• Газеты, часопісы і г.д.
  • Асновы філасофіі (курс лекцый)

    Асновы філасофіі

    (курс лекцый)

    Памер: 278с.
    Гародня 1994
    102.89 МБ
    Зразумела, што чалавек гэта адзіная істота, дзйнасць якой мае мэтанакіраваны і асэнсаваны характар. Маючы волю, якой ён падпарадкоўвае свае ўчынкі, чалавек мае права жадаць і магчы. Хацець і магчы выбіраць найважнейшыя атрыбуты асобы, ў якіх выражаецца „гэтае салодкае слова свабода”. Свабода, такім чынам, гэта родавы прызнак чалавека, адметны прызнак, уласцівы як кожнаму чалавеку паасобку, так і чалавецтву ўвогуле. Свабода для чалавека гэта гістарычны, сацыяльны і маральны імператыў, крытэрый яе індывідуальнасці і ўзроўню развіцця грамадства. У канчатковым выніку, менавіта дзякуючы свабодзе, грамадства набывае здольнасць не проста прыстасоўвацца да наяўных акалічнасцей навакольнай рэчаіснасці, але і пераўтвараць іх адпаведна сваім мэтам.
    У гісторыі грамадскай думкі свабода асобы заўсёды суадносілася з неабходнасцю. Калі ў паняцці асобы увасабляецца чалавечае „я магу”, то неабходнасць надае меры, граніцы гэтай магчымасці. Філосафы розных накірункаў і розных часоў прапанавалі розныя падыходы да разумення свабоды і неабходнасці. Нагадаем найбольш палярныя з іх. Падыход, пабудаваны на абсалютызацыі неабходнасці, звычайна завецца фаталізмам; у процілегласць яму абсалютызацыя свабоды аформілася ў тэорыях, абагульненых назвай в а л ю н т a рызму. Пяройдзем да больш падрабязнага іх разгляду.
    Назва „фаталізм” паходіць ад лацінскага „fatum”, што значыць „лёс”. Розныя напрамкі фаталізму зыходзяць з таго, што чалавечае
    жыццё больш-менш жорстка запраграмавана пэўнымі фактарамі. Што ж датычыць свабоды, то яна хутчэй бачнасць свабоды, чым магчымасць свабоднага дзеяння. Гэтую думку выказаў цытаваны ўжо ў пачатку данага раздзела Марк Аўрэлі: „Лёс накіроўвае таго, хто яго прымае, і цягне таго, хто яму працівіцца”. Такім чынам, галоўным паняццем фаталізму выступае паняцце лёсу. У дадзеным кантэксце лёс разумеецца як патаемны закон жыцця, які вызначае ўсе яго шляхі і акалічнасці. Лёс гэта закон, таму ён непазбежны. Яго нельга змяніць, унікнуць, падмануць. Пра адчуванне непазбежнасці сведчыць міфалогія і фальклор розных народаў свету. Вельмі выразна ідэя лёсу праяўляецца ў міфах старажытных грэкаў. Адзін з іх, прысвечаны цару Эдыпу, расказвае пра страшнае прароцтва, якое дадзена было яго бацькам дэльфійскім аракулам: нараджэнне сына прынясе ім няшчасце. Бацькі пазбаўляюцца сына, ён выхоўваецца ўдалечыні ад іх, у іншай краіне. Праходзіць час, і ўжо даросламу Эдыпу іншы аракул прадракае, што ён стане забойцай свайго бацькі і ажэніцца з уласнаю маці. Нягледзячы на ўсе спробы прадухіліць няшчасце, яно здарылася ў выніку на першы погляд зусім выпадковых акалічнасцей. Страшнае прароцтва здзейснілася, лёс астаўся непераможаным. Пра веру ў неадольнасць лёсу гавораць шматлікія фразеалагізмы. На Беларусі жыве прымаўка: „Што будзе суджана, тое не будзе адгуджана". Прыхільнікі фаталізму як на тэарэтычным, так і на бытовым узроўнях настойваюць на тым, што кожны крок жыцця (нараджэнне і смерць, жаніцьба і колькасць дзяцей, праца і схільнасці і г. д. і г. д. усё прадвызначана загадзя. Але кім прадвызначана? Нейкай сілай, якая кіруе законам жыцця, і гэтая сіла таямнічая, крыніца яе нябачная, неадчувальная, схаваная, недаступнаязвычайнаму чалавеку.
