Арнаменты  Аліна Длатоўская

Арнаменты

Аліна Длатоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 204с.
Мінск 2019
39.5 МБ
— Ты?!
— Халера! Я ведаў, што Унутраны Свет маленькі, але каб настолькі... Значыць, так, у мяне тэрміновае паведамленне для Кіраўніка, таму абірай: альбо ты ідзеш са мной, моўчкі, альбо ты застаешся прывязанай да гэтага дуба і можаш рваць горла, колькі хочаш, — у яго між далоняў з’явіўся ланцуг Сімвалаў.
Ён ішоў так хутка і такімі заблытанымі шляхамі, што Міра ледзь за ім паспявала. Адчыняць праходы яго навучыў Велізар, і гэтыя таемныя сцежкі, відаць, таксама паказаў ён. Якія яшчэ веды яму перадаў былы настаўнік?
Яны выйшлі з тыльнага боку Рады Майстроў. За густым кустоўем хаваўся дадатковы ўваход. Юнак штурхнуў дзверы, але яны не падцаліся. Ен злосна пляснуў па іх далонню, пад якой выбухнуў чырвоным Сімвал адмыкання. У доўгім змрачнаватым калідоры ні разу не спыніўся і не запаволіўся, каб удакладніць шлях. Так жа пляснуў па чарговых, нічым не адметных дзвярах і заляцеў у шырокі светлы кабінет. Ля акна, заклаўшы рукі за спіну, стаяў Кіраўнік.
— Прывітанне, Усевалад. Дзень добры, Міраслава, — не паварочваючыся вымавіў ён.
— Кіраўнік, я прашу выслухаць мяне, не выклікаючы Майстра Святаслава. Хвіліна вашага часу — і я сыду.
— Я буду вырашаць, сыдзеш ты ці не. Слухаю.
— У Вонкавым Свеце з’явілася Вядзьмарка.
— Ты яе бачыў?
— He, але яна спрабуе здабыць сабе Вучня. Хлопец майго ўзросту. Начныя жахі, галасы. Нядаўна пачаў бачыць Пачвар. Невядома, ці ёсць пагроза для людзей, але ў лесе падазрона шмат нячысцікаў. Неабходна накіраваць у гэтую кропку дадатковую Каманду, Кіраўнік.
— Так, Усевалад, я Кіраўнік, і я буду вырашаць, хто куды сыдзе і каго куды накіроўваць, — ён узняў голас. — Святаслаў, забірай свайго нягодніка!
Ён з’явіўся ў дзвярным праёме, скрыжаваўшы рукі, сутулячыся. Усевалад зірнуў праз плячо, пляснуў далонямі па стальніцы. 3-пад іх разляцеліся блакітныя іскрынкі.
— Я ж прасіў!
— Я яго выклікаў да таго, як ты ўвайшоў у гэты кабінет, — спакойна адрэзаў Кіраўнік, але Міра зноў бачыла драпежніка за сталлю яго вачэй. — Да таго ж адну просьбу я выканаў — выслухаў цябе. Будзь удзячны і супакой сваю істэрыку, бо я перадумаю выра-
шаць гэтую справу ціха і ўчыню публічнае пакаранне. I табе, і твайму настаўніку. Дарэчы, Святаслаў, я цябе папярэджваў, што гэтым скончыцца?
Мужчына перасмыкнуў плячыма і выйшаў на сярэдзіну кабінета.
— Я прашу прабачэння, Кіраўнік.
— Адказвай на пытанні. Я папярэджваў?
— Так, Кіраўнік.
— Я казаў, што яго Энергію ўвесь час трэба трымаць пад кантролем? Я папярэджваў, што ты яго разбэсціш? Я прасіў сур’ёзна падыходзіць да яго выхавання? Я прасіў навучыць яго дысцыпліне? Альбо табе самому яе бракуе?
Тон Кіраўніка рабіўся ўсё больш жорсткім, а Святава «так, Кіраўнік» — усё больш ціхім ды вінаватым. Міраславе стала зусім няёмка, вушы і шчокі гарэлі. Так хацелася сарвацца, улезці, заступіцца за яго, а Усевалад нават знаходзіў гэта забаўным.
— Я магу разлічваць на тое, што ты саб’еш з хлопчыка пыху, калі застанешся настаўнікам?
— Ён не будзе маім настаўнікам! — улез Усевалад. — Ён забіў Майстра Велізара! А вы ведалі гэта! Ведалі і ўсё адно аддалі мяне яму!
Кіраўнік злосна грукнуў па стальніцы кулаком, вымушаючы ўсіх глядзець на яго.
