Апошняя кніга пана А.
Казка
Альгерд Бахарэвіч
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 500с.
Мінск, Прага 2020
«Там нехта жыве?» — спытаў Корбэс.
«У горадзе — не, — сказаў капітан. — А на востраве жывуць пастухі. Ну як жывуць... У траўні яны перапраўляюцца сюды на сваіх баржах, разам з усёй скацінай. I пасьвяць тут яе да кастрычніка. Але што ім рабіць у горадзе? Горад мёртвы, трава там не расьце».
Корбэс уявіў сабе пастухоў, якія жывуць на востраве ўлетку. Пэўне ж, ніхто зь іх нават не задумваецца, чаму тут расьце такая добрая трава. Ніхто зь іх ніколі не пацікавіўся, што за горад ляжыць на беразе, як выкінутая морам непатрэбная старая шафа. Ніхто зь іх не падазрае, што каля іхных агромністых выганаўузвышаюцца муры Гораду Зла. Яны, пэўна, нават ня ўмеюць чытаць. Дзікія, амаль першабытныя людзі, якія дзеляць час на Траву і Зіму. Яны жывуць тут, безь ніякага Справядлівага Ладу, безь ніякага Міласэрнага Bora. I ня ведаюць, як блізка яны да Гісторыі.
«Давайце шчыра, пане Корбэс, — сказаў раптам капітан, разглядваючы востраўу бінокль. — Час ідзе, мы ня можам спыняцца тут надоўга. Прапаную вам экскурсію. Гэта незаконна, але мы з вамі дарослыя людзі. Вы плаціце пяць-
cot даляраў — і адзін з маіх матросаў адвязе вас на востраў. Вы маеце дзьве гадзіны, каб там пагуляць. Матрос будзе чакаць у гавані. Калі празь дзьве гадзіны вы ня вернецеся, мы адчальваем, а самі выклікаем для вас верталёт ратавальнікаў з Коркунду. Уся паездка пад вашую адказнасьць. Калі што, скажаце, што гэта была вашая ініцыятыва, што самі ўцяклі з карабля. Але я быў там, на Блефуску, пане Корбэс. Там ціха і спакойна. Мёртвы горад. Вы ж не баіцеся гуляць на могілках. Гэта тое самае, магу вас запэўніць».
«Я буду там адзін?» — спытаў Корбэс.
«Пан журналіст хацеў скласьці вам кампанію, — пагардліва сплюнуў капітан. — Але пачаў таргавацца. Бачыце, паўтысячы для яго занадта дорага. Ненавіджу гандляроў. Што за часы... “Міхаэль Ліхтэр” — прыстойны карабель. А я важу сюды-туды розных жабракоў, якім шкада паўтысячы на тое, каб пабачыць Блефуску. Жабракоў і гэты пракляты бэнзін».
«А пан доктар?»
«Пан доктар хварэе. Мора ня любіць яго, а ён ня любіць мора. Усё ў сьвеце кіруецца любоўю. Блефуску любіць тых, хто любіць гісторыю. А тыя, хто любіць гісторыю, ніколі ня прапусьцяць нагоды пагуляць па Блефуску. Пане Корбэс, у нас няма часу. А яшчэ мне вельмі патрэбныя грошы. Вы нават уявіць сабе ня можаце, як яны мне патрэбныя. Я чакаю вашага адказу. Вы ж хочаце паглядзець горад? Я бачу вашыя вочы...»
«Я згодны», — сказаў Корбэс.
Праз паўгадзіны шлюпка ткнулася ў прычал, непрыветны, маўклівы матрос заарканіў жалезны крук. «Шаснаццаць нуль восем, — гучна сказаў матрос, паглядзеўшы на гадзіньнік. — Васямнаццаць нуль восем». Матрос пастукаў брудным вялікім пазногцем па цыфэрбляце. Ён сказаў усё так, быццам Корбэс быў замежнік. Або глухі.
Корбэс вылез з лодкі і, крыху пагойдваючыся, рушыў на набярэжную. Дайшоўшы да скрыжаваньня і апынуўшыся
ў ценю каменнага дома, ён азірнуўся і паглядзеў на мора. «Міхаэль Ліхтэр» ледзь угадваўся на даляглядзе — пляма ў празрыстай сьвецені, што плавала проста пад нябачным сонцам.
Корбэс павярнуўся тварам да сталіцы Блефуску і паволі пайшоў угару, па вуліцы, якая вяла ў напрамку замка.
Ён быў у мёртвым горадзе. У Горадзе Зла. Корбэс паглядзеў на свой тэлефон. Сувязь адсутнічала. Ён меўдзьве гадзіны. Дакладней, ужо менш. Значна менш.
