Арнаменты
Аліна Длатоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 204с.
Мінск 2019
Яшчэ праз лета яна не прыехала наогул. Бацькі сказалі, што яны з жаніхом з’ехалі жыць у Расію. У тое ж лета Віктар сустрэў Ірыну. Тады ён ужо вельмі няблага зарабляў, і яе, відавочна, цікавілі яго грошы крыху больш, чым ён сам. Але яго гэта не турбавала. Ірына была прыгажуняй, разумнай, але даволі халод-
най. Яна не лезла ў душу, не спрабавала яго выправіць, пакуль не прыйшло вар’яцтва... Тады ён проста ўцёк. Уцёк, бо Іра нічым не магла дапамагчы. Ніхто не мог, акрамя...
— Чаму ты заўсёды знаходзіш адказы на мае пытанні?!
— Таму што яны на паверхні, Вік, але ты не звяртаеш на іх увагі, — у яе голасе пачулася крыўда, яна ўзнялася. — Табе так нецікава. Дабранач.
Ён праводзіў яе позіркам. Нічога, у ёй абсалютна нічога асаблівага. Яна такая простая, такая звычайная.
Ядвіга вярнулася ў тое ж лета, калі Віктар з’ехаў на хутар. Нібы адчувала, нібы ведала, што яму неабходна дапамога. I дапамагла. Ён не распытваў пра яе сям’ю, яна — пра ягоную. Заходзіла рэдка — прыносіла зёлкі. Размаўляла мала, смяялася яшчэ менш і глядзела на яго так, быццам згубіла нешта каштоўнае. Так, як не глядзеў больш ніхто.
— Пачакай... Ядвіга, я хачу вярнуцца ў Мінск. Дамовіцца з Ірай, каб дзеці засталіся са мной. Ёй яны ўсё адно відавочна перашкаджалі ладзіць кар’еру і асабістае жыццё...
— Правільнае рашэнне. Калі табе, вядома ж, хопіць на яго смеласці, — праз плячо кінула жанчына.
— Я хачу... Ядзя, я хачу, каб ты з’ехала са мной. Калі ласка.
— He тое, каб я была супраць, але дазволь удакладніць: ты хочаш, каб я расціла тваіх дзяцей ад іншай жанчыны?
Віктар закрыў твар далонямі. Ён хацеў бы, каб яна расціла яго дзяцей. Без дадатку пра «іншую жанчыну». He, не так. Ён хацеў бы, каб яны ўдваіх расцілі дзяцей. Але для гэтага было ўжо надта позна. Альбо?..
— Я проста... Хачу цябе.
Яна таямніча ўсміхнулася і моўчкі сышла ў хату.
Міхась сядзеў на ганку і глядзеў у пустэчу. Хацелася курыць. Вэйп боўтаўся недзе ў заплечніку, але яны з бацькам паспрачаліся, хто сарвецца першым. Міхась саступаць не збіраўся.
Ён пачаў курыць назло маці. Яму патрэбна была хоць якая форма пратэсту. У яго пакоі панавала бездакорная чысціня. Ён насіў белыя адпрасаваныя кашулі і ўкладваў валасы так, як яна лічыла прыгожым. Ён граў на фартэпіяна, але хацеў бы на гітары. Ён займаўся баскетболам, але хацеў бы танцамі. Ён сябраваў з тымі, з кім яна хацела. Ён чытаў, глядзеў, слухаў тое, што яна лічыла падыходзячым. Напэўна — цяпер ён разумеў — яна думала, што кантроль і падпарадкаванне ўратуюць яе дзяцей ад спадчыннай хваробы. Толькі метады ў яе былі дурныя. Ды і хваробы ніякай не было.
Па дарозе павольна, нібы сумняваўся альбо асцярожнічаў, ішоў Юрась. Міхась не рады быў яго бачыць, але і гнаць прэч не збіраўся. Агнія зусім зажурылася без свайго фантастычнага сябра.
— Даўно цябе не было відаць, пацягайла...
— He падумай, што я спалохаўся тваіх пагроз. Мяне куды больш напружваў твой новы сябар, — Юрась хіснуў галавой. — Што ён табе распавёў? Як яны смела і самаахвярна ахоўваюць вас ад стварэнняў ночы?
— Амаль слова ў слова, — хмыкнуў Міхась.
— Ён звычайны забойца. Mary паказаць табе «стварэнняў ночы». Агнію таксама бяры з сабой. FlaBep, яны не зробяць вам шкоды. Той выпадак з Азярніцамі... Гэта выключэнне. Нешчаслівае выключэнне, і я магу гэта давесці.
— Пачакай-пачакай. Спярша патлумач мне: што ты за стварэнне ночы?
