Арнаменты  Аліна Длатоўская

Арнаменты

Аліна Длатоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 204с.
Мінск 2019
39.5 МБ
АРНАМЕНТЫ
Аліна Длатоўская
АРНАМЕНТЫ
Аповесць
Мінск Выдавец A. М. Янушкевіч 2019
УДК 821-161.3-31
ББК 84(4Бен)-44
Д51
Ілюстрацыі Васіля Шарапава
Длатоўская, A. А.
Д51 Арнаменты: [аповесць] / Аліна Длатоўская. — Мінск : A. М. Янушкевіч, 2019. — 204 с. : іл.
ISBN 978-985-7210-25-1.
Другая кніга пісьменніцы, якая гучна заявіла пра сябе два гады таму, напісана ў жанры «гарадскога фэнтэзі».
Вёскі паступова выміраюць. I не толькі людзі перабіраюцца ў гарады. У Мінску з'яўляюцца нячысцікі: у Купалаўскім скверы Лясун вымушае блукаць тых, хто не даносіць да сметніцы недапалкі, на Камсамольскім возеры Вадзянік цягне на глыбіню тых, хто купаецца пасля Перунова дня, а на Каменнай Горцы мінчукоў прымушае вар'яцець кашэчы кароль Варгін...
Аднак з’явіцца той, хто аб'яднае нячысцікаў агульнай мэтай: паказаць людзям, хто мусіць валадарыць на гэтай зямлі.
УДК 821.161.3-31
ББК 84(4Бен)-44
ISBN 978-985-7210-25-1
© Длатоўская A. А., 2019 © Афармленне. Выдавец A. М. Янушкевіч, 2019
Мурашы
Мільёны дробных лапак у няспынным руху краналі скуру. Ад мезенцаў на руках праз прыдалонні, локці, плечы — да шыі, да твару. Ад грудзей праз жывот, сцёгны, калені — да мезенцаў на нагах. Мурашы выпаўзалі з-пад скуры, пакідаючы на ёй невялікія купкі. Такія з’яўляюцца на зямлі ўвесну. Мурашы лезлі ў нос, у вочы, у вушы, блыталіся ў валасах, казыталі ўнутры.
У сэрцы варушылася нешта вялікае. Перабірала вузлаватымі лапкамі, пстрыкала мулкімі крылцамі і адкладала, адкладала, адкладала яйкі.
Арсень падхапіўся, упіваючыся пазногцямі ў грудзі, дыханне збілася. Прасціна скамечаная, коўдра на падлозе. Правёў далонню па твары, зірнуў на яе — чыстая. Выдыхнуў і ўзняўся, папраставаў на кухню. Следам скіраваўся кот.
Арсень знайшоў чорны камячок сярод лістападаўскай слоты. Мужчына жыў адзін дзевяць гадоў, як памерла маці. Жывёл не любіў, клапаціцца звыкся толькі пра сябе, але паўз гэтае кацяня прайсці не змог.
Бяляш — не называць жа яго Чарныш — круціў пысай ад усіх кармоў, незалежна ад якасці і цаны. Малако, сасіскі, вараная рыбка, курыныя катлеткі — усё гэта яму не падыходзіла. Ён еў толькі сырую ялавічыну. Арсень дзівіўся, але купляў, бо ведаў рэцэпт ідэальнай раніцы: чорная кава і чорны кот на каленях — і можна забыцца на дрэнныя сны.
Сем гадзін да канца рабочага дня. Тэлефанаванні — як камарыны піск, усё звіняць, звіняць над вухам. Дрэнна спаў. Бывае.
Пяць гадзін да канца рабочага дня. Гутарка калег — як мушынае гудзенне.
— Арсень, ты аформіў дамавіну? менеджарка ў вялікіх акулярах і напаўпразрыстым шаліку нагадвае страказу.
— Ш-што?
— Дамову, кажу, аформіў?
Тры гадзіны. Літары на экране разбягаюцца чорнымі бліскучымі жучкамі і зноў збіраюцца ў словы. Замест «пагадненне» — «пахаванне», замест «камп’ютар» — «пакуты», замест «кліент» — «тлен». Сёння трэба легчы раней, а не глядзець дапазна дурныя відэа.
Гадзіна. Кроплі слімакамі спаўзаюць па шкле, пакідаючы вільготныя сляды. Літары выбягаюць з экрана на стол, лезуць чорнымі мурашамі пад пазногці, у рукавы кашулі.
Дадому. Тэрмінова дадому.
* * *
Наступная станцыя... He ўзнімаць вочы. He ўзнімаць.
Мурашы поўзалі па ўсіх, хто быўу вагоне. Па светлых тварыках гаманкіх дзяўчат-падлеткаў, па спрацаваных руках зморанай старой, па сівых вусах задуменнага рабочага, па капелюшах і шапках, па красоўках і ботах, па куртках і футрах, па торбах, заплечніках, каўнярах, шыях, тварах, скронях, насах, ілбах.
