• Газеты, часопісы і г.д.
  • Апошняя кніга пана А. Казка Альгерд Бахарэвіч

    Апошняя кніга пана А.

    Казка
    Альгерд Бахарэвіч

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 500с.
    Мінск, Прага 2020
    113.42 МБ
    I нібы толькі й чакаўшы словаў маці, малы павіян ускочыў і спытаў мяне, утаропіўшыся ў вочы сваімі нявіннымі зрэнкамі:
    «А што такое порна?»
    «Карцінкі, — сказаў я. — Карцінкі для дарослых. Калі ты вырасьцеш, даведаешся, а пакуль скажы мне... Ты здагадаўся, дзеля якой мэты быў прыдуманы героямі гэты Раман Бурак? Які ў іх быў плян?»
    «Забіць іхнага Лідэра Нацыі, — адказаў насьмешліва малы. — Што я, дурны?»
    Я зноў уздыхнуў. У ім і праўда было нешта, што пужала мяне. Я ў ягоным узросьце не зразумеў бы ні слова з гэткай складанай казкі. Кожнага разу я стараўся прыдумаць такі пачатак, які слухачам трэба было яшчэ адолець, перш чым занурыцца ў сам аповед і паддацца ягонай інтрызе. Але малы павіян чамусьці навучыўся аддзяляць пачатак ад самой гісторыі і лавіў сутнасьць нягледзячы на ўвесь напушчаны мною туман.
    Апанаваны гэткімі філязофскімі развагамі, я слухаў, як купец выказвае мне сваю пахвалу.
    «Сябры мае, — сказаў ён. — Сябры мае дарагія! Я ня ведаю, што раскажа наш казачнік заўтра, але сёньня я загадваю прынесьці яму бутэльку добрага віна проста ў пакой. Маргуся, не забудзься пра маё даручэньне! Дарэчы, што ты думаеш пра гісторыю Рамана Бурака? Спадзяюся, яна цябе не расчаравала?»
    «Што вы, пане гаспадару, — апусьціўшы вочы, прамовіла Маргуся. — Я думаю, што наш казачнік мог бы зрабіць з гэтай гісторыі сапраўдны раман. Гісторыя, якую мы пачулі, магла быць значна даўжэйшай, але мы слухалі б яе і тады. Зь ня меншай увагай! Я ўяўляю сабе, як разьдзел за разьдзелам разгортваецца гэтая дзея... Як можна было б падрабязна апісаць падрыхтоўку таямнічага праекту. Але наш казачнік умее ўсё. Ён можа расказаць тую самую гісторыю як раман, а можа як казку — і слухаць яго заўжды цікава, і сэрца б’ецца, як у дзяцінстве. Мы шчасьлівыя людзі, пане гаспадару, і я лічу, мы мусім падзякаваць вам за тое, што вы запрасілі казачніка ў ваш гасьцінны і ўтульны дом».
    Мы з імпэтам папляскалі купцу, але той рашуча замахаў рукамі.
    «Усё ня так проста, дарагая Маргуся, — сказаў купец. — Усе мы ведаем, які складаны зьбег абставінаў прывёў у наш дом гэтага, без сумневу, незвычайнага чалавека. Давайце лепш папросім майго вернага Артэміюша нарэшце выпусьціць ягоныя крытычныя стрэлы. Упэўнены, што ў яго іх
    назапасілася за апошнія вечары цэлая процьма. Артэміюш, як мяркуеш ты?»
    I ўсе павярнуліся да дзьвярэй.
    Але ніякага Артэміюша там не было.
    «Ён што, ня слухаў гісторыю? — усклікнуў купец. — Мой верны Артэміюш, мабыць, пакрыўдзіўся на нас. Мы не давалі яму слова, і ён вырашыў праігнараваць сёньняшняе чытаньне. Але бяда ў тым, што ніхто не дазваляў яму так рабіць. Маргуся, ідзі і прывядзі яго сюды. Дзе б ён ні быў! Сядзіць, відаць, насуплены ў сваёй будцы і праклінае нашага добрага казачніка... Скажы яму, каб не дурыў і вяртаўся ў дом!»
    «Магчыма, Артэміюш пачуў на вуліцы нешта падазронае, — ціха прамовіла жонка купца, — Ты ж бачыў сёныія, што там робіцца. Гэтыя вар’яты бадзяюцца па горадзе са сваімі лёзунгамі. Сёньня раніцай, калі ты зьехаў, адзін чалавек грукаў у нашую браму і разьбіў вочка камэры. Артэміюш ледзь уціхамірыў дурня!»
    «Можа, ён змагаецца там, адзін супраць цэлай банды, — усклікнула Маргуся і прыкрыла рукою прыгожы рот. — А мы тут... Я ўжо бягу, пане гаспадару!»
