Арнаменты
Аліна Длатоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 204с.
Мінск 2019
— Вам усё адно нас не спыніць. Можаш рабіць са мной, што хочаш, Навальнічнік. Гэты боль вернецца табе, памножаны ў сотню разоў. Мы вып’ем кроў з кожнага, каго ты любіш, у цябе на вачах.
— У попелу няма крыві, — горка адрэзаў Усевалад.
Арнаментаваная стужка зацягнулася на шыі Вупыра. Нячысцік шыпеў так, быццам вось-вось перастане дыхаць.
— Досыць, Усевалад! Калі ласка! — папрасіў Міхась.
Вал толькі патрос галавой, быццам ля вуха звінеў камар.
— Хто вамі кіруе? Хто плануе вайну?
— Ты будзеш здзіўлены, калі ён будзе перагрызаць табе горла.
— Я яго ведаю?
Нячысцік шыпеў ад болю, але вусцішная ўсмешка не спаўзала з твару. Міхась адвёў вочы. Замова забярэ ў яго шмат Энергіі, але іншага выйсця не было. Ён дастаў з кішэні кудмень, сціснуў у далоні, заплюшчыў вочы. Абы Усевалад не азірнуўся.
Пачаў мармытаць замову. Шчасце, што Вал не паставіў абарону — Міхась бы не прабіўся. Спіна спацела, кашуля прыліпла да скуры, дыханне збілася канчаткова, яго калаціла. Ён выплюнуў апошнія словы з адчуваннем, што разам з імі выплёўвае лёгкія. Па ігліцы вакол Вупыра распаўзалася полымя.
— Табе не перамагчы, Ваяр. Ты не бачыш таго, што адбываецца ў цябе за спінай.
I рассыпаўся ў попел. Усевалад павярнуўся да Міхася, усё яшчэ сціскаючы бізун з Сімвалаў. Міхась сціснуўся, хаваючы вочы. Ад сябра можна было чакаць чаго заўгодна, у тым ліку ўдару.
— Прабач, я не мог глядзець...
Усевалад прыбраў бізун, скіраваўся да дарогі.
— He выбачайся, гэта мой касяк. Трэба было пакінуць цябе ў машыне.
Міхась фыркнуў. Ён не рэч, каб яго пакідаць.
— Вал, самы час выклікаць Ваяроў!
— Я знайду яго, — адрэзаў Усевалад.
— Каго «яго»? Гэта армія. Армія, якая збіраецца абвясціць вайну людзям!
— Ты пераглядзеў Marvel. Гэта ўсяго толькі купка дурнаватых Пачвар, якія чамусьці думаюць, што змогуць навесці ў горадзе свае парадкі. Я вынішчу іх па адным. Сам.
— Сам?
— Так. А ты збярэш шмоткі і з’едзеш да бацькі.
— Ну не!
Усевалад паглядзеў на яго, стомлена, цяжка, амаль адчайна.
— Мы не будзем працаваць разам, Міхась. Гэта было памылкай ад самага пачатку. Усё.
— Тады бывай.
Юнак сеў у машыну. Усевалад таргануў ручку — дзверы не адчыніліся. Горка ўсміхнуўся, пагрукаў у шкло.
— Можа, хоць да горада падкінеш?
— Аўтаспынам даедзеш. Сам.
Аскепкі
Міхась нервова пабарабаніў па стырне, уключыў музыку. Што ўзбадзёрыць лепш за бацькаву падборку старога рока? Яго хіліла на сон, вочы заплюшчваліся, па целе разлівалася слабасць. Надта шмат Энергіі згубіў. А ці варта было?
Добра, ён сёння ж збярэ рэчы і з'едзе. Хай Усевалад робіць, што хоча. Хай хоць захлынецца ў крыві нячысцікаў. He, гэта эмоцыі, трэба супакоіцца. Сёння пераначуе ў бацькі, а заўтра вернецца дадому, і яны ўсё вырашаць. Пацягнуўся зрабіць музыку гучней, але пальцы не слухаліся. Яго ахутвала нешта цёмнае і халоднае, нябачнае, пагрозлівае. Бракавала паветра.
Усевалад сто разоў прапаноўваў паставіць абарону на машыну, хоць бы які кудмень павесіць, але Міхась не слухаў. Трэба іншых ратаваць, а не пра сябе думаць. Ды і «пыжыка» яны рэдка бралі на паляванні — нячысцікі звычайна хаваліся там, дзе машына не праедзе.
Міхась пачаў шаптаць — на адну абарончую замову Энергіі мусіла хапіць, — але вусны таксама перасталі падпарадкоўвацца.
He дарэмна апошнім часам яму было неспакойна. Яны чакалі, даўно былі побач. Адзіныя нябачныя нават Знахарам духі, паралікі. Чакалі, пакуль ён застанецца адзін, без аховы Ваяра. Альбо гэта Ваяр спусціў іх з павадка? Ці згубіў кантроль?
