Арнаменты  Аліна Длатоўская

Арнаменты

Аліна Длатоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 204с.
Мінск 2019
39.5 МБ
Міхась закусіў вусны. Чаго ён не хацеў, дык гэта быць слабым і безабаронным. Яму хапіла.
— Я згодны.
Перунова Зорка
Змрочныя цені хаваліся па кутах, глядзелі на яго. Злосна, помсліва, але дастаць не маглі. Хлопчык вільготнай далонню намацаў на грудзях драўлянае колца. Гарачае, значыць працуе, ахоўвае.
Яшчэ некалькі начэй таму ён не мог заплюшчыць вочы, бо баяўся. Апоўначы цень прыходзіў па яго. Прыходзіў калматым, парослым чорнай поўсцю страшыдлам, сядаў на грудзі і душыў. Моцы супраціўляцца не ставала. Ён засынаў — не мог зусім не спаць — і не спадзяваўся на раніцу расплюшчыць вочы. Аднак расплюшчваў.
Суседзі кпілі, выхавальніцы зацягалі па лекарах, думалі, астма. Дыягназ не спраўдзіўся, і яго больш не слухалі, бо не верылі. Стась вырашыў праблему радыкальна: аднойчы не пайшоў у спальню ўвогуле, не вярнуўся з вечаровага шпацыру.
Далёка не сышоў — страшна. Сядзеў на лаўцы ў адным з двароў-калодзежаў і глядзеў, як на светлых яшчэ нябёсах з’яўляюцца зоркі. Хутка яго пачнуць шукаць. Знойдуць — няхай, але сам ён туды не вернецца.
На вуліцы таксама былі цені ды іншыя начныя дзівоты. Яму нават падалося, што ў супрацоўніка «Зелянбуду», які вяртаўся з працы, з-пад капелюша вызіраюць рожкі. На шчасце, ніхто не цягнуў да яго прывідныя лапы і не набліжаўся чорным кудлатым ценем.
Да яго крочылі два мужчыны. Вулічныя цені расцякаліся ад іх па самых цёмных кутах. Адзін — высокі, хударлявы, усмешлівы, у фетравай клятчастай кашулі, другі — жылісты, хмурны, у чорнай байцы. Яго позірк нібы цвіком прыбіў хлопчыка да месца.
— Хэй, малеча, ты што тут робіш? — мякка пацікавіўся ўсмешлівы.
— Сяджу, — дзёрзка адказаў Стась.
— Чаму не дома? — сурова спытаў другі.
Хлопец скасавурыўся ў напрамку месца, у якое не планаваў вяртацца. Прынамсі, пакуль. Пацепнуў плячыма, змаўчаў.
— Дзе бацькі? — мужчына ўзняў голас, робячыся яшчэ большым ды страшным, гарой навісаючы над малым.
Усмешлівы тузануў яго за рукаў.
— Усевалад, хопіць, ты яго палохаеш, — прысеў, працягнуў руку. — Мяне завуць Міхал, а цябе?
— Стась.
— Што ў цябе здарылася, Стась?
Хлопчык ведаў фішку пра добрага і дрэннага копаў. Часам, калі Зінаіда Іванаўна засынала, яны з Пашам залазілі ў кабінет і глядзелі серыялы праз яе плячо. Тэлевізар быў стары, маленькі. Зінаіда Іванаўна гучна храпла, а падысці бліжэй яны баяліся. Усё, чаго не было чутно і бачна, яны дадумвалі ў сваіх гульнях удзень. Пакуль Пашу не забралі ў сям’ю.
— Усё нармальна.
— Хэй, я таксама часам баяўся вяртацца дадому, калі быў у тваім узросце. Але я тады нават не ўяўляў, наколькі небяспечна можа быць ноччу на вуліцы.
— Яны мяне не кранаюць, — неахвотна адказаў хлопчык.
— Пра каго гаворка? — насцярожыўся чалавек у чорнай байцы.
Стась зноў змаўчаў. Будзе здзекавацца ды называць дурнем, a то і ўвогуле надае кухталёў, як старэйшыя суседзі.
— Чаму ты не хочаш ісці дадому? Хто цябе палохае? — шэптам спытаў Міхась.
Хлопчык не хацеў адказваць. Але раптам яны дапамогуць? Раптам яны яго апошні шанс? Сіняком больш, сіняком менш — не страшна.
— Яно вялікае, калматае ды чорнае. Сядае мне на грудзі і не дае дыхаць.
Міхась зірнуў на сябра.
— Валасень?
Той моўчкі кіўнуў, нахіліўся да малога. Стась зазірнуў яму ў вочы: у іх не было злосці, не было пагрозы, у іх была туга. Усевалад апрануў хлопчыку на шыю амулет — драўляную шасціпялёсткавую кветку ў коле.
