Апошняя кніга пана А.
Казка
Альгерд Бахарэвіч
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 500с.
Мінск, Прага 2020
Нібы жалезныя сківіцы, перад Шульцам бразнулі дзьверы фургона — і машына пакаціла па бруку Блюмэнштрасэ ў напрамку турмы.
Купец недаверліва ўсьміхнуўся і нецярпліва прасачыў позіркам, як я апускаю пацёртую эбанітавую накрыўку свайго ноўтбука. Як толькі гэта адбылося, ён пляснуў сябе па каленях і задаволена прамовіў, бо, відаць, ужо даўно падрыхтаваў свой маналёг:
«Хораша! Хораша, кажу я вам, сябры мае. Наш казачнік гуляе з гісторыяй, як яму заманецца, але я гатовы паклясьціся, ён ведае правілы гульні і перамагае нас кожнага разу, калі бярэ ў саўдзельнікі падзеі даўняй мінуласьці. Мне падабаюцца твае гульні, дарагі наш госьцю. Праўда, як я пагляджу, твае гісторыі робяцца ўсё карацейшымі. Але мы ўсе разумеем, што такое стома. Казка, якую мы пачулі сёньня, нагадала мне адзін стары фільм. У той стужцы распавядалася пра пастара, які ўцякаў ад новага парадку. Што гэта за фільм, я ўжо й ня ўспомню... Але назва не такая важная. Слухаючы цябе, я падумаў, што мы мусім зноў узьнесьці вечную хвалу нашаму Справядліваму Ладу, пры якім чалавек ня вымушаны быць шпіёнам ва ўласнай краіне і ісьці супраць закону, каб ацалець самому і ўратаваць іншых. Такое стала магчымым выключна дзякуючы прагрэсу, які зрабіўся нашым прыярэтытам, і мудрасьці тых, хто своечасова спасьціг яго важнасьць. Хвала нашай Высьпе і нашаму Ладу, дзе мы надзейна абароненыя самой культурай, каб абараняць культуру, і жывем пад аховай закону, каб выконваць закон!»
«Хвала», — адгукнуліся мы ўсе хорам.
«Якая страшная і павучальная гісторыя прагучала сёньня ў гэтых сьценах, — выдыхлула з рота нару жонка купца. — Памятаеце, Шульц разважаў пра тое, што пры жахлівым новым парадку, які ён раздражнёна называе “Вось Гэта Ўсё”, кожная рэч і кожная істота існуюць нібыта толькі для таго, каб служыць уладзе. I нават бедная ружа вымушаная працаваць на гестапа. Дарэчы, мне вельмі спадабаліся гэтыя два месцы ў тваёй гісторыі. “Вось Гэта Ўсё” — так і праўда мог называць новы парадак у сваёй галаве той бедны Шульц. Ён інтэлігентны чалавек, але па сутнасьці не змагар, яго проста злуе жорсткі абсурд дзяржавы, якая мардуе людзей. У слове “Ўсё” гучыць ня толькі жах перад татальным кантролем, у ім ёсьць яшчэ і прадчуваньне катастрофы, і прадвесьце ўласнага канца. А яшчэ мне вельмі спадабалася, як Шульц
кажа пра ровар, які зьвініць дзеля новага парадку, і пра маладую шпарагу...»
«Так-так, — кіўнуў купец. — Я таксама ўражаны гэтай нечаканай вобразнасьцю. Наш аўтар зноў даказаў нам, што мае яшчэ порах у парахаўніцах. Маргуся, налі нам усім Bina. Ёсьць за што выпіць... Ня толькі за добрую гісторыю, але і за пачатак майго адпачынку. He зьдзіўляйцеся, сябры мае. Я вырашыў, што вазьму перапынак у працы тыдні на два. Мой выдавецкі дом працуе так адладжана, нібы машына, і я пэўны, што яны дадуць рады і безь мяне. А я правяду пэўны час ва ўлоньні сям’і, якой, на жаль, прысьвячаў так мала часу, заняты культурніцкімі праектамі на карысьць Радзімы».
Мы выпілі. Маргуся нэрвова павяла плячом, прыбіраючы талеркі — я бачыў, што ёй вельмі хочацца выказацца.
«Маргуся, — лагодна сказаў купец. — Відаць, што твае вусны так і просяць, каб я даў табе слова. Можаш пахваліць нашага госьця, я дазваляю».
«Дзякую, пане гаспадару, — сказала Маргуся. — Я проста хацела, каб наш госьць ведаў: ягоная гісторыя натхніла нас усіх на тое, каб быць моцнымі ў гэты неспакойны час. Мне хочацца жыць, хочацца любіць і дыхаць паветрам вясны, калі я дакладна ведаю, што балючая прыгажосьць пісьменства нікуды не зьнікае, нават тады, калі на горад наступае цемра...»
