сыракваш. — Або...»
Казя ўважліва слухаў іх і, здавалася, не разумеў, пра што яны гавораць.
Сфатаграфаваўшы хвост самалёта зблізку, яны вярталіся ў Шумавічы і слухалі, як Казя блытана расказвае пра жыцьцё ўягонай вёсцы. Вядома, яны насьцярожыліся, калі Казя пачаў зь веданьнем справы дзяліцца ўспамінамі з тых часоў, калі іх саміх яшчэ не было на сьвеце. Але Казя быў немацкі. А немацкія, як упэўнілася каманда, былі людзі не зусім каб у добрым розуме.
«А дзе твае бацькі, Казя? — спытала Ленка. — Пераехалі куды? Ці памерлі ўжо? Даруй, што я пытаюся...»
«Памерлі? — зьдзівіўся Казя. — У нас у Немачы і могілак няма...»
«Як гэта няма? — сказаў Папоў. — А дзе ж тады вы хаваеце памерлых? У Шумавічах?»
«У нас толькі курганок, — прамармытаў Казя. — Курганок. А могілак няма ніякіх. Могілкі... Якія могілкі... Мы ж немацкія. Могілкі, гэта за гарой... А чаго на гару лезьці? Мы ж там былі, няма там нічога. Я ў сталіцу хачу. Вы абяцалі!»
«Што за курганок?» — спытала Ленка.
«Дык курганок жа, — пагрукаў сябе па лбе Казя. — Там, як вясна, трэба пасядзець і водачкі папіць. Курганок жа!»
I ён засьмяяўся маркотна, пазіраючы на каманду так, нібы гэта яны былі вясковыя дурні, а ня ён.
У Шумавічах тэлефоны зноў пачалі працаваць. Сыракваш дамовіўся наконт верталёта. Гэта было дорага, але каманда «П» мела рэсурсы для такіх апэрацый. Назаўтра яны ўжо стаялі перад іржавай муміяй варожай паветранай машыны, якая і праз шмат гадоў выглядала так упэўнена, нібы рыхтавалася ўзьняцца ў неба. I нават яе прабіты зеленаваты бок наводзіў на думкі, што вайна яшчэ ня скончылася. Скінуўшы зь сябе ціну і балотныя карчы, самалёт пагардліва глядзеў на людзей і чакаў, пакуль пілёт вернецца ў кабіну.