Асновы філасофіі
(курс лекцый)
Памер: 278с.
Гародня 1994
Аналіз чалавека распачынаецца з устанаўлення яго належнасці да біялагічнага віду, але не спыняецца на гэтым. Чалавек, як мы высветлілі ў папярэдніх раздзелах, мае біясацыяльную прыроду, у якой яе духоўныя якасці прадвызначаюцца менавіта сацыяльна. Для абазначэння сацыяльнасці чалавека ў філасофіі ўжываюцца паняцці асобы і індывідуальнасці. Паняцце асобы адлюстроўвае сутнасць чалавека, самае галоўнае ў ім, тое, што адрознівае чалавечы від ад усіх іншых біялагічных відаў. Выходэіць, што асоба гэта чалавек, як гавораць, у
яго сацыяльнай якасці. У даным выпадку асабовую характарыстыку чалавека адлюстроўвае вядомая формула К. Маркса: „Сутнасць чалавека не ёсць абстракт, уласціва асобнаму індывіду. У сваёй рэчаіснасці яна ёсць сукупнасць усіх грамадскіх адносін (К. Маркс, Ф. Энгельс Соч., 2-е нзд. Т. 3. С. 3). Іншымі словамі, паняцце асобы адлюстроўвае не проста чалавека, чалавечага індывіда, а чалавека як сацыяльную істоту, яе сацыяльную сутнасць. І тут узнікае пытанне: a ці можа быць інакш, ці можа чалавек быць пазасацыяльнай істотай? Ці магчыма, каб чалавек не быў асобай? На першы погляд, гэта неверагодна. Але гэтая неверагоднасць уяўная, паколькі наша свядомасць прызвычаілася атаясамліваць чалавека і асобу. На самай справе гэта не толькі розныя бакі тэарэтычнага погляду на чалавека, яны часам не супадаюць і ў рэальным жыцці. Прывядзем прыклады. Дзіця, якое толькі што нарадзілася, з’яўляецца індывідам, але гэта яшчэ не асоба. Спецыялісты ў галіне псіхалогіі дзяцінства сцвярджаюць, што дзіця становіцца асобай, калі пачынае ўжываць займеннік „я”, гэта значыць калі ў яго з’яўляецца самасвядомасць. Звычайна гэта адбываецца ў
трох гадовым узросце. He выпадкова менавіта з гэтага часу мы пачынаем памятаць саміх сябе. Тое ж датычыцца людзей, якія маюць сур’ёзныя хібы ў псіхічным развіцці. Нагадаем, дарэчы, гогалеўскага героя з „Запісак вар’ята”, які ўявіў сабе, што ён гішпанскі кароль. і такіх прыкладаў, нажаль, вельмі багата і ў літаратуры, і ў жыцці. Яшчэ адна сітуацыя, калі чалавек не набывае сацыяльных рыс, не становіцца асобай гэта тыя вядомыя выпадкі, калі дзеці не трапляюць у чалавечае асяроддзе, гэта людзі, ўзгадаваныя ў дзікай прыродзе. Апісаныя ў літаратуры індыйскія дзяўчынкі Амала і Камала і іх лёс ілюстрыруе менавіта гэтую сітуацыю.
Ва ўсіх іншых выпадках чалавек, індывід з’яўляецца асобай. і ні ў якім разе нельга падмяняць філасофскі сэнс гэтага паняцця публіцыстычным. Сапраўды, часта даводзіцца чуць меркаванні пра тое, што асоба гэта абавязкова выдатны чалавек, які мае незвычайны інтэлект, моцную волю і г. д. Просты, звычайны, непрыкметны чалавек не мае падставы лічыць сябе асобай. Дапушчальны ў штодзённай гаворцы, гэты падыход не адпавядае філасофскаму разуменню асобы. 3 філасофскага пункту гледжання асобай з’яўляецца кожны чалавек разумны, і не вельмі, герой і здраднік, той, пра якога ідзе гаворка ў свеце і хто ўсё жыццё пражыў невядомым. Асобай быў Сакрат, імя якога засталося ў стагоддзях, але і невядомыя афіняне, якія прысудзілі яго да пакарання смерцю, таксама былі асобамі. Нельга, выходзіць, атаясамліваць паняцці а с о б ы і вялікай, ці гістарычнай асобы. Вялікія вучоныя, пісьменнікі, як і вялікія злачынцы ўсе яны дзякуючы розуму, або хітрасці, сіле волі, або славалюбству, таленту, або прагнасці пакінулі месца ў гісторыі, ў памяці нашчадкаў гэта гістарычныя асобы. Ітак са сказанага зразумела, што абсалютная большасць людзей з’яўляецца асобамі, пры гэтым пэўная частка з іх належыць да кола гістарычных ці вялікіх асоб.