— Пярэварацень, — развёў рукамі Юрась.
— То-бок цябе ўкусіў не ваўкалак, а... э-э-э... Каталак?
— Ніхто мяне не кусаў! Доўгая гісторыя, потым як-небудзь. Яшчэ пытанні?
— Чаму я бачыў цябе катом, пакуль не пачаў бачыць... Усіх астатніх?
Юрась закаціў вочы, крутануўся вакол сябе і ператварыўся ў таго самага ката, якога напачатку лета прыцягнула дадому Агнія. Зноў крутануўся і ператварыўся назад у чалавека.
— Пярэваратні бываюць розныя. Я з тых, хто можа змяняць аблічча. Для няздольных бачыць я заўсёды кот, для адораных — залежыць ад майго жадання.
— Як ты сказаў? «Няздольных бачыць»?
— Так іх называе мая гаспадыня. Пазнаёмлю вас крыху пазней. Дык вы ідзяце ці не?
* * *
Агнія з цікаўнасцю разглядала нячысціка, які сядзеў на паваленым дрэве і, павесіўшы нос, плёў лапці. Ён выглядаў зусім як чалавек, толькі між чорных валасоў шарэлі невялікія вострыя рожкі, а рукі здаваліся надзіва доўгімі. Нячысцік мармытаў пад нос журботную народную песеньку ды раз-пораз сумна ўздыхаў.
— Дзень добры, пан Шатан, — гарэзліва, але ветліва вымавіў Юрась.
— Каму добры, а каму зноў босым хадзіць, — неахвотна адказаў нячысцік.
— А куды ты шлях трымаеш?
— Нікуды. Нідзе мяне не чакаюць. Ніхто мне не рады.
Юрась красамоўна зірнуў на Міхася.
— Ты хоць на Рабінавую Ноч прыходзь...
— He, туды не пайду. Там будзе натоўп. Танцы гэтыя, гульні, і Вядзьмарка твая будзе. He люблю вядзьмарак. Каб мне хоць адна вядзьмарка што добрае ў жыцці зрабіла, яшчэ б падумаў, а так не пайду.
Юрась уздыхнуў і паматляў галавой, маўляў «хадзем адсюль».
— Хто яго пакрыўдзіў? — пацікавілася малая, калі яны адышлі падалей.
— Шатаны ўвесь час такія. Самотнікі, жудасна крыўдлівыя, бадзяюцца па свеце і шкодзяць па драбязе: там плот расхістаюць, тут яблыню абтрасуць. Іншых нячысцікаў трываць не могуць. Ды яны нават сябе з цяжкасцю выносяць.
— Карацей, так сабе нячысцікі, — Агнія расчаравана падціснула вусны. — Амаль як наш бацька.
Хлопцы зарагаталі.
— Нічога, наступныя спадары мусяць табе спадабацца, — праз смех вымавіў Юрась.
Між сініх ад ягад кустоў чарнічніку мітусіліся ды гайсалі невялічкія істоты, падобныя да катоў, што ходзяць на задніх лапках. Поўсць у іх была кароткая, хвосцікаў не было зусім, а тварыкі — дзіцячыя, з вялікімі гарэзлівымі вачамі. Яны гуляліся ў квача, куляліся і кідаліся адзін у аднаго саспелымі чарніцамі, але заўважыўшы гасцей, з радасным віскатам кінуліся абдымацца.
— Вітанкі, Шэшачкі. Вярніце, калі ласка, усё, што скралі падчас вашай ветлівай сустрэчы.
— Гэта ён пра што? — істоткі гарэзліва пераглядаліся.
— Міхась, Агнія, што ў вас знікла? — са штучнай суровасцю спытаў Юрась.
— Гадзіннік з рукі знялі, з кішэні тэлефон выцягнулі, — разгублена прамармытаў Міхась, абмацваючы вопратку.
— А ў мяне сцягнулі тры жалуды і аловачак.
— Вяртайце хутка, бо госці пакрыўдзяцца і сыдуць.
Нячысцікі мітусліва выклалі ўсе рэчы на пень і шчыра залыпалі вачамі на Юрася. Агнія хутка была зацягнутая ў гульню «злаві чарніцы ротам у палёце» і рагатала гучней за некаторых нячысцікаў. А юнакі апусціліся на траву і распачалі з Шэшкамі абмеркаванне розных лясных навін.
— Праўда, што ў лесе з’явіўся Навальнічнік? Ух, мы яму наваляем, гэтаму Навальнічніку! Мы у-у-у якія ваяўнічыя. Усім пакажам!
— Ваяр ужо сышоў, але калі раптам вернецца — вам лепш трымацца ад яго падалей, — сур’ёзна адказаў Юрась.