— He здымай, нікому не давай, не дазваляй нават дакранацца. Зразумеў?
Малы паківаў, сціснуў амулет у руцэ. Сумненняў, што ён будзе працаваць, нават не ўзнікла.
— Колькі табе гадоў, Стась? — пацікавіўся Міхась.
— Дзесяць.
— Ого! Вал, ён не павінен...
Чалавек у чорнай байцы, які збіраўся сыходзіць, зноў нахіліўся да малога, таргануў амулет.
— Калі ўбачыш каго-небудзь з такім вось знакам на вопратцы — бяжы не азіраючыся, як мага далей.
— Вал...
— Яму пашанцавала, што яго не знайшлі, Міхась. Хадзем.
Ён усё яшчэ бачыў цені, але цяпер яны яго не краналі. Затое Стась штоночы мроіў чалавека ў чорнай байцы. Ён так хацеў бы ўбачыць яго яшчэ раз і спытаць. Пра многае.
Глыбіня
Вада. Сонца. Вада.
Лёгкі ветрык па паверхні, з берага цягне смажаным мясам. Зараз ён толькі даплыве. Хлопцы ўжо разліваюць па шклянках пеністае. Зараз.
Выдых. Удых. Выдых. Хвалі штурхаюць, не даюць наблізіцца да берага. Трэба крыху напружыцца. Ігар з дзяцінства добра плавае, старэйшы брат навучыў. Кінуў у ваду: жыць захочаш — выплывеш. Захацеў.
I цяпер хоча, толькі нешта цягне на глыбіню, хапае за лыткі. He, побач нікога. Дзяўчаты ля берага, ходзяць у вадзе, падабраўшы спадніцы, нават не глядзяць у яго бок.
Вада. Сонца. Вада.
Пырскі ў твар. Закрычаць — не пачуюць. Закрычаць — няма моцы. Ён ціха сыходзіць пад ваду. Выплывае, хапае паветра з прысмакам шашлыкоў і піва. Няўжо ніхто не бачыць? Ды паглядзіце вы! Яго рэзка цягне ўніз, накрывае хвалямі. I панікай.
Вада. Вада. Вада.
* * *
Міхась схіліўся над мапай Мінска, у якую былі панатыканыя рознакаляровыя кнопкі. Пад кожнай — паперчына, на якой таропкім почыркам напісаная назва нячысціка. Ён акуратна цягнуў чырвоную нітку ад адной
кнопкі да іншай у тым парадку, у якім адбываліся нападзенні. Вакол былі раскіданыя кнігі: ад навуковых даследаванняў беларускай міфалогіі да замежнага фэнтэзі.
Усевалад вярнуўся з прабежкі, грукнуў дзвярыма ў ванную, уключыў ваду. Нават не павітаўся — значыць, нешта адбылося. Запытвацца бессэнсоўна, сам распавядзе, калі захоча. Выйшаў з душа, забразгаў посудам на кухні.
— У шафцы піражкі з грыбамі — Ядвіга прынесла, — максімальна звычайным тонам паведаміў Міхась, не адрываючыся ад мапы.
Усевалад прыйшоў у гасцёўню з кубкам гарбаты. Змрочны, бровы зведзеныя. Стомлена апусціўся ў фатэль побач з канапай.
— На Камсамольскім сёння патануў хлопец. Нельга купацца пасля Перунова дня, — цяжка ўздыхнуў. — Вадзянікі люцеюць.
Міхась крыху памаўчаў, потым рашуча пастукаў па сваёй мапе. Нуль рэакцыі. Пстрыкнуў пальцамі перад тварам Усевалада. Той коратка зірнуў на мапу, паматляў галавой.
— Ты марнуеш час.
— Я спрабую зразумець. Няўжо Вадзянік у Камсе, Лясун у цэнтры горада альбо Апівень, які прадае спайсы, гэта норма? Вал, яны сцякаюцца сюды! Нешта іх цягне.
— Чаго ты ад мяне хочаш? Каб я сказаў, што ты маеш рацыю?
— Вал, нехта альбо нешта за гэтым стаіць. Трэба выклікаць Ваяроў, каб яны разабраліся.
— Я сам разбяруся.
He самы лепшы момант высвятляць адносіны, але яму надакучыла, што яго не слухаюць.
— Каму ты што хочаш давесці? Мне? Я і так ведаю, што ты круты. Ім? Ім пляваць. Калі цябе за столь-
кі гадоў ніхто нават не паспрабаваў за вушы прыцягнуць назад... Каму? Святаславу? Яму тым больш пофіг. Ён...
Усевалад наблізіўся хутчэй, чым Міхась міргнуў. Рука сціснулася на горле.
— Яшчэ хоць слова, — яго вочы свяціліся блакітнымі іскрынкамі.
