Арнаменты
Аліна Длатоўская
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 204с.
Мінск 2019
— Архідэі — эпіфіты. Яны чапляюцца каранямі за дрэвы і ўзнімаюцца вышэй да сонца. А кактусы — сукуленты. Запасаюць вільгаць унутры сваіх цел і потым могуць доўга знаходзіцца без вады, як вярблюды, — каб заняць сябе хоць нечым, пачала распавядаць Тамара.
— Усё прыстасоўваецца, каб выжыць, — меланхалічна паціснуў плячыма Усевалад.
I зноў змоўк на доўгія хвіліны. Міхась нервова паглядваў на гадзіннік.
— Што, калі сёння нічога не адбудзецца? — спытала Тамара.
— Нічога не адбудзецца, — рэхам паўтарыў Усевалад.
Адна з гліняных місак саслізнула на падлогу. Хлопцы ўмомант сабраліся. Мітуслівы матылёк і лянотная клякса ператварыліся ў дзве нацягнутыя спружыны. Міхась сціскаў у кулаку запальніцу, Усевалад круціў між пальцаў кароткі паляўнічы нож.
Шэрая істота, падобная адначасова да ката, сабакі і малпы, шаснула ад аднаго стэлажа да іншага, паўсюль натыкаючыся на зёлкі, наблізілася да Усевалада. Нож маланкай прыбіў істоту да прылаўка за хвост. Істота зайшлася ў такім скавытанні, што Тамары давялося заціснуць вушы.
Іх стала шмат. Тузін, калі не больш. Шэрыя, чорныя, рудыя, пярэстыя аблезлыя стварэнні. Некаторыя чамусьці ў абутку, пераважна ў кедах, іншыя — заматаныя шалікамі хакейных клубаў ці ў непрапарцыйна вялікіх кепках з надпісам «OBEY». Яны раз’ятрана валілі з паліц кветкі, білі вазоны і рвалі пакункі з глебай, імкнучыся насыпаць яе юнакам у вочы.
Адзін нават учапіўся за Міхасёву руку, хоць зусім не Міхась быў галоўнай пагрозай. Усевалад. I яго арбалет. Балты бязлітасна праціналі пачвар, пакідаючы
ад іх купкі попелу. Пачваркі люцелі і настойліва імкнуліся дабіць усё, што не знішчылі за месяц.
Але Усевалад управіўся хутчэй.
— Архідэі — эпіфіты, кактусы — сукуленты, а Злыдні — нячысцікі, — на развітанне прамармытаў ён. — Яны заводзяцца ў хатах скупых ды зайздрослівых людзей. Цэны знізьце, карацей.
* * *
Пярэсты чорна-белы голуб касавурыўся пляскатым вокам у вокны на трэцім паверсе. Праз шыбу ён добра чуў гутарку юнакоў. Сёння нічога асаблівага. Голуб прылятаў некалькі разоў на тыдзень, глядзеў, слухаў, вывучаў іх звычкі і манеры.
Знахар дома насіў яркія цішоткі са смешнымі прынтамі і цёплыя шкарпэткі. Ваяр апранаў чорныя спартыўныя касцюмы. Знахар спаў пад цяжкай цёплай коўдрай і летам, і зімой, яго ложак стаяў у глыбіні пакоя. Ваяр летам спаў не накрываючыся, а зімой пад тонкай коўдрачкай. Яго ложак стаяў каля самага акна. Знахар абураўся, калі Ваяр пакідаў пасля сябе брудны посуд. Ваяр злаваўся, калі Знахар марнаваў час на сацыяльныя сеткі. Зранку Знахар сыходзіў ва ўніверсітэт, Ваяр — на прабежку. Знахар вяртаўся а чацвёртай і клаўся спаць, Ваяр у гэты час кіраваўся на працу ў фітнес-клуб непадалёк. Позна ўвечары яны разам выходзілі ў горад, вярталіся пад раніцу. Па серадах і пятніцах Знахар наведваў курсы англійскай мовы, а Ваяр выходзіў у горад адзін.
Знахар смачна гатаваў і вельмі любіў чысціню. Ваяр штовечар выстаўляў у кватэры абарону з Арнаментаў і не цяміў, што пагроза можа быць звонку. Пагроза можна зазіраць у вокны пляскатым птушыным вокам.
Ружы
Бляклыя штучныя кветкі глядзелі на яе з усіх бакоў, падобныя да прывідаў. Рамонкі, сланечнікі, півоні — не адрозніць. Аднолькавыя, аднолькава мёртвыя. Ніколі іх не любіла, але цяпер несла сама, бо нядобра, калі свежая магіла без кветак. Што людзі скажуць? Каля крыжа не затрымалася, толькі даліла гарэлкі, паплакала крыху і назад. Доўга ехала ў 68-м аўтобусе. Далёка да Паўночных могілак, але што зробіш? У яе цяпер вольнага часу хапае.
