Асновы філасофіі
(курс лекцый)
Памер: 278с.
Гародня 1994
існуе заканамерная сувязь паміж фінальнымі і інструментальнымі каштоўнасцямі. Справа ў тым, што кожная мэта патрабуе для свайго здзяйснення адпаведных ёй срадкаў. У сваю чаргу, наяўныя сродкі дыктуюць выбар адэкватных мэтаў. Спецыялісты, напрыклад, лічаць, што выхад з эканамічнага крызісу і нарошчванне вытворчасці як мэты дапускаюць выкарыстанне досыць разнастайных, але не любых сродкаў. Гэта можа быць і прававая норма, якая стымулюе капіталаўкладанні ў вытворчасць і стварэнне пэўных пераваг для тых фірмаў, што актыўна ўводзяць новую тэхніку і прагрэсіўныя тэхналогіі, і заахвочванне высокакваліфікаванай працы і г. д. Калі ж сродкі не адпавядаюць мэтам, тады атрыманы вынік можа радыкальна адрознівацца ад задумкі. Нездарма ж сярод многіх народаў даўно ходзіць думка, аб небяспецы карыстацца гвалтам нават дзеля самых прыцягальных мэтаў. В’етнамская легенда сцвярджае, што той, хто заб’е дракона, непазбежна сам зробіцца гэтай злобнай пачварай.
і тэорыя, і вопыт гавораць аб тым, як важна каб сродкі былі надзейна ўзгоднены з канечнымі мэтамі. A то часам атрымліваецца, што сродкі нібыта і неблагія, але яны вырашаюць лакальныя задачы. Канечны ж вынік да пэўнага часу схаваны ад зроку людзей. Грэбаванне аддаленай перспектывай можа прывесці да зусім нечаканай развязкі, якая ніяк не супадае з надзеямі людзей. Добра вядома, што мёртвая Сахара была некалі квітнеючым краем з пышнымі лясамі і мноствам дзікіх звяроў. Але непрадбачлівыя дзеянні паляўнічых і жывёлаводаў, якія займаліся сваімі штодзённымі справамі, спакваля і неўзаметку загубілі багацейшы ў мінулым куточак Афрыкі.
Сувязь фінальных і інструментальных каштоўнасцей яшчэ і ў тым, што мэта здольна ператварацца ў сродак, а сродак можа быць мэтай. Трактар гэта мэта і прадукт вытворчага калектыву, які яго вырабляе. Але той жа трактар у другой сістэме суб’ектна-аб’ектных адносінаў аказваецца ўжо сродкам апрацоўкі глебы.
Праблема абарачальнасці мэтаў і сродкаў змяшчае ў сабе адзін істотна важны момант, які закранае лёсы людзей. На яго ўказваў яшчэ Кант, калі катэгарычна заяўляў, што чалавек заўсёды павінен быць толькі мэтай і аніколі сродкам. У рэальнай практыцы гэтая забарона часамі парушаецца. Тады аддаецца перавага грамадскім і дзяржаўным інтарэсам над асабовымі, распаўсюджваецца прымусовая праца, ігнаруюцца элементарныя патрэбы людзей, практыкуецца маніпуляцыя грамадскай свядомасцю. Людзі пачуваюць сябе ў такім грамад-
стве вельмі няўтульна. Патрэбны вялікія намаганні, каб вывесці сацыяльную сістэму з гэтага стану. Абавязковай умовай адраджэння нармальнага жыцця з’яўляецца кулыываванне гуманістычных ідэалаў.
Дык у чым жа асаблівасць практычнага асваення свету чалавекам? Яна праглядваецца праз цэлы шэраг адметных уласцівасцей практыкі. Вось найбольш фундаментальныя з іх. 1. Дзеянні людзей сацыяльна зарыентаваны, тады як паводзіны жывёлы вызначаны біялагічна. 2. Дзейнасць жывёлы аднамерная. Крот рые норы, а бабёр узводзіць плаціны. Але яны не могуць памяняцца ралямі. Між тым як дзейнасць чалавека многамерная і ўніверсальная, Людзі ствараюць новую штучную прыроду і робяць яе сувымернай сабе. 3. Чалавеку не ўласцівая біялагічна спецыялізаваная дзейнасць жывёлы. Людзі ствараюць прылады, якія як бы прадоўжваюць і ўзмацняюць іх натуральныя органы. 3 дапамогай гэтых сродкаў лёгка ўдаецца выконваць тое, што ніяк не зробіш аднымі рукамі. Машыны пілуюць, свердзяць, даўбуць, габлююць і г, д. 4. Паколькі абнаўляюцца сродкі дзеяння і ўдасканальваецца тэхналагічны арсенал чалавека, багацей робяцца ягоныя навыкі і ўменне мадэляваць чакаемы вынік, пастолькі дзейнасць людзей з’яўляецца адкрытай.
