Арнаменты
Аліна Длатоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 204с.
Мінск 2019
Вал з’явіўся ў дзвярах кухні, калі Міхась дапіваў гарбату. Бровы зведзеныя, зубы сціснутыя, дыхае глыбока — сканцэнтраваны. Яму заўсёды было цяжка размаўляць, асабліва пра пачуцці. Міхась прызвычаіўся даваць яму час. He ціснуць, не дапытваць, не прыспешваць і не ставіцца, як да лухты. Бо Міхась быў адзіным, з кім Усевалад увогуле мог пра гэта размаўляць.
— Я хачу завязаць.
Міхась закашляўся, адставіў кубак.
— Я з’ехаў у горад, каб пачаць новае жыццё, і ўсё ніяк. Хопіць.
— Ну, прывітанне. А хто будзе ў Мінску знішчаць Пачвар?
Усевалад пахістаў галавой. Пра гэта ён, ясная справа, не падумаў. Ён увогуле больш рабіў, чым думаў. Ваяры Навальніцы ў гарады завітвалі рэдка. Па-пер-
шае, тут раней амаль не было нячысцікаў, прынамсі, такіх, якія маглі б сур’ёзна нашкодзіць людзям. Падругое, Навальнічнікі не давяралі сучасным электронным прыладам: хто ведае, як яны паўплываюць на Энергію? Нават Вал доўга не згаджаўся купіць сабе мабільны тэлефон.
— Хто я, акрамя таго, што Ваяр?
— Фітнес-трэнер. Мой лепшы сябар. Стрэмка ў дупе.
Ён нібы не слухаў, заглыблены ўнутр сябе. Сціскаў правай рукой левае прыдалонне і механічна вадзіў вялікім пальцам па абрысах татуіроўкі.
— Нават для Апіўня відавочна: я нічога з сябе не ўяўляю.
Гэта не было блазенства і ён не набіваўся на лёсткі, але яму патрэбныя былі аргументы, каб Міхась упэўніў яго. Таму што самому аргументаў бракавала. Калі б насамрэч хацеў — завязаў бы, і ніякіх размоў не было б.
— Вал... — Міхась пацёр далонямі твар. — Ладна, хадзем.
Прыцягнуў у залю ноўтбук, пачак крэкераў для сябе і пару яблыкаў для яго.
— Сядай, будзем глядзець мульцік. Сядай! Інакш увесь наступны тыдзень гатуеш і прыбіраеш ты.
Вал фыркнуў, але сеў побач. Яны падзялялі абавязкі пароўну, але гатаваў усё ж часцей Міхась. Проста таму, што далёка не кожную страву, прыгатаваную Усеваладам, можна было есці.
— Калі гэта што-небудзь накшталт «Гравіці Фолз», я пас.
— «Гравіці Фолз» — афігенны мульт, а гэты яшчэ лепш.
Яны паглядзелі ўвесь першы сезон «Рыка і Морці», і калі Міхась ужо адчуваў, што ён вось-вось вырубіцца, Вал бадзёра пацікавіўся:
— Навошта ты мне гэта паказаў?
— Ты — Рык, — санліва прамармытаў Міхась. — Ты казёл, не ўмееш спачуваць, нікога не слухаеш, заўсёды лічыш сябе правым, але выдатна ведаеш сваю справу. I каб не ты... Свет быў бы іншы.
— Мне не вельмі падабаецца гэты персанаж.
Міхась ухмыльнуўся. Ясная справа, яму не падабаецца. Пацёр вочы кулакамі, пазяхнуў і, пляснуўшы крышкай ноўта, скіраваўся ў спальню.
— Пачакай, калі я Рык, ты...
Міхась зарагатаў і паказаў сябру сярэдні палец.
— Ты не на курсах затрымаўся, праўда?
— Мхм. Давай пагутарым пра гэта раніцай, Вал, — папрасіў юнак, сцягваючы кашулю.
— Дзе ты быў, Міхась?
— Выганяў Ліхаманку з аднаго музыкі. Задаволены?
Вал цыкнуў.
— Выгнаў?
— Выгнаў, — Міхась з галавой зарыўся пад коўдру, прыглушана дадаў. — Але не забіў.
— I пасля гэтага я яшчэ стрэмка ў дупе! Давай адрас. Наўрад ці яна сышла далёка.
Знаходзіць
Пяць гадоў таму
У лесе пахла ігліцай, зёлкамі і суніцамі. Пад нагамі пахруствалі сухія галінкі. Ноч была светлая, нябёсы абсыпаныя зорамі, яркімі-яркімі. Між тонкіх аблокаў плыла поўня, разліваючы вакол ледзяное святло. Міхась стаяў на лясной сцежцы, нясмела ўзіраючыся ў паўзмрок. Ён не мог паверыць у тое, што ўбачыў на возеры. Яму патрэбныя былі доказы, трэба было ўбачыць яшчэ раз. Каго-небудзь. Што-небудзь.