Кунцаўшчына.
Юнак, які сядзеў насупраць, глядзеў проста ў вочы. Валасы набок, чорная куртка, фірмовыя красоўкі,
заплечнік — нічога асаблівага. Толькі па ім мурашы не поўзалі.
Каменная Горка.
Арсень шыбаваў да выхаду з метро. Вялізная крама будматэрыялаў, жоўтая, нібы забытае на стале масла. Шэрагі бабулек, якія нападаюць на кожнага, хто пройдзе праз калідор іх тавараў і нічога не купіць. He глядзець нікому ў твар.
У сэрцы заварушылася, выпростваючы крылы, мурашыная матка. У лёгкіх казытала, пяршыла ў горле, мігцела, пульсавала ў вачах. Хацелася катацца па асфалыде, пакуль яны не знікнуць. Але гэта не дапаможа, бо яна ўнутры. Яшчэ крок — і яго званітуе. Арсень спыніўся, хоць да пад’езда заставалася зусім крыху. Схіліўся над сметніцай, закашляўся.
Яго схапілі за плячо.
— Набірай паветра, — юнак з метро прымусіў разагнуцца.
Арсень тузануўся, каб вызваліцца, але хлопец трымаў моцна. Нешта зашаптаў на вуха, але Арсень ніяк не мог зразумець, што яму кажуць, дачуць усё цалкам, дабрацца да сэнсу. Юнак сунуў мужчыне ў руку льняны мяшэчак.
— Запарыш і вып’еш перад сном, а нанач адчыніш фортку. Ты павінен быць упэўнены, што гэта ўсё — у тваёй галаве. He ў сэрцы, не пад скурай — у галаве. Зразумеў?
Арсень, вызваліўшыся, адыходзіў да пад’езда.
— Фортку адчыні, інакш памрэш.
* • *
Мільёны дробных лапак у няспынным руху краналі скуру. Ад мезенцаў на руках праз прыдалонні, локці,
плечы — да шыі, да твару. Ад грудзей праз жывот, сцёгны, калені — да мезенцаў на нагах.
Па столі бегалі цені фіранак і мурашы. Ён некалькі разоў парываўся зачыніць акно, бо ў пакоі было холадна, але не наважваўся.
Бяляш насіўся па кватэры, караскаўся на фіранкі, дзёр мэблю, шыпеў і кідаўся на гаспадара, выпусціўшы кіпці. Пэўна, свежае паветра і водары вуліцы ўдарылі яму ў галаву. Гэта таксама пройдзе раніцай. Усё пройдзе.
У скронях гуло, шаргацела, рыпела, быццам там ладзілі новы мурашнік. Мурашыная матка пстрыкнула крылцамі, пакруцілася, варушачы вусікамі, і папаўзла ўгару. У горле дзерла, нібы пакурыў дрэнны кальян. Бяляш ашалела скакаў на шыбы. Арсень узняўся, стрымліваючы прыступы ванітаў, каб усё ж такі зачыніць фортку.
Кот раз’ятрана кінуўся на хлопца, ягоныя вочы свяціліся чырвоным. Арсень закрычаў, і з крыкам у фортку вылецела мурашыная матка. Бяляш скокнуў следам, а мужчына прыціснуўся гарачым ілбом да халоднай шыбы.
У святле ліхтара стаяў той самы юнак, а насупраць яго выгінаў спіну, тапырыў поўсць і жудасна крычаў кот. Цень ягоны рос, ператвараючыся ў чорную, чарнейшую за яго самога пачвару.
3 рук юнака струменілі блакітныя іскрынкі, складаліся ў дзіўныя знакі, чырванелі, разгараліся, нібы полымя.
Кот ішоў на юнака. Падобны да чорнай дзіркі цень — следам. Юнак выкінуў наперад рукі, і гіпнатычны малюнак закруціўся, пашырыўся, ахутваючы кашэчы цень. Кот, ахоплены полымем, з вусцішным лямантам панёсся прэч.
Юнак зірнуў на акно, ля якога стаяў збялелы Арсень, кіўнуў:
— Дабранач, — і знік у цемры завулка.
Недапалак
Палова на дзясятую — яна яшчэ паспявае. 3-за спіны даносіўся рогат пакінутай кампаніі.
Ад кола агляду трэба спусціцца ўніз, прайсці праз невялікі масток, потым пад вялікім мостам — і вось яна ў Купалаўскім скверы. А там наўскасяк, зноў праз мост — шмат у гэтым горадзе мастоў — па Купалы да Багдановіча, і яна будзе дома.
Яна задуменна зірнула на недапалак між пальцаў: увесну іх стане мільярд, таму нічога, калі адзін сярод мільярда будзе яе. Сметніца надта далёка.
