• Газеты, часопісы і г.д.
  • Арнаменты  Аліна Длатоўская

    Арнаменты

    Аліна Длатоўская

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 204с.
    Мінск 2019
    39.5 МБ
    Сястра сядзела на галіне яблыні, даволі высока, і боўтала ножкамі ў жоўтых кедах, чухаючы адной рукой кату за вухам.
    — Агеньчык, ты як туды трапіла?!
    — Юрась мяне падсадзіў.
    — Ён не мог. У яго лапкі!
    — У цябе ў самога лапкі... Юрась распавядае мне цікавосткі. Напрыклад, ёсць такая істота — хлеўнік. Ён даглядае свойскую жывёлу. Але калі яго не паважаць, ён робіцца злы: крыўдзіць жывёлін, кудлаціць, заблытвае поўсць, крадзе сена, малако забірае!
    — Неверагоднае паскудства, — саркастычна заўважыў Міхась. — Як ты збіраешся злазіць?
    — А ведаеш, як ад яго пазбавіцца?
    — Развесіць паўсюль часнок? Папырскаць свянцонай вадой?
    — Няправільна, — сястра свяцілася ад задавальнення. — Трэба павесіць над дзвярамі хлява забітую сароку.
    — Фу-у-у, Агеньчык! Каго трэба павесіць, каб пазбавіцца гэтага блыхастага пацягайлы?
    Кот фыркнуў пакрыўджана, быццам зразумеў.
    — Юрась — чалавек. Чаму ты мне не верыш?
    — Ува што я павінен верыць? У тое, што гэты пухнаты пархацік — пацан, які ведае, як управіцца з раззлаваным хлеўнікам? Май на ўвазе, Агнія, каты ўмеюць толькі залазіць наверх. А я цябе здымаць не буду, — Міхась пашыбаваў дадому, за лесвіцай.
    — Юрась не кот!
    * * *
    Шарэла. Трава пакорліва і мякка клалася да яго ног. Хлопец спрабаваў рабіць невялікія крокі і захопліваць паменш травы, як паказаў яму бацька. Дыхаў роўна і размерана, каб даўжэй не стамляцца. Каса лётала з боку ў бок, падпарадкоўваючыся ды здымаючы роўныя пасмы.
    — He цяжка? — занепакоена ўдакладніў бацька, які працаваў поруч.
    — Нармальна.
    — Агнія сказала, вы сёння пасварыліся.
    — А яна не ўдакладніла, што залезла ўслед за катом на дрэва? — раздражнёна пацікавіўся Міхась. — I адтуль вярзла лухту пра мёртвых сарок.
    — Мабыць, не варта ставіцца да гэтага як да лухты?
    — Скажы яшчэ, што Юрась — чалавек.
    Бацька змаўчаў. Чуўся толькі рытмічны свіст дзвюх кос.
    Першыя дні Міхась бянтэжыўся размаўляць з бацькам свабодна. Казаў вельмі стрымана ды ветліва, але з часам расслабіўся і нават пачаў дазваляць сабе дзёрзкасці, якія з маці дакладна прывялі б да скандалу. Бацька іх быццам не заўважаў.
    — Адна справа, калі яна верыць у зубную фею ці чакае ліст з Хогвартса. Іншая — калі яна распавядае мне, як забіць хлеўніка, — нарэшце прамармытаў Міхась.
    — Ведаеш, я часта разважаю пра веру, — акуратна падбіраючы словы, пачаў Віктар. — Нам здаецца: мы адмаўляем тое, чаго не бачым. А насамрэч, можа...
    — He бачым тое, што адмаўляем? Мо да нас і іншапланецяне прыляталі?
    — Хто можа давесці, што не? — бацька спыніўся, сеў на скошаную пасмачку, прапанаваў сесці no634. — Гэта ўсяго толькі пытанне веры.
    — Можа і Зямля была плоская, пакуль у гэта верылі?
    — У некаторым сэнсе — так, — задуменна ўсміхнуўся мужчына, разглядаючы аблокі.
    — Бацька! Вера не ўплывае ні на фізічныя законы, ні на законы прыроды. Я ў гэтым упэўнены.
    — А вось у чым упэўнены я, — мякка адказаў Віктар. — Цуды не здараюцца з тымі, хто ў іх не верыць.
    Міхась задуменна паглядзеў на бацьку, усміхнуўся.
    — Дарэчы, пра цуды. Ты не бачыў Агнію? Ужо даволі позна...
    * * *
    — Агнія?!
    Яны з бацькам скіраваліся ў супрацьлеглыя бакі надзелу. Міхась нервова грыз пазногці. Якой дурасцю было думаць, што гэтая гарэза будзе спакойна сядзець у альтанцы і маляваць, пакуль яны ўдвух косяць.