Корбэс паглядзеў на замак — але не пабачыў яго. Замак быў далёка наверсе. Ён ня ведаў, колькі зойме дарога. Трэба было ісьці пехатой, узьбірацца па пакручастых вулках, караскацца па скале... He, вырашыў Корбэс. Так ён не пасьпее. Ён проста паглядзіць горад.
Корбэс ішоў, зазіраючы ў пустыя вокны. Неўзабаве вуліца выраўнялася. Ён апынуўся на брукаванай плошчы, што займала вялікі ўступ. Адсюль «Міхаэль Ліхтэр» быў відаць досыць добра. Недзе там, на палубе стаіць сквапны журналіст, які, напэўна, напіша па вяртаньні пра тое, што бачыў Блефуску. I апублікуе фота, на якіх нічога нельга будзе разабраць. I ніхто не здагадаецца, што дзесьці на гэтых здымках, сярод пакінутых сто гадоўтамудамоў, блукае цяпер чалавек, які нікому нічога ня скажа. Ён, Корбэс. Які быўу Горадзе Зла.
Ён заходзіў у дамы, глядзеў на нежывое жытло, на ложкі і кухні, на спальні і дзіцячыя пакоі. Тут жылі людзі, якіх забівалі ня толькі за ціхае слова, але нават за маўчаньне, калі яно было недастаткова пераканаўчым. Тут жылі цэлыя сем’і сэксотаў, тут сьцены мелі вушы, столі — вочы, а падлогі будаваліся як гатовыя эшафоты. Корбэс бачыў паўсюль партрэты правадыроў — іх было так шмат, што, відаць, вучоныя задаволіліся першым дзясяткам тысяч. Правадыры глядзелі на Корбэса з пажоўклых партрэтаў ласкава і ўсё разумеючы: што, таварыш, цікава? Цікава гуляць па Горадзе Зла, калі Зло даўно сышло? Ох, як бы мы пагутарылі з табой, таварыш Корбэс, сто гадоў таму...
Як бы ты крычаў, як бы плакаў, як называў бы ўсіх, каго ведаеш па імені, толькі б боль зрабіўся хоць крышку слабейшы! Як бы пераконваў нас у сваёй любові і адданасьці... Як бы даказваў нам, што твой твар падобны да грушы, а не да яблыка!.. Як бы ні спускаў штаны...
Корбэс зноў адчуў, што ён зачараваны ўсім гэтым. Як там, дома, седзячы над кнігамі, поўнымі старых фатаграфій. Корбэс ужо амаль паверыў, што зараз з-за рога вуліцы выйдуць яны, Варта, маладыя хлопцы ў форме, і спытаюць яго, белазуба, прыязна, як роўнага: «У каго верыш?»
I павядуць.
Павядуць за сабой.
Як роўнага. Як свайго.
Корбэс пайшоў далей, вуліца тут была простая, ля ходніку цямнелі сьляды даўно спарахнелых машын. Ён зайшоў у адзін з будынкаў, які беспамылкова ідэнтыфікаваў як школу. На сьценах віселі ўсё тыя самыя партрэты. А ў адной з клясаў — карыкатуры. На кожнай зь іх прысутнічаў дзіўны цень — чалавечая фігура, якая кралася за сьпінамі. Карыкатуры папярэджвалі — азірайся. Азірайся, вучыся бачыць цені. Сыгналізуй. Будзь пільны. Корбэс прысеў за адну з партаў. Ён уявіў сябе вучнем, які слухае настаўніка. «У каго верыш, Корбэс?»
«У Новы Лад, таварыш настаўнік».
Корбэс адчуў, як разгладжваюцца зморшчыны на ягоным твары. Гэты горад добра дзейнічаў на яго. Ён зрабіў намаганьне, каб пазбавіцца ачмурэньня, і выйшаў на сонечную вуліцу.
Цяжка было паверыць, што ўсё гэта аднойчы зьнікла. Усё, створанае насельнікамі гэтай краіны, зьнікла і ператварылася ў пустэчу, у гулкасьць нежылых памяшканьняў, у цені, у сонца і пах нагрэтай за дзень цэглы. Цэлая культура сышла ў нябыт. Корбэсу здавалася, што ўсе яны вернуцца. Яны проста сядзяць цяпер у Палацы Сходаў і слухаюць правадыроў. Зараз Правадыры скончаць свае прамовы —
і на вуліцы гораду высыпле народ, гаманкі, здаровы, поўны нянавісьці і веры. I пабачаць Корбэса. Чужаземца, які ходзіць там, дзе маглі хадзіць толькі тыя, хто нарадзіўся тут.
Корбэс павярнуў на суседнюю вуліцу і пабачыў жывога чалавека.
Жывы чалавек сядзеў на каменнай лаўцы і глядзеў на мора.
