• Газеты, часопісы і г.д.
  • Апошняя кніга пана А. Казка Альгерд Бахарэвіч

    Апошняя кніга пана А.

    Казка
    Альгерд Бахарэвіч

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 500с.
    Мінск, Прага 2020
    113.42 МБ
    «Але я і не раскрытыкавала іх ушчэнт, як гэта робіш ты, — сказала Марыя, паліваючы кветку. — Я кажу табе, што ты мусіш працягваць. Ох... Прабач...»
    Яна разьліла ваду на падлогу. Усю ваду.
    «Добра, што не на клявіятуру, — раздражнёна сказаў вартаўнік, падымаючыся. — Спадзяюся, ты вытраш за сабой».
    I ён выйшаў з будкі. Марыя прыбрала і, прысаромленая, вярнулася ў дом. У будку яна болыв не вярталася. Марыя бачыла ў акно, як вартаўнік зноў усеўся за стол і ўзяўся апантана біць па клявішах.
    Яна зайшла ў свой пакой і скапіявала дадзеныя. А потым паднялася ў кабінэт гаспадара і шчыльна зачыніла за сабой дзьверы.
    «Што ў нас сёньня?» — спытаў гаспадар, імя якога было напісанае на меднай шыльдзе справа ад брамы.
    «Усё паводле пляну», — сказала Марыя і расказала яму пра сёньняшнія вынікі.
    Яны пазнаёміліся на летніку для маладых аўтараў, які штогод праводзіўся Асацыяцыяй. Выступіць перад моладзьдзю прыехаў адзін з самых вядомых і паважаных выдаўцоў краіны. Седзячы за грубым драўляным сталом на беразе возера, у якім плавала серабрыстае сонца, ён расказваў ім пра тое, у якой сытуацыі знаходзіцца айчынны кніжны рынак і як у ягоным выдавецтве працуюць з маладымі талентамі. Расказваў пра тое, чаго ад іх чакаюць выдаўцы — і пра тое, чаго чакаць самім талентам, калі яны са страхам адпраўляюць рукапісы туды, дзе ноччу і днём сотні людзей працуюць над тым, каб кнігарні не пусьцелі і чытачы мелі спажыву для розуму і душы... Выдавец жартаваў і папіваў піва, выдавец быў пажылы, але абаяльны, ён глядзеў на Марыю і нібы падміргваў ёй: я кажу ўсё гэта для цябе, дарагая, а яны ўсе... Ім яшчэ трэба падрасьці. Ён быццам бы ведаў яе, хоць яны ніколі раней не сустракаліся. Хоць чаму б і не, падумала тады Марыя. Магчыма, слава пра мяне дайшла да ягонага выдавецтва...
    Пасьля выступу яна падышла да яго і спытала, ці можа яна перадаць яму рукапіс проста зараз. Рукапіс быў у яе з сабой. Ён усьміхнуўся і пагладзіў яе па шчацэ:
    «Усё, што я расказаў сёньня, вядома ж, праўда. Але ёсьць і іншыя выдаўцы... Вось, напрыклад, такія маладыя аўтары, як...»
    I выдавец пералічыў вядомыя Марыі імёны.
    «Іх ужо акучваюць мае канкурэнты. I я ведаю, што гэта пагроза. Калі ў канкурэнтаў выйдуць іхныя дэбютныя кніжкі, то гэта будзе ўдар па маёй справе. Добра, пакажыце мне рукапіс».
    Яна дала яму пачак паперы, у якім былі ўсе яе мары і ўсё яе жыцьцё.
    Ён пачытаў, проста з калена, пакрытага сівым валосьсем.
    «Скажыце мне, Марыя... Усяго два пытаньні. Вы сапраўды хочаце, каб ваша кніга выйшла менавіта ў нас?»
    «Так», — сказала Марыя, не разумеючы, на што ён намякае.
    «А на што вы гатовыя, каб выдаць сваю кнігу ў маім выдавецтве?»
    «На ўсё», — адказала яна ўпэўнена. Яна і праўда не здагадвалася, куды ён хіліць. Няўжо ён хоча пераспаць зь ёй?
    «Я бачу, што вы ня хлусіце, — сказаў выдавец, гледзячы ёй у вочы. — Прыяжджайце да мяне пасьля летніку. Вось адрас. Там і пагаворым».
