• Газеты, часопісы і г.д.
  • Апошняя кніга пана А. Казка Альгерд Бахарэвіч

    Апошняя кніга пана А.

    Казка
    Альгерд Бахарэвіч

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 500с.
    Мінск, Прага 2020
    113.42 МБ
    «Што вы, пане Гланда, — адмахнуўся купец. — Гісторыі нашага госьця толькі дражняць фантазію. Па-вашаму, усе тыя фільмы, якія людзі паказваюць сваім дзецям апошнія пару дзясяткаў гадоў, пазытыўна ўплываюць на маладое пакаленьне? Плён гэтай масавай культуры, гэтага так званага пасьпяховага мастацтва для дзяцей і юнацтва б’ецца цяпер галовамі ў нашую браму, замест таго, каб ісьці працаваць і купляць добра выдадзеныя кнігі з ілюстрацыямі. У гісторыях нашага казачніка прынамсі ёсьць мараль. He, пане Гланда, наш сын значна больш разумее ў гісторыях, чым ягоныя аднагодкі. Падумайце лепш, што нам рабіць з тымі, хто грукае ў браму?»
    «Я мог бы выйсьці да іх і стрэліць зь пісталета ў паветра, — задумаўся пан Гланда. — Закон гэта дазваляе. Але я ня пэўны, што стратэгічна гэта правільнае рашэньне. Магчыма, яно добрае хіба што тактычна».
    «Няхай грукаюць, — вырашыў купец. — Мы ўсё роўна будзем рабіць тое, што падказвае нам Міласэрны Бог».
    «Як загадае пан гаспадар», — сказаў пан Гланда.
    «А як жа вашая служба ў паліцыі?» — спытаў я, назіраючы за ягоным разгублепым тварам.
    «Я застаюся паліцыянтам, — выраз на твары пана Гланды зноў зрабіўся гэткім самым хітрым, піто і раней. — Паліцыянтам, які часова падпрацоўвае ў доме аднаго з самых паважаных жыхароў сталіцы. Дарэчы, я працягваю займацца сьледзтвам і, карыстаючыся магчымасьцю, хацеў бы задаць некалькі пытаньняў. Праўда, ня ведаю, хто канкрэтна змог бы на іх адказаць».
    «Прашу вас, пане Гланда», — сказаў купец.
    «Сёньня ўначы я выйшаў з пакоя ў прыбіральню, — сказаў пан Гланда. — I раптам пабачыў у канцы калідора... Вы не паверыце. Я пабачыў там труну».
    «Што?» — усклікнуў купец.
    «I часта вы выходзіце па начах у прыбіральню, пане Гланда? — спытаў я. — Прабачце мне гэткую недалікатнасьць. Але, здаецца, вы яшчэ ня раз сустрэнецеся тут з рознымі цікавосткамі... Калі будзеце гуляць па калідоры пасьля поўначы».
    «Труна — гэта яшчэ ня ўсё, — уздыхнуў пан Гланда. Я пасьпеў заўважыць, як па калідоры ад мяне ўцякае чалавек».
    «Вам проста прысьнілася ўсё гэта, пане Гланда, — усьміхнулася жонка купца. — Гісторыі нашага дарагога аўтара абуджаюць фантазію. Калі я пачула першыя зь іх, мая фантазія таксама пачала вырабляць са мной дзіўныя рэчы...»
    «Даруйце мне, шаноўная пані, — сказаў пакрыўджана пан Гланда. — Але я ня спаў. Я выйшаў па начной патрэбе. Я бачыў чалавека, які ўцякаў ад мяне па калідоры. Што да труны, дык яна, як высьветлілася, была зробленая са скрынак рознага памеру. Скрынак, у якіх дзеці захоўваюць свае цацкі. А каб было ясна, што гэта труна, на ёй паставілі крыж, зроблены зь дзьвюх клюшак».
    «Сынку мой, — купец апусьціўся побач з малым павіянам. — Можа, гэта твая фантазія разгулялася такім чынам, што ты вырашыў напужаць нашага дарагога пана Гланду? Скажы нам, супакой нашага новага слугу. Павер, мы ня будзем на цябе сварыцца, для твайго ўзросту гэта абсалютна нармальна — адпальваць усялякія гэткія жарты...»
    «Ня ставіў я ніякай труны, — заявіў малы, гледзячы спадылба на пана Гланду. — Я ж дзіця. Дзеці баяцца трунаў, цемры, могілак і ўсёй гэтай лухты. Я ноччу сплю, а ня швэндаюся па калідорах, як некаторыя».
    «Прабачце, пане Гланда, — апасьліва паглядзеў на сына купец. — Але гэта быў бліскучы адказ. Я веру майму сыну. Ён ня хлус».