ПРАКТЫКА
І ТЫПАЛОГІЯ САЦЫЯЛЬНЫХ ЛЗЕЯННЯЎ
У час дзейнасці людзі сустракаюцца з прадметамі і з’явамі бясконца разнастайнага матэрыяльнага свету, які да таго ж знаходзіцца ў няспынным руху і станаўленні. Падкрэсліваючы гэты факт, Н. Фёдараў гаварыў аб незавершанасці прыроды. Чалавек як актыўны пачатак атрымлівае магчымасць яе давызначэння. Дзейнасць людзей пры гэтым вар’іруецца ў вельмі
шырокім дыяпазоне ў залежнасці ад аб’екта прыкладаемых намаганняў, ад характару суб’екта, ад тыпу тых сродкаў, якімі яны карыстаюцца, ад матываў, якія яе накіроўваюць і г. д.
На золку існавання грамадства дзейнасць людзей была непадзельнай.Яна аб’ядноўвала матэрыяльныя і духоўныя элементы. Затым жыццё грамадства зрабілася больш складаным і духоўная вытворчасць вылучылася з матэрыяльнай. Аднак між імі захоўваецца самая цесная сувязь. Практыка як матэрыяльная дзейнасць утварае аснову сацыяльнага жыцця і ў пэўнай меры вызначае з’яўленне іншых формаў чалавечай актыўнасці.
Зыходнай формай практычных дзеянняў з’яўляецца матэрыяльная вытворчасць. Цераз яе чалаеек суадносіцца з прыродай. Людзі ўздзейнічаюць на прыроду і ствараюць прынцыпова новы ачалавечаны свет будуюць гарады, пракладваюць дарогі, вырошчваюць хлеб. Матэрыяльная вытворчасць патрабуе ўсталявання розных формаў супрацоўніцтва паміж яе суб’ектамі. У працэсе яе развіцця фарміруюцца і ўдасканальваюцца эканамічныя адносіны.
Матэрыяльная вытворчасць вырастае з прадметна-прыладнай дзейнасці. Звычайна прылада ўяўляе сабой пэўную тэхнічную канструкцыю. Зразумела, што тэхніка адыгрывае выключную ролю ў сацыяльнай дзейнасці. Пераход ад ручной тэхнікі да машыннай, а затым і да аўтаматызаванай абазначыў важныя этапы асваення чалавекам прыроды.
Паняцце тэхнікі двуадзінае па сваёй сутнасці. Разам са створанымі чалавекам устройствамі, ці артэфактамі, яно абазначае таксама сукупнасць пэўных навыкаў, умеласцей і ўзораў дзеяння. Паміж двума гэтымі адценнямі сэнсу існуе самая цесная сувязь. Машыны, станкі і другія ўстройствы прыводзяцца ў рух і выконваюць сваё прызначэнне толькі суб'ектам, які мае адпаведную кваліфікацыю. 3 іншага боку, пэўны якасны ўзровень артэфактаў патрабуе дастатковай падрыхтоўкі спецыялістаў.
Усе тэхнічныя збудаванні павінны адпавядаць аднаму важнаму патрабаванню: іх неабходна адначасова прыстасаваць як да чалавека, так і да знешніх умоў. Кабіна самалёта будуецца так, каб пілоту было ў ёй утульна. Поруч з тым самалёт ствараецца на падставе аэрадынамічнх законаў, інакш бы ён не лятаў. Разугадненне паміж чалавечым і прыродным бакамі тэхнікі тоіць у сябе небяспечныя вынікі. Амерыканскія даследчыкі ўстанавілі, што колькасць прыбораў на пульце кіравання атамнай электрастанцыяй перавышае псіхічныя магчымасці аператара. Пагэтаму ў крытычных выпадках ён зведвае вялікі стрэс. Узнікае сітуацыя, трапна вызначаная ўсходняй прымаўкай, якая паведамляе, што ў вярблюда свае планы, а ў паганятага свае. Аптымальна пабудавана тая машына, якой лёгка і проста кіраваць, дасягаючы задуманага выніка, г. зн. калі ў ёй добра збалансаваны чалавечы і прыродны пачаткі.