    3 шэрасці на яго зірнулі ўважлівыя жоўта-зялёныя вочы.
    — Цяпер павінна з’явіцца ўсмешка, Чашырскі ты кот! Куды малую падзеў?
    Пыска ката зрабілася спалоханай. Ен памяўся з лапкі на лапку, азірнуўся ды пабег. Міхась крочыў следам. Кот безупынна варушыў вусамі і вушамі, збіраючы навакольныя звесткі. Шукаць малодшую сястру з дапамогай ката... Прывітанне, вар’ятня.
    Хвастаты выйшаў да возера, у якім яны некалькі разоў плёскаліся ў спякотныя дні. Малая сядзела ля самай вады і набірала яе ў трохлітровы слоік. Навошта дзіцяці ўночы слоік азёрнай вады?!
    — Агнія!
    Кот стаў упоперак дарогі, зашыпеў на юнака.
    — Пайшоў прэч! Агнія!
    Кот адскочыў, прыпаў да зямлі, натапырыўся, выгнуў спіну.
    Малая, пачуўшы вокрык, рэзка ўзнялася, згубіла раўнавагу і паляцела ў ваду. Нервова забоўталася. Яе цягнула на глыбіню.
    Міхась рашуча кінуўся да сястры. Вада апынулася надзіва халоднай. Ногі блыталіся ў водарасцях, вопратка хутка набрыняла і агідна ліпла да цела. Рухацца
    было цяжка. Ён наблізіўся наколькі мог і працягнуў сястрычцы руку, але яна не выпрастала сваю. Міхась зрабіў яшчэ некалькі крокаў, схапіў малую за плечы.
    — Яны трымаюць мяне! Міхась, калі ласка! Прыбяры іх.
    Сястра зарыдала. Так шчыра, спалохана, адчайна, што не паверыць ёй было немагчыма. Ён на імгненне зажмурыўся, а як толькі расплюшчыў вочы — убачыў. Доўгія зялёныя валасы, цёмная напаўпразрыстая скура, блакітныя халодныя вочы, сукенкі з ціны. Яны шчабяталі, нібы птушкі, ляскалі па вадзе далонямі і ступнямі, цягнулі малую на сярэдзіну возера ды рагаталі, віскліва, непрыемна.
    — Пайшлі прэч. Вяртайцеся на дно, адкуль з’явіліся, — цвёрда і спакойна загадаў Міхась.
    Істоты імгненна зніклі пад цёмнай паверхняй вады.
    Малая плакала, абдымаючы брата за шыю халоднымі ручкамі.
    — Я хацела налавіць табе вадамерак, каб ты паверыў. Яны магічныя — яны ходзяць па вадзе.
    Міхась шчыльна прыціснуў сястру да сябе, пацалаваў у лоб і рушыў да берага. Па ім, стараючыся не набліжацца да вады, усхвалявана хадзіў юнак у льняным адзенні. Як толькі яны выйшлі з вады на зямлю, ён кінуўся да Агніі.
    — Стаяць! — тон Міхася быў халаднейшы за азёрную ваду. — Каб я цябе побач з ёй не бачыў, пацягайла блыхасты.
    Валацуга
    Шампунь, гарбата, вараная бульба, мытая падлога — ажно галава разбалелася ад усіх гэтых водараў, бо даўно не адчуваў і адвык.
    — Можа, яшчэ? — ягоны выратавальнік заклапочана зірнуў на пустую талерку.
    — Дык суседу ж вашаму пакіньце...
    — Сусед сабе яшчэ прыгатуе, — юнак паклаў яму некалькі бульбін і смажаных каўбасак, уладкаваўся ў крэсле насупраць. — Працягвайце, калі ласка.
    — Дзякуй. На чым я спыніўся? — разгублена ўдакладніў Генадзь.
    Так прыемна было есці, карыстаючыся відэльцам і нажом.
    — Вы пазнаёміліся з анёлам...