    «Я і не казаў, што гэта быў ваш сын, — прабурчаў пан Гланда. — Той чалавек быў занадта высокі. Я дазволю сабе зараз пэўныя развагі... Здаецца, шляхам нескладаных лягічных высноваў я здолеў сьцяміць, хто быў гэты чалавек. Даруйце мне, але... Гэта была жанчына, пра гэта сьведчаць... хм... пэўныя формы цела».
    «Маргуся?» — купец ускінуў на яе зьдзіўленыя вочы.
    «Не, — сказаў пан Гланда. — Не...»
    «Тут толькі дзьве жанчыны, — сказаў я. — Маргуся і...»
    Пан Гланда кіўнуў.
    «Вы што, хочаце пераканаць нас, што мая жонка бегае ўначы па калідорах і расстаўляе на вашым шляху труны? — пагрозьліва сказаў купец. — I майструе крыжы з клюшак? Пане Гланда! Дзе ваш розум? Здаецца, я пасьпяшаўся, узяўшы вас у свой дом і даверыўшы вам сьвятую справу яго бясьпекі!»
    «Я зноў жа прашу прабачэньня, — пачаў апраўдвацца пан Гланда. — Але шаноўная пані як ніхто іншы падыходзіць пад прыкметы таго чалавека. Рост, пол, пастава...»
    «Выкіньце гэта з галавы, — прамовіла жонка купца і закурыла. — Уначы я сплю і бачу сны. Каляровыя, неспакойныя сны, у якіх прыгожыя мужчыны і жанчыны з таемным бляскам у вачах займаюцца тым, што...»
    «Мая жонка бавіць ночы са мной у ложку, як і належыць добрай замужняй кабеце, клапатлівай маці і гаспадыні вялікага дому, — рашуча спыніў яе купец. — Пане Гланда, я хачу вам патлумачыць адну важную рэч. Зайдзіце да мяне ў кабінэт пасьля таго, як выканаеце свае абавязкі адказнага за бясьпеку. Сыне мой мілы! Сёньня ты будзеш спаць з намі, у нашым пакоі. Пане Гланда, дапамажыце Маргусі паставіць у нашым пакоі ложак. Таму я кажу пакуль што дабранач нашаму дарагому казачніку, зь якім спадзяюся пабачыцца заўтра ў належны час за гэтым сталом. Мы ўсе чакаем новую гісторыю, што б ні рабілася ў горадзе ў гэтую ноч».
    «Я хачу спаць з казачнікам», — раптам сказаў малы.
    «Ты будзеш спаць з намі, — сказала яго маці. — Так будзе спакайней. Калі ласка, я прашу цябе... Можаш узяць да нас усе свае цацкі».
    Яе голас гучаў амаль умольна. Малы павіян паглядзеў на мяне, нібы вырашаў у галаве складаную матэматычную задачу.
    «Добра, — неахвотна пагадзіўся ён. — Але мы яшчэ пагаворым перад сном. Праўда, мам?»
    Лежачы ўначы ў сваім пакоі, я разважаў пра тое, колькі гісторый яшчэ змагу прыдумаць, перад тым як людзі на вуліцы знойдуць нарэшце спосаб зламаць браму. Усе гэтыя змрочпыя, жорсткія людзі ў масках з намаляванымі на іх шырокімі ўсьмешкамі. Злавеснае відовішча, асабліва ўвечары.
    Я раптам уявіў іх, а потым сябе на іхным месцы і нібыта пачуў іхныя размовы над самым вухам. Пра што яны гаварылі між сабою? О, вядома, цяпер яны шукалі вінаватых. Гэта іх улюбёны занятак. У іх былі свае вінавайцы — акуратна расстаўленыя на дошцы, бяры і зьбівай.
    Вядома, ва ўсім вінаватыя яўрэі. А хто ж яшчэ? У іх прафэсія такая: вечная віна.
    Ва ўсім вінаватыя эколягі. Дурні, якія замест таго, каб дабіць пачвару, крычаць: «Рукі прэч, яна памірае, перавяжыце ёй лапку!» Даперавязваліся. Пцічку ім было шкада. А пцічка какнула зь неба нам на галовы — і цяпер нас ужо нічога не ўратуе. Эколягі — гэта шкоднікі, ворагі народу, сабатажнікі. Так казалі яны, спачатку шэптам, а потым усё больш голасна.
    Ва ўсім вінаватыя кніжнікі. Усе гэтыя аўтары, выдаўцы, крытыкі, кнігары... У іхных кніжках заўсёды шкадуюць ня тых і не за тое. Моцныя духам і верай у іх заўсёды фанатыкі, а ўсялякі дробны чалавечы шлак — варты павагі і спачуваньня. Даспачуваліся, дапісаліся. Hi правадыроў, ні праўды, ні прыроднага адбору — адны пырскі.
