Арнаменты  Аліна Длатоўская

Арнаменты

Аліна Длатоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 204с.
Мінск 2019
39.5 МБ
* * *
Хут вельмі любіў хітрыкі і лічыў, што ён самы гарэзлівы і жартаўлівы з усіх знаёмых яму Хутоў, хоць іх засталося зусім мала. Яго сваякам ўсё часцей трапляліся гаспадары пахмурныя, злосныя, змрочныя. Некаторым не шчасціла настолькі, што даводзілася туліцца ў хатах, дзе нават не дапускалі іх існавання, альбо спісвалі ўсё на якіх-небудзь «палтэргейстаў». Хуту ж патрапіўся выдатны гаспадар, які штораніцы пакідаў яму рэшткі яечні і абаранкі, а часам нават пасмейваўся з ягоных жартаў. Сядзіць ён, напрыклад, на ганку, фарбуе свае гліняныя вырабы, а Хут возьме і сцягне пэндзлік, што стары адклаў на хвілінку. Мужчына пашукае-пашукае, усміхнецца ў вусы і заўважыць: «Ты гэтыя дурыкі кінь і працаваць не перашкаджай. Потым нагуляешся, чарцянятка».
Хут, вядома ж, пэндзлік вяртаў, часам нават з адсоткамі. Ён любіў не толькі пакпіць з кагосьці, але і прыемнае зрабіць. А калі гэта можна сумясціць — дык тут з ім ніхто не паспаборнічае. Так і з’яўляліся ў гаспадара новыя пэндзлікі, лішнія слоікі з варэннем ды большыя чым у суседзяў ураджаі яблыкаў. Вось ужо ён рагатаў, калі мужчына ўвечары ўзяў з палічкі вершаў пачытаць, а адтуль грашовая паперчына выслізнула. Стаяў той стары, глядзеў на вокладку вялі-
кімі вачыма і мармытаў: «Здаецца ж, не клаў ніколі грошай да дзядзькі Рыгора».
А назаўтра на печцы засталася цэлая яечня на скварачках. Такія дні Хут асабліва любіў. I гаспадару прыемна, і яму карысна. Але такім дням суджана было скончыцца, бо іх простае і ладнае жыццё апынулася пад пагрозай.
На вёсцы з’явіліся Навальнічнікі.
Раней ён ніколі іх не бачыў, толькі чуў ад іншых вусцішныя гісторыі. У палову з іх верылася з цяжкасцю, бо такімі толькі малых палохаць. Другая палова была збольшага перасцярогай: не рабі людзям блага, не атручвай жыццё, ва ўсіх сэнсах, не палохай чалавечых дзетак, не крадзь зашмат — і Навальнічнікі за табой не прыйдуць.
Але яны прыйшлі. Спачатку зніклі Здані. На вясковых могілках стала жудасна ціха. Потым з закінутай хаты знік надакучлівы Хіхітун, а з падворкаў — гаманлівыя Паўночнікі. Знік самотны Вядзьмак, які жыў наводшыбе. Зніклі Палявік і Начніцы, якія дурэлі на лугавіне. Перастаў завітваць нудны Шатан. Стала ціха ва ўсёй вёсцы, а потым надышла яго чарга — стала ціха ў ягонай хаце.
Яго гналі пыльнай вясковай вуліцай, няскошаным жытам, густым пералескам, нібы драпежніка, нібы звера. Цяпер ён і быў зверам: спрытным, крутлявым тхаром хаваўся ў траве. На тое, каб ператварыцца ў нешта драбнейшае, яму патрэбны быў час, хаця б імгненне.
Яны часу не давалі: удвух абрынулі на яго бесперапынны дождж палымяных іскрынак і арбалетных балтоў. Навальнічнікі былі хуткія, бязлітасныя, моцныя, але ён быў больш хітры.
Як толькі атрымаў магчымасць замерці — зрабіў менавіта гэта. Ператварыўся ў камень і ў наступнае імгненне апынуўся пад ботам маладога Ваяра.
— Ты яго ўпусціў? Няздара!
— Я прашу прабачэння, Настаўнік.
Мужчына адвесіў юнаку звонкую поўху.
— Я ж не Вупыра якога ўпусціў, — пакрыўджана заўважыў хлопец. — Гэты Хут нічога дрэннага не зрабіў.
— Цябе гэта хваляваць не павінна. Ты — Ваяр. Твая справа — забіваць Пачвар.
— Мая справа — забіваць тых, хто пагражае людзям, а забіваць проста так я не хачу, — абурыўся юнак.
I зноў атрымаў па твары.
