Апошняя кніга пана А.
Казка
Альгерд Бахарэвіч
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 500с.
Мінск, Прага 2020
«А ўсё ж, Жан-Батыст, — спытала Жэня. — Пра што быў гэты фільм? Можаце расказаць, хаця б у агульных рысах? Я чытала анатацыю...»
«О, нічога цікавага, — сказаў Жан-Батыст, круцячы ў пальцах келіх. — Гэта фільм пра забойцу, апанаванага дэманамі. Ён вывучае жорсткасьць, ён філёзаф, звольнены з унівэрсытэту. Неяк ён сустракае сваю колішнюю студэнтку і пачынае весьці зь ёй размовы... Доўгія, нудныя размовы... Я ўжо сказаў, там ёсьць некалькі ўдалых сцэнаў. Вельмі натуралістычных. А ўвогуле карціна няўдалая. Цягучая і непераканаўчая... Сцэнар — поўная лухта...»
«Чаму ж вы пагадзіліся здымацца? — злосна спытаў Алежка, каб Жэня ўспомніла нарэшце пра яго існаваньне. — У такой лухце?»
«Цікавае пытаньне, — усьміхнуўся Жан-Батыст. — Скажам так... Скажам так, рэжысэр зрабіў мне прапанову,
ад якой я ня мог адмовіцца. Ён — мой сябар. I ён паабяцаў мне поўную свабоду. Ён цэніць мой талент».
«А як жа сталася, што ваш фільм атрымаў столькі ўзнагародаў? — спытала Жэня і забрала сваю руку з Алежкавай. — Значыць, крытыкі ацанілі, а гледачы проста не гатовыя?»
«О, вы абазнаная ў кіно жанчына, як я пагляджу, — сказаў Жан-Батыст. — Ня верце крытыкам, дарагая Жэні. I ня верце ў аб’ектыўнасьць журы. Там усё куплена, ты мне, я табе...»
«Зразумела, — сказаў Алежка. Ён піў каву, ён не хацеў, каб гэты бяздарны актор паказваў сваю шчодрасьць, хоць Жан-Батыст прапанаваў ім замаўляць усё, што яны пажадаюць, ён заплаціць. — Ведаеце? Нам ужо пара ісьці. Дзякуем за размову, але транспарт...»
«Мэтро зачыняць толькі праз гадзіну, — павярнулася да яго Жэня. — Можам яшчэ пасядзець, Алег. Такая цікавая размова, а ты хочаш дамоў, да мамачкі?»
Жан-Батыст з усьмешкай слухаў іх спрэчку.
«Не хвалюйцеся, — сказаў ён. — He хвалюйцеся так, дарагі мой Алег. Дзе вы жывяце, Жэня? О, я ведаю, гэта недалёка ад майго гатэлю. А вы, Алег? Я выклічу таксі і адвязу вас абаіх. Спачатку вас, Алег, а потым і мадэмуазэль. Вы ня супраць, Жэні?»
«Чаму б і не, — заявіла Жэня, адсоўваючыся ад Алега. — Ведаеце, Жан-Батыст, у нас проста ня так шмат грошай. Дакладней, у нас іх зусім няма».
«О, знаёмая сытуацыя, — засьмяяўся Жан-Батыст. — Калі я толькі пачынаў кар’еру, таксама быў бедны, як царкоўная мышка. У той час я часьцяком хадзіў па начным горадзе пехатою...»
«Вы як хочаце, а я пайду, — рашуча падняўся Алег. — Добрай ночы! Прыемна было пазнаёміцца».
Нават не зірнуўшы на Жэню, ён выйшаў на дажджлівую вуліцу і пайшоў да мэтро. Потым спыніўся, зайшоў у начнік і купіў на ўсе грошы, якія заставаліся, бутэльку гарэлкі. «Пашпарт», — сказала прадавачка. Пашпарта ў яго
не было. «Ну добра, — махнула яна рукой. — Але наступным разам без пашпарта не прадам!»
Ён выпіў паўбутэлькі проста ў нейкім двары, спрабуючы заглушыць рэўнасьць. Але яна дзіўным чынам толькі яшчэ больш памацнела і прасілася на волю. Алег стрэльнуў у кагосьці цыгарэту і выкурыў палову, дзіка кашляючы пасьля кожнай зацяжкі. А потым вярнуўся ў кавярню.
Ён пабачыўяшчэ з вуліцы, што ніЖэні, ні Жана-Батыста за столікам ужо не было. Але ўсё роўна ўваліўся, груба адпіхнуў афіцыянта і праверыў усе куты. Зазірнуў у прыбіральню: у мужчынскую, потым у жаночую. Яны сышлі. Разам паехалі на таксі. Ён спусьціўся ў мэтро і паехаў дахаты.