На вуліцах свята вясны, паўсюль цюльпаны ды мімозы. Жывыя. Жывыя трупы. Набыла галінку мімозы, як ён некалі, паставіла ў вазу, а побач — яго здымак.
«Што мне цяпер, Тосечка? Куды мне? Хіба што за табой... Адна я, зусім адна. Як я буду?»
Дзяцей Бог не даў, сяброўкі — хто дзе. Большасць засталася ў вёсцы, а яны з Анатолем паехалі ў сталіцу, за лепшым жыццём. З’ела яго тое жыццё, не папярхнулася. Цяпер толькі працаваць дзень і ноч, абы кватэру аплачваць і не звар’яцець. Быў чалавек — ды няма. Прыйшоў з працы, лёг тэлевізар глядзець, заснуў і не прачнуўся.
«Не магу я, Тося, без цябе. Забяры мяне...»
Ей ніхто не адказаў, але яна ведала, што сказаў бы муж.
— Дурная ты баба, Людка, — Анатоль глядзеў з папрокам. — Налівай. Чаго равеш? Радавацца трэба.
Выпіў чарку, пажаваў агурок.
— Ты Міколу перадай: як ён пазыку табе не верне, дык я сам па яе прыйду. Так і скажы, Людка, так і скажы.
Яна моўчкі наліла мужу яшчэ гарэлкі. У спальні грукнулі дзверы шафы.
— Пінжак мой любімы выкінула? Навошта?
Людміла перажагналася і схапілася за сэрца.
— Спалохалася? Хіба я цябе крыўдзіў калі?
He крыўдзіў. Добра жылі, нават калі перапіваў. Іншыя дык рабіліся злыя, агрэсіўныя, а яе Тосечка ласкавы, мяккі, нібы кацяня. Быў.
— Добрая ты ў мяне баба, Людка, — у перапэцканых пальцах з абламанымі пазногцямі ён круціў чарку. — Стамілася толькі, усё на твае плечы. Нічога, Людка, я цябе забяру з сабой. Чаго равеш? Дурная ты баба, Людка. Сама ж прасіла.
* * *
Яна, раскудлачаная, у хатнім адзенні, бегла да царквы. Пэўна, не дапаможа, але больш няма куды. Ад яе пахла могілкамі, мёртвымі бляклымі кветкамі. Пахла смерцю.
Яна не хацела смерці. Па-сапраўднаму — ніколі. Плакала, галасіла, а як інакш? Клікала яго, бо смуткавала. Клікала яго, а наклікала яе. Да царквы заставалася зусім крыху, і яна чула яго. Ён там, у яе за спінай. На плячо апусцілася цяжкая рука, у вачах пацямнела.
Ачуняла на могілках. Анатоль цягнуў яе да раскапанай, расчыненай труны.
— He плач, Людачка, патрывай. Хутка нам будзе добра. Разам.
Яна чаплялася за мёрзлую сакавіцкую зямлю пазногцямі. Мілыалі перад вачыма, дражніліся яркія штучныя ружы. Хто прынясе кветкі на яе магілу? Хто ўвогуле заўважыць, што яе больш няма?
Яны раптам запаліліся ў цемры. Два пільныя белыя вокі. Ліхтары.
— Сюды! Дапамажыце! Ратуйце!
— Дурная баба! — прароў Анатоль.
Ліхтары згаслі, сакавіцкая глеба пахла холадам. Жанчына амаль нічога не бачыла. Чула.
Тупат. Збітае дыханне. Удары. Шэпт. Жывёльнае выццё таго, што калісьці было яе мужам.
—Яна мая! Мая!
Яна сціснулася. Нехта закрыў яе сабой.
— Міхась, прэч!
Анатоль схапіў яе за лыткі, пацягнуў у труну.
— Мая-а-а!
Яркае святло. Цішыня.
Яна ляжала на дне магілы. Побач — перапэцканыя ў брудзе штучныя ружы.
Дурная ты баба, Людка.
Спайс
Міхась сядзеў, падабраўшы ногі, абхапіўшы калені рукамі. Вусны разбітыя, на скуле драпіна. Час ад часу кранаў яе, незадаволена цыкаў і зноў заміраў. Знахарка села насупраць, падсунула яму кубак гарбаты. Міхась цяпер рэдка заходзіў, толькі калі тэрмінова патрэбны былі зёлкі, якія нечакана скончыліся, альбо калі неабходна было адпачыць ад тыранічнага сябра.
— Так далёка вашы сваркі яшчэ не заходзілі...
Хлопец стомлена зірнуў на яе.