Такім чынам, асоба гэта чалавек, які разглядаецца ў якасці носьбіта сацыяльных рысаў. Пра якія рысы або якасці ідзе гаворка? Дапамагчы адказаць на гэтае пытанне можа лінгвістычны аналіз самога тэрміна „асоба”. Англійскі і нямецкі адпаведнікі гэтага слова „person,, этымалагічна ўзыходзяць да лацінскага „persona,,. У старажытным Рыме так называлася маска, якую ўжываў акцёр на сцэне, а з цягам часу так пачалі называць і самога акцёра выканаўцу ролі. Цікава заўважыць, што рускі адпаведнік „лмчность” мае такую ж самую этымалогію. Ён паходзіць са стараславянскага слова „лічына”, што як і лацінскае „persona,,, абазначала тэатральную маску. Што’ датычыць беларускага слова „асоба”, то яно запазычана з польскай „osoba,,. У старабеларускай мове гэтае слова мела значэнне „форма, сукупнасць рысаў, твар”. (Гл. Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 1. С. 177-178). Мы зрабілі гэтае этымалагічнае падарожжа, каб зразумець, што паняцце асобы звязана з засваеннем чалавекам сацыяльных якасцей праз жыццё ў грамадстве, праз зносіны з іншымі людзьмі, праз сацыяльныя ролі, якімі авалодвае чалавек ў працэсе сваёй жыццядзейнасці.
Для абазначэння чалавека выкарыстоўваецца яшчэ адно паняцце „індывідуальносць”. Сэнсавая набліжанасць паняццяў асоба і індывідуальнасць у тым, што кожная асоба індывідуальная, а кожная індывідуальнасць асабовая. і гэта не славесная забава. Паняцце індывідуальнасці адлюстроўвае тыя рысы, якія характарызуюць асобу, ўласцівы толькі ёй, вызначаюць яе адметнасць і непаўторнасць. У такім значэнні індывідуальнасць выступае як антытэза тыпу, „тыповаму прадстаўніку” таго ці іншага асяроддзя. Самое слова „індывідуальнасць” у бытавой гаворцы звычайна спалучаецца з эпітэтам „яркая”, „самабытная”, „непаўторная”. Зразумела, што кожны чалавек індывідуальны. Індывідуальны яго погляд на свет і на жыццё, індывідуальныя яго звычкі, здольнасці і слабасці. індывідуальнае яго жыццё, яго асабістае імя і прозвішча. Асабліва яскрава, адмыслова індывідуальнасць праяўляецца ў схільнасцях, у густах, у творчых здольнасцях, карацей кажучы, ва ўсім тым, у чым чалавек не падобны да іншых і чаму ён аддае перавагу. Менавіта таму зносіны з яркай індывідуальнасцю заўсёды вабяць. Яшчэ Мішэль Мантэнь пісаў: „Кожны чалавек можа сказаць нешта, але не так багата тых, хто здольны выказаць гэта прыгожа, разумна, немнагаслоўна”. індывідуальнасць, чым болей яна таленавітая, арыгінальная, глыбокая, заўсёды лічыцца нацыянальным багаццем. Таму абавязак бацькоў перад дзецьмі, настаўнікаў перад вучнямі, дзяржавы перад грамадзянамі не падаўляць індывідуальнасць, не раўняць усіх дзеля „прынцыпаў калектывізму”, а выяўляць яе і ствараць умовы для самаразвіцця асобы.
Аналіз галоўных паняццяў тэмы дазваляе зразумець і апісаць дыялектыку існасці і існавання чалавека. Падкрэслім яшчэ раз, што чалавечая супольнасць гэта біясацыяльная арганізацыя. Асобна ўзяты яе прадстаўнік уяўляецца як індыв'д, які вызначаецца сваёй цялеснай пабудовай, генетычна закладзенымі патрэбамі, атрыманай у спадчыну праграмай біялагічнага быцця. У той жа час асоба выражае надбіялагічнае ў чалавеку, тое, што засвойваецца ім ў грамадстве, набываецца праз культуру. У асобна ўзятым чалавеку якасці індывіда і асобы спалучаюцца і адначасова процістаяць як біялагічнае і сацыяльнае. У супольнасці „індывід” суадносіцца з відам, а асоба з грамадствам. Калі мы ўводзім паняцце індывідуальнасці, то ўжываем яго для процістаўлення чалавека грамадству як асобнага агульнаму, індывідуальнага супольнаму.
