Арнаменты  Аліна Длатоўская

Арнаменты

Аліна Длатоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 204с.
Мінск 2019
39.5 МБ
ціўся на падлогу, слаба ўсміхаючыся. Працягнуў хлопчыку нож.
— Я павінен... забіць Вядзьмарку? — ціха спытаў Усевалад, прымаючы зброю.
— Спачатку ты павінен забіць мяне, — яшчэ цішэй адказаў Святаслаў. — Праз лічаныя хвіліны я перайду пад яе ўладу, і ўся мая Энергія дастанецца ёй. Гэтага нельга дапусціць, Вал.
— Я не магу.
— Падумай пра маю годнасць. Я не хачу быць нячысцікам.
— Кіраўнік гэта выправіць!
— Калі б Кіраўнік мог гэта спыніць, спыніў бы шмат гадоў таму, — Святаслаў кіўнуў у бок непрытомнага Юрася.
Юнак зарыўся пальцамі ў валасы. Замітусіўся па хаце.
— Гэта ўсё праз мяне, я ва ўсім вінаваты. Навошта я пайшоў за табой? Баяўся, што з табой нешта здарылася. Я не мог у гэтай невядомасці... Думаў, што змагу дапамагчы, і толькі сапсаваў усё. Ты маеш рацыю, ад мяне адны праблемы.
— Усевалад! Паглядзі на мяне. Для мяне вельмі шмат значыць тое, што ты прыйшоў за мной. Што б я ні казаў, я рады, што ты не бяздумны і бязвольны паслухмяны жаўнер. Для мяне вельмі шмат значыць, што ты слухаеш сябе. А цяпер паслухай сябе яшчэ раз і зрабі гэта, Вал. Я хачу, каб гэта быў ты. Калі ласка.
Хлопец апусціўся на калені побач з мужчынам, сціскаючы ў руцэ нож.
Бізнес
Міхась мыў посуд, гатаваў сняданкі, дапамагаў Ядвізе рабіць саленні на зіму, а бацьку — нарыхтоўваць дровы для каміна. Дапамагаў Агніі вучыць урокі, аднагрупнікам — пісаць працы, абы чым-небудзь сябе заняць.
— М-м-м, Міхась, тосты — проста космас.
— Агеньчык, ты спознішся ў школу, — усміхнуўся ён, дамываючы апошнюю талерку.
— Ты зануда, Міхась, але я рада, што ты вярнуўся.
— Давай не будзем пра гэта.
— Можа, ты мяне да школы падкінеш?
— Ах ты падліза! — ён зарагатаў і паспрабаваў шлёпнуць сястру ручніком.
— Пачакай-пачакай! — яна адхінулася і ўтаропілася ў экран тэлевізара, што працаваў у бязгучным рэжыме.
— He сыходзь ад адказнасці. Ручнік справядлівасці ўсё адно дастане цябе.
— Міхась! Гэта матчын былы залётнік, — дзяўчо ўключыла гук.
«Хваля вусцішных нападзенняў накрыла сталіцу. Чарговай, пятай за два тыдні, ахвярай стаў знакаміты мінскі бізнесмен Альберт Шнайдар, які валодаў сеткай сталічных кавярань. Ен быў знойдзены задушаным на ганку свайго дома. Вядзецца следства».
— Я табе кажу: гэта мамін «Алік дурацкі шалік». Памятаеш?
Міхась памятаў. Гэты спадар чамусьці лічыў, што павінен выхаваць з Міхася «сапраўднага мужчыну», хоць маці была для яго шараговай каханкай. Сродкі выхавання ў яго былі прыкладна такія ж, як у Ma­ui. Але калі матчыну руку Міхась часам мог спыніць, дык з Альбертам рады не даваў. Потым Алік знайшоў сабе маладую дзяўчынку і знік з іх жыцця, пакінуўшы маці яшчэ больш няшчаснай ды азлобленай. Калісьці Міхась марыў, каб спадара Альберта атруцілі канкурэнты альбо каб ён разбіўся на сваёй супердарагой спартыўнай машыне, якой увесь час выхваляўся. Цяпер яго смерць не прыносіла нічога, акрамя смутку і неспакою. Юнак выцягнуў з кішэні мабільны.
— Ты каму, маме?
— He, іншаму ідыёту. Усевалад, прывіт. Я бачыў навіны толькі што. He лезьце туды. Я ведаю, што трэба агледзець цела ці хаця б месца здарэння, але варта тваёй бандзе байкераў без байкаў там з'явіцца, як міліцыя адразу займее падазраваных. Я вырашу праблему.
— Ты не проста зануда, ты бесхрыбетны зануда, — працягнула сястра. — Ты ж казаў, што ўсё скончана.
— Усё скончана. I ўсё складана.
— Здаецца, толькі што стала яшчэ больш складана, бо я ведаю толькі аднаго чалавека, які можа дапамагчы «вырашыць праблему».
