Арнаменты  Аліна Длатоўская

Арнаменты

Аліна Длатоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 204с.
Мінск 2019
39.5 МБ
— Хто? Гандляр марозівам? Білецёр?
— He, там трэба працаваць. Нячысцікі хутчэй будуць імітаваць чалавечую дзейнасць, чым нешта насамрэч выконваць. Яшчэ варыянты?
— Ты гуляеш са мной? Я не ведаю... Дворнік?
— Нядрэнна. Толькі, на маю думку, у нячысцікаў надта высокая самаацэнка. Яны б абралі штосьці больш блізкае да прыроды, каб не прыбіраць чалавечы бруд. Напрыклад...
Усевалад развёў рукамі, запытальна гледзячы на Міхася.
— «Зелянбуд»!
— Оў, гэта тыя, у зялёных куртках? Я бачыў аднаго ў Лошыцы, калі паляваў на лойму. I потым, калі хлопец на Камсе патануў, яны там кветкі перасаджвалі ці што...
— Вось яно, Усевалад! — ён захоплена пляснуў у далоні. — Мы ведаем не толькі «дзе», мы ведаем «каго» шукаць!
— Раптам ты памыляешся?
— Сапраўды, я ж памыляўся, калі казаў, што ўсё неяк звязана. А потым памыляўся, калі прасіў цябе выклікаць Ваяроў. Чаму б мне мець рацыю на гэты раз?!
— Прабач.
— Хопіць выбачацца, Вал! Проста пачні ўжо мне давяраць і папрасі свайго змрочнага боса выклікаць яшчэ Ваяроў.
— Колькі?
— Усіх.
— Міхась, гэта немагчыма. Мы не ведаем, хто там, што там. Нам трэба спачатку высветліць...
— Спалімся. Што тут высвятляць, Усевалад? Колькі бутэлечак з попелам твае Ваяры прыцягнулі за апошні тыдзень? Пяць? Сем? А ведаеш, колькі адбылося нападаў? — ён павярнуў да сябра ноўтбук. — Два-
ццаць! Дзікія жывёлы, шалёныя сабакі, самагубствы, забойствы пры дзіўных абставінах. Дзеці, якія выйшлі пагуляць і не вярнуліся. У нас няма ніводнага шансу на памылку. Калі ні ты, ні твой Любавід не ў стане давесці гэта Кіраўнікам, відаць, я мушу гэта зрабіць!
— Цябе ніхто не будзе слухаць. Я паспрабую дамовіцца, Міхась. Ён, дарэчы, Людавіт. Можа пакрыўдзіцца, калі ты назавеш яго ў твар так «ванільна».
— Ды пляваць я хацеў! — Міхась, не звярнуўшы ўвагі на кпін сябра, зноў схіліўся над мапай.
Усевалад апусціўся на падлогу побач з Міхасём, абхапіў калені рукамі, збянтэжана зірнуў спадылба.
— Паслухай, Міхась, я не вярнуся ва Унутраны Свет. Я люблю гэты горад і хачу рабіць сваю працу тут. Таму калі ты не перадумаў, я б абраў першы варыянт візітак, — ён уздыхнуў, усміхнуўся. — Міхась, я не ведаю, як што складзецца далей, але ў мяне ёсць да цябе адна просьба.
* * *
Яны абмяркоўвалі нешта з дырэктаркай ля веснічак. Гэта дакладна былі яны, Стась не мог памыліцца. Ён прыціснуўся лбом да халоднага шкла, ускараскаўшыся на падаконне. Прыгледзеўся — яны. Кінуўся ўніз па лесвіцы, штурхаючы локцямі старэйшых.
— Гэта па мяне! Па мяне!
— У Беларусі нельга, каб было два таты! — у спіну яму пругка ўдарыў рогат.
Гэта зайздрасць. Яны і тады кпілі з яго, а ён меў рацыю: пачвары існавалі.
Пакуль ён дабег, да гутаркі далучыліся Зінаіда Іванаўна, высокі хударлявы мужчына ў чорным паліто і светлая ўсмешлівая жанчына. Стась замёр на ганку. Можа ўсё ж не па яго? Так, напэўна, параілі знаёмым
дзіцячы дом альбо палююць на пачвар, высочваюць кагосьці. Апошнім часам Стась шмат чытаў пра розных паляўнічых і экзарцыстаў, спрабаваў знайсці адказы на свае пытанні. На ўсе тыя, што так хацеў задаць Усеваладу, але не мог.
Ды адкуль ім увогуле ведаць, што ён дзетдомавец? Гэта проста супадзенне. Альбо яго шукалі мэтанакіравана? Мабыць, абярэг падказаў, дзе ён? Стась сціснуў Перунову Зорку ў далоні, заплюшчыў вочы, каб стрымаць слёзы.