    — Дакладна. Пазамінулым летам я пазнаёміўся са Сцешай. Яна была... Хвалістыя валасы, худзенькая, вочы вялікія-вялікія. А як яна спявала! Я клянуся табе — можна ж на ты? — клянуся, нават анёлы так не спяваюць. Карацей, сышліся. Я разумеў, што трэба маладой таленавітай прыгажуні ад бізнесмена ва ўзросце. Разумеў ды не разумеў. Мне нібы мозг дасталі і на яго месца яшчэ адно сэрца ўсунулі. Альбо не сэрца, калі ты разумееш, пра што я. Раней я ціха займаўся сваёй справай. А з ёй... Па барах, па клубах. Куды яна — туды я. Хочаш — сукенку за пару соцень, хочаш — пярсцёнак з каменьчыкам, хочаш —
    у Парыж на выхадныя. Дах мне знесла канкрэтна... Падсеў на казіно. Аўтаматы, рулеткі, покер — похер. Прабач. А там і кампанія адпаведная знайшлася. Цыгары, віскарык, усё такое. Чым больш мы марнавалі грошай, тым больш нам хацелася. Бізнес прыбраў да рук мой партнёр, а мне і справы не было. Я весяліўся, пакуль грошы не скончыліся. А як скончыліся, дык прадаў машыну, усе свае гадзіннікі, срэбра. Яе ўпрыгожанні не чапаў, шкада было. Прадаў катэдж, пачаліся пазыкі. Звязваўся з тымі, з кім не варта было. I яна сышла... Думаеш, гэта мяне ацвярозіла? Хрэн там. Усё стала толькі горш. Піў, гуляў, пакуль зусім да торбы не дайшоў. Ды каму я распавядаю? Я цябе сёння абрабаваць хацеў. Гляджу — мажор на татавай тачцы. Думаю, сяду ў машыну, цюк па галаве ды выкіну дзе ў завулку. А лепш прыеду да хаты, цюк па галаве... Карацей, во гарбаты тваёй выпіў — толькі тады адпусціла.
    Хлопца яго прызнанне не напалохала. Ён прыбраў брудную талерку, даліў гарбаты.
    — Вы ведаеце, дзе яна можа быць цяпер?
    Мужчына не паспеў адказаць, бо ў кватэру, абтрасаючы з красовак бруд, увайшоў сусед юнака.
    — Усевалад, у нас госці.
    — Хто на гэты раз?
    — Здаецца, Бадзюля.
    — Якая яшчэ «бздзюля»? — абурыўся Генадзь.
    Міхась зарагатаў. Усевалад прашыбаваў на кухню, забраў у мужчыны кубак, доўга вывучаў яго далоні. Потым схапіў за падбароддзе, утаропіўся ў вочы. Зусім нахабства. Генадзь паспрабаваў вызваліцца, але марна.
    — Як даўно ты жабрак?
    Пытанне «Калі вернеш пазыку?» і тое гучала больш прыемна.
    — Паўгода недзе.
    — Шанс ёсць. Міхась, рыхтуй усё. Хутка, — наліў сабе гарбаты. — Як звалі?
    — Генадзь Аляксеевіч.
    — Ды не цябе. Яе.
    — Стэфанія.
    — Хм, забаўна. Звычайна яны скрозь Эсмеральды, Серафімы ды Эмануэлі, — кінуў кубак у ракавіну. — Міхась, гатова?
    Сярод залі на падлозе ляжаў ліст фанеры, у які было забіта з сотню цвічкоў. Між імі нацягнутыя каляровыя ніці, якія, перакрыжоўваючыся, блытаючыся ды ўвінаючы адна адну, стваралі мапу Мінска. Міхась схіліўся над ёй, стоячы на каленях, і акуратна правяраў нацяжэнне кожнай нітачкі.
    Усевалад дастаў з кішэні сцізорык, разануў Генадзеву далонь. Кроў ад аднаго дотыку юнака згусла, ператварылася ў пластылінавы шарык. Хлопец апусціўся на падлогу побач з Міхасём, змясціў шарык у цэнтр мапы і паставіў далоні, нібы грэў над вогнішчам. Па нітках пабеглі блакітныя іскрынкі. Крывавы шарык зрушыў з месца, кудысьці ў кірунку вакзала, павярнуў на Лошыцу, і зноў павярнуў — на Серабранку. Спыніўся ў раёне ўнівермага «Беларусь».
    — У мяне матчына кватэра на Пляханава. Была, — нясмела заўважыў Генадзь. — Я яе на Сцешу перапісаў, ды толькі яе там няма.
    Усевалад зірнуў на яго спадылба, узняўся.
    — Сёння ж з’язджай з горада. Нічога свайго не бяры. Бо калі я яе сёння не заб’ю, заўтра яна заб’е цябе.
    — Хто, Сцеша?
    Юнак моўчкі паказаў на дзверы.
    За гады, што яны працавалі разам, Міхась навучыўся рабіць дзве рэчы: выконваць самыя вар’яцкія загады Усевалада і адчыняць любыя дзверы за хвіліну. Другое, праўда, давалася прасцей, бо не заўсёды Вал свае загады тлумачыў. Бывала — бракавала часу, але куды часцей бракавала жадання. Міхасю давялося запомніць: калі Усевалад кажа, што для знішчэння Пачвары павінна быць зроблена тое і гэтае, яно павінна быць зроблена. I менавіта ў такой паслядоўнасці, якой бы дурасцю гэта ні здавалася. Адным нячысцікам хапала арбалетнага балта між вачэй, іншых трэба было выганяць доўгімі замовамі і складанымі рытуаламі, і брудная праца нярэдка даставалася Міхасю. Але яно было таго варта.