— Слухай, разумняшка, ці не пайсці б табе ў школу?
— Дык не падкінеш?
— Метро падкіне. Машына ўсё яшчэ не на хаду. Сястра каротка пацалавала яго ў шчаку.
— Надзяры ім усім дупы.
— Каму «ўсім»?
— He ведаю: Усеваладу, маме, нячысцікам, трупу Альберта — усім. Бывай!
Міхась цяжка выдыхнуў. Яго не крыўдзілі абразы Агніі, бо гэта былі ўсяго толькі жартачкі малодшай
сястры. Але кожны жарт — толькі напалову жарт. I ў дадзены момант, гартаючы спіс кантактаў на літару «М», ён адчуваў сябе бесхрыбетным. Ён быў гатовы тэлефанаваць каму заўгодна: аднагрупніцы Машы, механіку Пашы альбо на мыйку машын. Прасіць пра што заўгодна, толькі не пра гэта.
I таму зрабіў адзінае, што магло быць горш за званок.
* * *
— Ірына Генадзеўна сёння не прымае, — сур’ёзна вымавіла маладая сакратарка.
Усё ў ёй было бездакорна: залізаны пучок на галаве, адпрасаваная белая блузка, акуратны някідкі манікюр. Міхасю зрабілася млосна, і ён нацягнуў самую нахабную з усіх магчымых усмешак.
— Можа, зробіце дзеля мяне выключэнне?
Яна разгублена залыпала злёгку падфарбаванымі вочкамі, адсунулася.
— He. Я прашу прабачэння, але не.
— Вы баіцеся мяне? Альбо сваёй кіраўніцы? — ён дадаў у голас пяшчоты. — Можаце не адказваць. Гэты ваш стыль... Наўрад ці я б убачыў вас такой, калі б запрасіў на спатканне.
Падміргнуў. Яна падхапілася, піскнула:
— Што вы сабе дазваляеце? — косячы вокам на дзверы кабінета, што няўмольна адчыняліся.
— Лера, што тут... Міхал?!
— Салют, мам.
Сакратарка войкнула ды села на месца.
— Ты фліртаваў з маёй супрацоўніцай?
— Хацеў высветліць, наколькі ты зацюкала дзяўчо. Яна на мае правакацыі не павялася — можаш выпісаць ёй прэмію.
Маці скрыжавала рукі.
■— Навошта ты тут, Міхал?
Ён рухам запрасіў яе ў кабінет, быццам той належаў яму. Нахабства надзейным шчытом ахоўвала ад хвалі дзіцячага жаху, што ўзнімалася ад аднаго яе позірку.
— Валерыя, два кубкі гарбаты. Мне як заўсёды, яму чорную, і два кавалачкі цукру. Нічога ж не змянілася?
— He, мам, нічога не змянілася, — цяжка выдыхнуў ён, але адразу ж пераключыўся, гарэзліва падміргнуў сакратарцы. — Дзякуй, Лера.
Яна прыбрала са стала стос папер, расклала па належных месцах асадкі і алоўкі, працерла рукі антыбактэрыяльным гелем.
— Што гэта за цырк, Міхал?
— He ўтрымаўся. Яна проста такая... Правільная, — ён тэатральна скрывіўся.
— Што трэба?
— Мне трэба ў морг.
— Тады сядзь яшчэ раз за стырно а дванаццатай ночы!
— Ого, ты жартуеш. Залік, мам. Але мне рэальна трэба агледзець адзін труп. Гхм. Твайго былога. Спачуваю, дарэчы, — без намёку на спачуванне вымавіў Міхась.
— Альберта? Навошта? Толькі не кажы, што па вучобе — не паверу.
— Ты ў любым выпадку не паверыш. Давай, называй сваю цану, бізнесвумен, і разыдземся.
— Вось табе мая цана: я хачу ведаць навошта.
Міхась закрыў твар рукамі. Чаму ўсе кажуць не тое, што думаюць? Замест «я баюся быць адзін» — «ты не мог бы заўтра зайсці», замест «я раўную да Усевалада» — «ты бесхрыбетны». Замест «я хачу ведаць, чым жыве мой сын» — «я хачу ведаць навошта». Ён ціха засмяяўся ў далоні.
— Окей, я папярэджваў. Горад у небяспецы. Усе гэтыя нападзенні за апошнім часам — гэта не маньяк-псіхапат, а пачвары. Монстры, ваўкалакі, вупыры. He такія, як у «Прыцемках», але нешта каля таго. Каб знайсці і спыніць таго, хто забіў твайго Аліка, мне трэба агледзець труп.
— Я табе скажу, хто гэта быў, Міхал. Чалавек. Такі ж хворы на галаву, як вы з бацькам.