Назаўтра яго разбудзіў званок тэлефона. Гэта была Жэніна маці. Жэня так і не зьявілася дома гэтай ноччу. He зьявілася яна і на наступны дзень. Яе шукалі доўга, але так і не знайшлі. Алег вымушаны быў тысячу разоў расказваць, пры якіх абставінах ён бачыў яе апошні раз. Яго падазравалі, а потым перасталі. За гэты час ён палюбіў кіно не для ўсіх. Асабліва адзін фільм, высока ацэнены крытыкамі, але праігнараваны айчыннай публікай.
Ён глядзеў яго кожны дзень на сваім новым кампутары — і з кожным праглядам заўважаў усё больш дэталяў. I вось аднойчы недзе ў глыбіні экрана Алег краем вока здолеў ухапіць тое, што мучыла яго ўжо даўно. На заднім пляне, асьветленым так цьмяна, што амаль нічога нельга было разабраць, у калідоры раптам, усяго на сэкунду, зьявіўся твар Жэні — амаль непазнавальны, пастарэлы, скрыўлены ад жаху і болю.
«Не падыходзь так блізка, звалішся», — сказаў я адразу ж, як скончыў чытаць, і паглядзеў на неба, якое нарэшце прасьвятлела і набыло пасьля доўгіх непагодных дзён ружаваты красавіцкі колер.
Малы адсунуўся ад краю і зь цікавасьцю азірнуўся. Было відаць, што ён не чакаў ад мяне гэткіх бацькоўскіх інтанацый. Але я толькі шматзначна закрыў ноўтбук і ўзяў са стала кавалак пірага.
Мы сядзелі на даху нашага абложанага дома, дзе была летняя тэраса — гэта была ідэя купца: чытаць сёньня тут; здаецца, ён хацеў паказаць urbi et orbi, што мы не баімся ні таго, ні другога, ні чумкі, ні злых, перапуджаных месьцічаў, ні мора, якое, кажуць, наступала на ўсю моц. Кажуць, напісаў я, бо інтэрнэт даўно не працаваў і мы атрымлівалі зьвесткі пра тое, што адбываецца за мурамі, толькі ад вернага прыхільніка Маргусі, суседзкага садоўніка.
Пан Гланда з маёй дапамогаю выцягнуў на дах стол, дзе мы і павячэралі, выпіўшы пару бутэлек чырвонага сухога. Цяпер яны сядзелі перада мной, было халаднавата, і жонка купца хуталася ў цёмна-вішнёвы плед. Вецер разьвяваў цяжкія Маргусіны валасы — яна, відаць, крыўдавала, што я ня стаў карыстацца яе гісторыяй і прыдумаў сваю. А я крыўдаваў на яе.
«I праўда, сынку, — сказаў купец. — Адыдзі ад краю. Гэта небясьпечна».
«А калі мы пойдзем у горад? — спытаў сын купца. Я што, болын ня буду хадзіць у школу?»
«Будзеш, — сказала жонка купца. — Абавязкова будзеш. Ты ж ня можаш усё жыцьцё гуляць з чыгункай і слухаць казкі».
«А што, — паціснуў плячыма малы. — Было б няблага».
«Што ж, казачнік, — сказаў купец. — Я бачу, ты трымаеіп марку. Забаўная гісторыя. Я не магу сказаць, што ня чуў лепшых — але ідэя гэтай казкі даволі арыгінальная. Як жа даўно мы не былі ў кіно, дарагая. Давай сходзім на які-небудзь добры, стары фільм. Раней здымалі цікавае кіно... Я дагэтуль не магу спасьцігнуць, у чым рэч. У чым быў сакрэт тых фільмаў? Магчыма, у чалавечнасьці? А можа, у тым, што яны праходзілі болып строгі адбор? У тым, што
існавалі спэцыяльныя камісіі з кампэтэнтных людзей, якія ацэньвалі кіно паводле мастацкасьці і таленту, а не паводле таго, наколькі хутка яно задурыць галаву простым людзям. Дарэчы, я таксама не прыхільнік кіно не для ўсіх, як назваў гэта наш дарагі аўтар. Занадта шмат прасторы для спэкуляцый... Занадта шмат можна выдаць за мастацтва, прыкрываючыся псэўдаэлітарнай абгорткай і добра праведзенай рэклямай».
«Кіно — гэта перш за ўсё акторы, — сказала жонка купца. -Добры актор здольны выцягнуць нават самы кепскі фільм. А вось кепскаму рэжысэру нічога не дапаможа. Вось наша Маргуся... Я памятаю часы, калі служкі абклейвалі сьцены сваіх пакояў постэрамі з выявамі кіназорак. А цяпер... Маргуся, што вісіць на сьцяне твайго пакоя? I калі ты апошні раз была ў кіно? Мы ўсе ведаем, як маладыя служкі любяць кіно... Сьвет, у якім нічым не прыкметныя дзяўчаты дабіваюцца посьпеху і ўзносяцца да вяршыняў славы...»