«Добра сказана, — пахваліў яе купец. — Але, дарагая Маргуся, што чуваць на вуліцы? Ох, даруй мне, дзіця, я мушу скіраваць сваё пытаньне не табе, нашай дбайнай служцы, а пану Гланду, які адважна ўзяўся ахоўваць бясьпеку нашага дому».
«Яны сышлі, — млява прамовіў пан Гланда. — Сышлі гадзіну таму. Перад брамаю пуста. Амаль пуста... Бо там застаўся адзін чалавек, які стаіць і крычыць, што я мушу ўпусьціць яго. Ён называе сябе вашым знаёмым, пане купец».
«Чаму ж ты маўчыш і не пускаеш яго ў дом?»
«Пане купец, — сказаў пан Гланда, трывожна азірнуўшыся. — Мы ня можам рызыкаваць. Па-першае, гэта, магчыма, хітрасьць з боку тых, хто грукаў у браму. Мы адчынім, а той чалавек затрымаецца на ўваходзе, набягуць іншыя... Можа стацца, яны хаваюцца ў суседніх дамах або за дрэвамі. А па-другое... Нават калі той чалавек кажа праўду — ён можа прынесьці сюды інфэкцыю. Я ўпэўнены, што рызыкаваць ня варта».
«Інфэкцыю... — сказаў задуменна купец. — Інфэкцыя, пане Гланда, гэта чуткі. Пустыя чуткі. А вось тая верагоднасьць, што гэты чалавек можа прынесьці пошлыя і гнюсныя чуткі сюды, у наш мілы дом, насьцярожвае мяне значна больш... He хацелася б сапсаваць утульнасьць гэтага дому розным непрыемным паскудзтвам. Я на сувязі з маім офісам, мне паведамляюць, што праца ідзе, усё ў поўным парадку, продажы растуць, а новыя кнігі рыхтуюцца да друку. Зрэшты, вы ўсё зрабілі правільна, пане Гланда. Скажыце ж цяпер, што вы думаеце пра гісторыю ружы?»
«Гісторыя цудоўная, — сказаў пан Гланда. — Я нават не чакаў, што можна так неспадзявана выкруціць такі няхітры сюжэт. Але дазволю сабе пакрытыкаваць яе з прафэсійнага, з, так бы мовіць, паліцэйскага гледзішча...»
«Цікава, — заінтрыгавана паглядзеў на яго купец. — Вось гэта і сапраўды цікава! Працягвайце, прашу вас».
«Агенты, якія гіадпільноўвалі таго чалавека, што зваўся Кац, зьбіраліся накрыць адразу двух, — сказаў пан Гланда. — Каца, якога яны зьбіраліся затрымаць, як толькі ён падымецца ў пакой Шульца, і самога Шульца. Агенты ня ведалі ў твар Каца, але яны ведалі Шульца. Так, пане аўтар?»
«Так», — пацьвердзіў я.
«Тады чаму б ім было папярэдне не затрымаць Шульца? — хітра спытаў пан Гланда. — Хаця б на гадзіну. А самім не ўвайсьці ў пакой і не прыбраць кветку? I чакаць Каца там?»
«Яны ня ведалі, які быў умоўны знак», — пачаў абараняцца я.
«Але ружа ведала? — пагардліва спытаў пан Гланда. — Навошта было вэрбаваць ружу? Навошта гэтая фантастыка, калі можна было зрабіць усё груба, прымітыўна і, тым ня менш, цалкам эфэктыўна!»
«Таму што інакш не было б гісторыі! — усклікнула Маргуся. — Як вы не разумееце, пане Гланда!»
«Пачакайце, — сказаў купец. — Вы мяне зусім заблыталі. Давайце спытаем нашага сына, што думае ён. Сынку?»
«Я думаю... — глыбакадумна заныў сын. — Я думаю... Я думаю, што гісторыя класная. А яшчэ я думаю, што нехта выпусьціў Рутку».
Мы ўздрыгнулі і павярнуліся да яго, а ён з усьмешкай паказаў пальцам на дзьверы.
У дзьвярах стаяла Рутка ў піжаме, з маёй фіялкай у руках. Яна трымала яе перад сабой, нібы адсечаную галаву.
Рутка расьціснула пальцы, і гаршчок з фіялкай бразнуўся на цёплую падлогу, нібы сьпелы яблык на нагрэтую шчодрым жнівеньскім сонцам зямлю.
«Гар-шчоўк!» — радасна сказаў гаршчок і кокнуўся.