Наперадзе ззяла цемрай арка пад мостам, і яна смела рушыла ў змрок. Цемра Лізу ніколі не палохала, бо дзяўчына не баялася міфічных пачвар, яна баялася людзей. А палове на дзясятую з дзяўчынай не можа нічога здарыцца. Нехта штурхнуў яе, прымусіўшы рэзка ірвануць наперад, бегма. Тут налева — да фантана з дзяўчатамі.
Нешта не тое: незнаёмыя прысады, лаўкі, нават асфальт — у Мінску такога няма. Ліза павярнула назад, але мост знік, і Свіслач таксама. Засталіся толькі дрэвы: клёны, каштаны, ліпы. Ліза зноў пабегла — недзе наперадзе гудзеў праспект, толькі прысады не заканчваліся. Hi фантана, ні музея, ні помніка. Мільганула постаць у ярка-зялёнай камізэльцы — такія носяць супрацоўнікі «Зелянбуду» — і знікла раней, чым Ліза паспела гукнуць.
Як можна заблукаць у цэнтры Мінска? Няўжо Жэнька падмяшаў ёй у колу гарэлку? Унутры схаладнела, і Ліза дрыготкімі пальцамі дастала тэлефон. Няма сеткі. Патрэсла, перагрузіла. Мабыць, ад холаду глюкануў? Пацерла між далоняў, пахукала, пабегла.
Слёзы грэлі шчокі, сэрца стукала ў горле, замінаючы дыхаць, ногі не падпарадкоўваліся. Бацька не cra­ne слухаць яе апраўданні. Зноў давядзецца скарыстаць цюбік таналкі за раз. Зноў пераапранацца на фізкультуру ў прыбіральні, асобна ад дзяўчат, і хаваць вочы ад суседзяў. Зноў...
— Хэй, — гукнулі яе. — Што здарылася?
Яна спалохана заціхла. Да яе крочыў юнак — адкуль толькі ўзяўся? — крыху старэйшы за яе, з цёмным ускудлачаным чубам, які выбіваўся з-пад каляровай скандынаўскай шапкі. Чаму менавіта цяпер?
— Усё добра, — хаваючы заплаканыя вочы, адказала Ліза.
— Вы першы раз у Мінску? — мякка пацікавіўся ён.
Зараз будзе смяяцца...
— Я тут жыву.
— Здымайце паліто, хуценька, — юнак падышоў бліжэй, узяў яе за локаць. — Я хачу дапамагчы. Вы не патрапіце дадому, калі не паслухаецеся. Зніміце паліто і апраніце навыварат.
Ліза нервова расшпіліла гузікі. Юнак зняў з яе паліто, вывернуў і зноў накінуў на плечы.
— А цяпер трымайцеся, — юнак працягнуў руку, — і не азірайцеся.
Ён упэўнена рушыў наперад. Ліза паслухмяна трымала яго цёплую далонь. Праз хвіліну яны выйшлі на ходнік недалёка ад Купалаўскага музея. Тэлефон у кішэні раззлавана гудзеў.
— Дзе цябе чэрці носяць?!
— Я падыходжу, падыходжу, — спалохана мармытнула яна, хоць разумела, што робіць сабе толькі горш.
— Калі цябе не будзе праз дзесяць хвілін, будзеш заходзіць праз акно.
Вусны па-здрадніцку задрыжэлі.
— Я падвязу, — спакойна заўважыў юнак.
* * *
У салоне было чыста, пахла добрай мужчынскай парфумай, мандарынамі і, амаль няўлоўна, палявымі кветкамі.
— Ваш бацька ў некаторым сэнсе меў рацыю, спытаўшы, дзе вас носяць чэрці. Наўрад ці вам павераць, але вас збіў са шляху лясун. Нашкодзілі неяк?
— Кінула смецце не ў сметніцу.
— Заўсёды апранайце што-небудзь навыварат, калі будзеце ісці праз гэты парк, бо ён ад вас цяпер не адчэпіцца. Лесуны часта водзяць людзей, якія непрыстойна сябе паводзяць, а погляды ў іх, скажам так, старамодныя.
У іншы дзень Ліза б пасмяялася і пакруціла пальцам каля скроні, але цяпер толькі пакорліва кіўнула.
— Поспехаў з бацькам.
Заставалася ўсяго хвіліна, каб узляцець на пяты паверх.
Атрута
Пад ногі кідаліся бардзюры, лаўкі і агароджы. Каржакаватыя яблыні заціхлі ў чаканні ахвяры. Толькі спыніся — разарвуць крывымі замшэлымі кіпцюрамі. Каваныя белыя альтанкі прывідамі плылі ўздоўж ракі. Напаўразбураная цагляная забудова глядзела з супрацьлеглага берага пустымі вачніцамі. Дар’я спынілася на драўляным мастку, што вёў да выспы з трыма самотнымі дрэвамі.