Значэнне тэхнікі не толькі ў тым, што з яе дапамогай ажыццяўляецца пераўтварэнне прадметнага асяроддзя. Адносіны да яе вызначаюць увесь лад жыцця людзей, іх светапогляд. 3 ёю звязаны такія філасофскія канцэпцыі, як тэхнакратызм і анцітэхніцызм.
Тэхнакратызм надае выключнае значэнне тэхніцы і тэхналогіі ў жыцді грамадства. Дапускаецца, што яны аказваюць рашаючы ўплыў не толькі на развіццё матэрыяльнай вытворчасці, але і на палітыку, навуку, мастацтва. На практыцы гэта вызывае цікавую метамарфозу, калі спрэс тэхнічныя задачы раптам атрымліваюць самастойнае значэнне і выпадаюць з кантэксту культуры. Прыгадаем сумны вопыт асушэння балотаў Палесся, на што грамадства выдаткавала вельмі вялікія сродкі. Балоты сапраўды асушылі, але сацыяльна-культурны эфект гэтага не можа задаволіць: разбураецца глеба, сохнуць лясы, звяры і птушкі пакідаюць адвечныя месцы свайго пражывання. Але галоўнае (вось іронія лёсу!) праз некалькі год пачала падаць ураджайнасць. А толькі дзеля яе і была зроблена гэтая акцыя. Аказваецца, выканаўцы чамусьці не палічылі неабходным адрэгуляваць узровень грунтовай вады.
Антытэхніцызм, насупраць, ва ўсіх няўдалых спробах сацыяльнага дзеяння вінаваціць навуку і тэхніку. Калі ён ахоплівае масавую
свядомасць, тады ў людзей фарміруецца падазрона-варожыя адносіны да навукі і яе тэхнічных увасабленняў, узнікае антыінтэлектуалізм. Гэта яскрава прадэманстравалі падзеі французскай рэвадюцыі канца ХУІІІ ст. Адзін з яе натхніцеляў, Марат, называў знакамітага хіміка Лавуаз’е паразітам. Жыццёвы шлях вучонага перарвала гільятына. A вядомы матэматык, фізік і астраном Лаплас быў вымушаны, каб захаваць жыццё, пакінуць сталіцу і скрывацца ў правінцыі. Гісторыя навукі ведае спробы забараніць некаторыя перспектыўныя даследаванні, стварыць перашкоды на шляхах развіцця новых галін ведаў. Такі незавідны лёс напаткаў некалі ў СССР генетыку і кібернетыку.
Зразумела, што анцітэхніцызм, як і тэхнакратызм, пакутуе аднамернай ацэнкай ролі тэхнікі ў жыцці грамадства наогул і ў матэрыяльнай вытворчасці ў прыватнасці. Зараз не існуе альтэрнатывы навукова-тэхнічнаму развіццю. іншая справа, што яму патрэбна надаць гуманны характар.
Наступнай формай практыкі з’яўляецца грамадска-гістарычная дзейнасць. Калі матэрыяльная вытворчасць зарыентавана на знешні свет, то гэтая форма практыкі накіравана на само грамадства. Тут карыстаюцца вельмі спецыфічнымі сродкамі, у якасці якіх выступаюць грамадскія ўстановы, інстытуты і арганізацыі. Гэта форма практыкі забяспечвае фарміраванне, узнаўленне і развіццё грамадскіх адносін. Яна ахоплівае палітычны лад грамадства і ягоны прававы механізм, выходзіць на ўзровень маральных сувязей паміж людзьмі.
У ходзе грамадска-гістарычнай практыкі адбываецца стратыфікацыя людзей узнікаюць этнічныя супольнасці, з’яўляюцца класы, фарміруюцца саслоўі і касты, утвараюцца групы, якія адрозніваюцца па прафесійных прыкметах і г. д. Кожная з такіх груп, з’яўляеца суб’ектам сацыяльнага дзеяння са сваімі інтарэсамі і мэтамі. Дзеянні розных супольнасцей накладваюцца адно на адно, ствараючы багатую палітру гістарычных падзей. Паміж суб’ектамі сацыяльнага дзеяння ўсталёўваюцца пэўныя сувязі, спектр якіх вельмі шырокі ад супрацоўніцтва да адкрытай варожасці. Гістарычны вопыт даўно пацвердзіў высокую вартасць у міжсуб’ектных зносінах агульначалавечых каштоўнасцей. Арыентацыя на іх з’яўляецца надзейнай гарантыяй міру, паступовага эканамічнага і сацыяльнага развіцця народаў.