    У разуменні прыроды гэтай сілы фаталізм падзяляецца на два накірункі містычны, і рацыяналістычны. Мяжа, якая іх падзяляе, даволі ўмоўная, але тым не менш існуе. Містычныя накірункі фаталізму зыходзяць з таго, што жыццё прадвызначаецца нейкімі пазапрыроднымі сіламі. Напрыклад, у старажытнасці ў некаторых народаў існавала павер’е, што лёс жывых вызначаецца душамі памёршых. Таму іх магілы рытуальна аздабляліся, ім прыносілі ахвяры, на магілы клалі ежу і г. д. Дарэчы, рэшткі гэтых звычаяў захаваліся да сённяшняга дня, у тым ліку на Беларусі. У пэўных рэлігіях (у прыватнасці, у ісламе) фаталізм складае падставу тэалагічнай дактрыны. Бог не толькі стварае свет, але кіруе ім (правідэнцыялізм). Як гаворыцца ў Каране, ні адзін волас не ўпадзе з галавы чалавека без волі Алаха, і ўсё тое, што адбываецца ў свеце, загадзя запісана ў „кнізе лёсаў”. Вызначаць лёс могуць і іншыя пазанатуральныя сілы. Яны застаюцца для звычайнага чалавека непазнавальнымі, і толькі некаторым „абраным” людзям (прарокам, яснавідцам, варажбітам) дадзена незвычайная сіла чытаць і прадказваць лёс. Трэба зазначыць, што ў некаторых культурах звяртанне да такіх прадказальнікаў складала вельмі істотны элемент ладу жыцця. Так, у антычнай Грэцыі існаваў звычай звяртацца да аракулаў, якія выконвалі менавіта функцыю прадказальнікаў лёсу як для прыватных асоб, так і дзяржаўных дзеячоў. Дарэчы зазна-
    чыць, што сацыяльная патрэба ў такіх функцыях узрастае ў крызісныя перыяды развіцця грамадства, калі ломяцца традыцыйны лад жыцця і яго каштоўнасці. Менавіта ў такія часы чалавек адчувае сябе ў руках нейкай таямнічай сілы, якая кіруе сусветам і носіць яго, чалавека, як пясчынку ў пустыні і якой трэба падпарадкоўвацца. Сучасная цікаўнасць да лёсапрадвызначальнай містыкі ў нашай краіне ёсць прамы вынік распаду СССР і тых працэсаў, якія перажывае грамадства ў т. зв. посттаталітарны перыяд яго развіцця.
    Існуе і іншы напрамак фаталізму, які можна вызначыць як рацыяналістычны. Ён таксама зыходзіць з ідэі аб наканаванасці чалавечага (дарэчы, як і грамадскага) лёсу, і непазбежнасці ўсяго, што адбываецца ў жыцці. Ён таксама прыніжае ролю свабоды да яе адмаўлення, але ў якасці фактараў лёсу разглядае натуральныя, рэальныя, прыродныя падставы. Да іх могуць належаць, напрыклад, тэмперамент, фізіялагічныя дадзеныя, або касмічныя ўздзеянні. Дарэчы тут нагадаць усім вядомую хірамантыю (якая, зрэшты, на нашых вачах пераўтвараецца ў навуку дэрматагліфіку) і якая найбольш выразна ўяўляе такі падыход. Паводле яго прырода запраграмавала чалавечы лёс, і ён зафіксаваны ў адпаведных кодах лініях далоні. Лінія жыцця скажа, колькі наканавана пражыць гадоў. Лінія сэрца падкажа, колькі разоў давядзецца пакахаць і г. д. Хірамантыя ўяўляе бытавы ўзровень „рацьіянальнага" фаталізму. Што ж датычыць яго тёарэтычных абгрунтаванняў, то яны чэрпаюцца ў механістычным матэрыялізме, і як і бытавыя разнавіднасці не пазбаўлены таямнічасці і містыцызму.
    Сёння ў вялікай модзе кіраўнікі фаталізму, якія можна было б назваць „астральнымі”. Ва многіх краінах (і наша не выключэнне) яны маюць амаль што дзяржаўны статус, іх прагнозы друкуюцца ў газетах, часта да іх звяртаюцца дзяржаўныя дзеячы і іншыя адказныя асобы. Гэта ўсім вядомыя гараскопы, паводле якіх вызначаецца лёс чалавека, супольніцтва, дзяржавы, чалавецтва. Астролагі, спасылаючыся на зоркі, гавораць аб магчымасцях той або іншай сітуацыі, з’явы, выніку, не прадракаючы іх непазбежнасць. Тым не менш свабодная воля чалавека абмяжоўваецца да мінімуму.
    Нягледзячы на розніцу, якая існуе паміж гэтымі падыходамі, іх аб’ядноўвае прызнанне неадольнасці лёсу. Лёс існуе, ён непазбежны, непрадухільны; існуе таксама сіла (або сілы), якая непадуладна чалавеку і якая гэты лёс вызначае. Што ж датычыць самога чалавека, то ён, зразумела, мае волю, розум, жаданні, але павінен ведаць, што супрацьстаянне лёсу рэч дарэмная і трагічная. Адзінае, што можа чалавек спасцігнуць наканаваны лёсам шлях і крочыць ім.
