Арнаменты
Аліна Длатоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 204с.
Мінск 2019
Святаслаў не падаўся ёй такім. Ён паводзіў сябе стрымана, але ветліва. Адзінае што — настойліва прасіў не заходзіць у пакой вучня без дазволу, але Міра не магла ўтрымацца.
Пакой апынуўся нават меншы, чым выдзелілі Міраславе. Ложак, ля акна стол і крэсла, на якім акуратна былі складзеныя рэчы. Хлопчык спаў на баку, паклаўшы правую руку пад галаву. Коўдра спаўзла, закрываючы яго толькі па пояс. Спіна, рэбры, плечы, рукі былі спрэс у жоўта-фіялетавых сіняках, касцяшкі збітыя ў кроў. Рукі ад локцяў да пальцаў у блакітных стужачках, падобных да маланак, — апёкі ад Энергіі. Бываюць, калі хапаеш больш, чым трэба, альбо занадта спяшаешся.
Унутры ўсё сціснулася ад хвалявання: калі Майстар так шмат патрабуе ад вучня, ці не будзе ён чакаць
ад Падмайстаркі яшчэ большага? Сама вінаватая — не варта было прасіцца да найлепшага.
Васіліса рабіла акцэнт на духоўнае, а не на фізічнае навучанне. Калі Міра атрымлівала падчас заняткаў траўмы, настаўніца пазбаўляла яе ад болю Арнаментамі альбо зёлкамі, казала: «Яшчэ натрываеш». 1 вось што, відаць, мела на ўвазе.
Міра наблізілася. Хлопец павярнуўся ў сне. На яго левым прыдалонні быў выбіты Сімвал жыцця. Ваяры рэдка набівалі татуіроўкі, а такіх Міраслава ўвогуле ніколі не бачыла: пад скурай быццам мігцелі вугельчыкі. Пальцы міжволі пацягнуліся дакрануцца, памацаць, упэўніцца, і чым бліжэй была яе рука, тым больш чырвонымі рабіліся вугельчыкі, нібы на іх нехта дзьмуў. Міра амаль дакранулася, калі яе адштурхнула да сцяны пругкая плынь Энергіі. Хлопец сеў на ложку, закрываючы правай далонню левую руку. У позірку яго перамяшаліся боль, расчараванне і стома.
У пакой, скрыжаваўшы рукі, увайшоў Майстар Святаслаў і сурова зірнуў на дзяўчыну. Яна напружылася, рыхтуючыся да вымовы альбо пакарання, але Майстар перавёў позірк на вучня. Той узняўся, ціха вымавіў:
— Я прашу прабачэння, Настаўнік.
— Ты павінен ставіць абарону кожны вечар, а не калі табе гэтага захочацца.
— Я забыўся, — падлетак зусім не выглядаў вінаватым.
— Ты не забыўся, свавольнік, ты не захацеў. Што б ты рабіў, калі б гэта быў вораг, а твая Энергія не спрацавала б інтуітыўна? Mae загады ў гэтым доме не абмяркоўваюцца і не парушаюцца. Гэта тычыцца і вас, спадарыня Міраслава.
Святаслаў казаў жорстка, але спакойна, не павышаючы голас. Міру гэта палохала і зачароўвала. Зачароўвалі яго халодныя шэра-блакітныя вочы, моцныя
рукі, скрыжаваныя на грудзях, няўхвальна падціснутыя вусны і падбароддзе з ямкай.
— Прабачце, Майстар Святаслаў, — збянтэжана прамармытала дзяўчына.
Мужчына кіўнуў, зноў звярнуўся да Вучня.
— У цябе хвіліна, каб паставіць абарону.
— Мне трэба паспаць, каб аднавіцца.
Ваяры пазычалі Энергію ў Свету. Бралі з паветра, з полымя, з вады, з зямлі, з раслін, з жывых істот і перанакіроўвалі, ператваралі ў Сімвалы, у Арнаменты, з дапамогай якіх знішчалі Пачвар, біліся з ворагамі і абараняліся. Але Энергія цячэ да Энергіі. Каб пазычаць у Свету, Ваяр павінен мець хоць колькі сваёй.
— Мяне гэта не цікавіць. He можаш скарыстаць Энергію — прыдумай што-небудзь іншае. Хвіліна пайшла, — Святаслаў вывеў Міраславу з пакоя, трымаючы за плячо.
— А пракантраляваць? — шэптам спытала дзяўчына.
— He раю вам правяраць, ці выканаў ён загад, Міраслава. Кладзіцеся спаць. Дабранач.