— Зашмат размаўляеш! Мне ўсё адно, чаго ты хочаш. Ты будзеш выконваць загады. Зразумеў?
— Так, Настаўнік. Прашу прабачэння.
— Пра прабачэнне мы пагамонім дома, Святаслаў.
Юнак ціха фыркнуў, паддзеў каменьчык наском бота. Хітравата ўсміхнуўся і зашпурнуў падалей у траву.
* * *
У шыбы грукаўся злы вецер. Вычварныя лапы галін скрэбліся, просячыся ў хату. Халодная цэгла печы не грэла. Глядзелі са сцен безуважныя абразы, раздрукаваныя на бліскучай паперы. Яна не ела амаль месяц — апошні раз людзі заязджалі ў верасні, забіралі нарыхтоўкі на зіму. Баба Зося, старая гаспадыня, памерла ў сакавіку, а яе дзеці жыць тут не збіраліся, хіба прыязджаць на лета.
Яна сцялася, абхапіўшы каленкі рукамі. Хацелася плакаць, ды моцы ўжо не было. Спачатку яна злавалася, крычала, біла посуд, ламала рэчы, у спадзяванні, што нехта пачуе. Марна. Хатнік памёр неўзабаве пасля гаспадыні, хлеўнік сышоў кудысьці валацужнічаць, і цяпер яна шкадавала, што збаялася ісці з ім.
Калі злосць прайшла, прыйшоў адчай. Яна плакала тыдзень, стагнала, румзала, а потым скончыліся і слёзы. Засталася няўмольная безнадзейнасць.
Нехта пагрукаў. Вецер? Альбо падалося? Пагрукалі больш настойліва. Дрыготкай рукой узялася за клямку, нясмела штурхнула дзверы. На ганку стаяў мужчына ў чорным плашчы і капелюшы. Яна спалохана азірала ягоную вопратку ў пошуках сімвала смерці — чырвонай шасціпялёсткавай кветкі ў коле.
— Я не вораг, — з усмешкай заўважыў ён. — Дазволіш увайсці?
Яна прапусціла госця ў хату. Той адразу ж узяўся разводзіць у печы агонь і гатаваць вячэру з прынесеных з сабой прадуктаў. Па ім цяжка было сказаць, колькі яму гадоў, у якім ён настроі, чалавек ён увогуле ці не.
— Хто ты такі?
— Хут. Прабач, калі табе раптам непрыемна, што я ў чалавечым абліччы. Я проста падумаў, што ты звыклая да людзей.
— Так, звыклая. Я ж Вешчыца.
— Я ведаю, хто ты, — ён адправіў у духоўку казан з бульбай. — Ты няшчаснае дзяўчо, якое гэтыя пачвары пакінулі паміраць ад холаду, голаду і адзіноты. Нічога, маленькая, цяпер усё будзе добра.
— Ты застанешся са мной?
— He. Мы знойдзем табе новую хату. У горадзе.
— Я не магу пакідаць родны дом.
— А ты спрабавала? — ён цёпла засмяяўся. — Павер, маленькая, у гэтым няма нічога складанага і страшнага.
— А што будзеш рабіць ты?
— Збіраць сяброў, каб аднойчы адплаціць людзям па справядлівасці. Мы прыйдзем у горад, зоймем іх хаты, прымусім баяцца і ўцякаць. Забяром іх жыцці.
— Навальнічнікі не дазволяць, — задуменна заўважыла яна.
Ён сеў побач, прыціснуў яе да сябе, крыху памаўчаў, думаючы пра сваё, перасмыкнуў вуснамі.
— Яны — дурні, якія не бачаць далей за ўласны нос. Яны нават не заўважаць, што нешта адбываецца, а калі заўважаць — я знайду сродак іх спыніць. Надыходзіць новы час, маленькая. Лепшы час. Наш час.
Разумець
Пяць гадоў таму
Міраслава рыхтавалася да плыні пытанняў. Штогод праз дзень пасля сумоўя за сталамі падмайстраў было асабліва шумна. Страўня была месцам вольных гутарак, сяброўскіх жартаў і абмеркавання апошніх навін. I так было прынята, што вучні сядалі за сталы да вучняў, падмайстры — да падмайстраў, малодшыя — да малодшых, старэйшыя — да старэйшых. Рада сядзела асобна.
Святаслаў і Усевалад удвух селі за вольны стол. Mipa была вымушаная да іх далучыцца, кідаючы разгубленыя позіркі на сяброў, якія махалі рукамі і клікалі да сябе. За сталом панавала цішыня. Дзяўчына надта хутка паела. У Майстра яшчэ палова талеркі, а ў яе ўжо пуста. На шчасце, Усевалад паеў яшчэ хутчэй — інакш яна б не ведала, што рабіць. Ён акуратна склаў прыборы на талерку і моўчкі чакаў настаўніка.