Думкі прыносілі фізічны боль. Машына неслася наперад. Цела амаль не слухалася. На імгненне заплюшчыў вочы. Прыгадаў, як з’ехаў да бацькі, выратаваў Агнію ад азярніц, пазнаёміўся з Вядзьмаркай, сустрэў Усевалада. Мільярд выпадковасцей, якія прывялі яго сюды.
Навошта ён Усеваладу? Прыкрываць? Ды не, ён адзін раз паспрабаваў — атрымаў па твары. Гатаваць зборы зёлак? Вал і без іх упраўляўся б. Замовы чытаць? Ён іх лепш за Міхася ведае. Дык навошта? Каб не было нудна?
Ён нічога не цэніць. Hi сяброўства, ні адданасць, ні жыццё. I нікога не любіць. Як там? «У попелу няма крыві»? Цяпер яму, напэўна, не нудна...
Набраў у грудзі паветра, столькі, колькі яшчэ мог, мацней ухапіўся за стырно і з крыкам выціснуў тормаз.
* * *
Хацеў падскочыць, але ў галаву нібы бетону налілі. Павольна выдыхнуў, агледзеў рукі. Левая ўся ў драпінах, парэзах ад аскепкаў, правая ў гіпсе. He сон, гэта быў не сон. Мітуслівая медсястра, якая завіхалася ля нейкіх прыбораў, расплылася ва ўсмешцы.
— Міхал Віктаравіч! Як пачуваецеся?
Ён слаба кіўнуў.
— Да вас тут паломніцтва. Спачатку бацька, сястрычка і мачаха...
Гэта яна пра Ядвігу? Хай будзе мачаха.
— Бацька не мог сабе месца знайсці, мачаха ўсё малілася, а сястра паклала вам рукі на лоб і кажа: «Як ачуняеш — з цябе вядро жэлацінак».
Міхась усміхнуўся. Як жа дзіўна яго сям’я выглядае збоку.
— Потым прыходзіла маці. Ну і жанчына! Як крычала, божухна... Усю лякарню на вушы паставіла. Вы прабачце, што я так кажу. Патрабавала лепшую палату, лепшага лекара, лепшую медсястру, — яна развяла рукамі. — Неяк выбіла гэта ўсё ў загадцзялення, а да вас так і не зайшла.
Усё нармальна. Нічога дзіўнага.
— Як маці сышла, дык прыйшоў ваш... Сябар? — яна падазрона скасавурылася на яго. — Сядзеў тут, пакуль прыёмныя гадзіны не скончыліся.
Міхась толькі цяпер заўважыў, як падміргваюць яму з кутоў палаты абарончыя Арнаменты.
— А потым я выходжу а дванаццатай на вуліцу, а ён на лаўцы сядзіць. Сышоў толькі тады, калі я сказала, што міліцыю выклічу.
Міхась хмыкнуў. Хвалюецца ці адчувае віну?
* * *
Усевалад нясмела ўвайшоў у палату, сціскаючы ды расціскаючы кулакі. Касцяшкі збітыя, пад вачамі цені.
— Трэба было давезці мяне да горада, — прамармытаў ён.
Міхась прыўзняў бровы — ад такога простага руху ў галаве імгненна выбухнуў феерверк.
— То-бок я яшчэ і вінаваты?!
— He, Міхась, вінаваты я, — Усевалад цяжка выдыхнуў. — Я павінен быў улічыць.
— Улічыць што? Што зашмат на сябе бярэш? Што не зможаш кантраляваць столькі пачвар?
— Да чаго ты вядзеш? — ён схмурнеў.
— He рабі выгляд, што не разумееш, Вал! У горадзе стала шмат нячысцікаў праз цябе.
— Міхась, я тут ужо гадоў пяць.
— Спачатку ты вучыўся, потым працаваў, а потым табе надакучыла, ты знудзіўся. Тваёй Энергіі не было выхаду. Ты Ваяр, Вал, сам казаў.
— Я прыцягваю ў горад пачвар, каб не сумаваць? — хмыкнуў Усевалад. — Ты добра галавой выцяўся, братка.
— Ты адмаўляў, што ўсё звязана, і не хацеў звяртацца да Ваяроў. Чым яшчэ гэта патлумачыць?
— Навошта я тады Вупыра катаваў, Міхась? Каб ён маё імя назваў? Я цябе не слухаў, бо я самаўпэўнены няўдзячны вырадак — вось табе і ўсё тлумачэнне.
Ен выйшаў, пляснуўшы дзвярамі.
