Арнаменты  Аліна Длатоўская

Арнаменты

Аліна Длатоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 204с.
Мінск 2019
39.5 МБ
— Але ж не ўсе істоты шкодныя, ці не так? — сур’ёзна спытаў Віктар. — Хатнікі, лесуны — яны нават карысныя...
Міхась закашляўся і здзіўлена ўтаропіўся ў бацьку.
— Вы іх бачыце? — напружыўся Усевалад.
— Бачу. А не павінен?
— He. Дзеці гадоў да сямі бачаць Пачвар, потым сталеюць і ўсё. Ёсць некаторыя істоты, бачнасць якіх залежыць ад іх жадання. Прыкладам, зазоўкі. Але ёсць адораныя людзі — Ваяры Навальніцы, Знахары, Ведзьмары. Яны альбо не перастаюць бачыць з дзяцінства, альбо пачынаюць бачыць у нейкі момант... — хлопец задумаўся, звёў бровы. — Вы нядаўна пачалі іх бачыць, як і Міхась?
— Ды даўно. Ужо гадоў восем.
— Хм. Распавядзіце, калі ласка, як гэта адбылося. Гэта вельмі значна, спадар Віктар. Гэта можа паўплываць... — юнак заклапочана зірнуў на Міхася. — На жыццё вашага сына.
Віктар цяжка выдыхнуў, наліў сабе яшчэ кавы. Ён нікому яшчэ не распавядаў у падрабязнасцях, не агучваў усё тое, што адбывалася ў яго ў галаве, і не хацеў бы. Але калі яго аповед мог абараніць, уратаваць ад небяспекі Міхася, ён не меў права маўчаць.
— Міхасю было гадоў пяць, не больш, калі я згубіў сваіх бацькоў. Яны выправіліся ў лес, па журавіны, і не вярнуліся. Я прыехаў з горада іх шукаць. Тут былі і міліцыя, і МУС, і валанцёры... Праз тыдзень знайшлі ў дрыгве бацькаў бот. Адзін. I ўсё. Шукалі яшчэ тыдні два, нават дайвераў выклікалі — безвынікова. Раз’ехаліся... А з часам, я не ведаю, мабыць, гады два тады прайшло, пачаліся начныя жахі. Мроілася, як бацькоў цягнуць у багну агідныя ржавыя лапы, як бацька да апошняга дапамагае маці трымацца на паверхні, а яна кліча мяне, просіць дапамогі.
— Тата, чаму ты не распавядаў? — прыгаломшана спытаў Міхась. — Я таксама бачу жахі.
— Я баяўся, сынок. Баяўся, што ты будзеш лічыць мяне шызафрэнікам, як твая маці... Праз год ці каля таго я стаў чуць галасы. Яны клікалі мяне сюды, але я баяўся ехаць. Хацеў нават прадаць хату, але рука не ўзнялася... Іра прымусіла схадзіць да лекара. Той паставіў дыягназ, выпісаў лекі. Ад іх рабілася толькі горш, увесь час хацелася спаць. Засынаў — і бачыў жахі. Пачаў хадзіць у сне, ламаў рэчы, аднойчы ледзь не выйшаў у акно, іншым разам прачнуўся ў ванне, поўнай вады. 3 Ірай увесь час сварыліся: яна лічыла, што я магу нашкодзіць ёй ці табе. Хацела, каб я лёг у лякарню. Мы дамовіліся, што я з’еду сюды і больш не буду вас непакоіць. Навошта паспяховай адвакатцы муж-шызафрэнік? З’ехаў, пазнаёміўся з мясцовай фаўнай, так бы мовіць. Яны мне не шкодзілі, але і лепш не стала. Прачынаўся на паўдарозе да лесу. У мяне ёсць знаёмая... Я не ведаю: траўніца, шаптуха, вядзьмарка — яна называе сябе знахаркай. Я папрасіў яе прыехаць. Яна панавешвала зачураў па ўсёй хаце, мне намяшала зёлак — дагэтуль п’ю кожны дзень. Бачыць я не перастаў, але глюкі з галасамі і начнымі жахамі скончыліся.
Усевалад кіўнуў. У адрозненне ад Міхася ён не выглядаў ні здзіўленым, ні прыгаломшаным. Быццам пачуў тое, што і чакаў пачуць.
— А потым жахі пачаў бачыць Міхась... А цяпер — і Пачвар. Вось я ж адразу адчуў, што з ім нешта не тое, — задуменна прамармытаў ён. — Можна мне паглядзець зёлкі?
Віктар паставіў перад юнаком слоік. Той яго адкаркаваў, панюхаў, высыпаў перад сабой на стол, расклаў па купках.
