Арнаменты
Аліна Длатоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 204с.
Мінск 2019
У кватэры, на шчасце, нікога. Юнак скінуў у калідоры заплечнік, паліто, закасаў рукавы кашулі. Некалькі разоў вымыў падлогу, выцер пыл, вынес смецце. Абкурыў кватэру святаяннікам, прачытаў замову. Тут дакладна не схаваецца.
Замёр пасярод калідора ў маўклівым чаканні. Звычайная кватэра, шараговая двухпакаёўка ў спальным раёне. Маленькая кухня, на якой немагчыма гатаваць удваіх, яшчэ меншая ванна, дзе альбо пральная машына, альбо ракавіна. На гаўбцы шклянкі, шмат гадоў не карыстаныя лыжы, таямнічы куфар, у якім, хутчэй за ўсё, старое адзенне. Але паўсюль, паўсюль штучныя атрыбуты багацця: на кухні — грувасткая кававарка ды процьма крыштальнага посуду, у ваннай — люстэрка на палову сцяны ды расстаўленыя па ўсіх паверхнях араматычныя свечкі, а ў гасцёўні — цяжкія аксамітныя шторы, расшытыя залатымі карункамі, каб схінуць іх ды не бачыць вэрхал на гаўбцы.
Міхась быў перакананы: людзі самі прыцягваюць нячысцікаў. Да тых, хто баіцца згубіць дзяцей, прыходзяць лоймы. Да тых, хто баіцца нябожчыкаў, — непрытомнікі. Да тых, хто баіцца галоты, -— бадзюлі. Мабыць, людзі не толькі прыцягваюць, але і ствараюць нячысцікаў?
Усевалад скінуў «бамжа», значыць, ідзе. Міхась трэці раз вымыў паддогу і выскачыў з вядром вады на вуліцу. Да пад’езда, круцячы сцёгнамі, крочыла сапраўдная прыгажуня. Міхась коратка зірнуў на яе і, шэпчучы замову, выплюхнуў брудную ваду на захад.
Выродлівая лупатая жанчына, уся ў воспінах ды язвах, калматая, неахайная, апранутая ў брудную дзіравую анучу, жудасна завіскатала і кінулася бегчы. Але яе ўжо чакаў Усевалад.
«Клянуся, нават анёлы так не спяваюць...»
Нічога, яшчэ зажыве.
* * *
Усевалад задуменна ствараў у паветры ланцужкі Сімвалаў, знішчаў ды ствараў наноў. Міхась зачаравана глядзеў на гэта.
— Калі ты яшчэ раз прыцягнеш дадому якога-небудзь валацугу — я скарыстаю гэтыя Сімвалы на Ta66, — падаў голас Усевалад.
Міхась фыркнуў. Нічога ён не зробіць.
— Адчапіся, Вал. Я плачу за гэтую кватэру роўна палову.
— He ты, а твой бацька.
За апошнія месяцы нагаджалася зашмат працы, зашмат нячысцікаў, нават для Усевалада. Як бы Ваяр ні быў апантаны сваёй справай, яму таксама патрэбны адпачынак. Стомлены ён рабіўся проста невыносным.
Каб не працягваць бязглуздую спрэчку, Міхась палез у тэлефон. Што там сёння адбылося, у гэтым рэальным свеце? Дыханне перахапіла.
— Вал! Мінскі збяднелы бізнесмен знойдзены забітым на «Барысаў-Арэне».
Сімвалы палыхнулі ў паветры.
— Халера! Дапазычаўся. Маглі ўлічыць...
— Зашмат здарэнняў апошнім часам, нібы нячысцікі сцякаюцца ў горад.
— He шукай апраўданняў, — раздражнёна адрэзаў Усевалад. — Знішчыць Пачвару не заўсёды значыць уратаваць чалавека. Мы мусілі памятаць. Я. Мусіў памятаць.
Абаронца
— Трымаем яшчэ трыццаць... Дваццаць... Трымаем-трымаем. Засталося чатыры. Тры. Дзве. Добра, выходзім з планкі.
Ён лёгка ўзняўся, паправіў валасы, што казыталі лоб. Юля ведала ў ім кожную рысу. Цішотка з надпісам «Цярпенне. Праца. Талент», белыя найкі, пільныя шэра-зялёныя вочы, татуіроўка на левым прыдалонні. Пяць ромбаў кветкай — адзін пасярэдзіне, чатыры па баках. Каб яе разглядзець, спатрэбілася некалькі заняткаў і яшчэ вечар, каб знайсці ў сеціве некалькі згадак, што гэта сімвал чысціні.
Ён ні з кім не камунікаваў па-за межамі працы, але за месцы ў яго жаночых групах — іх было толькі дзве — хіба што не біліся. Таму што ён быў сімпатычны, таму што ён нікога не ўгаворваў. Раз ты займаешся, значыць, гэта трэба табе. I таму што ён ніколі не казаў таго, што так любілі ўжываць у якасці матывацыі іншыя трэнеры: «Давайце, дзяўчаты, вы ж хочаце быць прыгожымі, падабацца мужчынам».