Міхась прымірэнча ўзняў рукі. Усевалад яго адпусціў.
— Ты забываешся, Міхал.
— А ты — эгаістычны дурань, які ставіць уласную крыўду вышэй за праблемы цэлага горада.
— Ты звернешся да маці па дапамогу?!
— Гэта іншае, Вал!
— Тое ж самае. Калі я эгаістычны дурань, дык ты самаўпэўнены разумнік, які лічыць, што ведае лепш за іншых.
Гэта пачынала нагадваць дзіцячую сварку, але хоць якая магчымасць выказаць яму сваё меркаванне.
— А ты — няўдзячны вырадак!
Усевалад узняў на Міхася шчырыя зялёныя вочы, у якіх не было і намёку на хвілінны прыступ раз’юшанасці, збянтэжана ўсміхнуўся.
— Я — удзячны вырадак.
— Тады прыслухайся да мяне!
— Якое гэта мае дачыненне да ўдзячнасці? Міхась, я абяцаю, калі ўпэўнюся, што ўсё настолькі дрэнна, каб выклікаць Ваяроў, я адразу гэта зраблю. Абяцаю.
* * *
Вада. Сонца. Вада.
Лёгкі ветрык па паверхні. На лаве ля берага сядзелі дзяўчынка і мужчына. Задуменна назіралі за хвалямі.
— Мяне палохае тое, што ты плануеш, — сур’ёзна паведаміла малая.
Мужчына стрымана ўсміхнуўся.
— У мяне ўсё пад кантролем.
— А калі ты яго згубіш?
— Буду імправізаваць. Але я ўпэўнены, што яны прыйдуць у тую кропку, у якую мне трэба. I сённяшняя смерць іх да гэтага падштурхне.
Ён ласкава прытуліў да сябе дзяўчынку, не адрываючы вачэй ад вады.
Прымаць
Пяць гадоў таму
«Я б раіў вам, Міраслава, шукаць іншага Майстра». Так ён сказаў ёй на днях. Пад вачыма ў яго леглі цені, твар памарнеў, плечы апусціліся. Ён хаваў вочы ад паплечнікаў, бо ў іх стаяў адчай.
Усевалад сышоў амаль месяц таму. Першыя дні Святаслаў чакаў, што вучань вось-вось вернецца. Пазлуецца, папсіхуе — і вернецца. Потым стаў шукаць, сам, але беспаспяхова. Папрасіў дапамогі. Перавярнулі ўвесь Унутраны Свет. Балазе, не такі вялікі. Безвынікова.
— А ён мог патрапіць у Вонкавы Свет? — спытала тады Міраслава. — Хіба вучні ўмеюць адчыняць праход?
— Я яго гэтаму не вучыў. Велізар мог. Яму трэба было зразумець, наколькі малы сапраўды моцны. I адкрыццё праходу — выдатны для гэтага спосаб, — змрочна адказаў Святаслаў.
I параіў шукаць іншага Майстра. Больш яны не размаўлялі. Яна не збіралася шукаць іншага, бо не мела ў ім патрэбы. Міра была гатовая адмовіцца ад ступені майстэрства і быць звычайнай Ваяркай, усё жыццё працаваць у Камандзе ў Вонкавым Свеце, не мець ніякіх пасад і вучняў. Разумела, што гэта глуп-
ства, што будзе шкадаваць усё жыццё. Разумела, што трэба даць сабе час.
Цяпер часу хапала і праводзіць яго дома было немагчыма. Яна знаходзіла самыя бязглуздыя нагоды і дурныя заняткі, абы кантактаваць з ім як мага менш, абы не бачыць яго ў такім стане. Зранку трэніравалася з Багданам, увечары хадзіла да Златкі на вогнішча. А ўдзень... Збольшага — бадзялася.
Сёння ногі самі панеслі яе да Мяжы. Ланцуг магутных старых дубоў, і на кожным Сімвал шляху. У Вонкавым Свеце такія дубы былі раскіданыя па розных лясах. Толькі самыя вопытныя Майстры маглі з першага разу апынуцца там, дзе трэба.
Міраслава паклала далонь на Сімвал, заплюшчыла вочы. Энергія плаўна перацякала з усяго цела да далоні, з далоні да дрэва. Сімвал ледзь паярчэў ды згас. Яна задуменна вадзіла пальцамі па змяіных абрысах Сімвала. Раптам той засвяціўся пад яе рукамі. Міра адхінулася. Няўжо? У яе атрымалася? Добра, і што далей? Уявіць месца, у якое хоча патрапіць? Яна ж і не была ніколі ў Вонкавым Свеце...
Раней, чым яна паспела прыдумаць, што мусіць рабіць, з дрэва, нібы там і не было ніякага дрэва, выйшаў Усевалад.