— Табе не холадна? — пачулася зверху.
Толькі цяпер ён зразумеў, што вылецеў на вуліцу ў майцы і шортах, але яму не было холадна. Наадварот — кінула ў жар.
— Ты прыйшоў па мяне?
— Хадзем, пагутарым. У мяне ёсць да цябе прапанова.
— Я згодны.
— Паслухай спачатку, — усміхнуўся Усевалад, сядаючы на лаўку.
— Я ведаю, хто вы. Вы, як...
— He! Ніякага «Звышнатуральнага», ці што ты там хацеў сказаць. Вы нібы з глузду паз’язджалі з гэтымі серыяламі. Усё больш складана, Станіслаў. Я хачу, каб ты ўсведамляў, на што згаджаешся. Віктар і Ядвіга возьмуць цябе ў сям’ю. Яны добрыя людзі. Думаю, вы хутка паразумеецеся, а я буду вучыць цябе карыстацца здольнасцямі.
На далоні хлопчыка расцвіла вогненная кветка, але адразу ж згасла. Па целе разлівалася прыемная цеплыня, абараняючы ад холаду.
— Большую частку дзяцінства ты правядзеш у трэніроўках. Будзе цяжка і, даволі часта, балюча. Таму я хачу, каб ты прыняў гэтае рашэнне свядома. Ты будзеш першым такім, Стась. Hi ў кога з нас не пыта-
лі, ці хочам мы быць Ваярамі. Ніхто з нас не памятае першую сустрэчу з настаўнікам. Так што... Я не ведаю, як гэта будзе. Магчыма, невыносна.
Ен шчыра глядзеў хлопчыку ў вочы. Зайздрослівы натоўп інтэрнатаўцаў пляткарыў, сцябаўся ды рагатаў за іх спінамі. Нішто не магло быць больш невыносным, чым гэта.
— Mary я збіраць рэчы?
— He так хутка, свавольнік, — ён некалькі разоў міргнуў, нібы ў вочы нешта патрапіла. — Горад у бядзе, таму табе пакуль лепш пабыць тут. Тым больш трэба аформіць паперы.
Стась уявіў плынь здзекаў, якая абрынецца на яго сёння ж увечары. Апошнія дні ў інтэрнаце для ўсіх былі найгоршымі. Ён памятаў, як пакутаваў Пашка, а Стасю нават не сказалі, колькі канкрэтна ён мусіць гэта трываць. У носе заказытала, вочы звільгатнелі, голас па-здрадніцку задрыжэў.
— Навошта ты прыйшоў зараз?
— Каб ты падумаў. Яны забяруць цябе ў любым выпадку, Стась, гэта вырашана. Але ці будзеш ты маім вучнем — вырашаць табе.
— Гэта не ўсё.
— Што, прабач?
— Ты б мог прыйсці і пазней, калі горад ужо не будзе «ў бядзе». Чаму менавіта цяпер?
— Ого, Шэрлак.
— Ты штосыді казаў пра серыялы.
— Гэта кніжны персанаж... У горадзе цяпер даволі шмат Ваяроў. Я не хачу, каб яны забралі цябе, не хачу, каб ты рос так, як рос я. А з іншага боку, не хачу, каб ты ўсё жыццё пакутаваў праз тое, што бачыш, праз тое, што ўмееш. А яшчэ... Я хачу, каб было да каго вяртацца. Міхасю без мяне толькі лягчэй зажывецца... — ён задумаўся. — Задаволены?
— Завесці Вучня перад боем — даволі паслядоўна. Што, калі ты не вернешся?
— А ты дзёрзкі, — ён злёгку пстрыкнуў яго па носе. — I разумны. Я ведаю, што гэта бязглуздзіца. Але... Абяцанне можна стрымаць, толькі даўшы яго. Таму я абяцаю табе, свавольнік, што вярнуся за табой. I буду рады пачуць любы адказ.
Стась паціснуў плячыма.
— Тады вяртайся хутчэй.
Знахар
У парку цішыня. Hi шчаслівага рогату, ні захопленага віскату, ні гулу атракцыёнаў, ні вокрыкаў гандляроў шарыкамі і папкорнам. Толькі шапацеў у галлі дрэваў вецер ды парыпваў пад ботамі снег.
Пад сотняй ботаў.
Людавіт моўчкі падаваў сваім людзям знакі, размяркоўваючы іх па тэрыторыі. Усевалад ціха стаяў побач, уважліва гледзячы ў цемру. Яму заставалася толькі здагадвацца, чаму камандзір пакінуў яго пры сабе. Чаму не Багдана альбо Ціхаміра, чаму не свайго былога вучня Яна. Тых ён паставіў кіраваць групамі, а яго дагэтуль лічыў дзіцём, не давяраў. Усевалад злаваўся, але цяпер было не да асабістых рахункаў, не да высвятлення адносін. Трэба было працаваць.
