Арнаменты  Аліна Длатоўская

Арнаменты

Аліна Длатоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 204с.
Мінск 2019
39.5 МБ
— Я не ведаю, чаму ён у Радзе. Гэта не мая справа і тым больш не ваша.
— Ты тут госць, я — гаспадыня. Мне вырашаць, — дзяўчына нахабна ўсміхнулася. — Я яшчэ чула, што твой першы настаўнік загінуў праз цябе. Што, не ўтрымаў пад кантролем свае бясконцыя аб’ёмы Энергіі?
Усевалад узняўся. Цяпер Міра разумела, чаму ён быў самаўпэўненым і ганарыстым: своеасаблівы сродак абароны ад такіх доўбняў, як яе сябры. Багдан і Злата таксама ўзняліся. Багданава рука імгненна слізганула да мяча, у Златы на далоні ззяла Перунова Зорка. Хлопчык развёў рукамі, маўляў, я не збіраюся біцца.
— Добрага вам вечара. Спадзяюся, вы сабе языкі ў вузлы пазавязваеце, мяне абмяркоўваючы. Да сустрэчы, Міраслава.
Ды скіраваўся прэч. Яна нагнала яго на паўшляху да хаты. Ён ішоў, скрыжаваўшы рукі, ссутуліўшыся, павесіўшы галаву. Міра папрасіла прабачэння за сяброў і за сябе: сядзела ж моўчкі, хоць цудоўна ведала, чым гэта можа скончыцца. А ён раптам пачаў распавядаць:
— Майстар Велізар быў спачатку настаўнікам Святаслава, потым нядоўга маім. Ён загінуў пры дзіўных абставінах: пусцілі арбалетны болт у спіну. Так і не высветлілі хто. Я не памятаю нічога з таго дня. Майстар Святаслаў лічыць, што нехта хацеў забраць мяне альбо маю Энергію. Ён завернуты на маёй бяспецы, таму я мушу кожны вечар выстаўляць абарону і абараняцца на трэніроўках. I таму ў мяне ёсць гэтая татуіроўка. У Настаўніка такая ж. Калі мне штосьці пагражае — ён гэта адчувае. I наадварот.
— Я ніколі раней такіх не бачыла, — не ведаючы, што яшчэ сказаць, заўважыла Міра.
— Гэта вядзьмарства. Настаўнік істотна парушыў правілы, зрабіўшы нам гэтыя татухі.
— I чаму яго не выключылі з Рады пасля такога?
— Я не ведаю, праўда, — Усевалад разгублена пахістаў галавой.
* * *
Ад цяжкіх трэніровак балела цела, ад аб’ёму новай інфармацыі — нельга ж Падмайстарцы быць дурнейшай за вучня — трэскалася галава. Бракавала адпачынку, сустрэч з сябрамі, размоў з настаўніцай, але Міраслава ведала, на што ішла. Хочаш стаць Майстаркай — мусіш пабыць і Падмайстаркай. Пасля чакалі яшчэ два гады працы ў Камандзе ў Вонкавым Свеце. Потым — выпрабаванні, і толькі потым ступень майстэрства. Але пакуль рана пра гэта думаць, бо трэба было пражыць год з таленавітым, але самаўпэўненым, невыносным падлеткам і яго прынцыповым, патрабавальным настаўнікам. Апошні непакоіў Міраславу куды больш. Яна трэніравалася і думала пра Святаслава, клалася спаць і думала пра Святаслава. Стварала Сімвалы, мылася, бегала, чытала, прыбірала ў хаце, вячэрала і думала пра Святаслава. Усё гэта настолькі ўскладняла задачу год быць Падмайстаркай, што Міра не ведала, куды ад сябе дзецца.
Дні, калі іх абодвух не было дома, сталі для яе святам, і адно такое свята чакала яе сёння. Ва Усевалада былі шараговыя выпрабаванні. Вучні спаборнічалі між сабой, паказвалі, што вывучылі за месяц. Тройчы заваліў выпрабаванні — не стаць табе Ваяром, будзеш усё жыццё вырошчваць жыта, смажыць мяса ды праць бялізну тым, хто даў рады навучанню. Ясная справа, «найлепшаму вучню» такое не пагражала, і ўсё ж ён быў абавязаны праходзіць выпрабаванні, а настаўнік
павінен быў пры гэтым прысутнічаць. Прынамсі, так рабілі ўсе астатнія настаўнікі.
Міраслава, не стрымліваючы радасці ад адзіноты, вылецела ў гасцёўню. Яна планавала запарыць сабе цэлае вядро гарбаты і чытаць што-небудзь цікавае да прыходу гэтых дваіх, задаволеных і прапахлых потам.
Святаслаў, напяваючы сабе пад нос, перабіраў арбалетныя балты.
— Добры дзень, Міраслава. Выспаліся? — хітравата ўсміхнуўся ён.