— Тонкая праца, — заўважыў задаволена, падхапіўся. — Hi ў якім выпадку, ні пры якіх абставінах не адпускайце сына ў лес аднаго. Міхась, ты чуў? Hi нагой! Выклікайце Знахарку — хай складае збор для яго. Скажыце: ён павінен быць крыху іншы, больш моцны. Яна разбярэцца. Тэрмінова, бо вас хутка дастануць.
I вылецеў з хаты.
* * »
Светлая, усмешлівая жанчына раскладала па стале кветкі і травы. Рукі лёталі, танцавалі, ствараючы чароўны малюнак, зразумелы толькі ёй. Яна кідала цёплыя, цікаўныя позіркі на Міхася, які сачыў за яе працай.
Віктар сядзеў, утаропіўшыся ў камп’ютар, і рабіў выгляд, што вельмі сканцэнтраваны на кодзе. Як толькі Ядвіга ўвайшла ў хату, ён імгненна ператварыўся з ураўнаважанага, разумнага мужчыны ў натапыранага падлетка, старанна дэманструючы сваю абыякавасць.
— Ты не казаў, што ты бацька, — кпліва паведаміла яму Ядвіга.
— Неяк не заходзіла пра гэта размова, — змрочна адказаў Віктар.
Яна шматзначна павяла бровамі і вырашыла змяніць тэму. I суразмоўцу.
— У цябе ёсць талент, Міхась, як у твайго бацькі. Як у кагосьці з яго бацькоў і ў кагосьці з бацькоў яго бацькоў. Гэта спадчыннае.
— Я магу валіць Нячысцікаў?
— Ты не Ваяр, калі ты пра гэта. Навальнічнікі хоць ад пачатку і нараджаюцца ў звычайных сем’ях, усё ж такі... Іншая раса. Нашчадкі старажытнага боства. Мы з табой не нашчадкі багоў, нават калі твайму бацьку непрыемна гэта чуць, — яна гарэзліва зірнула на Віктара. — Мы звычайныя людзі, проста адораныя. Як мастакі альбо музыкі. Калі няма таго, хто навучыць, ад таленту мала сэнсу. Усё жыццё будзеш запарваць зёлкавыя гарбаткі і прыдумляць вершыкі, надзіва падобныя да замоў...
Значыць, яны з бацькам такія ж, як гэтая дзіўная жанчына? Хлопец задуменна зірнуў на мужчыну, які ўсё яшчэ неадрыўна глядзеў у манітор. Дваццаць першае стагоддзе — навуковы і тэхналагічны прагрэс, урбанізацыя, ГМА, віртуальная рэальнасць, а ягоны бацька — праграміст-знахар. Ачмурэць.
— Дык тата... — Міхась пакруціў пальцам каля скроні. — Таму што ў яго не было настаўніка?
— He. Дар можа ўвогуле не прачнуцца, калі яго не абудзіць. Мяне з дзяцінства вучыла знахарству маці, але я тады і падумаць не магла, што мой вясковы сябар Вік такі ж, як я. Дар прачнуўся, калі яго паклікала Вядзьмарка. Тое ж самае цяпер адбываецца з табой, але гэта не значыць, што ты павінен абраць яе бок.
— У чым розніца паміж ведзьмаком і знахарам? У афарбоўцы?
— Можна і так сказаць. Вядзьмак карыстаецца чужой Энергіяй, амаль як Ваяры. Энергіяй Іншасвету — свету нячысцікаў і памерлых. Таму ён мацнейшы
за знахара, можа змяняць аблічча, кіраваць жывёламі. Самыя адораныя могуць нават лётаць, але ў канцы жыцця яны дорага за гэта плацяць. Вядзьмак павінен Іншасвету душу. Душы ведзьмакоў пасля смерці робяцца ератнікамі, лютымі нячысцікамі. Адзіная магчымасць пазбегнуць гэтага — перадаць сваю дамову, свой праклён спадчынніку. Знахар карыстаецца толькі сваёй Энергіяй і ведамі. Ён нічога не пазычае, а значыць, нічога не павінен. Ясная справа, знахары чаруюць рэдка, бо Энергія доўга аднаўляецца, — яна змоўкла на імгненне. — Міхась, табе не абавязкова абіраць. Можаш паспрабаваць жыць звычайным жыццём... Зёлкі прыбяруць «пабочку», начныя жахі, галасы ў галаве і ўсё такое, але рашэнне мусіш прыняць ты сам.
— Пачакайце. Калі гэта спадчыннае... I нас з бацькам кліча Вядзьмарка. Гэта... Можа быць яго маці, ці не так? — юнак узрушана закруціўся на крэсле.
Ядвіга звяла бровы, занепакоена зірнула на Віктара.
— Хутчэй за ўсё. Але гэта не значыць, што вы павінны...