    «Ты нічога не казала мне пра ранішняе здарэньне, нахмурыўся купец, зьвяртаючыся да жонкі. — Едучы сёньня ў офіс, я бачыў, што робіцца ў горадзе. Павер, дарагая, гэта хутка скончыцца. Я пазваню ў паліцыю і запатрабую нарэшце разабрацца з усім гэтым. Людзі мусяць купляць кнігі, а ня грукацца ў чужыя брамы!»
    «Я не хацела цябе засмуціць, — сказала жонка купца. — Ты сам кажаш, што ўсё гэта хутка скончыцца. Таму навошта біць трывогу?»
    «Скончыцца, — упэўнена сказаў купец. — Усё скончыцца. Час усё лечыць, асабліва камэнданцкі».
    «Пане гаспадару! — крыкнулаз калідора Маргуся. — Ох, пане гаспадару!»
    Купец узьняўся і, не сьпяшаючыся, рушыў у калідор. Мы пайшлі за ім, малы ўзяў мяне за руку. I я адчуў, якія мокрыя ў яго далонькі.
    «Пане гаспадару, — сказала Маргуся. — Ох... Там...»
    I яна паказала на ўваходныя дзьверы. Мы выйшлі на двор.
    Я так даўно не бываў на сьвежым паветры, што яно ўмомант ап’яніла мяне.
    Нібы ў тумане, я пабачыў у сьвятле ліхтара заасфальтаваную сьцежку, якая вяла да брамы, леташнюю траву, будку каля высокага муру...
    У траве ніцма ляжаў Артэміюш.
    Купец паказаў нам усім, каб мы заставаліся каля дзьвярэй, а сам падышоў да Артэміюша і асьцярожна перавярнуў яго на сьпіну.
    «Ня дыхае, — пачулі мы голас купца. — Мой верны Артэміюш... Казачнік, падыдзі сюды!»
    Я падышоў і нахіліўся над целам свайго крытыка.
    Мёртвы твар Артэміюша глядзеў на мяне гэтак, як і paHeft: з пагардай і зайздрасьцю. Але я сам... Я адчуваў шкадаваньне і жах. Нешта непадуладнае разуменьню ўварвалася ў напіа жыцьцё — і спакою ў гэтым дзіўным доме прыходзіў канец.
    «Няма больш Артэміюша... — разгублена сказаў купец. — Як жа так? А, казачнік?»
    Я маўчаў. Маргуся паклікала нас зь ярка асьветленага ганка.
    «Што там?» — жонка купца ня вытрымала і падышла да нас.
    «Артэміюша болып няма... — паўтарыў купец. — Ох, дарагая... Як жа такое магло стацца? Маргуся, адвядзі малога ў дзіцячы пакой і выклікай паліцыю».
    «Слухаюся, пане гаспадару, — сказала Маргуся скрозь сьлёзы. — Але як жа гэта магло здарыцца? Што зь ім?»
    «Думаю, сэрца... задуменна сказаў купец. — У яго было такое вялікае, вернае і чулае сэрца».
    I ён неяк дзіўна паглядзеў на мяне. Нібы ў мяне сэрца было зусім іншае. Малое, здрадлівае і каменнае.
    «Вось што, казачнік, — сказаў купец. — Ідзі ў будку Артэміюша і правер, ці добра зачыненая брама. А я вазьму дубальтоўку і прагуляюся вакол дома. Раптам у нас па садзе ходзяць непажаданыя госьці...»
    Я кіўнуў і пакрочыў да будкі. Дзьверы ў яе былі адчыненыя. Я увайшоў і агледзеўся. Акно будкі выходзіла на вуліцу. Цяпер там пе было відаць ніякіх падазроных асобаў. Калі, вядома, не лічыць постацяў вечаровых мінакоў, якія шмыгалі сюды-туды перад нашым домам — кожны зь іх выглядаў так, нібы задумваў нешта нядобрае.
    Каля сьцяны ў будцы стаяў двух’ярусны ложак, збоку маленькая пліта, тостэр, электрачайнік, мініятурная лядоўня. Зь іншага боку быў невялікі стол, на якім зьмяшчалася толькі пара кніг і ноўтбук. Ноўтбук быў уключаны. Я паглядзеў на экран. Там быў тэкст. Артэміюш пісаў. Артэміюш ня мог не пісаць. Артэміюш верыў, што некалі тое, што ён піша, ацэняць як належыць.
    Я знайшоў пад ложкам пальчаткі, надзеў іх і таропка адаслаў дакумэнт сабе на пошту, а пасьля зноў адчыніў яго.
    Большую частку будкі займаў пульт. Так я назваў прыладу, якая складалася зь вялікага блёка і экрана, паміж якімі быў шэраг кнопак. На экране сьвяціліся адразу некалькі выяваў. Пад’езд да галоўнай брамы, наш дом ззаду, справа і зьлева. Седзячы тут, бедны Артэміюш трымаў пад кантролем увесь участак. А збоку ад пульта стаяла зброя. Стрэльба, меч у похвах, бізун і тоўстая біта.