Асэнсаванне дыялектыкі індывіда, СТРУКТУРА АСОБЫ асобы, індывідуальнасці дазваляе наблізіцца да вырашэння наступнага пытання -
раскрыць структуру асобы і вызначыць фактары, якія ўплываюць на яе станаўленне. Гэта няпростая задача. Заўсёды чалавечая душа ўяўлялася людзям як нешта таямнічае і недаступнае. Разважаючы аб чала-
вечай душы, французскі філосаф Блёз Паскаль пісаў: „Нішто не простае з таго, што адбываецца ў свеце, і душа нікому не даецца як нешта простае”. Невыпадкова ў мове народа замацаваліся вядомыя прыслоўі: „душа як лес”, або „душы на далонь не вымеш і не пакажаш”.
Вырашаючы задачу аналізу структуры асобы, філасофія зыходзіць з таго відавочнага факта, што апошняя можа разглядацца як бы з двух бакоў знешняга і ўнутранага. Унутраны бок асобы гэта яе духоўнасць, нябачны свет, псіхіка, тое, што звычайна завуць душой. Знешні бок гзта яе дзейнасць, дачыненні, паводзіны, зносіны, іншыя вонкавыя праявы. Гэта тое, што бачна ў чалавеку, што ўспрымаецца, што дадзена аб’ектыўна.
Знешняе і ўнутранае знаходзяцца ў арганічнай сувязі, у адзінстве. Ва ўчынках, дзеяннях праяўляецца схаваны ад пабочных унутраны свет чалавека. Перавод унутранага плана ў знешні завецца на мове філасофіі экстэрыярызацыяй (ад лацінскага exterior знешні). Разам з тым сам унутраны свет фарміруецца ў працэсе грамадскага жыцця. Чалавек жыве сярод іншых людзей, у супольнасці, засвойваючы запазычаныя ёю жыццёвыя погляды, нормы паводзін, звычаі, веды, вераванні, забабоны і г. д. Такі перавод знешняга ва ўнутранае мае назву і н т э р ы я р ы з а ц ы і (лацінскае interior унутраны). Адзінства знешняга і ўнутранага, іх складаная дыялектычная ўзаемасувязь з’яўляюцца адным з галоўных прадметаў філасофскага вывучэння асобы.
У гісторыі філасофскай думкі склаліся розныя падыходы, у якіх па-рознаму ставілася і вырашалася праблема „знешняе ўнутранае” ў дачыненні да асобы. 3 аднаго боку, гэта пазіцыі, якія вырашальную ролю ў фарміраванні асобы надалі знешняму фактару, выхаванню. Прыкладам можа служыць эпоха Асветніцтва. Мысліцелі таго часу разглядалі асобу як „белы аркуш паперы”, на якім умелая рука выхавацеля можа напісаць любыя радкі. Чыстая, некранутая душа дзіцяці гэта „tabula rasa,,, „чыстая дошка” (паняцце, уведзенае Дж. Локам). 3 тых часоў захавалася прыслоўе пра тое, што няма кепскіх вучняў, ёсць кепскія настаўнікі. Такі падыход быў для свайго часу вельмі станоўчым. Але ён пакідаў без адказу пытанне, чаму ў аднолькавых сацыяльных умовах, нават у адной сям’і з’яўляюцца зусім розныя людзі.
3 другога боку існавалі і існуюць погляды, паводле якіх асабовыя рысы ў малой ступені залежаць ад асяроддзя. Яны закладзены ў самой асобе, дадзены ёй, запраграмаваныя. Тут могуць быць асаблівасці цялеснай пабудовы. Дарэчы нагадаць фізіягноміку. Фізіягнамісты лічаць, што адзіны позірк на твар чалавека, на яго постаць дазваляе выкрыць яго душу, вызначыць схільнасці, зрабіць прадказанні лёсу. Расказваюць, што калі Франсуа Шампальёну, чалавеку, які дэшыфраваў старажытнаегіпецкія іерогліфы, было ўсяго 3-4 гады, яго выпадкова ўбачыў фізіягнаміст і ўсклікнуў: „Гэта будзе вялікі лінгвіст!” А могуць быць таксама некаторыя псіхалагічныя кампаненты асобы, у прыватнасці, несвядомае. Несвядомыя працэсы складаюць асноўную дэтэрмінанту асабовага развіцця ў тэорыі псіхааналізу, з