Арнаменты  Аліна Длатоўская

Арнаменты

Аліна Длатоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 204с.
Мінск 2019
39.5 МБ
— Чаму ж тваё чараўніцтва не можа мне нашкодзіць? — хлопец пагардліва скаліў зубы. — Ты не можаш зрабіць мне балюча. Як зрабіў Святаславу.
Усевалад прыціснуў да шыі юнака паляўнічы нож.
— Я не ведаю, чаму не спрацавалі Арнаменты, але ў мяне ўсё яшчэ ёсць зброя.
Рука дрыжэла, далонь павільгатнела. Нож падаўся неверагодна цяжкім і слізкім.
— I чаму ты не можаш яе ўтрымаць?
Ён асеў на зямлю насупраць сябра, не зважаючы на холад.
— Што адбываецца, Міхась?
— Пачвары маюць такое ж права на існаванне, як людзі. Людзі знішчаюць іх месцы жыхарства, пазбаўляюць іх хат. Людзі перасталі баяцца, перасталі шанаваць прыроду. А вы абараняеце толькі адных. Павінен быў хтосьці паглядзець на ўсё з іншага боку.
— Ты дапамагаў мне!
Віхорам пранесліся ўспаміны. Колькі разоў Міхась хапаў яго за рукі, колькі разоў павісаў на плячы. «Не кожны Нячысцік — пачвара».
— Ты доўбень, Усевалад. Ты заўсёды спачатку робіш, потым думаеш, калі ўвогуле думаеш. Але я не ўлічыў тваёй упартасці... Інакш бы Ваяры былі тут куды раней.
Гэта пастка! Ва Унутраны Свет не патрапіць нават Знахару.
— Ты прымусіў мяне выклікаць іх сюды. Ты спецыяльна патрапіў у аварыю!
— Давялося імправізаваць. Што я зрабіў, як я зрабіў — ты задаеш не тыя пытанні, як заўсёды. Ты павінен спытаць: што далей?
— I што далей?
— Далей Ваяры Навальніцы перастануць існаваць — дастаткова мне сказаць з дзясятак слоў. А ты не будзеш мне перашкаджаць. Бо, па-першае, ты і сам гэтага хочаш. Ты ведаеш, што так будзе правільна. А па-другое, для цябе гэта адзіны шанс застацца жыць. Звычайным жыццём, як ты марыў. Сыходзь.
Усевалад выпрастаўся, сціскаючы кулакі.
— He.
— Ну і дурань. Памрэш разам з астатнімі, — Міхась таксама ўзняўся.
Крывавай раны на жываце больш не было.
— Вал, улева! — прагучала ззаду.
Ён імгненна падпарадкаваўся, хоць не разумеў каму. Арбалетны болт з глухім гукам захрас у дрэве. Там, дзе толькі што стаяў Міхась, — пуста.
— Ты ў норме? — да яго падбег Ян.
Усевалад пацёрся шчакой аб плячо. Выдыхнуў.
— Ты чаму сваю групу пакінуў?
Ян быў увесь падрапаны, збіты. На пальцах — апёкі Энергіі. Правае плячо наспех заматанае анучай, якая набрыняла кроўю.
— Няма больш групы. Засталося чацвёра разам са мной — я накіраваў іх да Багдана, а сам рушыў да Майстра. Але заўважыў цябе...
— Чацвёра з пятнаццаці? Як гэта адбылося, Ян?
— Вупыры. He ведаю колькі. Трыццаць-сорак. Увесь парк поўны рознай поскудзі... Нам трэба спяшацца.
У гэты ж момант у нябёсах расцвілі Перуновы Зоркі.
— Гэта пастка. Які ж я ідыёт. Доўбень...
— He ведаю, якое дачыненне да гэтага мае Знахар, але наступным разам я не прамахнуся.
Усевалад спыніў Яна, пільна паглядзеў у вочы.
— He. Міхась мой. Я сам яго заб’ю.
Навальніца
Бажэна. Дабраслаў. Радаўлад. Сняжана. Ціхамір. Багдан. Васіліса. I яшчэ з тры дзясяткі тых, каго ён не ведаў асабіста. Старэйшых. Малодшых. Амаль палова. Палова ўсіх, хто прыйшоў у Вонкавы Свет. Праз яго. Праз тое, што ён прыслухаўся да Міхася.
«Ты будзеш здзіўлены, калі ён будзе перагрызаць табе горла».
— Якой халеры твой Знахар нападае на маіх людзей? — першае, што Усевалад пачуў ад Людавіта, калі ўсе групы сабраліся ў адной кропцы.
Там, куды іх сціскала няўмольнае лютае кола nanBap. Усевалад не ведаў, што адказаць. He разумеў. He верыў...