Навальнічнікі
Чаму Усеваладу так тэрмінова спатрэбілася, каб ён забраў рэчы? Знайшоў новага суседа па кватэры? Альбо суседку? З’язджае? Сыходзіць ва Унутраны Свет? He важна. Хай робіць, што хоча. Міхасю ўсё адно. Ключ у левай руцэ дрыжаў, не слухаўся, доўга не мог трапіць у замок.
У калідоры ля люстэрка — пяць пар скураных ботаў. На цвічках — курткі з «Перуновымі Зоркамі». Ды няўжо?
Усевалад выйшаў у калідор. Ускудлачаны, разгублены і знерваваны. Пад вачыма цені, яшчэ цямнейшыя, чым тыдзень таму ў лякарні. Рукі ў кішэнях.
— Дзякуй, што прыехаў, — прамармытаў ён. — Мне патрэбна твая дапамога.
— Мне здавалася, што табе патрэбна, каб я рэчы забраў.
— Я баяўся, што ты адмовіш, калі я адразу скажу.
Міхась пахістаў галавой.
— Мяне бацька ў машыне чакае. Давай хутка. Што трэба?
Усевалад запрасіў яго ў гасцёўню, дзе сядзелі трое мужчын, юнак і дзяўчына. Яны ўзнагародзілі Міхася кароткімі пільнымі позіркамі і адразу згубілі цікавасць. Толькі адзін — старэйшы і, відавочна, галоўны — наблізіўся. Цёмныя валасы, сівыя скроні, пацучыныя рысы твару, халодныя, калючыя вочы.
— Майстар Людавіт, — крыху нахіліў галаву.
— Міхал, Знахар, — ён са шчырай усмешкай працягнуў далонь.
Яе не паціснулі.
— На цябе працуе Знахар? — пагардліва перапытаў Людавіт.
— Мы працуем разам.
— Ён больш слабы, значыць, працуе на цябе.
Усевалад, на дзіва, не стаў працягваць спрэчку.
— Дазвольце Міхасю абмаляваць сітуацыю, — яшчэ крыху, і гэта гучала б як просьба.
Што гэта з Валам здарылася?
* * *
Ваяры ўтаропіліся ў зробленую Міхасём мапу. Ён прычапіў апошнюю паперчыну недалёка ад уезда ў Мінск. Паралікі.
— Гэта нападзенні Пачвар за апошніх месяцаў семвосем.
— Больш за паўгода! — Людавіт сурова зірнуў на Усевалада. — I ты толькі цяпер нам паведаміў?
Міхась шматзначна павёў бровамі.
— Усе гэтыя нападзенні звязаныя між сабой, — ён таргануў чырвоную нітку. — Яны ўсе спланаваныя, скіраваныя кімсьці адным. Калі Вал... Гхм. Калі мы спыталі ў аднаго нячысціка, ён сказаў, што ў іх ёсць «бос» і мы будзем здзіўленыя, калі ўбачым яго.
— Спыталі ў нячысціка?
— Я катаваў Вупыра, — спакойна паведаміў Усевалад.
Мужчыны ўтаропіліся ў яго. Дзяўчына закрыла рот далонню.
— Законы Ваяроў забыліся? — жорстка спытаў Людавіт.
— Я даўно не Ваяр!
— А хто ты?!
Цішыня. Наэлектрызаваная, нібы ў пакоі вось-вось пачнуць біць маланкі.
— Гхм. Вупыр абяцаў вайну, — зноў уступіў Міхась. — Да гэтага яшчэ некалькі нячысцікаў кідаліся фразамі пра «рэкі крыві» і «смерць у пакутах». Пакуль не позна, неабходна знайсці таго, хто ўсім кіруе. Таго, хто сцягвае Пачвар у горад.
— Зразумела. Міраслава, Багдан — патруляваць вуліцы. Праз некалькі гадзін Ян і Ціхамір вас зменяць. Потым мы з Усеваладам. Звяртаць увагу на ўсё: канцэнтрацыю Энергіі, падазроных людзей, дзіўных жывёл.
Міраслава і Багдан моўчкі выправіліся выконваць загад.
— Гэта так не працуе, — Усевалад стомлена пацёр лоб. — Тут Войска Ваяроў патрэбнае, каб патруль меў вынікі. Мінск не вёска. Гэта як... Як удваіх патруляваць лес! Нават больш складана. У лесе няма людзей. Калі б яго можна было знайсці такім чынам, я б ужо знайшоў.
— У цябе ёсць іншыя прапановы? He? Ясная справа. Можа, у твайго Знахара ёсць?
— «Ягонаму» Знахару час ехаць дадому, — ад напружання ў Міхася разбалелася галава.
* * *
Усевалад назіраў за тым, як Міхась сутаргава скідвае рэчы ў торбу. Неахайна, бо правая рука ўсё яшчэ загіпсаваная. Кашулі, канспекты, кеды, любімыя кнігі, ваўняныя шкарпэткі, расцягнутыя футболкі са смешнымі прынтамі.