— Чаму ты выклікаў Людавіта? — Міра нібы незнарок затрымалася, калі група рушыла наперад. — Тобок, чаму папрасіў у Кіраўніка менавіта яго Каманду?
Усевалад не хацеў размаўляць, але яна б не адчапілася.
— Ён лепшы пасля Свята.
— Ведаеш, я спытала ў яго, чаму ён зрэагаваў на твой выклік, паверыў табе адразу, — яна задуменна хмыкнула. — Ён сказаў: Усевалад — разбэшчанае, самаўпэўненае дзіця, але ён лепшы Ваяр пасля Святаслава.
Усевалад змаўчаў. Пільна азірнуўся па баках.
— 3 часам не стала лягчэй?
— А табе?! — рыкнуў ён.
— Крышачку, — яна быццам не адчула яго раздражнення. — Ян сказаў табе? Пра мяне і Багдана? Мы раслі ў суседніх хатах. Ён мой лепшы сябар, так што калі ён прызнаўся... Я не здолела адмовіць, не хацела, каб ён адчуваў, як гэта... А цяпер ён прапанаваў застацца тут, разам.
— Калі ты сама гэтага не хочаш — не трэба.
— Ты ж застаўся дзеля Знахара.
— Прычым тут Міхась? He буду хлусіць, мне вас не хапала, але там я ніколі не адчуваў сябе так, як тут, — свабодным. Тут я раблю сваю справу, як лічу патрэбным, а ты ў дадзены момант мне перашкаджаеш. Так што будзь ласкавая, займі сваё месца і не прымай рашэнняў, з якімі не зможаш жыць.
Міраслава рушыла наперад, потым зноў затрымалася.
— Калі б была такая магчымасць — ты б абраў іншы шлях?
— Займі. Сваё. Месца.
* * *
Hi шчаслівага рогату, ні захопленага віскату, ні гулу атракцыёнаў, ні вокрыкаў гандляроў шарыкамі і папкорнам. У левым сектары мільганула ў нябёсах Перунова Зорка. Небяспека. Нападзенне. Усевалад замёр.
— Майстар Людавіт!
— Я бачу. Самі разбяруцца.
— У той групе Міхась.
— Твайму Знахару трэба было ў хаце сядзець. Вырашыў ісці з намі — хай упраўляецца.
Гэта была ўмова Людавіта: яны мусілі быць у розных групах. Відаць, каб Усевалад думаў пра працу, а не пра бяспеку Міхася. Толькі гэта мала дапамагала. Юнак закусіў вусны. Майстар меў рацыю. Усевалад быў супраць, каб Міхась удзельнічаў у аперацыі, але спрачацца з сябрам было бессэнсоўна, ды і не хацелася. Колькі разоў той меў рацыю, колькі разоў рызыкаваў дзеля Усевалада.
Ваяр скіраваўся туды, дзе нядаўна мігцеў сігнальны Сімвал. Сціскаючы кулакі, стрымліваючыся, каб не перайсці на бег, бо падчас аперацыі Майстар мае права спыніць Ваяра, які не падпарадкоўваецца. Любымі сродкамі. Але Людавіт толькі загадаў групе рушыць далей.
Міхась напаўляжаў, абапіраючыся спінай на стары каштан. Вусны разбітыя, вільготныя валасы наліплі на лоб; далонямі заціскаў рану на жываце, стрымліваў стогны.
— Як ты? Чаму цябе пакінулі аднаго?!
— Трымаюся. Астатнія рушылі далей, — слаба прамармытаў хлопец. — Ціхамір толькі пусціў сігнал дзеля мяне. Усевалад, паслухай, трэба сыходзіць. Іх надта шмат. Нам не спыніць... Паслухай...
— Людавіт меў рацыю. Трэба было пакінуць цябе дома. Усё будзе добра, Міхась, — ён пацягнуўся, каб аддаць спалоханаму сябру крышачку Энергіі.
Левае запясце працяў востры боль. Ён адсунуўся, таргануў рукаў курткі. Татуіроўка, што не працавала пасля смерці настаўніка, цяпер распалілася амаль дабяла ды патыхала жарам, быццам яго дагэтуль ахоўвалі. Папярэджвалі з Іншасвету? Якой жа павінна быць пагроза, каб адтуль даляцела перасцярога? Усевалад здзіўлена зірнуў на сябра.
— Ты... Ты не Міхась! — з рук імгненна зляцелі Сімвалы.
Рассыпаліся вакол палымянымі пырскамі, не зрабіўшы істоце насупраць ніякай бяды.