    Летнік скончыўся, і яна прыехала да выдаўца дамоў. Тады ён і паказаў ёй Прыладу. Прыладу, пра існаваньне якой ніхто ня ведаў. Маленькую Прыладу, што ўзьдзейнічала на нэрвовую сыстэму чалавека, які быў побач, дасылаючы ў яе нябачныя разбуральныя сыгналы. Чалавек, які знаходзіўся ў зоне дзеяньня Прылады (а яна пашыралася ўсяго на некалькі мэтраў), адчуваў неспакой. Але неспакой быў толькі пачаткам. Праз суткі ў яго пачыналіся дзіўныя фантазіі, абуджалася манія перасьледу, зьяўляліся галюцынацыі — і як вынік: чалавек пад узьдзеяньнем Прылады пераставаў адэкватна ўспрымаць рэчаіснасьць. А яшчэ — і гэта было галоўнае — Прылада ўплывала на пісьмо. I калі чалавек, які знаходзіўся ў зоне дзеяньня Прылады, пісаў — у яго нічога талковага больш не выходзіла.
    «Ведаеце, для чаго мне гэтая машынка? — спытаў выдавец, ласкава пазіраючы на Марыю. — Зь яе дапамогай маё выдавецтва пераможа канкурэнтаў. Іх аўтары проста пачнуць пісаць розную лухту, і хутка іх ніхто ўжо не захоча выдаваць. Усе гэтыя аўтарытэты заглухнуць. Застанецца толькі тое, што выдаю я. Паверце, Марыя, гэта ўсяго толькі барацьба за выжываньне. Мы, выдаўцы новай эпохі, ня можам заплюшчваць вочы на тэхналягічныя дасягненьні. Мы абавязаныя карыстацца імі, інакш гэта рана ці позна зробяць нашыя ворагі. Я выдаю добрую, інтэлектуальную, па-майстэрску напісаную літаратуру. А яны, мае канкурэнты? Яны проста псуюць аўтараў. Яны вымушаюць
    іх пісаць як мага больш прымітыўна і заўсёды ісьці на кампраміс з публікай. Пісаць дзеля забавы, а не для душы. Пісаць коратка і ясна. Ведаеце, чаму сёньня так шмат нават таленавітых аўтараў стараюцца пісаць кароткія і зразумелыя кнігі, простай мовай, даходлівыя і забаўныя? Таму што гэтыя кнігі прасьцей перакласьці на іншыя мовы, гэта раз. Таму што іх прасьцей прадаць. Гэта два. I таму што аўтары і выдаўцы думаюць выключна пра продажы і папулярнасьць, а не пра боль, страх і свабоду. Творчасьць нікога ўжо не цікавіць. I толькі я імкнуся друкаваць сапраўдных творцаў!»
    Словы выдаўца зрабілі на Марыю такое ўражаньне, што яна толькі кіўнула і кінулася яму на шыю. Ён, расчулены, абняў яе па-бацькоўску.
    «Я думала, вы хочаце ад мяне зусім іншага», — сказала Марыя.
    «Што вы, дзіця маё», — расплакаўся ён.
    «Усё, што вы сказалі, так перагукаецца з маімі ўласнымі думкамі», — сказала Марыя, вызваляючыся зь яго абдымкаў.
    «Я верыў у ваш розум, — сказаў выдавец. — Я прапаную вам угоду. He зусім такую, пра якую вы марылі, і ўсё ж вельмі добрую ўгоду. Вы дапаможаце мне. Вы пойдзеце да мяне на працу... Напрыклад, будзеце выдаваць сябе за служку ў маім доме. Нядаўна я ўзяў да сябе ў слугі аднаго маладога, але вельмі таленавітага аўтара. Я хачу паспрабаваць на ім, як працуе Прылада. Гэты аўтар зьбіраецца выдаць кнігуўмайго канкурэнта. Мы паставім Прыладу ў гаршчок для кветак і разьмесьцім яго на працоўным стале нашага паддосьледнага. I паглядзім, як гэта паўплывае на ягонае пісьмо. А за Прыладай і тэкстамі гэтага маладзёна будзеце сачыць вы...»
    Мінула восень. Прылада дзейнічала. Тое, што пісаў бедны вартаўнік, ужо зімой было нікуды ня вартым. Ніхто б не апублікаваў такое, нават за грошы. Быццам замест
    маладога талента пісаў нехта іншы. А ўвесну ў доме выдаўца зьявіўся новы аўтар. Даволі вядомы — Марыя нават калісьці чытала адну зь ягоных кніг, шматслоўную, нудную і ўсё ж прызнаную адной з найлепшых у сваім жанры. Той аўтар пазычыў у выдаўца вялікія грошы, а цяпер вяртаў пазыку, расказваючы кожны вечар казкі. Выдавец прымусіў яго расказваць менавіта казкі — каб паглядзець на тое, што здарыцца з чалавекам, які ніколі іх не пісаў. Першыя казкі былі так сабе, але потым аўтар нечакана пачаў выдаваць адну за адной цудоўныя гісторыі, якія можна было назваць сапраўднымі апавяданьнямі. I прыйшоў час праверыць, ці падзейнічае Прылада на спрактыкаванага чалавека. Аднойчы Марыя проста ўзяла кветку са стала вартаўніка і пераставіла яе ў пакой новага госьця.