He, аскепкі не разьляцеліся па падлозе, як гэта бывае ў кепскіх гісторыях. Гаршчок проста разьбіўся на дзьве паловы — і на падлогу вывалілася зьмесьціва. Малы павіян зьдзекліва зарагатаў.
«Гэта, між іншым, дачка пана купца, — сказаў я, паказаўшы пану Гланду на Рутку, якая шчасьліва ўсьміхалася, пазіраючы на нас так, нібы мы гулялі зь ёй у вясёлую гульню. — Думаю, вы ня ведалі, пане Гланда, што ў нашых добрых гаспадароў насамрэч двое дзяцей... »
«Вось як, — сказаў пан Гланда, зусім не зьдзівіўшыся. To бок я бачыў, што ён з усяе моцы стараецца ўдаць зьдзіўленьне, але ў ягонай паліцэйскай душы не хапала таленту для гэтага пераўвасабленьня. — Гэта вельмі цікава, пане аўтар. Але закон дазваляе мець дваіх дзяцей, кажу вам як паліцыянт».
«Аднаго таемнага і аднаго легальнага? — спытаў я. — Напэўна, я нешта прапусьціў».
Яны ўсе пераглянуліся міжсобку. Усе: купец, ягоная жонка, пан Гланда, Маргуся і нават малы павіян. Пераглянуліся так, быццам я засьпеў іх за непрыстойным заняткам. Мяне ажно перасмыкнула — такімі чужымі яны раптам мне падаліся. I толькі Рутка ня брала ўдзелу ў гэтым усеагульным нямым і шматзначным пераміргваныіі.
«Вінавайца, — прамовіла яна і падышла да мяне. — Вінавайца...»
Яна раптам перастала сьмяяцца і нахілілася нада мною. Яе безвалосая галава пахла яблычным шампунем. Я адчуў, нібы яна дакранулася да мяне сваімі доўгімі валасамі — хоць ніякіх валасоў не было. I ўсё ж: дотык, лёгкі дотык пасмаў... Дом за МКАДам, сад, салодкае дыханьне... Ўітмэн...
«Вінавайца, — сказала яна. — Я хачу!»
«Рутачка!» — узмаліўся купец, кідаючыся да яе. Рутка азірнулася на яго і ашчэрыла зубы. Купец адхіснуўся і ўзьняў рукі.
«Маргуся, адвядзіце мілую Рутку ў яе пакой, — сказала жонка купца. — Я сама прыбяру...»
I о дзіва: жонка купца кінулася ў камору па мяцёлку, каб самой прыбраць аскепкі, а купец стаў перада мной, засланяючы ўсіх гэтых дзіўных, зусім чужых мне людзей. Малы павіян засьмяяўся і выбег з пакоя. А я... Я бачыў, што высыпалася з гаршка разам зь зямлёй і карэньнем. Драты, мікрасхемы, плястыкавы корпус нейкага апарата...
«Вы што, праслухоўвалі мой пакой? —спытаў я. — Я не разумею. Але навошта? Што вы маглі пачуць? Мой храп? Або маё мармытаньне?»
Маргуся вывела Рутку, тая нібыта паддалася, але раптам кінулася наўцёкі — і мы ўсе чулі, як яна тупаціць па сходах, кіруючыся зусім не ў сваю турму, а навсрх. Жонка купца падмятала, і я бачыў, як цяжка ёй нахіляцца, пан Гланда дапамагаў ёй, а купец няўмела засланяў ад мяне гэтую гратэскную карціну.
«Я думаю, табе лепш падняцца да сябе, казачнік, — сказаў купец. — I падумаць над новай гісторыяй».
«Але я патрабую тлумачэньняў!» — сказаў я, уціскаючыся ў крэсла.
«Паслухай, вінавайца! — павысіў голас купец. — Здаецца, ты забыўся пра пазыку. Ніхто не скасаваў нашай угоды. Мы былі добрыя да цябе, дык не плаці нам зараз празьмернай цікаўнасьцю да нашых прыватных сямейных справаў. Магчыма, ты хочаш пакінуць наш гасьцінны дом? Пакінуць менавіта зараз, уначы, і выйсьці ў горад? Тады ідзі. Я скажу пану Гланду, каб ён выкінуў цябе на вуліцу».
«Вам лепш і праўда падняцца наверх, — пачуў я задышлівы голас пана Гланды. — Дзеля вашай жа бясьпекі».
Я паціснуў плячыма і выйшаў пад шорганьне мяцёлкі. Што я мог запярэчыць ім? Я, забыўлівы, легкадумны вінавайца — якому раптам нагадалі пра ягоную віну?