— Мы памятаем, якая бойка была ў мінулы раз, і больш так не хочам.
— Бойка? — перапытаў Міхась. — Усевалад нічога такога не распавядаў.
— Ну яшчэ б. Хочаш пачуць падрабязнасці?
* * *
Магутныя замшэлыя бярвенні, цёмны чарапічны дах, шырокі ганак у грамафончыках павою, а на ганку яна. Жанчына з яго начных жахаў. Маладая, прыгожая. Рудыя хвалістыя валасы, роўныя вузкія плечы, тонкія рукі, годна прыўзнятая галава.
— Заходзьце, мае залатыя, пачувайцеся як дома.
У хаце пахла камінам, зёлкамі і старымі кнігамі. Побач з апошнімі на паліцах стаяла процьма рознакаляровых бутэлечак. У іх не было ні сушаных мух, ні лапак павукоў, толькі нейкія каменьчыкі ды галінкі. Агнія аглядала хату з шырока адкрытым ротам.
— Міхась хоча пачуць праўду пра Ваяроў, — цвёрда, але быццам просячы вымавіў Юрась.
— Пачуе, калі хоча. Сядайце. Юрчык, зрабі нам гарбаты, калі ласка, — яна падышла, ласкава кранула шчаку Міхася. — Я так рада, што ты прыйшоў, што ты пачуў мяне. Вы — мае нашчадкі, мае спадчыннікі. Дарэчы, як там Віця?
Юнак адхінуўся, змрочна гледзячы на яе.
— Раней вас гэта не турбавала, — раздражнёна адказаў ён. — Вам павінна цяпер быць гадоў семдзесят. Чаму вы такая маладая?
— Таму што магу, — пераможна ўсміхнулася жанчына. — Што яшчэ цябе цікавіць, Міхась? Пытай, не бянтэжся.
— Усё. Я хачу разумець, што адбываецца. Як вы зніклі? Чаму бацька вас не знайшоў? Што здарылася з дзедам? Чаму вы не далі бацьку ведаць, што жывая? Навошта вы клікалі спачатку яго, а потым мяне? Што вам ад нас трэба? — хлопец ускочыў, захадзіў па хаце.
Яна засмяялася, звонка, залівіста.
— Ты цуд, Міхал. Мы з Жэнем збіралі журавіны, калі на нас напаў Аржавень. Яны рэдка кранаюць людзей, але гэты быў раз’ятраны, надта галодны, бо ў лесе перабілі ўсіх дзікоў, іх звычайную ежу. Нам не пашанцавала. Жэня да апошняга дапамагаў мне трымацца... Мяне выратавала цётка Марыся, матчына сястра, якая знікла ў лесе шмат гадоў таму. Яна ўзяла мяне ў вучаніцы, бо ёй патрэбна была дапамога.
— Няўжо нельга было неяк... Перадаць бацьку, што вы выжылі?! — абурана перабіў Міхась.
— Цётка прасіла пачакаць, не звязвацца ні з кім з сям’і. Казала, што гэта небяспечна, бо Навальнічнікам будзе прасцей нас знайсці. Яна хацела спачатку ажыццявіць рытуал, які б дазволіў трымаць усіх нячысцікаў гэтага лесу пад кантролем. He знішчыць, не забіць і спаліць, як тое робяць Навальнічнікі, а проста кантраляваць, каб у лесе больш ніхто не паміраў...
Мы не паспелі. Ваяры даведаліся пра нашы планы. Яны не маглі згубіць уладу над цэлым лесам, таму прыйшлі паказаць, хто тут гаспадарыць. Разнеслі ўсё ў пыл, спалілі хату і частку лесу. Цётка ледзь паспела перадаць мне здольнасці, — Вядзьмарка выцерла вугалкі вачэй рукой. — Я вінаватая перад Віцем, вінаватая перад табой, Міхасёк. Мой покліч нарабіў бяды ў вашай сям’і, я ведаю, але ў мяне не было іншага выйсця. Мне патрэбна ваша дапамога. Яго, а лепш твая. Я абяцаю, што папрашу ў Віці прабачэння, я ўсё яму растлумачу, толькі потым, калі ўсё скончыцца. Я хачу паўтарыць рытуал, Міхась. Яны забралі рукапіс, але ў мяне атрымалася ўзнавіць усё па памяці. Мне трэба, каб ты мне ў гэтым дапамог. Ты — мой спадчыннік.
— Я... Адна Знахарка сказала, што ў мяне ёсць выбар...
— Тая дзяўчына майго сына, як яе? Ядвіга? Яна слабая, — жанчына адмахнулася. — Быў бы ў яе такі талент, як у нас з табой, яна б не раздумвала. Ці ты свядома хочаш быць слабым?