Яны захоплена вывучалі кожную цягліцу, прагна лавілі рэдкія ўсмешкі і са скуры вылузваліся, каб пачуць тры галоўныя словы: «Правільна, малайчына, працягвай». Юля заўжды была ў першых шэрагах, але не сёння. Яна б не пайшла на занятак наогул, калі б не адчувала, што трэба пераключыцца. Трэба хаця б на гадзіну вызваліць галаву ад думак. На жаль, занятак
дапамагаў слаба. Настолькі, што па заканчэнні да яе падышоў трэнер.
— У цябе штосьці здарылася?
Юля сумелася. Дзяўчаты, пакідаючы залю, узнагароджвалі яе зайздрослівымі позіркамі.
— Прабачце, Усевалад Святаслававіч, я сёння ўся ў сваіх думках.
— Дык што здарылася? — ён не збіраўся сыходзіць без дакладнага адказу.
— У мяне ўчора хаскі ў лес уцёк. Шукалі палову ночы — так і не знайшлі.
— Я магу дапамагчы?
Юля разгубілася яшчэ больш. Заляцаецца? He будзе ж ён проста так дапамогу прапаноўваць...
— Я была б удзячная.
* * *
Недапалкі, абгорткі, бутэлькі, цыгарэтныя пачкі — у лесе было па-вясноваму брудна. I светла, празрыста. Лес добра праглядаўся, і Юлі было відавочна: сабакі тут няма, але трэнер зазіраў пад кусты, у яры ды канаўкі.
— Віскі, хлопчык, хадзі да мяне! — клікала дзяўчына.
Ен нават на мянушку ўвагі не звярнуў. Любы іншы б пасмяяўся: «Вашага хаскі завуць Віскі?» He, сабака яго мала цікавіў. Тады навошта ён тут? Няўжо дзеля яе?
— Вы ўяўляеце, якіх памераў хаскі? Вы не ёрка шукаеце і не чыхуахуа!
— Я ведаю, што шукаю, — холадна адрэзаў Усевалад.
— Дык і што гэта? Я таксама павінна ведаць!
Маўчанне. He, ён тут не дзеля яе. I не для таго, каб шукаць сабаку. Тады навошта? Трэнер упэўнена ішоў
наперад, і Юля за ім ледзь паспявала. Спыніўся. У зарасніках лазняку шарэла нешта пухнатае, на поўсці былі добра заўважныя барвовыя плямы.
— He! He можа быць! — яна тарганулася да кустоўя, але Усевалад спыніў яе.
— He рухайся.
Пачулася глухое гырканне. Дзяўчына зноў кінулася наперад.
— Стой на месцы!
Трэнер зірнуў на яе, як на апошнюю дурніцу, закрыў сабой. Рык паўтарыўся. 3-за дрэваў на іх ішоў вялікі шэры сабака. He Віскі, здзічэлы. Юля сказала б, што гэта быў воўк, але адкуль у Мінску ваўкі? Поўсць месцамі павыдзіраная, месцамі — у крыві, аголеныя іклы — чырвоныя.
— А каб цябе Пярун ляснуў, — вылаяўся трэнер.
У руцэ бліснуў кароткі паляўнічы нож. 3 глузду з’ехаў, тут хіба стрэльба дапаможа. Усевалад варухнуў вольнай рукой. Запахла паленай ігліцай і гарачай глебай. Тонкая стужка Арнаменту акрэсліла кола.
— За межы не выходзіць, — заўважыў трэнер і зрабіў крок наперад.
Сабака, ляснуўшы зубамі, скочыў да Усевалада. Той выставіў наперад далонь. Пырснулі ва ўсе бакі блакітныя іскрынкі. Звер, скуголячы, катаўся па зямлі. Усевалад уторкнуў нож у глебу лязом угару. Сабака раз’юшана шчэрыў іклы, пад поўсцю былі бачныя моцныя, напружаныя цягліцы, вочы свяціліся. Сабака скочыў. Усевалад зрабіў крок насустрач, учапіўся ў поўсць на шыі. Драпежнік ляскаў ікламі ля яго твару. He дацягваўся зусім крыху.
Юля не крычала — паветра скончылася. Стаяла і глядзела шклянымі вачамі, па шчоках каціліся слёзы.
Трэнер напружыўся, узняў сабаку ў паветра і штурхнуў. Той дагары лапамі праляцеў над нажом. Са-
бачы вой ператварыўся ў чалавечы крык. Усевалад прыціскаў да зямлі сівога аголенага мужчыну, усяго ў драпінах ды ўкусах.
— Хто цябе абярнуў?
