Арнаменты  Аліна Длатоўская

Арнаменты

Аліна Длатоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 204с.
Мінск 2019
39.5 МБ
Хата гарэла. Буйныя пачварныя языкі полымя лізалі неба. Вогнішча раўло, люцела, ірвалася ва ўсе бакі, але яго трымалі. Усевалад не дазваляў яму распаўзацца. Блакітныя іскрынкі сцякалі з яго рук, Арнаментам апяразвалі полымя. На такое трэба было шмат, вельмі шмат Энергіі. Хлопчык хістаўся ад стомы. Кіраўнік далучыўся да пляцення, падхопліваючы ўзор, забіраючы на сябе палову працы.
— Што тут здарылася?
— Мы біліся з Вядзьмаркай. Энергія выйшла з-пад кантролю.
Юнак, змораны, збялелы, з жудаснымі ценямі пад вачыма глядзеў у бок хаты. Па шчоках цяклі слёзы.
— Дзе Святаслаў?
— У яго патрапіў Праклён Вядзьмаркі. Я... Мне давялося забіць яго.
— Якой халеры вас увоіуле сюды панесла без Каманды?!
— Праз мяне. Гэта я вінаваты... Вось. Забярыце, — хлопец вызваліў адну руку ад пляцення і працягнуў мужчыне нож. — Я... Я яго не варты.
Раней ці пазней гэта павінна было здарыцца. Кіраўнік рыхтаваў сябе да гэтага з таго самага дня, як аддаў малому зброю. Кіраўнік намагаўся не прывязвацца з таго самага дня, як аддаў малога ў вучні Велізару. Дзеля яго Кіраўнік парушаў правілы і рызыкаваў становішчам. Дзеля яго Кіраўнік ахвяраваў жыццём свайго Вучня, але не збярог...
— Пакінь сабе, Усевалад. Дзе вучань Вядзьмаркі?
— Яна не паспела перадаць здольнасці. Я яго адпусціў.
— Сыходзь. Я скончу тут сам, — полымя пакрысе меншала. •— Табе нельга вяртацца ва Унутраны Свет.
— Я і не збіраўся, — спакойна адказаў юнак і разарваў Арнамент.
Кіраўнік чуў, як ён сыходзіць. Павольна, але рашуча. Раптам крокі замёрлі.
— Кім былі мае бацькі, Кіраўнік? Я не буду іх шукаць, не пераймайцеся... Свят казаў, што ў Велізара былі запісы.
— Я не памятаю іх імёнаў, Усевалад... Ён забраў цябе з поўнай сям’і. Мы рэдка так робім, але Велізар не цікавіўся нічым, акрамя твайго дару. Ён нават
памяць бацькам не сцёр, бо для гэтага патрэбны непасрэдны кантакт вочы ў вочы, а ў яго выпадку гэта было надта небяспечна. Цябе маглі не аддаць. Я даведаўся пра гэта, калі Велізара ўжо не стала. Свят намовіў схадзіць, праверыць іх... Твой бацька вельмі шмат піў, а маці чакала дзіця. Цяжарным нельга сціраць памяць — гэта можа справакаваць выкідак. Твая маці была Нязнойдзенай, Усевалад. У Ваяроў рэдка нараджаюцца дзеці з дарам. Гэта адна з нагодаў, чаму ва Унутраным Свеце забаронены сувязі такога кшталту. Але калі нараджаюцца, дык вельмі адораныя.
Кіраўнік змоўк, думаючы пра іншага адоранага сына Ваяра. I пра тое, чаму яшчэ Ваяры не заводзілі сем’і. Ваяры забівалі і паміралі, бязлітасна і бясстрашна. Смерць сябра можна перажыць. Смерць каханай альбо каханага — больш складана, але таксама можна. Але смерць дзіцяці...
— Як мяне назвалі бацькі?
Полымя зусім сцішылася. Кіраўнік прыбраў Арнамент і павярнуўся да юнака.
— Якая розніца, Усевалад? Ты — Ваяр. Колькі ні намагайся, сваёй сутнасці ты не зменіш.
— Я не буду насіць гэтае імя. Мне проста трэба ведаць.
— Зміцер. Цябе звалі Зміцер.
Юнак удзячна нахіліў галаву.
— Усяго найлепшага, Кіраўнік. Даруйце за ўсё.
* * *
Міраслава сядзела на каленях ля Слупа, безуважна глядзела ў самае сэрца полымя. Знутры разрасталася пустэча. Больш страшная, чым тая, што цяпер панавала ў хаце Майстра Святаслава. Міра хапала ротам
паветра, але ўздыхнуць напоўніцу ў яе не атрымлівалася.