«На сьцяне майго пакоя, пані, вісіць паліца з кнігамі, — сказала Маргуся. — Некалі пан купец і вы, пані, дарылі мне на дні народзінаў новыя кнігі з выдавецтва пана купца».
«Было такое... — летуценна сказаў купец. — Як бы я хацеў зараз апынуцца ў офісе. Там, дзе пахне сьвежымі вокладкамі, тытунём, віскі, будучымі грашыма і нагрэтым прынтэрам... Маргуся, ты мусіш схадзіць у кіно. Як толькі гэта ўсё скончыцца. Дарэчы, як табе новая гісторыя?»
«Яна цудоўная, — сказала Маргуся, уздыхнуўшы. — А больш я нічога не скажу».
«I ня трэба, — пагадзіўся купец. — Сынку, адыдзі ад краю. Усялякае можа здарыцца. Ты, відаць, і забыўся ўжо, як я вадзіў цябе ў кіно на дзіцячы сэанс. Гэта было так даўно... Табе спадабалася гісторыя?»
«Калі б нават і не спадабалася, — сказаў сын купца. — Якое гэта мае значэньне?»
«Мае значэньне... — рэхам адгукнулася жонка купца. — Як жа ты вырас за гэты месяц...»
I яны ўсе разам паглядзелі на мяне — нібы чакалі, што я зараз засну ад іх нясьпешных размоваў.
«Глядзіце, — сказаў пан Гланда. — У нас госьці».
Над садам завіс дрон. Штучная інсэкта з мэталёвым бляскам гула над дрэвамі, быццам прымервалася да пірага на стале, але не наважвалася падляцець бліжэй. Ад цела дрона адыходзілі ўверх і ўбок невялікія вусікі. А ягонае адзінае вока ўтаропілася на нас.
«Нехта просіцца да нас у кампанію, — сказаў купец. — Чуеш, казачнік, там, за брамай, таксама хочуць пачуць твае гісторыі. ІІане Гланда, маеце пры сабе зброю?»
«А як жа, — сказаў пан Гланда. — Заўжды, пане гаспадару».
«Можаце адагнаць гэтую тварыну?»
Пан Гланда дастаў пісталет і прыцэліўся.
«Ура! — сказаў малы павіян і нарэшце адышоў ад краю тэрасы. — Давайце, пан Гланда».
Пан Гланда стрэліў, але прамахнуўся. Дрон, нібы насьміхаючыся, падляцеў бліжэй і завіс над нашымі галовамі.
«А цяпер не страляйце, — распарадзіўся купец. — А то яшчэ патрапіце, і ён зваліцца нам на галовы. Ня будзем яго чапаць. Хто ведае, можа, у яго ўнутры выбухоўка. Давайце спусьцімся ўніз».
Мы сабралі ўсё са стала і рушылі па сходах у дом. Маргуся пайшла праверыць камэры відэаназіраньня — і мы пачулі раптам яе ўзрушаны голас.
«Там чалавек! — крыкнула яна. — У садзе ляжыць чалавек!»
Пан Гланда нахмурыўся і падбег да дзьвярэй. О, гэта ён умеў — рухацца, як паліцыянты ў фільмах. Мы падышлі да вокнаў — усе, апрача малога, бо маці забараніла яму глядзець.
«Выйдзем і зірнем, што зь ім і адкуль ёп узяўся».
Чалавек нерухома ляжаў у траве пад яшчэ соннай яблыняй. Пан Гланда, узяўшы яго на мушку, падышоў да гэтага цела і паваруіпыў яго нагой. Чалавек застагнаў.
«Здаецца, ён проста пералез праз агароджу, — сказаў купец. — Яго, відаць, добра дзеўбанула токам. Але ён жывы. Міласэрны Бог зьлітаваўся над ім, а значыць, варта і нам праявіць да гэтага небаракі трохі спагады. Аднясіце яго ў дом».
Я вызваўся дапамагчы пану Гланду — і мы разам узвалілі гэтага няшчаснага на садовы вазок і пацягнулі ў дом. Перабежчыка паклалі на канапу — і Маргуся прыбегла, адкрываючы на хаду аптэчку. Наш госьць быў жывы — і гэта чамусьці так узрадавала пас усіх, што мы загаманілі ўсе разам, нібы сустрэлі старога знаёмага.
«Дайце яму брэндзі!» — сказаў пан Гланда.