Між соснаў мільганула дзявочая постаць. Міхась зрабіў некалькі крокаў насустрач. Залатыя бранзалеты ды кветкавы вянок на галаве — усё, што на ёй было апранута. Светлыя доўгія валасы вадаспадамі сцякалі на плечы, прыкрываючы гнуткі стан. Яна танцавала, пагойдваючы сцёгнамі, і падыходзіла ўсё бліжэй, не зводзячы з яго вачэй.
— Міхась! Хадзі да мяне, Міхась, — пяшчотны голас зачароўваў. — Мы будзем разам заўсёды.
Яна абняла яго за шыю, прыціснулася ўсім целам. Хлопец разгублена паклаў рукі ёй на талію. Ад дзяўчыны пахла лясной свежасцю і мёдам, а зялёныя вочы зацягвалі, нібы гушчар.
— Ты хочаш, Міхась? Хочаш, каб мы былі разам? Тады пацалуй мяне.
У роце перасохла. Ён не мог думаць ні пра што, акрамя яе. Пакорліва пацягнуўся да вуснаў, але яна рассыпалася попелам проста ў яго руках.
Ля старой сасны стаяў змрочны юнак у чорным. Вакол выстаўленай наперад левай рукі круціліся, згасаючы, Сімвалы, між пальцаў бегалі блакітныя іскрынкі.
— Прабач, што перашкодзіў, — сур’ёзна сказаў ён, — але працяг быў бы так сабе.
— Ты забіў яе?!
— Ясная справа, інакш яна б забіла цябе. А ты думаў, яна што з табой збіралася рабіць?
Шчокі гарэлі ад сораму. Добра, што ў лесе даволі цёмна.
— Мне падалося, што яна хацела пацалунку, — прамармытаў ён.
— Каб праз яго высмактаць тваю Энергію. Гэта Basova. Яны зацягваюць маладых мужчын у гушчар і забіваюць. Звычайна не кранаюць такіх, як ты, але гэтая, відаць, была дужа галодная.
— Такіх, як я?
— Малых.
— Ты сябе бачыў? — фыркнуў Міхась. — Ды ў Ta66 пантоў больш, чым росту! Адкуль ты такі ўвогуле ўзяўся?
— Хадзем, давяду цябе да ўскрайку лесу, — юнак засунуў рукі ў кішэні чорнай скураной курткі. — Тут ёсць старая хата, ля ручая. Завітвай, калі хочаш.
— Яна хіба не закінутая?
— Напэўна не, раз я там жыву. Да сустрэчы.
* * *
Міхась усё часцей стаў знікаць кудысьці пад вечар. Раніцай дапамагаў па гаспадарцы: без лішніх размоў касіў, палоў, калоў дровы, мыў посуд. Удзень гуляў-
ся з сястрой і чытаў, а пад вечар напіхваў заплечнік ежай, якую не даеў на вячэры, і сыходзіў. Віктар не дапытваў куды. Сын сем гадоў жыў у стане татальнага кантролю — хай атрымлівае асалоду ад свабоды.
Сёння ён забыў дома тэлефон. Агнія ўвесь вечар праседзела на ганку, углядаючыся ў лес на гарызонце. Віктар тройчы спрабаваў пакласці яе спаць, але марна. Яна нібы прадчувала. Калі Міхась не прыйшоў а дзясятай — акрэслены бацькам дэдлайн — яна расплакалася, і мужчына не прыдумаў нічога лепш, чым узяць малую на рукі ды спяваць. Спяваў, што спявалася: Вайцюшкевіч, «Аукцыон», «Крама», «Сплін», Мельнікаў, Цой. Недзе на «Скоро кончнтся лето» малая нарэшце паснула.
Ісці яго шукаць было глупствам. У які бок? Віктар угаварыў сябе пачакаць яшчэ гадзіну. Рассыпаў зёлкі міма кубка, ледзь не апарыўся кіпнем — так трэсліся рукі. 3 сынам магло здарыцца што заўгодна. Міхась пра многае не ведаў, нават больш, чым Агнія. He ведаў, бо не верыў.
Віктар злаваўся. На сябе. Жыццё дало яму яшчэ адзін шанс быць добрым бацькам, а ён нават не паклапаціўся расказаць сыну пра навакольны свет. Баяўся, што не паверыць, палічыць вар’ятам, як калісьці Ірына, і з’едзе. Віктар заўсёды быў баязліўцам. Праз страх ён ажаніўся з жанчынай, якую не кахаў, і апынуўся адзін на хутары. Праз страх ён не бачыў сына цэлых сем гадоў і нават не ведаў, што мае дачку. Праз страх ён цяпер мог згубіць усё, што толькі атрымаў.