Ваяры ставіліся да смерці будзённа. Штодня хто-небудзь паміраў... У страўні ўсё так жа стаяў гоман. Вучні гарэзнічалі, настаўнікі іх утаймоўвалі, Падмайстры збіраліся на вечаровыя вогнішчы, Майстры абмяркоўвалі навіны Вонкавага Свету. Толькі двое, акрамя яе, на тры дні знялі зброю ў знак жалобы: Кіраўнік і Людавіт.
На другі дзень Людавіт прапанаваў Міраславе перайсці ў Падмайстаркі да яго. Ён казаў пра яе выдатны патэнцыял, які шкада будзе згубіць, пра свой цяжкі нораў, які давядзецца крыху патрываць, каб атрымаць ступень майстэрства. He казаў толькі пра тое, што гэта можа выратаваць іх абодвух ад смутку. Смутку па тым, побач з кім было няпроста. Па тым, без каго было невыносна. Ён не казаў, але Міраслава разумела, толькі не верыла, што гэта дапаможа.
Тупы боль не супакойвалі ні трэніроўкі, ні віно, ні сон. Кожны куточак яе невялікага Свету, кожная рэч, кожная дробязь нагадвалі пра яго. У кожным твары яна бачыла знаёмыя рысы. У кожных аддаленых кроках чула ягоныя. Яна сказала Людавіту, што павінна падумаць, але цяпер яе займала толькі адна думка: «Не веру».
Міра выйшла з тыльнага боку Рады Майстроў. За густым кустоўем хаваўся дадатковы ўваход. Штурхнула дзверы, але яны не паддаліся. Пляснула па іх далонню, пад якой выбухнуў чырвоным Сімвал адмыкання. У доўгім змрачнаватым калідоры ні разу не спынілася і не запаволілася, каб удакладніць шлях. Так жа пляснула па чарговых, нічым не адметных, дзвярах і заляцела ў шырокі светлы кабінет. Ля акна, заклаўшы рукі за спіну, стаяў Кіраўнік.
— Зусім не абавязкова рабіць усё дакладна як ён, Падмайстарка Міраслава. Можна было проста пагру-
каць. Вы прыйшлі параіцца наконт прапановы Людавіта? Я б на вашым месцы яе прыняў.
— Прашу прабачэння, Кіраўнік. Я прыйшла спытаць, што здарылася на самай справе. Там, у Вонкавым Свеце. Я не веру, што яны абодва... — слёзы душылі словы. — Загінулі.
Кіраўнік павярнуўся. Паглядзеў на яе, стомлена, цяжка.
— Апошнім часам мне задаюць зашмат складаных пытанняў, — нарэшце выдыхнуў ён. — У Святаслава патрапіў праклён Вядзьмаркі. Усевалад забіў яго — не было іншых варыянтаў. Але Ваяр, які забраў жыццё іншага Ваяра, павінен аддаць сваё. Так што я... Адпусціў яго. Я Кіраўнік, але мне не ўтрымаць маіх людзей ад ажыццяўлення закону. Вядома ж, можна было зноў правярнуць тое ж самае, што з Велізарам. Сведкаў усё адно няма. Якая іронія... He, Усевалад бы не здолеў хаваць тое, што столькі гадоў хаваў Святаслаў, а яго здольнасцямі нельга ахвяраваць праз глупства. Яны нам яшчэ спатрэбяцца. Таму хай жыве пакуль у Вонкавым Сусвеце, а потым паглядзім...
— Як ён там будзе жыць? — прыгаломшана перапытала Міра. — Дзе? Ён жа зусім нічога не ведае!
Яна пакуль да канца не ўсвядоміла сэнс сказанага Кіраўніком і таму задавала такія дурныя пытанні.
— Людзі — дзіўныя істоты. Яны так прагнуць зведаць свой лёс, але паміж пэўнай будучыняй і невядомым працягам так часта абіраюць невядомасць...
* * *
Далягляды знікалі за спінай, як і гэтае лета. Іх чакаў горад і новае жыццё. Жыццё, да якога Міхась не быў гатовы. На заднім сядзенні Ядвіга ласкава перабірала рудыя кудзеркі Агніі, якая ціха сапла ў яе на каленях.
Нарэшце яна супакоілася. Агнія плакала цэлы дзень, пакуль яны збіраліся ў горад. Плакала, бо не развіталася са сваім лепшым сябрам, Юрасём. Ён больш не прыходзіў на хутар. Міхась не сказаў ёй чаму.