Гаманлівая кампанія яе сяброў на чале з Багданам няўмольна набліжалася. Упершыню ў жыцці яна не рада была іх бачыць.
— Міра, прыйдзеш сёння ўвечары да Златкі? Будзем байкі баяць каля вогнішча.
Дзяўчына разгублена зірнула на Майстра. Яны не абмяркоўвалі, ці ёсць у яе вольны час і наколькі ён
вольны. Святаслаў жа быццам не бачыў іх — працягваў спакойна есці.
— Я таксама хачу байкі баяць, — раптам расцягнуўся ва ўсмешцы Усевалад.
— Эм-м-м. Калі твой настаўнік не будзе супраць...
— А ён не даведаецца.
Маладзёны ўтаропіліся на Усевалада, нібы на вар’ята. Святаслаў адсунуў талерку і ўзняўся. Хлопцы зрабілі крок назад.
— Свабода не адмяняе паважлівага стаўлення. Вы б хоць павіталіся.
Багдан перасмыкнуў вуснамі. Святаслава мала хто з Ваяроў любіў. Такі малады, а ўжо ў Радзе. Адны казалі, што яму гэта месца выбіў былы настаўнік, Майстар Велізар, блізкі сябар Кіраўніка. Другія — што яго нешта звязвае непасрэдна з Кіраўніком. Трэція — што ўсё дзеля камфорту і спакою «найлепшага вучня». I толькі малая частка лічыла яго таленавітым і моцным Ваяром, які атрымаў гэтае месца дзякуючы сваім здольнасцям.
— Просім прабачэння, Майстар Святаслаў. I добры дзень.
Мужчына цяжка зірнуў на Міраславу, быццам паводзіны сяброў — яе правіна, сурова вымавіў:
— Аб адзінаццатай каб былі дома. Абодва.
* * *
Міраслава думала, што Вал жартуе, здзекуецца, кпіць. Думала, ён разумее, што ў гэтай кампаніі яму няма чаго рабіць. Ды і не чакае яго там ніхто. Ён не жартаваў. I не разумеў.
— Ну што, малы, распавядай, адкуль ты такі? — задзірліва пацікавіўся Багдан. — Шмат кашы ў дзяцінстве еў?
— Мне маці гатавала, па асаблівым рэцэпце: пляшка Энергіі, дзве лыжкі Арнаментаў, лыжка металу. I дробка дурных пытанняў, каб з маленства прызвычайваўся, — ленавата адказаў Усевалад.
Сапраўды, пытанне было дурное. Ніхто з Ваяроў не памятаў сябе да таго, як патрапіў ва Унутраны Свет. He памятаў ні бацькоў, ні дом, ні нават уласнае імя. Тут давалі новае. Ваяр не павінен мець прыхільнасцей.
Адказ быў трапны, і Міра напружылася. Багдан быў у іх кампаніі лідарам і дужа не любіў, калі яму затыкалі рот, але малы для яго быў надта цікавай забаўкай. Ён дазволіў сябрам пасмяяцца з ягонага жарту, нават сам стрымана ўсміхнуўся і працягнуў.
— He, я сур'ёзна, што ў табе такога асаблівага?
Усевалад пацепнуў плячамі.
— Ты мне скажы. Гэта ж ты мяне баішся.
Багдан таргануўся наперад, але яго спыніла Злата, гаспадыня вечара, якая ведала ўсе самыя вострыя і неверагодныя плёткі Свету.
— Цябе лічаць моцным. Як па мне, дык ты звычайны малы. Пры жаданні цябе не тое што Багдан, цябе нават я адолею.
Цяпер заставалася спадзявацца толькі на ўраўнаважанасць Усевалада. Ён паставіў іх у няёмкае становішча ў страўні, і яны, відаць, збіраліся яму адплаціць. Мабыць, ён і ўправіцца з Багданам альбо Златай, але не з абаімі. А іх і астатнія падтрымаюць, калі раптам дойдзе да бойкі.
— Моцны не той, у каго больш Энергіі, а той, хто ўмее ёй кіраваць, — спакойна адказаў хлопец, не зводзячы вачэй з вогнішча.
— Бач, які разумны, — фыркнуў нехта.
— Дык гэта ён не сам прыдумаў, — засмяялася Златка. — Гэта яму настаўнік распавёў. Дарэчы, Усевалад, гэта праўда, што яму месца ў Радзе ў спадчыну
засталося, ад Велізара? А калі ён памрэ, ты таксама аўтаматычна ў Раду ўвойдзеш?