— Слухай мяне, Святаслаў. Твой вучань пераходзіць да Людавіта, які будзе выхоўваць яго так, як лічыць патрэбным. Пакуль на месяц, потым паглядзім. А каб ты не хапаў Людавіта за рукі, выправішся ў Вонкавы Свет і разбярэшся, што там за Вядзьмарка і наколькі яна небяспечная. Што тычыцца вас, Міраслава, вы можаце абіраць: альбо быць Падмайстаркай у Людавіта, альбо прапусціць гэты месяц, можа, больш, калі я так вырашу, і адцягнуць свой пераход да наступнай ступені навучання. Усё зразумела?
— Кіраўнік, я вельмі вас прашу! Я буду настолькі суровым, наколькі неабходна, і выпраўлю ўсе хібы ў выхаванні, абяцаю, — Святаслаў умольна глядзеў на мужчыну. — He аддавайце яго Людавіту, калі ласка. Я... Я ўсё яму патлумачу.
— Патлумачыш. Але майго рашэння гэта не зменіць: вам трэба пабыць на адлегласці. А ты, Усевалад, яго выслухаеш, бо ён гэтага заслугоўвае. I не спрабуй уцячы — каля Мяжы цяпер варта. Спецыяльна для цябе.
Усевалад дэманстратыўна закаціў вочы і фыркнуў. Кіраўнік гэта праігнараваў, зноў звярнуўся да настаўніка.
— А яшчэ ты яго пакараеш за апошні выбрык, бо на той момант ты быў за яго адказны. Праз месяц мы сустрэнемся на гэтым жа месцы, і я вырашу, ці гатовы ты быць настаўнікам, Святаслаў. I ці заслугоўваеш ты такога настаўніка, Усевалад. Цяпер усё, вольныя.
* * *
Людавіт сядзеў на ганку, адразаў ад яблыка кавалачкі і задуменна адпраўляў у рот.
— Глядзіце, хто знайшоўся! Я думаў, ты мне раней прыйдзеш твар біць, Свят. Бачыш, нават пагаліўся, ды ўжо зноў шчэць адрасла.
— Я хачу папрасіць прабачэння, Людавіт, — ціха пачаў мужчына. — Ты не павінен быў пацярпець праз тое, што я хаваў праўду ад свайго Вучня.
— Ну, цяпер ён мой вучань, і цярпець давядзецца яму, — крыва ўсміхнуўся мужчына.
— На месяц.
— Мне месяца хопіць, каб навучыць падпарадкоўвацца. Кіраўнік сказаў штосьці пра апошняе — і першае, відавочна — пакаранне ад цябе. Патрэбна мая
дапамога? — Людавіт дэманстратыўна пачаў размінаць рукі.
— Дзякуй. У цябе свае метады, у мяне свае, — Святаслаў сустрэўся з Вучнем позіркам. — Усевалад, ты абразіў Майстра Людавіта падчас бойкі і цяпер мусіш пачысціць, натачыць, прывесці ў належны стан любое ўзбраенне, якое абярэ Майстар Людавіт. Хоць усё. Пакаранне скончыцца, калі ты скажаш, што гатовы мяне выслухаць.
— Ды я гатовы!
— He, свавольнік, я пачую, калі гэта будзе шчыра, — ён мякка падштурхнуў юнака да ганка. — Адмовішся — я проста сыду. Назаўсёды.
Усевалад рашуча скінуў куртку і закасаў рукавы кашулі, смела зірнуў на Людавіта. Святаслаў апусціўся на траву перад хатай, прапанаваў Міраславе сесці побач.
— Мы будзем чакаць тут? — удакладніла яна.
— Надоўга яго не хопіць. Ён стомлены, узбуджаны навінамі пра Вядзьмарку, на эмоцыях. А гэта яго давядзе. Надта ганебна.
— Што ганебнага ў тым, каб чысціць зброю? — разгублена пацікавілася Міра.
— Што ганебнага ў тым, каб чысціць зброю ворага?
Зусім сцямнела. Людавіт некалькі разоў выходзіў на ганак з выразам твару «ў мяне хутка зброя скончыцца», а Усевалад усё не здаваўся.
— Вось жа ўпартае дзіця, — нарэшце ўзняўся Святаслаў.
Усевалад сядзеў на падлозе і вастрыў кідальныя нажы, якімі Людавіт відавочна вельмі даўно не карыстаўся. Пазяхаў, прымушаў сябе не сутуліцца, не спыняцца надоўга, не заплюшчваць вочы. Рукі чырвоныя, на пальцах мазалі. Святаслаў сеў побач на кукішкі і ўзяўся дапамагаць.
— Цікавыя ў цябе метады, — лянотна прамармытаў Людавіт, які сядзеў у куце ля печы і сачыў за юнаком. — Пайду зірну, як там Ян...
Святаслаў кінуў кароткі позірк на Усевалада. Ён выглядаў зусім згубленым. Усміхаўся, тут жа закусваў вусны, ссоўваў бровы, хаваў вочы, цёрся шчакой аб плячо.
— Прабач, я павінен быў распавесці адразу, — ціха пачаў Святаслаў.