— Ой, я думала, вы пойдзеце глядзець... — сумелася дзяўчына.
— На Усевалада? Ен зробіць усё магчымае, таму мая прысутнасць нічога не зменіць.
— Вы яго зусім не кантралюеце?
— Адна мудрая жанчына калісьці мне сказала: «Колькі б вы вучня ні кантралявалі, ён усё адно будзе рабіць дурасці. Да гэтага цяжка прызвычаіцца, але давядзецца». Займайцеся, чым планавалі, Міраслава, вы заслугоўваеце адпачынак.
Міра, не верачы свайму шчасцю, схавалася ў кнігу. Майстар вастрыў зброю, правяраў запасы зёлак, рабіў абярэгі. Напэўна, так выглядаў ягоны адпачынак.
Бліжэй да абеду ў дзверы пагрукалі. На ганку стаялі два дужыя Ваяры, трымаючы за плечы Усевалада. Рукі звязаныя, на твары драпіны, вопратка перапэцканая ў брудзе. Хлопец сціскаў і расціскаў кулакі, цяжка дыхаў, глядзеў спадылба. Раззлавана і пагардліва.
— Да гэтага вельмі цяжка прызвычаіцца, — выдыхнуў мужчына. — Што здарылася?
— Ваш вучань быў затрыманы за бойку, Майстар Святаслаў.
Вучням дазвалялася трэніравацца такім чынам, калі побач быў трэці, хто спыніць, бо раптам зойдзе далёка. Але бойкі са старэйшымі — з Ваярамі, тым
больш з Майстрамі — лічыліся ганьбай. Узняць зброю на старэйшага — праявіць непавагу.
— 3 кім? — мужчына не зводзіў вачэй з хлопца.
— 3 Майстрам Людавітам. Паводле правілаў ён мусіць быць пакараны перад Радай Майстроў.
Святаслаў сціснуў сківіцы, хіснуў галавой. Усевалад глядзеў на яго з цікаўнасцю і выклікам.
— Для вучняў чальцоў Рады робіцца выключэнне. Так што дзякуй, далей я разбяруся сам.
Мужчына грымнуў дзвярамі перад тварамі Ваяроў, уважліва агледзеў юнака ў пошуку сур’ёзных траўм, праверыў татуіроўку, але рукі развязваць не спяшаўся.
— Цэлы? На чым біліся? Мячы?
— Мг.
— Упэўнены, што Людавіт цябе не параніў?
— Я выбіў у яго меч, спадар Святаслаў, — ён наўмысна зрабіў націск на зварот, які выкарыстаў замест звыклага «Настаўнік».
— Ты выбіў меч у Людавіта?
— Як вы казалі: на кожнага моцнага знойдзецца альбо больш моцны, альбо больш хітры. Вы даволі добра навучылі мяне карыстацца зброяй.
— Давядзецца цяпер навучыць цябе ёй не карыстацца, — мужчына нарэшце развязаў хлопцу рукі. — Ідзі ў свой пакой, я буду праз пяць хвілін.
Ён з выдыхам апусціўся на лаўку, зарываючыся рукамі ў валасы, заплюшчыў вочы, замёр. Ён не выглядаў ні рашучым, ні прынцыповым, толькі згубленым. Усевалад не проста парушыў правілы. Здарылася нешта яшчэ, чаго Міраслава не разумела. Нешта, чаму Святаслаў не мог даць рады. Пяць хвілін прайшло, а Святаслаў не варушыўся, быццам чакаў, пакуль Усевалад зробіць першы крок.
Наверсе пляснулі дзверы. Вучань спусціўся, апрануты і ўзброены для вандроўкі. Настаўнік узняўся, яны сустрэліся позіркамі.
— Людавіт не хлусіў?
— He ведаю, што менавіта ён табе сказаў, але думаю — праўду.
Хлопец сціснуў кулакі, у вачах заскакалі вар’яцкія агеньчыкі.
— Сем гадоў, Свят! Ты вучыў мяне змагацца з Пачварамі... А насамрэч Пачвара — ты!
— Вал, паслухай...
— Хопіць, наслухаўся!
Юнак рушыў да дзвярэй, але мужчына закрыў яму ШЛЯХ:
— He рабі таго, пра што пашкадуеш.
— Хто б казаў, — між пальцаў юнака складанымі перапляценнямі засвяціўся Арнамент моцы. — Пусці мяне, Святаслаў.
Ваяр сумна ўсміхнуўся.
— Да сустрэчы, свавольнік.
* * *
Слёзы цяклі па скронях, сцякалі на шыю, казыталі вушы. Яна ляжала на каленях у Васілісы і глядзела ў столь. У келіху плёскалася віно, пяшчотныя пальцы былой настаўніцы лёгка перабіралі валасы.