    Ва ўсім вінаватая апазыцыя. He змагла палюбіцца народу — і цяпер помсьціць яму, як адрынутая каханка. Нібыта кажа: «Дык не даставайся ж ты нікому». Хочуць аблічча
    краіны спаганіць, каб ніхто нас болып не палюбіў, каб сонца аднойчы адвярнулася з агідай, пабачыўшы з ранку нашую Выспу.
    Ва ўсім вінаваты Справядлівы Лад. Бо хоча ўсталяваць дыктатуру, апраўдваліся лібэралы. He, крычалі правыя. Бо быў занадта Справядлівы, адпрэчыў сьвятую ідэю няроўнасьці. Чумка нам усім пакажа, што няма ніякай справядлівасьці для ўсіх, а ёсьць герархія. Хіба можна раўняць у правах і патрэбах жанчыну і мужчыну, дзіця і дарослага, калеку і здаровага, арыстакрата і дэгенэрата? Гэта палітычны канібалізм. Мы абжэрліся справядлівасьцю, выдранай з уласных сэрцаў. Гэта тое самае, што карміць ваўка адной ваўчацінай.
    Ва ўсім вінаватыя мужаложцы. Гамажопы! Мнагамужцы. Мухаловы і ложамучанікі. Бог доўга цярпеў. Але нарэшце адвярнуўся і ён, усьлед за Сонцам.
    Ваўсімвінаватыядактары. Гэтаяныпакрыўдзілі Сьмерць. А яе чапаць нельга! Дактары і вучоныя занадта шмат пра сябе ўявілі. «Ну добра, — падумала Сьмерць. — Я таксама хачу сабе белы халат і права выпісваць рэцэпты. Чаму я мушу пацьвярджаць вам свае старыя дыплёмы? Я што, пэдыятр у эміграцыі?»
    Я думаў пра ўсё гэта і ніяк ня мог заснуць. Я зусім ня ведаў, што буду расказваць заўтра, я ўжо ня меў запасу — і гэта пачынала мяне непакоіць. Бедны купец і ягоныя сямейнікі не задумваліся пра тое, што ў нас, аўтараў, заўжды ў галаве ёсьць пара-тройка ідэяў для будучых кніжак. Кніжак, якія, магчыма, ніколі не напішуцца. Але тым ня менш яны пабліскваюць у цемры свайго патэнцыйнага існаваньня, яны маюць цьмяныя абрысы — і пры жаданьні мы можам дастаць іх з рукава і ператварыць у тэксты. Вось толькі цяпер мой рукаў быў пусты, яго напаўняла толькі бязьмерная стома. Стома і страх. Я ня ведаў, што робіцца ў горадзе, але мне было ясна, што нешта няўхільна рухаецца да свайго канца. Кім я выйду з брамы гэтага дома? Калі — і кім? Якім
    я пайду па вуліцах, калі сплачу пазыку? Што чакае мяне наперадзе? Ці знойдуцца яшчэ людзі, якія памятаюць мяне? I ці знойдуцца тыя, хто наогул будзе мець ува мне хоць якую патрэбу і зацікаўленасьць?
    Уначы я пачуў крокі ўнізе і сам выйшаў з пакоя — насустрач невядомаму. Я быў змораны настолькі, што ня мог заснуць. Гульняў у дзіцячым пакоі малога павіяна я, на шчасьце, быў пазбаўлены. Але ўсё роўна давядзецца паслухацца некалі малога шантажыста і прабавіць зь ім хаця б паўгадзіны, хвалячы ягоныя цацкі... Я ішоў па калідоры, гатовы сустрэць у ім каго заўгодна. Магчыма, нават Рутку. Праўда, калі сын купца начуе з бацькамі, наўрад ці ён змог высьлізнуць, каб выпусьціць яе з клеткі. Рутка... Я дакараў сябе за тое, што дагэтуль ня вызваліў яе. Я жыў так, нібы лічыў сытуацыю нармальнай. А трэба было прымусіць купца даць ёй месца за сталом. Труна... Ну вядома, малы расказаў сястры пра маю гісторыю, тую, што пра пахавальную кантору. Вось Рутка і зладзіла тэатр...
    Па сходах асьцярожна падымаўся пан Гланда. Пабачыўшы мяне, ён сумеўся і спыніўся на адной з прыступак. Ногі ягоныя былі загорнутыя ў бахілы. Напаўголасу напяваючы «Сурка», я насьмешліва назіраў за ягоным прафэсійна засяроджаным тварам.
    «Баіцёся заразы, пане Гланда?»
    «Мне здаецца, тут жыве нехта яшчэ, — сказаў ён шэптам. — Тут жыве яшчэ нехта, разумееце?»
    «Вядома, — сказаў я. — У малога ёсьць сястра».