* * *
Міраславу абудзіў рогат. Яна здзіўлена ўтаропілася ў сцяну, спрабуючы ўсвядоміць, дзе знаходзіцца. Успомніла, вызірнула ў акно. Там Святаслаў і Усевалад гулялі ў квача. Учора ўвечары суровы настаўнік выгаворваў вучня за непадпарадкаванне, а сёння яны гуляюць...
Хлопчык спыніўся пад яе акном.
— Выходзь хутчэй. Ён карае за спазненне на трэніроўку.
— He бачу, каб яна пачалася, — здзекліва заўважыла Міра, але паспяшалася прыслухацца да парады.
Святаслаў сурова ацаніў яе гатоўнасць: скураная вопратка, праз плячо — арбалет, на поясе — кінжал, некалькі льняных пакуначкаў з зёлкамі. Кіўнуў.
— Здымайце ўсё. Моц Ваяра не ў зброі. Арбалету патрэбна адлегласць, кінжал, наадварот, дапаможа толькі на блізкай дыстанцыі. Гэта, — на яго далоні расцвіла кветка Сімвала полымя, — спрацуе ў любым выпадку.
— He ў любым, — дзёрзка адрэзаў Усевалад і ўдарыў настаўніка рабром далоні па руцэ.
Яны счапіліся ў бойцы. Біліся па-сапраўднаму, не шкадуючы і не стрымліваючыся. Святаслаў быў відавочна больш моцны, Усевалад — больш хуткі. Hi заўваг, ні парад. Перарывістае дыханне, рэдкія выгукі, кароткія позіркі, ледзь заўважныя выразы твараў. Міраславе было васямнаццаць, на два гады больш, чым Усеваладу, але так яна не ўмела.
Навошта Васіліса, любімая настаўніца, падштурхнула яе сюды? Мабыць, заўсёды лічыла, што Міра не такая ўжо здольная вучаніца?
Святаслаў прыціскаў вучня да зямлі каленямі і адной рукой, у другой зноў круціўся Сімвал полымя. Усевалад закусіў вусны і беспаспяхова намагаўся вызваліцца.
— У чым памылка? Дзе памыліўся, Вал? — цяжка дыхаючы, спытаў настаўнік.
— Правароніў абарону, — ледзь чутно адказаў хлопчык.
— Зноў, — мужчына дапамог вучню ўзняцца. — Ты нападаеш, і гэта добра, бо ты моцны, але не забывай пра абарону. На кожнага моцнага знойдзецца альбо больш моцны, альбо больш хітры. Зразумеў, свавольнік? Добра. Міраслава, падмяніце мяне, калі ласка.
— Я? Ды я хвіліны не пратрымаюся, — разгублена прамармытала дзяўчына.
— Сёння — не, заўтра — так. Толькі Сімвалы. Міраслава нападае, Усевалад абараняецца. Наперад, — ён пляснуў у далоні.
Яна прымусіла сябе сабрацца. Гэта прасцей, чым біцца. Выкарыстанне Сімвалаў давалася ёй лёгка: вобразы ўсплывалі ў галаве, Энергія паслухмяна скіроўвалася туды, куды трэба, рукі рабілі неабходныя рухі. Сімвалы дазвалялі Энергіі канцэнтравацца, задавалі слушны кірунак, акрэслівалі мэту, якой Ваяр хацеў дасягнуць. Міра стварыла некалькі Сімвалаў запар: Полымя, Маланка, Сонца. Полымя і Сонца не кожнай Пачвары маглі прынесці сур’ёзную шкоду, падпаліць шкурку альбо асляпіць на час. Маланка была больш небяспечнай: драбязу дык забівала на месцы. Ваяру Сімвалы пагражалі толькі фізічным болем, паводле адчуванняў параўнальным з апёкам.
He паспелі яшчэ Сімвалы зляцець з рук Міры, як Усевалад крутануў перад яе носам стандартны абярэг Ваяроў, Перунову Зорку. Міра раззлавалася. Пры якіх абставінах увогуле магчымая такая сітуацыя? Ваяр супраць Ваяра... Бязглуздзіца. Альбо Пачвара будзе абараняцца Перуновай Зоркай? He, не будзе. Міра спрабавала трымаць сябе ў руках, бо злосць — не лепшы дарадца.
— Пляці Арнамент, — кінуў ёй Усевалад.
Арнаменты — спалучэнне Сімвалаў, створаных адначасова — часцей пляліся Камандамі. Толькі самыя здольныя Майстры маглі плесці іх самастойна. Арнаменты мелі куды большую эфектыўнасць, чым Сімвалы паасобку, ды выкарыстоўваліся звычайна супраць самых небяспечных Пачвар. Адзіным не баявым Арнаментам, наколькі ведала Міраслава, быў абарончы. Але Васіліса не вучыла яе нават гэтаму. Міра разгублена азірнулася на Святаслава. Той стаяў, скрыжаваўшы рукі, стрыманы, халодны.