Бацька кідаў на яго заклапочаныя позіркі. Міхась некалькі разоў прызнаваў сваю віну і прасіў прабачэння. Яны шмат гутарылі апошнім часам, толькі Міхасю ад гэтага лягчэй не рабілася. Ён памыліўся, жудасна памыліўся, павёўся на танную маніпуляцыю. Цяпер усё станавілася на свае месцы. Тое здарэнне з Азярніцамі было падладжанае, каб Міхась пачаў бачыць. Ён ніколі не распавядзе гэта сястры, але нават знаёмства Агніі і Юрася было спланаванае. Выпадковасцю было толькі адно: іх знаёмства з Усеваладам. Невядома, чым бы гэта скончылася, калі б не ён. Двойчы. Свет нібы спецыяльна сутыкаў іх, калі Міхась быў на скрыжаванні, калі ад Міхася патрабавалася правільнае рашэнне.
— Бацька, тармазі! — выгукнуў юнак.
Уздоўж трасы павольна, кульгаючы ішоў Усевалад. Ускудлачаны, змораны, з чорнымі ценямі пад вачыма. Скураную ваярскую куртку ён недзе згубіў. Ільняная вышыванка перапэцканая, падраная. Левае запясце заматанае нейкай анучай.
— Хэй! — Міхась высунуўся з машыны. — Хэй, Вал, стой! Куды цябе падкінуць?
Ваяр зірнуў на яго спадылба.
— Зноў ты?!
Вучань
Агідны восеньскі вецер дзьмуў у твар, закідваў за каўняры ледзяныя пырскі, прымушаў рухацца надта хутка, няўважліва, мружыць вочы. Усевалад накінуў капюшон байкі, схаваў рукі ў кішэні курткі. Ян жа выглядаў так, быццам яму зусім не холадна: скураная куртка, пад ёй кашуля з вышыўкай. Роўныя плечы, цвёрдая хада, пільны позірк. Толькі зубы зведзеныя так, што пабялелі скулы.
— Я бачыў запісы Знахара, — раптам пачаў Ян. — Пра філіял «Навальнічнікаў» у Мінску...
— Хочаш распавесці Людавіту — валяй. Мне ўсё роўна. У любым выпадку гэта ў мінулым.
— He! Я наадварот, — юнак спыніўся, нервова правёў далонню па вільготных кароткіх валасах. — Я хацеў сказаць, што гатовы далучыцца. Я хачу далучыцца. I Міра з Багданам. Яны... 3 задавальненнем засталіся б. Чаму гэта ў мінулым?
— He думаю, што нам варта, — Усевалад шматзначна хмыкнуў, — пакідаць наш Свет. Пярун стварыў яго не дарма.
— Перуну — калі ён увогуле ёсць — даўно пляваць на нас і наш Свет.
— Дзёрзка. Спадзяюся, твой настаўнік не ведае пра твае рэлігійныя погляды...
— Ён мне даўно не настаўнік, — рэзка адказаў Ян. — Насамрэч справа не ў Людавіце. Справа ў Све-
це. Які ў цябе першы ўспамін? Маўчы, я сам скажу. Пасвячэнне ў Ваяры. Як ва ўсіх. Мы не памятаем сваіх каранёў, свайго мінулага. Мы ўмеем толькі трымаць у руках зброю і ствараць Сімвалы. Мы ўсе аднолькавыя: носім стандартную вопратку, размаўляем завучанымі фразамі. Усё наша жыццё — адзін суцэльны рытуал. Я так зайздрошчу, што ты своечасова з гэтага вырваўся. Ты такі... Іншы.
Усевалад пахістаў галавой. Лістападаўскі вецер свістаў у галлі дрэваў. У галаве свістаў бізун, што рассякаў скуру вупыра. Юнак глядзеў на свае рукі, сціскаў ды расціскаў кулакі.
— Я адрозніваюся ад Майстра Людавіта куды менш, чым табе здаецца, Ян.
* * *
Міхась гіпнатызаваў мапу Мінска, жуючы аловак.
— Я прыйшоў папрасіць прабачэння... — збянтэжана пачаў Усевалад.
— Ш-ш-ш! Потым папросіш. Я думаю.
— Колькі можна? — Вал асуджальна зірнуў на Ma­ny, быццам яна ўтрымлівала Міхася гвалтоўна.
— Глядзі, нападзенні адбываліся ва ўсіх раёнах Мінска. Паўсюль, акрамя гэтага месца, — ён тыцнуў пагрызеным алоўкам у мапу.
— Ты думаеш, што Пачвары хаваюцца ў Палацы Незалежнасці?
— Было б забаўна, — засмяяўся Міхась. — He, тут яшчэ ёсць парк атракцыёнаў Dreamland. Вада, дрэвы, цёмныя месцы. Лёгка схавацца. Каго мы не заўважаем у парках, на вуліцах? Хто застаецца без увагі ва ўсіх на вачах?