Пастух. Корбэс адразу зразумеў гэта. Чалавек быў апрануты, як пастух, і меў тупаватыя вочы пастуха, які ня ведае, што такое Час. А ведае толькі Траву і Зіму. I яшчэ сваю баржу — іржавую пасудзіну, запаскуджаную скацінай.
Пастух павярнуўся да Корбэса і паказаў яму здалёк кавалак паперы.
Корбэс падышоў бліжэй, асьцярожна ўсьміхаючыся.
Пастух паказваўяму старонку, выдраную зь нейкай кнігі.
«Кніга, — сказаў пастух і абвёў пальцамі ў паветры квадрат. — Кніга? Там! Там!»
Корбэс ветліва ўсьміхнуўся. Якая яшчэ кніга? Усе кнігі з Блефуску даўно былі ў музэях, далёка адсюль, там, дзе іх паказвалі школьнікам і выдавалі на рукі толькі вучоным.
«Пяць тысяч, — сказаў пастух сваім нягнуткім языком. — Пяць тысяч даляр!»
Корбэс думаў. Корбэс сумняваўся.
«Ня кніга? — сказаў нецярпліва пастух. — О!»
Пастух падняў зь зямлі скрутак паперы, разгарнуў — гэта быў адзін з партрэтаў правадыроў. На ім былі яны ўсе, ласкавыя, моцныя, грушападобныя твары. «Не, — сказаў Корбэс, паказваючы пастуху, што такога майна хапае ў кінутых будынках. — А што ты маеш яшчэ?»
Пастух зразумеў яго, але ня надта ўзрадаваўся. Ён паказаў сабе пад ногі. Там, прыціснутыя камянямі, ляжалі старыя фуражкі, пасьведчаньні, рамяні, нейкія гірлянды... Пастух паказаў па чарзе на кожны прадмет, старанна вымаўляючы лічбы.
«Не, — сказаў Корбэс. — Кніга!»
Пастух задаволена ўсьміхнуўся.
«Пяць тысяч, — папярэдзіў ён, агаліўшы рот, поўны абломкаў некалі прыгожых, белых зубоў. — Там!»
I пастух паказаў спачатку на завулак, што віднеўся ў прасьвеце між каменных статуй, а потым на матаролер, які хаваўся за лаўкай.
«У каго верыш?» — пачуўся ў галаве Корбэса ўладны голас.
Яны ехалі па горадзе, падскокваючы на бруку — сьпераду, за стырном, сядзеў пастух, а ззаду за ім, гідліва трымаючыся за плечы пастуха, Корбэс. Гул матора напаўняў мёртвы горад ілюзіяй жыцьця. Здавалася, яно толькі прачынаецца, гэтае вымерлае, вымеценае места, зараз з вокнаў высунуцца заспаныя твары і на плошчы зайграе музыка...
Пастух выехаў за горад, матаролер памчаўся па прасёлку. Хвілін празь пятнаццаць яны спыніліся каля хаціны, складзенай з каменьня. За хацінаю на выгане замёр статак кароваў. Яны нават галоваў не павярнулі, пачуўшы гук матора. Пастух саскочыў з матаролера, нібы з каня. Корбэс ледзь ня ўпаў на груду каменьня.
Каменьне было тут паўсюль. Каменьне, зямля і сакавітая трава. Прыгнуўшыся, Корбэс зайшоў за пастухом у хаціну. Паморшчыўся, прыкрыў рукой нос. Пастух нахіліўся і дастаў з шчыліны ў сьцяне кнігу.
Корбэс узяў яе і прысеў на каменны выступ.
Ён разгарнуў кнігу і панюхаў яе знутры.
Ён правёў пальцамі па яе сырых старонках. Ён паглядзеў год выданьня і памацаў тое месца, дзе некалі быў штамп выдавецтва з эмблемай Новага Ладу. Ён паспрабаваў чытаць, але ня змог. Ён ужо бачыў сябе дома — як ён, Корбэс, сядзіць за сваім сталом, пад любімай лямпай, і паволі чытае ўголас, як правільна жыць на Блефуску і што будзе таму, хто не паслухаецца закону.
Ён паглядзеў на ілюстрацыі — цёмныя фота, зробленыя даўно памерлым фатографам: яны былі такія жывыя, нібы іх рабілі проста падчас допытаў.
«Я бяру яе», — сказаў Корбэс.
Ён пагартаў кнігу. На адной з старонак цямнела пляма. Чорная пляма проста пасярод тэксту — і Корбэс нейкім шостым пачуцьцём зразумеў, што гэта быў плявок. Нехта плюнуў на старонку гэтай кнігі сто гадоў таму. Плюнуў, хоць ведаў, што за гэта будзе.