Вакол ляскат мячоў, свіст арбалетных балтоў, выбухі Энергіі, вокрыкі, стогны. Усевалад рушыў наперад, упэўнена і цвёрда. Туды, дзе за спінамі пяці моцных вядзьмарак, якія надзейна ахоўвалі яго ад Арнаментаў і любой іншай зброі, чараваў Міхась. Мармытаў замову, абкладзены амулетамі і вядзьмарскімі прыладамі.
— Што ён робіць? — разгублена прашаптаў Ян.
— Адчыняе Наўе.
— Ты адкуль ведаеш? — ашчэрыўся Людавіт.
— Пазнаю рытуал. У Майстра Велізара была змястоўная бібліятэка. А вось адкуль ён ведае? Адцягніце ўвагу Вядзьмарак.
Між далоняў рос складаны, поўны перапляценняў Арнамент. Энергія пульсавала, ірвалася вонкі, апякала пальцы. Гэтага мусіла хапіць, каб хоць на час збіць вядзьмарак, знішчыць абарону. Арбалетныя балты Яна і Людавіта разляталіся на падлёце. Урэшце Майстар выцягнуў чацвёрку кідальных нажоў. Тыя самыя. Усевалад успомніў, як чысціў іх разам са Святам, усміхнуўся. Энергія палілася з рук, Арнамент складаўся прасцей, лягчэй.
Вядзьмаркі не атакавалі — толькі абараняліся, ашчаджалі моц. Усевалад закусіў вусны, прымушаючы сябе сканцэнтравацца. He думаць пра Міхася, не ўспрымаць яго як Міхася.
«Табе не перамагчы, Ваяр. Ты не бачыш таго, што адбываецца ў цябе за спінай».
Сімвалы зляцелі з рук пругкай хваляй. Вядзьмаркі паваліліся на зямлю, нават Ваярам няпроста было ўтрымацца на нагах. Яго накрыла слабасць, але ён прымусіў сябе ісці наперад. Да Знахара, які стаяў на каленях, упіраючыся далонямі ў зямлю. Яго плечы злёгку трэсліся. Ен смяяўся?
— Позна, Ваяр.
Пад яго рукамі распаўзаўся па зямлі жудасны чорны цень. Шырыўся, выпростваў, цягнуў па зямлі дзясяткі драпежных лап. Хапаў вядзьмарак за лыткі, за шыі, за валасы, зацягваў унутр сябе, праглынаў.
— I рукі не давялося пэцкаць, — задаволена зазначыў Міхась, назіраючы за гэтым.
Выпрастаўся, гледзячы як Усевалад цэліць у яго з арбалета.
— Ты не стрэліш, — спакойна паведаміў ён. — Ты можаш забіваць Пачвар, бязлітасна і жорстка, але ў цябе не ўзнімецца рука на чалавека. Тым больш на мяне.
Усевалад спрабаваў супакоіцца. У гэтым няма нічога складанага: арбалетны болт між вачэй — і ўсе
справы. He, іх праблемы ўжо не вырашыць, але ён павінен гэта зрабіць.
Ад ценю аддзяляліся асобныя жудасныя стварэнні. Доўгія лапы хапаліся, адрывалі адна адну, распаўзаліся па баках чорнымі ненажэрнымі плямамі. У адрозненне ад Нячысцікаў імі не кіравала помста. Яны не жадалі Ваярам смерці, а проста хацелі есці.
— Ну, страляй ужо, — фыркнуў Міхась. — Ты ж біў мне твар. Гэта не нашмат складаней. Святаслаў цябе не асудзіць.
Усевалад цыкнуў і апусціў арбалет. Немагчыма. Павярнуўся да Яна і Людавіта, каб прызнаць сваю слабасць ды папрасіць дапамогі. Ян змагаўся з чорнымі ценямі, Людавіт ляжаў на зямлі, непрытомны. Давядзецца самому...
Міхась гучна крыкнуў. Усевалад здзіўлена павярнуўся назад. Міхась глядзеў на ўласныя грудзі, па якіх расплывалася барвовая пляма. Ваяр вохнуў, на аўтамаце зрабіў крок насустрач, каб падхапіць сябра, але Знахар упаў і рассыпаўся ў попел. За дзесяць крокаў, у цені дрэва, нязграбна абапіраючыся на ствол левай і сціскаючы ў правай арбалет, стаяў...
— Міхась?! — захлынуўся Усевалад.
Вусны разбітыя, вільготныя валасы наліплі на лоб, кашуля пад расшпіленым паліто наскрозь мокрая ад крыві.
— Які ж ты доўбень, Вал, — шэптам вымавіў юнак, кіўнуў на цень, што рабіўся ўсё шырэй. — Можаш гэта неяк спыніць?