— Я не ўмею, — нясмела заўважыла яна.
— Тады падмані мяне, — фыркнуў юнак. — Нападай.
Падмануць яго. Лёгка сказаць... Маланка, Сонца, Полымя, Маланка і зноў — толькі ў іншым парадку. I зноў. Яна стоміцца раней за яго. У кожнага Ваяра ёсць пэўны аб’ём Энергіі, які ён можа пазычыць за раз. Міраслава на свае здольнасці не скардзілася. Да сённяшняга моманту.
Перунова Зорка круцілася, хоць ён яе нават не трымаў, знішчаючы Сімвалы на падлёце. Але з часам пачала блякнуць, паміргваць, і Міра ўзрадавана павялічыла дождж з Сімвалаў. А калі зразумела, што ўвесь гэты час рабіў Усевалад, было позна. Зорка знікла, і ён за секунду разгарнуў абарончы Арнамент, якому пазайздросціла б любая Каманда. Сімвалы бумерангам скіраваліся да дзяўчыны. Яна ледзь паспела выставіць абарону, слабую, на што хапіла моцы, таму адляцела назад, нібы лялька, і добра б выцялася, калі б яе не падхапіў Святаслаў.
— Разлічвай моц, свавольнік! Выдатная праца, Міра.
Крама
Датчык руху нічога не бачыў, сігналізацыя не спрацоўвала. Вокны, дзверы — усё зачыненае, але раніцай у памяшканні быў вэрхал. У міліцыю звяртацца бессэнсоўна, бо што яны зробяць? Выклікала святара, які асвяціў памяшканне. Па яго парадзе паставіла па кутах абразы, павесіла крыж. Праз тры дні зноў вазоны на падлозе, кветкі паабламаныя, цэтлікі скамечаныя, паўсюль зямля. Абразы скінутыя, крыж дагары нагамі. Знаёмая параіла схадзіць да шаптухі, нават адрас дала. Тамара не верыла ні ў шаптух, ні ў экстрасэнсаў, але пайшла.
Хата была зусім не падобная да той, у якой павінна жыць шаптуха: нядаўна адбудаваны, сучасны катэдж з вялікімі вокнамі. У двары прыпаркаваны чорны джып, каля ганка стаіць ваяўнічая снежная баба з вядром на галаве і рыдлёўкай у руцэ. Дзверы адчыніла жанчына гадоў сарака ў расцягнутым світары і джынсах. Правяла ў светлую сучасную гасцёўню.
— Што вас непакоіць? — далікатна звярнулася яна, нібы да дзіцяці альбо да хворай.
— Мне трэба выгнаць з крамы палтэргейст, — гучала Тамара сапраўды як хворая.
— Гэта не да мяне.
— Мне сказалі, што вы шаптуха.
— Я — Знахарка. Я не палюю на пачвар, але, — яна таямніча ўсміхнулася, дастала з кішэні мабільны, — ведаю тых, хто палюе.
Тамара з цяжкасцю ўяўляла, чым ёй могуць дапамагчы два падлеткі.
Сур’ёзны, ветлівы ды выхаваны Міхал, які размаўляў з ёй, выклікаў яшчэ хоць нейкі давер. Але другога, дзівака ў рваных джынсах, які замёр над вітрынай з кактусамі, хацелася выставіць за дзверы.
— Вам трэба будзе сысці...
— He, хлопцы, — яна была гатовая да такой просьбы, — я хачу ведаць, што вы тут робіце.
Раптам гэтыя сучасныя шаманы абрабуюць яе — і на гэтым уся магія?
— Ваша прысутнасць можа перашкодзіць працы, — акуратна заўважыў Міхась.
— Я. He. Сыду.
— У такім выпадку мы вымушаныя вам адмовіць.
Той, што разглядаў кактусы, выпрастаўся. Утаропіўся ў яе, нібы яна таксама зялёная ды ў іголках.
— Досыць, Міхась, не жасці.
— Вал, ты сам казаў: людзі не павінны ведаць!
— Хочацца чалавеку ў Навінкі — што з гэтым зробіш?
* * *
Пад яе крэслам пульсаваў чырвоным дзіўны сімвал: восем выцягнутых ромбаў складаліся ў кветку, па баках ззялі яшчэ чатыры невялічкія ромбы. Выходзіць за межы сімвала ёй забаранілі. Міхась мітусіўся па краме, правяраючы, ці добра курацца зёлкі ў керамічных місах. Усевалад расслаблена сузіраў архідэі. Асабліва яго цікавілі тлустыя зялёныя карані, што тырчалі з празрыстых гаршкоў. Мітусня Міхася яго не кранала.