— Дык чаму не распавёў?
— Баяўся, што не зразумееш, не прабачыш. Чакаў, пакуль ты яшчэ крыху пасталееш. I не чакаў нажа ў спіну, — ён пакасіў вокам туды, дзе нядаўна сядзеў Людавіт.
— Я гатовы выслухаць.
— Пасля таго, як папросіш прабачэння ў Майстра Людавіта.
— Гэта ў дамову не ўваходзіла, — мармытнуў Усевалад.
— А павінна было? — холадна і сурова пацікавіўся Святаслаў.
* * *
Яны разам сядзелі на ганку, апусціўшы босыя ногі ў вільготную халодную траву. Людавіт надзіва тактоўна прыняў выбачэнне Усевалада і сышоў у свой пакой. Міраслава таксама раптам заспяшалася дадому пасля таго, як Святаслаў тонка намякнуў, што хацеў бы паразмаўляць з Вучнем сам на сам.
Усевалад задуменна разглядаў свае новыя мазалі на далонях. Свят напружана шукаў, з чаго пачаць размову.
— Ты памятаеш што-небудзь пра Велізара?
— Ён быў жорсткі, і я ненавідзеў яго. Але ж гэта не нагода забіваць!
— Вядома ж, не нагода, Вал... Велізар быў выдатным Ваяром. Напэўна, найлепшым, але на гэтым яго станоўчыя якасці заканчваліся. Яму заўсёды было мала. Ён лічыў сябе куды больш вартым пасады Кіраўніка. Займаў месца ў Радзе, але яму ўсё адно здавалася, што яго недастаткова шануюць і паважаюць іншыя Ваяры. А я... Я наогул быў ягоным найвялікшым расчараваннем. Недастаткова смелы, моцны, упарты, паслухмяны, працавіты і што заўгодна яшчэ. Я ніколі не адпавядаў яго патрабаванням, але ім проста немагчыма было адпавядаць... Людавіт панабіраўся гэтага ад яго, калі быў ягоным Падмайстрам. Праз гэта ж у вас пачаўся канфлікт, ці не так? Ты зноў на выпрабаваннях управіўся лепш за Яна?
Усевалад кіўнуў, сутаргава сціснуў кулакі.
— Ён крычаў, што для мяне заніжаюць патрабаванні і завышаюць адзнакі, што я не настолькі асаблівы, наколькі гэта выстаўляе мой настаўнік. Я адказаў, што некаторыя настаўнікі выхоўваюць вучняў замест Ta­ro, каб катаваць іх. I тады ён раз’юшыўся. Сказаў, што я нічога не ведаю пра свайго настаўніка. Сказаў, што... Ты звычайны забойца, якога чамусьці абараняе Кіраўнік. 1 што Велізар быў вырадкам, але нават ён не заслугоўваў балта ў спіну, — Вал пацёрся шчакой аб плячо. — Тады я агаліў меч.
— Люд дзіўны чалавек. У яго своеасаблівае ўяўленне пра справядлівасць... Але вернемся да Велізара. Я ўжо атрымаў ступень майстэрства і ўвайшоў у асноўны склад Каманды Вітольда, калі мы наткнуліся на Вядзьмарку з вельмі амбітнымі планамі. Яна знайшла недзе рытуал, які дазваляе забіраць Энергію ў жывых істот. Адразу шмат, за раз і пад нуль. Яна вырашыла «праглынуць» усіх нячысцікаў свайго лесу. Мы ўчас сцямілі, паведамілі Кіраўніку. Ён даслаў нам на дапамогу лепшых Ваяроў: Васілісу, яе першую вучаніцу
Дану, Людавіта і, ясная справа, Велізара. Ды яшчэ і сам пацягнуўся з вучнем. Тады гэта была звычайная практыка — браць вучняў у Вонкавы Свет. Правілы змяніліся адразу пасля таго выпадку. Дана, як і вучань Кіраўніка, Юры, абодва загінулі. 3 Каманды Вітольда ацалелі толькі ён і я... Вядзьмарку мы спынілі, рукапіс з рытуалам узяўся знішчыць Велізар. Насамрэч ён захаваў яго для сябе, — Святаслаў на імгненне перарваўся, гледзячы ў нябёсы, сумна выдыхнуў. — Вітольд набраў новую Каманду, я стаў ягонай «правай рукой». Браў самыя рызыкоўныя заданні і лез у самыя небяспечныя сутычкі. Я планаваў памерці да сарака. Кожны Майстар мусіць выхаваць хаця б аднаго вучня. Першага ён можа ўзяць не раней, чым адпрацуе ў Камандзе пяць гадоў, не ўлічваючы два гады практыкі, але не пазней, чым у сорак. Я не збіраўся рабіцца настаўнікам. Я ні імгнення не хацеў быць на месцы Велізара.