— He, — ён закрыў твар далонямі, але адразу ж прымусіў сябе сабрацца. — Нам застаецца толькі адбівацца і ўтрымліваць іх тут.
Заканчэння няма. Час, нібы кроў, што гусцее ў паветры. I ў роце таксама прысмак крыві. Рукі стаміліся трымаць меч. Такога не можа быць, Ваяр не павінен стамляцца. Ён бачыў, як меншала людзей вакол. Яны гублялі Энергію, выпускалі з рук зброю, падалі, знікалі ў ненажэрных пашчах Наўя.
Калі чалавек жыве і памірае спакойна і чыста — пасля смерці ён атрымлівае чысціню і спакой. Апякуецца сваім родам, прыходзіць да нашчадкаў, калі патрэбна парада альбо абарона, але не ўмешваецца ў чалавечае жыццё. Для яго яно завершанае.
Калі чалавек памірае ў пакутах, калі нехта праклінае альбо штосьці трымае яго тут — пасля смерці ён робіцца нячысцікам. Раней ці пазней абалонка разбураецца, застаюцца толькі рэшткі душы. Скатаваныя, разбітыя, азлобленыя, галодныя. I тады душа трапляе ў Наўя, робіцца ім. Усё, што рухае Наўя, — голад.
— Няўжо няма сродкаў гэта спыніць? — адстрэльваючыся з арбалета, спытаў Міхась.
Ён згубіў нямала крыві і быў ужо нездарова бледны, але яшчэ больш-менш трымаўся на нагах. Ён распавёў, як іх групу захапілі Пачвары. Як Ваяры падалі, нібы падкошаныя, ахопленыя ліхаманкамі. Як Хут забраў яго знешнасць і ўспаміны — з дапамогай нейкага вядзьмарскага рытуалу. Як яго пакінулі непрытомным, лічачы, што ён ужо не ачуняе.
— Я такіх не ведаю, — Усевалад раскручваў перад імі шчыт з абарончых Арнаментаў.
Ім патрэбна было адхланне. Яму і самому ўжо бракавала Энергіі.
— Насамрэч, ёсць адзін, — выдыхнуў Людавіт.
Майстар ужо ледзь трымаў у руках зброю, кульгаў на левую нагу, хрыпеў — відаць, былі зламаныя рэбры.
— Ага, Бог... Пачакайце, вы ж не сур’ёзна?
— Паслухай мяне, Усевалад, — Людавіт сціснуў пальцы ў яго на плячы. — Калі і ёсць хтосьці, здольны звязацца з Перуном і спыніць гэты жах, дык гэта ты.
— Я... — юнак пакруціў галавой. — Мне не хопіць Энергіі.
Міхась моўчкі працягнуў яму далонь. Энергія жывых істот перацякала да Ваяроў, засвойвалася лягчэй за ўсё, але Ваяры рэдка пазычалі такую Энергію, бо спыніцца ў час было не так проста.
— Ты з глузду з’ехаў! Гэта можа цябе забіць!
Юнак тыцнуў пальцам у зграю чорных драпежных ценяў.
— Гэта можа забіць нас усіх! Трымай!!!
* * *
Білі маланкі. Грымела так, што хацелася заціснуць вушы. Вакол шэрасць і наэлектрызаваныя іскрынкі Энергіі, нібы ён апынуўся ўнутры навальніцы. Вялікі згустак іскрынак набліжаўся і ракатаў так, быццам намагаўся нешта распавесці.
— Пачакай, вось так лепш, — згустак раптам набыў абрысы Святаслава.
— Настаўнік?!
— Оў, не, проста першы вобраз, які я выцягнуў у цябе з галавы. Усе гэтыя ідалы — малюнкі, што выяўляюць мяне брутальным мужыком з доўгімі валасамі і залатой барадой, жудасна мяне стараць.
Усевалад нарэшце ўсвядоміў, хто перад ім, пакорліва апусціўся на калені. Бог падышоў бліжэй.
— Што трэба?
— Пачвары выйшлі з-пад кантролю, Бог Маланак і Навальніцы, — не ўзнімаючы вачэй, адказаў Усевалад.
— Ды няўжо? Якія нечаканыя навіны. Я хачу пачуць Першы закон, Ваяр.
Юнака працяла токам, быццам хтосьці тыцнуў у спіну вельмі моцным электрашокерам.
— Падтрымліваць раўнавагу паміж людзьмі і нячысцікамі.
— I дзе раўнавага ў тым, каб бесперапынна знішчаць адных, ратуючы іншых?
Усевалад змаўчаў.
— Давай-ка яшчэ Пяты...
Ён зноў ператрываў удар току, да скрыпу сціскаючы зубы.
— Ніколі не прывязвацца да тых, каго мусіш ахоўваць.
— Гэта датычыцца ўсіх, але цябе — у першую чаргу.