    У процілегласць фаталізму, які фактычна зводзіць свабоду чалавека да нуля, існавалі і існуюць тэорыі, якія зыходзяць з прынцыпу абсалютнай свабоды чалавека. На ім грунтуюцца такія накірункі філасофіі, як, напрыклад, экзістэнцыялізм. Агульнай метадалагічнай падставай гэтага і іншых накірункаў з’яўляецца валюнтарызм. Тэрмін гэты паходзіць ад лацінскага „voluntas”, што азначае „воля”. Прыхільнікі валюнтарызму сцвярджаюць, што воля чалавека нічым не абмежаваная, яна абсалютна свабодная. Што ж датычыць неабходна-
    сці, то гзта метафізічнае паняцце, якое адлюстроўвае хутчэй уяўнае, чым рэальнае, за якім хаваецца боязь асабістай адказнасці.
    Філосафы экзістэнцыялісцкага накірунку абвяшчаюць, што чалавеку суджана, наканавана быць свабодным. Паводле Ж. П. Сартра, аднаго з буйнейшых філосафаў XX стагоддзя, таямніца чалавечага быцця заключаецца ў яго абсалютнай неабумоўленасці, і значыць усялякая спроба звязаць учынак з абставінамі ёсць падман. У гэтым падмане, паводле Сартра, адчуваецца страх чалавека перад асабістай адказнасцю і рызыкай. У адной са сваіх галоўных кніг „Быццё і нішто” ён піша: „Усякі дэтэрмінізм у псіхалогіі з’яўляецца не так тэарэтычнай канцэпцыяй, як у першую чаргу паводзінамі, якія імкнуцца апраўдаць сябе”.
    Адсюль практычная выснова; з чалавека можна запытаць за ўсё, што ён стварыў, не робячы яму ніякіх скідак на акалічнасці. Чалавек мае свабодную волю, а калі так, ён здольны на ўсё. Больш за тое, чалавек адказны за ўсё, нават за тое, да чаго ён, на першы погляд, не мае непасрзднага дачынення. У выніку мера яго адказнасці пераступае індывідуальныя межы і набывае абсалютны, касмічны характар. На практыцы гзта можа выглядаць у адпаведнасці з прыкладам, які прыводзіць Сартр, каб зрабіць асноўную ідэю сваёй філасофіі зразумелай. „Я хачу, піша філосаф, напрыклад, ажаніцца і мець дзяцей. Нават калі мая жаніцьба залежыць адзіна ад майго становішча, або ад маёй страсці, або ад майго жадання, усёроўна тым самым я прыцягваю на шлях манагаміі не толькі самога сябе, але і ўсё чалавецтва. Я адказны, такім чынам, за сябе самога, і за ўсіх і ствараю пэўны ўзор чалавека, які я выбіраю; выбіраючы сябе, „я выбіраю чалавека ўвогуле”. Так ці бадай што так праяўляецца прынцып абсалютнай свабоды і адпаведнай адказнасці ў асэнсаванні штодзённых жыццёвых праблем. і ў рэшце рэшт чалавек застаецца свабодным нават калі ён пазбаўлены магчымасці зрабіць выбар ва ўмовах, калі няма альтэрнатывы. Але застаецца запасны варыянт. Гэты варыянт выбар паміж жыццём і смерцю. Калі немагчыма жыць, чалавек выбірае смерць. Апошняя магчымасць такога выбару робіць чалавека абсалютна свабодным.
    Такім чынам мы высветлілі некаторыя крайнія пазіцыі дыхатаміі неабходнасці свабоды. Зразумела, што кожная з іх мае пэўную рацыю.
    Аб’ектыўнай падставай фаталістычных канцэпцый, якія аддаюць асобу на волю лёсу, з’яўляецца феномен адчужэння. Адчужэнне гэта адна з найбольш прыкметных з’яў, якая характарызуе становішча чалавека асабліва ў сучасным грамадстве. Само паняцце адчужэння было ўведзена ў філасофскую лексіку стваральнікамі канцэпцыі „грамадскага дагавору" (Т. Гобс, Ж.-Ж. Русо) і ўжывалася імі ў сэнсе адчужэння некаторых праў грамадзян на карысць дзяржавы. 3 цягам часу паняцце адчужэння набывае больш універсальнае значэнне. Яно адлюстроўвае такую адмысловую сацыяльную сітуацыю, якая нагадвае паданне пра джына, вызваленага з зачараванай бутэлькі. Сутнасць гэіай сітуацыі ў тым, што вынік чалавечай дзейнасці адчужаецца ад чалавека, робіцца чужым яму, уладарыць над чалавекам як варожая, чужая сіла. Гэтая ідэя, але з розных метадалагічных пазіцый,