— Што? Ты хто, прыдурак? Якой халеры я ў лесе?
— Што ты памятаеш апошнім?
— Мы з мужыкамі пайшлі па піва разліўное. Да Жанкі. Гэтая ведзьма папрасіла скрынкі нейкія ў падсобцы перасунуць. А мне што... Раптам перападзе? — ён драпежна зірнуў у бок дзяўчыны. — Ну, ты разумееш...
— He, не разумею. Завязвай з алкаголем, — Усевалад адпусціў мужчыну, развярнуўся да Юлі. — Твой сабака не ўцёк, ён кінуўся абараняць цябе і выратаваў жыццё.
Назаўтра крама «Жывое піва» была зачыненая, а ў Юлі пад дзвярамі скуголіў руды дваровы шчанюк, на ашыйніку якога была пазначаная мянушка — Морс.
* • *
Яна таропка крочыла праз прысады, падымаючы вышэй каўнер фірмовай курткі «Зелянбуду», усхвалявана азіралася. Ці не крочыць хто следам? Ёй здавалася, што праз імгненне пачуе за спінай цвёрдыя ўпэўненыя крокі Ваяра, яго пагрозлівае размеранае дыханне, адчуе на сабе Перунова полымя.
Правадыр будзе расчараваны. Ён жа прасіў правяраць ахвяр. Ён прасіў сачыць, каб іх шляхі як мага менш скрыжоўваліся са шляхамі Ваяра. Пакуль. Яшчэ рана. Нельга, каб Ваяр выйшаў на кагосьці з іх цяпер. У Мінску на ўсіх людзей хопіць... Але адкуль яна магла ведаць, што абернуты ёй ваўкалак нападзе менавіта на гэтую дзяўчынку? Адкуль яна магла ведаць,
што ейны сабака кінецца яе ратаваць? Адкуль яна магла ведаць, што гэты пракляты Ваяр апынецца яе трэнерам ды прапануе ёй дапамогу? «Ты магла прасачыць», — з папрокам скажа правадыр, сумна падціскаючы вусны. Ен не будзе лаяцца, не будзе кідацца пагрозамі, нават голас не ўздыме. Толькі ціха заўважыць: «Гэта наша агульная справа. Калі рызыкуеш ты — рызыкуюць усе. Калі ласка, будзь асцярожней».
Жанна будзе. I кожны, хто можа выходзіць на вуліцы, хаваючы аблічча за вобразам гарадскога садоўніка, кожны — будзе. Яны ўсе баяцца Ваяроў. Яны разумеюць, што ў горадзе пакуль адносна бяспечна. Яны ведаюць, што пагроза можа з’явіцца ў любы момант. Яны ўпэўненыя, што выратаваць іх можа толькі правадыр. «Гэта наша агульная справа», — скажа ён.
Новы Час
У розны час
Галлё дрэваў хвастала па твары, пырскала ў вочы халоднымі кроплямі дажджу. Карані хапалі за лыткі, не давалі бегчы на поўную моц. Лес адчайна спрабаваў утрымаць яе. Яна блытала сляды, спынялася ненадоўга, толькі каб даць адпачынак збітым нагам, хавалася ў цёмных вільготных ярах.
За спінай гуло і буркатала. Вялізныя пачварыны вырывалі з зямлі дрэвы, адно за адным, давілі ўсё, што траплялася ім на шляху: траву ды кустоўе, жывых істот. Бяздумна забіралі жыццё, нібы не бачылі. Старая бяроза з вусцішным стогнам абрынулася на зямлю. Дом знікаў, паміраў на яе вачах. Якая Гаёўка без гаю? Якая Гаёўка без сясцёр? Без вясёлых карагодаў на ўзлеску, без вечаровых спеваў у вершалінах дрэваў?
У яе ўцёках не было ніякага сэнсу. У новым свеце, дзе замест звілістых і таямнічых сцежак будзе праставаць асфальтавая траса, ёй няма месца. Яна глядзела, як металічная жоўтая пачварына з выпнутай разяўленай пашчай рушыць на яе. Ей было боязна, але яна хацела, каб усё гэта хутчэй скончылася, каб больш не трэба было ўцякаць, спінай адчуваючы смерць радзімы. Пачварына раўла, чмыхала, торгалася. Гаёўка заплюшчыла вочы. Хутчэй бы.
Нешта ўчапілася ў плечы. Яна больш не дакраналася зямлі нагамі. Вялізны, пакрыты залатой лускай Цмок узнімаў яе над вершалінамі дрэваў, што падалі пад націскам металічных пачвар. Апошнія цмокі памерлі шмат гадоў таму. Старыя казалі, што ўсіх перабілі Навальнічнікі. А яшчэ старыя казалі, што засталіся тыя, хто памятаў, як выглядалі цмокі. Тыя, хто мог набываць іх форму. Хуты.