— Гэта быў Непрытомнік. Вал кожную вясну могілкі правярае. Сёлета пачвары разышліся, што называецца, на ўсе застаўкі. Я хацеў, як лепш, але...
— Дык гэта не Усевалад?
— Ён. Ай, я так тлумачу па-дурацку... Карацей, я перашкодзіў яму працаваць, палез пад руку. Непрытомнік кінуўся на жанчыну, а я закрыў яе сабой. Замест таго каб валіць пачвару, яму давялося ратаваць мяне. Атрымалася замінка. Небяспечная... Ну ён і заляпіў мне па твары. У выхаваўчых мэтах, як ён сам кажа. Ну, ты ж ведаеш Вала...
Жанчына пашкадавала, што Міхасёў бацька на сустрэчы па працы. Яму заўсёды было прасцей знайсці патрэбныя словы, каб падтрымаць сына. Яна ж магла толькі злавацца на самаўпэўненага Ваяра, які ставіўся да адоранага Знахара як да ўласнасці.
— Ён павінен быць удзячны проста за тое, што ты побач. Ты не ягоны падначалены, нават не вучань. Хаця і гэта не апраўдвала б гвалт!
— Я якраз недзе паміж, Ядзя, — хмыкнуў Міхась, ізноў дакрануўся да драпіны. — Дробязь, зажыве. Ёсць для нас навіны?
— Здаецца, не. Хіба што... Учора прыходзіла жанчына. Сын не можа злезці з наркаты. Я на нячысцікаў не падумала — людзі самі спраўляюцца. Але калі ты кажаш, што яны разышліся...
* * *
Цемра глядзела ў вочы, абдымала дзясяткам ледзяных далоняў, казытала сотняй вузлаватых пальцаў. Холадна. Яго не адпусціць. Ён увесь час будзе тут, прыкуты, прывязаны да яе. Горача. 3 ключыц, з рэбраў рос лес. Вакол плёскалася бясконцае мора, бяздоннае, салёнае, балючае. Яго вывернулі вонкі і павесілі сушыцца, як пасціраны заплечнік. Холадна. Ён бачыў уласныя вантробы. Рознакаляровыя сабакі лізалі яму пяткі вясёлкавымі языкамі. Маці з пацучынай пысай замест твару кусала яго пальцы. Горача. Белыя, тонкія, як ніткі, чарвякі тачылі яго сэрца, чорныя зубы цемры ўгрызаліся ў косткі. Цела гарэла, лес гарэў. Холадна. Чарцяня, парослае рэдкай жорсткай поўсцю, цягнула да яго лапкі, задаволена рохкаючы. Трымай яшчэ крыху чароўнага зелля. Без яго ты нішто.
* * *
Пахла вішняй, вішнёвым вэйпам. Зацягнуцца б разок. Хто даведаецца? Металічны корпус прыемна лёг у далонь, палец сам намацаў кнопку. Толькі раз.
Усевалад выбіў вэйп у Міхася з рук, сунуў замест яго арбалет.
— Гэта Апівень. Калі мяне пачне глючыць — страляй.
Усевалад даўно навучыў яго карыстацца гэтай штукай і нярэдка ладзіў трэніроўкі. Аднак у нячысціка Міхась яшчэ ні разу не страляў.
— Хіба Апівень не па алкаголі спецыяліст?
— Эвалюцыя, — Усевалад паціснуў плячамі.
Апівень чапляўся да людзей, схіляючы іх да п’янства. На кожным застоллі — няпрошаны госць. Падліваў, пакуль не бачаць, дражніў п’яных, учыняў бойкі. Але галоўная мэта Апіўня — выпрацаваць залежнасць. Толькі ў сферы алкаголю ніякаму нячысціку з людзьмі не спаборнічаць. Трэба шукаць іншыя сферы ўплыву, тым больш цяпер гэтых сфер дастаткова: цыгарэты, наркотыкі, інтэрнэт.
Істота з’явілася знянацку: невялікая і на першы погляд нават мілая, падобная да рагатага парсючка, які стаіць на задніх лапках. Задаволена рохкнула, вывучаючы Усевалада.
Няўжо ў Ваяра ёсць слабасці? У чалавека, які ніколі не прапускае ранішнюю прабежку, які не спрабаваў ні алкаголю, ні тытуню. У таго, хто п’е гарбату без цукру і не любіць салодкае, на чыім тэлефоне ніводнай сацыяльнай сеткі.
Пакуль Усевалад плёў Арнамент, Апівень памножыўся. Іх стала пяцёра, і ўсе яны агідна вішчалі ды здзекліва крывілі лычы. Усевалад забіў аднаго, і яшчэ, і яшчэ. На месцы кожнага забітага з’яўляліся два новыя.