— Гэта не мая маці, — Віктар нарэшце адарваўся ад камп’ютара, падышоў да сына, паклаў рукі яму на плечы. — Мая маці, як і мой бацька, знікла ў дрыгве шмат гадоў таму. Што б нас ні клікала, ні я, ні ты, сын, на гэты покліч не адгукнёмся.
* * «
Віктар трымаў руку над чырвонымі жарынкамі, што гарэлі адзінай яркай плямай сярод насычанай цемры ночы. Вакол было надзіва ціха. Тое, што трэба.
Ён заўсёды задаваў сабе шмат пытанняў і доўга, пакутліва шукаў на іх адказы. Чым складаней пытанне, тым лепш, бо тым даўжэй пошукі. Відавочныя адказы ён за адказы не ўспрымаў, бо так нецікава.
— Ты чаго не спіш? — пачуўся з цемры мяккі шэпт.
На сцежцы стаяла тая, праз каго ён калісьці меў самыя доўгія пошукі адказаў на свае пытанні. У простай белай сукенцы, з сабранымі ў касу светлымі валасамі. Ён дзівіўся яе шчырасці, празрыстасці. Яго ніколі не вабіла гэта ў людзях.
— Ідзі дадому, Ядзя. Ты змерзнеш.
— Будзь шчырым, Вік, цябе не хвалюе тэмпература майго цела. Ты ўсяго толькі хочаш быць адзін. Ва ўсіх сэнсах.
Яна не чакала адказу, бо гэта было не пытанне. Села побач. Віктар кінуў на вуглі крыху трэсак і паперы, дастаў з кішэні запалкі.
— Памятаеш, мы калісьці сядзелі вось так каля вогнішча і размаўлялі пра ўсякую лухту? — назіраючы, як разгараецца полымя, спытала яна.
— Тады па зямлі яшчэ хадзілі дыназаўры.
Яны праводзілі разам кожнае лета. Ён назіраў, як смешная нязграбная малая з дзьмухаўцом замест валасоў паступова ператвараецца ў прыгожую ладную дзяўчыну. Ён сам, наадварот, з кожным годам рабіўся горш: рукі задоўгія, спіна сутулая, нос з гарбінкай, потым яшчэ гэтыя жудасныя вусы, якія бацька забараняў галіць... Яна любіла прыгоды ды вандроўкі, таямніцы ды неверагодныя гісторыі. Ён быў скептыкам і дамаседам. Яна любіла шумныя кампаніі, танцы, жарты. Ён любіў быць адзін.
Яна ўвесь час тармасіла яго: трэба быць больш пазітыўным, лёгкім, адкрытым, рухомым, хопіць нудзіцца ды блукаць недзе ўнутры сябе. Яго гэта раздражняла, але ён трываў. Трываў, бо яна глядзела на яго так, як не глядзеў больш ніхто. Трываў, бо толькі яна магла бясконца слухаць яго нудныя разважанні пра ўладкаванне сусвету і недасканаласць чалавецтва. Трываў,
пакуль яна не распавяла, што ўсё больш складана, чым яму здаецца. Што існуюць адораныя людзі, якія павінны дапамагаць іншым, напрыклад, яна. I калі ён будзе з ёй, яна абавязкова яму дапаможа. Віктару не патрэбна была дапамога. Тады не патрэбна была.
— Што цябе непакоіць, Вік? Яго выбар? — спакойна пацікавілася Ядвіга. — Ён зробіць правільны. Ён цудоўны хлопец.
— He мая заслуга, — адрэзаў ён і ціха ды задуменна працягнуў. — У яго шнар на каленцы, даволі вялікі, і на локці яшчэ. Напэўна, упаў з ровара, але я не ведаю. Ён ніколі не носіць скураныя рамяні, толькі з тканіны. I не спіць спінай да дзвярэй. Сваё становішча ў сне цяжка кантраляваць, але ў яго неяк атрымліваецца. Запытваю — аджартоўваецца. Я не кантактаваў з сынам сем чортавых гадоў! I цяпер нават сабе не магу патлумачыць чаму. Таму што Іра мне забараніла? Ды хто яна такая? Я проста... Кінуў яго, — Віктар раззлавана шпурнуў у полымя паленца.
— Міхась прабачыў табе, — яна ўзяла яго за руку. — У той самы момант, як ты зноў з’явіўся ў ягоным жыцці. Цяпер і ты павінен сабе прабачыць.
Мужчына вызваліў далонь, зарыўся пальцамі ў валасы. Яны пасварыліся, і на наступнае лета яна прыехала з хлопцам. Прыгожым дужым бландзінам, такім жа ўсмешлівым і шчырым, як яна сама. Віктар усю вясну падбіраў словы, каб папрасіць прабачэння. Апынулася — дарма. Ён для яе быццам знік. Хіба што віталася пры сустрэчы, гледзячы нібы скрозь яго.