Апошні раз яна плакала ў чатырнаццаць. Яны з Багданам спрабавалі паўтарыць адзін баявы прыёмчык, падгледжаны ў старэйшых, ды ён крыху не разлічыў моц — зламаў ёй руку. Цяпер балела куды MapHeft, чым тады, бо балела не рука.
— He ўсё, што адчуваеш, варта агучваць, ласачка. Тым больш што ты выдатна ведаеш законы. Ваярам нельга...
— Ненавіджу законы, — яна выцерла вочы. — Я не хацела маўчаць. He магла больш... I я думала, што пераключу яго ўвагу хоць ненадоўга, бо ён хутка звар’яцее з гэтымі пошукамі. А ён вырашыў, што я здзекуюся, раззлаваўся. Сказаў: «Калі гэта жарт — перадай сваёй настаўніцы, што ён дурны. А калі ты сур’ёзна — дык перабаліць»...
Міраслава закусіла вусны, якія ўпарта дрыжалі, сціснула адной далонню іншую.
— Я разумею, чым цябе прывабіў Свят, ласачка. Ён прыгожы, мужны, прынцыповы. У яго свае погляды на ваярства і на настаўніцтва. А вочы якія, м-м-м... Але ты заблыталася, маленькая. Апынулася ў новых абставінах і знайшла моцнае плячо, на якое можна абаперціся. Так табе падалося. Святаслаў захапляе і зачароўвае, безумоўна, але гэта не каханне. Ты падманваеш сама сябе, а ён мае рацыю: перабаліць.
— Добра, але прычым тут ты?
Васіліса падліла ў абодва келіхі яшчэ віна, зрабіла са свайго некалькі глыткоў, сумна ўсміхнулася.
— Трэба было табе спачатку да мяне прыйсці, а мне трэба было цябе папярэдзіць. Ён быў маім Падмайстрам, калі я яшчэ вучыла Дану. Дужы хлопец, вельмі добра падрыхтаваны, выдатны Ваяр. Але ён умеў толькі ваяваць і выконваць загады, а хацеў іншага. Ён лічыў сябе няправільным, зламаным. Яму хацелася спрачацца з усім, што гадамі навязваў ягоны настаўнік, але ён не мог сабе гэтага дазволіць і вельмі пакутаваў праз гэта. Давялося вучыць яго не баяцца адчуваць штосьці, акрамя пакорлівасці і злосці...
— У цябе нядрэнна атрымалася. Ён цяпер зусім іншы.
— Гэта мая заслуга ў вельмі малой ступені — яго куды больш змяніла настаўніцтва... А мы толькі часам праводзілі разам ночы. Пілі віно, размаўлялі. Адной-
чы ён сказаў, што кахае мяне, і я адразу ж спыніла гэта ўсё, бо мы абодва рызыкавалі сваім становішчам. Мяне вось-вось павінны былі абраць у Раду, яго праз некалькі гадоў чакала атрыманне ступені майстэрства. Ён даволі цяжка перажываў маю адмову, не даваў мне праходу. Напэўна, думае, што я вырашыла яму адпомсціць, адправіўшы цябе яму ў Падмайстаркі.
— А насамрэч ты гэта навошта зрабіла?
— Ты ж сама хацела да найлепшага. Я ведаю толькі двух Ваяроў, лепшых за Святаслава. Адзін з іх загінуў, а другі — яшчэ дзіцё.
Крывавая Мэры
Флэты ў гэтай кватэры былі звычайнай справай. Здадзеныя сесіі, закрытыя залікі, абароненыя курсавыя, Хэлоўін, Новы Год і 1 Мая — збіраліся з нагоды і без.
Сёння нагода была сур’ёзная: Машцы спаўнялася дваццаць. Для цеснай аднапакаёўкі народу было зашмат. Сядзелі паўсюль: пяцёра на трохмеснай канапе, двое ў адным фатэлі, на хісткіх зэдліках з пераматанымі дротам ножкамі ды проста на падлозе.
Чутно было збольшага Міхася — зорку іх групы, таго яшчэ мажора. Ён не выпіў ні кроплі алкаголю і ўсё адно быў у цэнтры ўвагі. Распавядаў смешныя гісторыі пра выкладчыкаў, апісваў эпічныя здарэнні па-за ўніверам, пераказваў сюжэты любімых фільмаў, жартаваў. Дзяўчаты не зводзілі з яго вачэй. Хрысціне таксама падабаўся Міхась — за тры гады вучобы яна не сустрэла нікога, каму б ён не падабаўся. Заўсёды ўсмешлівы, ветлівы, гатовы дапамагчы. Але сэрца было занятае іншым. Менавіта таму яе бянтэжылі настойліва-зацікаўленыя позіркі Міхасёвага сябра, якога Машка запрасіла, «каб было больш хлапцоў». Што паробіш, калі на адвакатуры вучацца спрэс дзяўчаткі?