— Мам! Ну вось. Ты не верыш, і гэта нармальна. У гэтым няма нічога дзіўнага. Справа толькі ў тым, што калі людзі любяць, то яны дапамагаюць. Нават калі не вераць, не разумеюць, не згаджаюцца. Але каго ты ў гэтым жыцці любіла?
Ен узняўся, грымнуўшы крэслам, скіраваўся да выхаду, лічачы пра сябе крокі. Дзесяць. Дзевяць. Восем. Сем.
— Стой! Я ведаю, як на ўсіх дзейнічаюць твае палымяныя прамовы, Міхал. Хлопчык з няпростым дзяцінствам і высокімі ідэаламі любові ды справядлівасці, — яна адрывіста пісала на адваротным баку візіткі. — Толькі вось ты — мой сын. Я пазнаю свае фішкі і бачу, што ўсё гэта, улічваючы флірт з сакратаркай, — прадуманая маніпуляцыя. Брава, хлопчык. He ведаю, навошта табе гэта насамрэч, але трымай сваю ўзнагароду.
Ён акуратна заціснуў візітку між указальным і сярэднім пальцамі, стрымана ўсміхнуўся.
— Дзякуй, мам. Магчыма, гэта і маніпуляцыя, але я не схлусіў ні ў адным слове.
Міхась зачыніў дзверы, не чакаючы адказу. Сакратарка праводзіла яго зацікаўленым позіркам.
* * *
Усевалад схіліўся над трупам, косячы вокам на пільнага супрацоўніка морга. Акуратна дакрануўся да
шыі ў фіялетавых кровападцёках. Наблізіўся яшчэ, так што ледзь не кранаўся цела носам. Міхась ціха стаяў збоку і намагаўся не глядзець у бок мерцвяка. Ледзь стрымліваўся, каб не выйсці ў калідор. Памерлыя яго не палохалі, пакуль яны былі незнаёмыя. А цяпер ён глядзеў на кровападцёкі, узгадваў тыя, што непазбежна заставаліся на ягонай скуры кожны раз, калі Альберт завітваў да іх на кватэру, і яго выварочвала.
Нарэшце Усевалад задаволена вымавіў:
— Пазногці! Дзякуй, мы ўбачылі ўсё, што хацелі. Хадзем, Міхась.
Горад віраваў. Людзі спяшаліся па сваіх справах, заглыбленыя ў асабістыя праблемы, нават не ўяўляючы, што адбывалася зусім побач з імі: у родным горадзе, на паралельнай вуліцы, у доме насупраць, у суседнім пад’ездзе. Людзі раздражнёна абміналі двух юнакоў, якія спакойна шпацыравалі да метро.
— Дзякуй за дапамогу, — задуменна прамармытаў Усевалад.
— Я не дапамагаў. Я прадухіляў праблемы, якія ты непазбежна наствараў бы.
Вал толькі ўсміхнуўся. Кіўнуў у бок сініх і чырвоных агеньчыкаў бургернай.
— He хочаш перакусіць? Я пачастую.
Міхась падціснуў вусны. Зноў тое самае. Але з гэтым маніпуляваць было бессэнсоўна — не проймеш. 3 гэтым трэба было называць усё сваімі імёнамі.
— Скажы, што хочаш правесці са мной час, і я згаджуся.
— Добра. Я хачу правесці з табой час. I з'есці бургер.
Усевалад паставіў перад ім паднос — замовіў сам, нават не пытаючы. Паводле ўсіх намінацый трапіў у яблычак. Яны елі разам у фаст-фудзе хіба разы тры за ўсе пяць гадоў, так што яго ўважлівасць прыемна здзіўляла.
— Як ты атрымаў дазвол на агляд цела?
— Папрасіў у маці, — закідваючы ў рот некалькі бульбяных долек, адказаў Міхась.
— Сур’ёзна? Ты звярнуўся да маці, каб дапамагчы мне?
— Я ўжо казаў: я не дапамагаў табе.
— Хопіць на мяне злавацца, Міхась. Я папрасіў прабачэння. Я выклікаў Ваяроў. Я...
— Ты катаваў жывую істоту, Усевалад!
— Ты разам са мной іх заваліў не менш за сотню і нешта раней не быў такім міралюбівым.
— Гэта іншае.
— Якое «іншае», Міхась?! Што з імі здараецца пасля смерці ад рук Ваяроў? Ты ведаеш? Я не. Можа, яны вечнасць гараць у Перуновым полымі? — Усевалад сцішыўся, бо людзі пачалі азірацца. — Ах, так, ты ж гэтага не бачыш. Ты злуешся не таму, што яму было балюча. Ты злуешся, бо табе было балюча. Ну, прабач, што ў той момант я не думаў пра твае душэўныя пакуты! Ты ўвесь час тыкаў мяне ў тое, што я эгаіст. Толькі вось я і не прыкідваўся нікім іншым. А ты не толькі эгаіст, ты яшчэ і крывадушнік, — Усевалад скіраваўся да выхаду.