Трэба супакоіцца, прымусіць сябе супакоіцца. Мужчына выйшаў на ганак, прыслухаўся. Начныя шапаценні і шолахі — не толькі вецер ды вожыкі. Ён сціснуў парэнчы, абапіраючыся, амаль павісаючы на іх.
— Калі ласка. Калі хто-небудзь мяне чуе. Дзе мой сын?
Цішыня. Шолах лістоты. Ціўканне птушак. I ледзь чутнае «чакай». А праз нясцерпна доўгія дзесяць хвілін — няўпэўненыя, але таропкія крокі па вільготнай ад расы траве. 3 боку лесу. Дзве напружаныя, напятыя постаці. Значыць, сябра сабе знайшоў...
Сын на Віктара не глядзеў — спалохана, сарамліва вывучаў наскі кедаў. А вось другі адразу смела сустрэўся з мужчынам позіркам. Вочы дарослыя, халодныя.
— Добры вечар, спадар Віктар. Я прашу прабачэння. Міхасёва спазненне — мая правіна.
— Вы ўтрымлівалі яго гвалтоўна? — іранічна пацікавіўся мужчына.
— He, спадар Віктар. Але...
— У такім выпадку не бачу сэнсу працягваць размову. Хутка ў хату.
Сын імгненна ўзляцеў на ганак.
— Абодва, — сурова дадаў мужчына.
Юнак хацеў быў спрачацца, але злавіў умольны позірк Міхася і падпарадкаваўся.
* * •
Віктар засынаў, гонячы прэч думкі пра тое, што рабіць раніцай з двума шалапутамі. У хаце было ціха, толькі ледзь чутно гула на акне муха. Віктару было прахалодна і няўтульна, бо давялося паслаць сваю коўдру на падлозе ў дзіцячым пакоі, каб сябру Міхася было дзе легчы. Той, праўда, гатовы быў спаць нават на голай зямлі, але Віктар быў катэгарычна супраць.
Раптам слаба рыпнулі дзверы. Напэўна, начны госць вырашыў пазбегнуць адказнасці. Без сур’ёзнай прачуханкі — не выйдзе. Ды і не мог ён адпусціць дзіця невядома куды сярод ночы. Узняўся.
Уцекачом апынуўся не сябар Міхася, а ён сам. Стаяў на ганку, паклаўшы локці на парэнчы, закрываючы
далонямі твар. Плечы яго ледзь заўважна трэсліся, ён шмыгаў носам.
— Міхась, я не самы лепшы бацька, але... — ціха пачаў Віктар.
— Нават самы горшы бацька не заслугоўвае такога стаўлення, — юнак апусціў галаву яшчэ ніжэй, хаваючы слёзы. — I нават самы лепшы сын не заслугоўвае прабачэння за такое стаўленне.
Таму ён прабачэння і не прасіў. Лічыў, што не заслугоўвае.
— Глупства! — усю злосць як рукой зняло. — Самы лепшы, можа, не заслугоўвае, а ты заслугоўваеш, бо ты мой.
Ён акуратна прыціснуў сына да сябе.
— Я жудасна хваляваўся, Міхась. Агнія не хацела ісці спаць, плакала... Я не злуюся, але калі такое адбудзецца зноў, я палічу, што не спраўляюся з вашым выхаваннем, і вы паедзеце ў Мінск, да мамы. Гэта зразумела?
Міхася калаціла. Ён чапляўся за бацькаву спіну, як у першы вечар. Світар намок у тым месцы, дзе сын прыціскаўся тварам. Мужчына ведаў, што яго пагрозы зажорсткія, але як яшчэ ён мог упэўніцца, што гэтага не паўторыцца? Ён ускудлаціў сыну валасы.
— А тэлефон я да цябе клеем прыклею. Ці на самарэз пасаджу.
Міхась ледзь чутно хмыкнуў.
— Прабач мне, калі ласка.
— Прабачаю. Скажы мне, хто гэты сек’юрыці, якому я ранкам адкручу галаву?
— Ён заўтра распавядзе сам. Да таго, як ты адкруціш яму галаву.
* * *
— Дык ты забіваеш монстраў? Як Геральт? Ван Хельсінг? Паляўнічы на прывідаў?
Усевалад адставіў кубак гарбаты, зірнуў спачатку на сябра, потым на ягонага бацьку.
— Тата, ён гэтых параўнанняў ад мяне наслухаўся, — шэптам заўважыў Міхась. — I ніводнага не ведае.
— Я — Навальнічнік. Нас стварыў Пярун, каб мы знішчалі істот, якія перашкаджаюць людзям жыць.