    Артэміюш, які абяцаў зламаць мне нагу. Артэміюш, які не любіў чужых. Артэміюш, які сядзеў тут на варце нашага дому, як верны сабака. Артэміюш, які ўхвальна назіраў, як я адвешваю аплявуху нахабу і распусьніку Эжэну.
    Артэміюш, які ляжаў цяпер у траве, пакінуўшы гэты дом без абароны.
    Усё, на што мы маглі разьлічваць цяпер, гэта моцная жалезная брама — і высокая агароджа. Ды нашая пільнасьць.
    Вядома, купец возьме сабе новага слугу. Садоўніка, вартаўніка, кіроўцу, крытыка ў адной асобе.
    I аўтара. Аўтара!
    Толькі дзе знайсьці такога? — спытаў я ў сябе і падумаў, што ня ведаю такіх людзей. Сам бы я нізавошта ня ўзяўся ахоўваць дом. Я быў створаны не для гэтага. Я ня ўмеў садоўнічаць, не вадзіў машыну, я ня ўправіўся б нават з зайцам, калі б ён напаў на гэтую сям’ю. Адзінае, што я мог бы — гэта стаяць у дзьвярах і крытыкаваць чужыя гісторыі. Я рабіў бы гэта ня горш за беднага Артэміюша.
    Я ўжо зьбіраўся вяртацца ў дом, калі да брамы пад’ехала паліцэйская машына. Ягіа сыгналіла, а я ніяк ня мог знайсьці кнопку. Але тут прыбегла Маргуся і без праблем адшукала яе.
    «Відаць, ты ня першы раз тут», — кінуў я, калі мы ішлі сустракаць паліцыянтаў.
    «Мы слугі, — сказала Маргуся. — Мы мусім ведаць усё, каб прыйсьці адно аднаму на дапамогу, калі нешта здарыцца. Аднойчы я захварэла, і Артэміюш увесь дзень гатаваў, прасаваў, даглядаў хлопчыка... Бедны Артэміюш... Што зараз будзе? Чаму вы так на мяне гледзіце?»
    «Як?» — спытаў я змрочна.
    «Пачакайце... — Маргуся спынілася. — Вы што, раўнуеце? Раўнуеце мяне да...»
    «Не, што ты... — зьбянтэжана сказаў я, адступаючы ў цемру. — Зачыніш браму? Трэба правесьці паліцыянтаў у дом».
    Паліцыянтаў было трое. Двое заняліся Артэміюшам, а трэці, у дарагім паліце з чырвоным шалікам, зь сівымі валасамі і вострай бародкай, толькі на імгненьне кінуў позірк на нябожчыка і прайшоў у дом. Я пачуў ягоны загад сабрацца ў гасьцёўні і, праклінаючы гэты вечар, вярнуўся на месца сваіх трыюмфаў. Купец і паліцыянт у паліце ўжо вялі размову.
    «Пане выдавец! — сказаў паліцыянт. — Як я рады пазнаёміцца з вамі. Вашыя кнігі купляе ўвесь горад. Mae дзеці акурат цяпер чытаюць выдадзеную вамі “Псторыю марскіх бітваў”! Я загадаў ім сядзець дома, пакуль ня скончацца непарадкі, і забраў у іх тэлефоны, каб ніхто ня змог траўмаваць іх навінамі. Дык яны ўзяліся нарэшце за чытво. Шыкоўная кніга! Я і сам з радасьцю пазычу яе ў іх, калі яны скончаць. Трэба будзе ўзяць у вас аўтограф! Шкада, што давялося пазнаёміцца з вамі пры такіх сумных абставінах».
    «I мне шкада, шаноўны пане Гланда, — сумна сказаў купец. — Сядайце. Маргуся, прынясі пану Гланду гарбаты і нечага смачнага да яе. Па ім адразу відаць, што ён чалавек культурны. Па шчырасьці, я лічыў усіх паліцыянтаў коснаязыкімі і недалёкімі хамамі і рады памыліцца ў сваіх забабонах».
    «Дзякую, пане выдавец, — сказаў гэты пан Гланда. У паліцыі хапае хамаў — але іх ня болып, чым сярод тых, каго вы завяце культурнымі людзьмі. 3 радасьцю вып’ю гарбаты, сёньня сапраўды халодны вечар, зіма яшчэ ў сваім праве, хоць на двары красавік. Халодны вечар — і, як бачым, ня надта вясёлы. Усе ў зборы? Я вымушаны пагаварыць з кожным, хто быў у доме падчас здарэньня. Ваш слуга памёр каля гадзіны таму...»
    «Усе тут, — сказаў купец. — Толькі сын у сваім пакоі».