    Ды толькі госьць гэты працягваў кожны дзень пісаць такія гісторыі, што Марыя толькі ўнутрана павісквала ад захапленьня... Выдавец не разумеў, што яму думаць: ён любіў гісторыі госьця і ніяк ня мог разабрацца, на Ka­ro ўплывае Прылада, на госьця, які пісаў усё лепш і лепш, ці на іх усіх, якія ўжо не маглі адрозьніць добры тэкст ад слабога. А няшчасны вартаўнік слухаў казачніка і паміраў ад зайздрасьці.
    Вось толькі адно здарэньне азмрочыла лад, які панаваў у доме. Няшчасная дачка купца забрала да сябе гаршчок зь фіялкай, нікому пра гэта не сказаўшы. I Прылада сапсавала яе розум. Таму бедную дачку перавялі ў падвал, каб яна ачулася ад руйнавальнага выпраменьваньня і вярнула сабе прытомнасьць...
    Што да раўнівага закаханага студэнта, дык той працягваў назіраць за домам, дзе жыла Марыя. Ён бачыў, хто выходзіць і хто заходзіць у браму. Студэнт убіў сабе ў галаву, што Марыя — каханка вартаўніка. I вось аднойчы ён запрасіў няшчаснага Аркадзя ў кавярню на апошнім паверсе самага высокага ў горадзе будынку. Ён сказаў, што чытаў Аркадзевы апавяданьні. I калі яны выйшлі на балькон...
    «Стоп, — сказала Маргуся. — Што за блюзьненьне! Перастаньце, прашу вас. Hi слова болей!»
    Незадаволена гмыкнуўшы, я падпарадкаваўся.
    «Ведаеце што, — сказала Маргуся. — Гэта паклёп».
    «Але досыць займальна напісаны, — прамовіў купец. — Дваццаць другая гісторыя... Няблага. Я ня думаў, што ты пратрымаешся так доўга, казачнік».
    «Ён працягвае гуляць у дэтэктыва, — усьміхнуўся пан Гланда. — Я ніколі яшчэ не сутыкаўся з такім паваротам: казачнік вядзе сьледзтва, расказваючы байкі».
    «Дваццаць другая гісторыя... — паўтарыў купец. — Думаю, яна зробіцца аіюшняй. Мы прасілі цябе, вінавайца, не чапаць нас сваімі дурнымі домысламі. Ці ў цябе проста вычарпалася фантазія? Ты ўжо больш ня можаш пісаць і вырашыў памяняць жанры? Замест добрых і страшных гісторый ты плявузгаеш на мяне, маю сям’ю і маіх слуг! Ці ж пра гэта мы дамаўляліся з табой?»
    «Дарагі, — сказала жонка купца. — Усё гэта так. Але, пагадзіся, ёсьць у гэтым нейкае салодкае, амаль заганнае задавальненьне. Нібы глядзіш фільм, у якім здымаюцца блізкія табе людзі і ты сам...»
    «Калі б гэта быў рэалістычны фільм, я пагадзіўся б з табой, дарагая! — зароў купец. — Але гэта нейкі фарс, у якім нас выстаўляюць пачварамі і ідыётамі. Якая прылада? Якія канкурэнты? Хто? Я — адзіны выдавец, які забясьпечвае гэтую краіну кніжкамі. Усе астатнія — о, для іх кніжкі ня болып чым хобі. Хоць я ласкава нагаджаюся лічыць іх калегамі. Я столькі раблю для гэтай культуры — а ўзнагародаю мне паклёпы і нездаровыя фантазіі!»
    «А мне здаецца, гэта проста Прылада дзейнічае, — засьмяяўся пан Гланда. — Тая фіялка зьнесла галаву нашаму казачніку, і ён пачаў пісаць рознае трызьненыіе! Прызнай-
    цеся, пане гаспадару, вы насамрэч маеце такую Прыладу? Яна вельмі эфэктыўная, пан аўтар — жывы прыклад!»
    «Што ж, — сказаў купец. — Я гляджу, вінавайца не паслухаў нас. Таму самы час разьвітацца зь ім. Пане Гланда, выставіце яго за браму. Хай даведаецца, што такое сапраўднае жыцьцё! Мы прыгрэлі гэтага чалавека на сваіх грудзях, кармілі і паілі яго, далі магчымасьць спакойна пісаць, разьвівацца, удасканальваць свой талент у кампаніі ўважлівых і тонкіх знаўцаў прыгожага пісьменства, а ён... За браму яго! Ён абрыд нам сваімі фантазіямі! Кім ён сябе ўявіў? Сьледчым? Судзьдзём? Геніем? Ахвярай?»